ВАСПУРАКА́НСКАЕ ЦА́РСТВА,

армянская феад. дзяржава дынастыі Арцрунідаў у 908—1021 у вобласці Васпуракан. Знаходзілася ў васальнай залежнасці ад царства арм. Багратыдаў. Праз Васпураканскае царства праходзіла паўд. адгалінаванне важнага гандл. караваннага шляху. Высокага ўзроўню дасягнулі рамёствы, гандаль, культура. У час праўлення цара Гагіка Арцруні [908—943] вяліся вялікія буд. работы ў гарадах Вастан, Ахтамар, Ван. Васпураканскае царства ахапіў антыфеад. і антырэліг. рух тандракійцаў. На пач. 11 ст. падверглася нападу цюрк. плямён, што ішлі з У. У 1021 далучана да Візантыі.

т. 4, с. 32

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАБНО́Р,

бяссцёкавае возера на У Тарымскай раўніны, у Кітаі. Выш. ўзроўню каля 780 м. Месцазнаходжанне, памеры, контуры і салёнасць вады моцна мяняюцца на працягу года або сезона, што абумоўлена зменамі расходу вады і міграцыямі вусцевых участкаў рэк Тарым і Канчэдар’я. Макс. пл. сучаснага Л. дасягае 3 тыс. км2, даўж. больш за 100 км, сярэдняя глыб. каля 1 м. Акаймаваны багністымі саланчакамі і балотамі, у малаводныя перыяды распадаецца на некалькі плёсаў або перасыхае. Даследаваў рас. падарожнік М.М.Пржавальскі.

т. 9, с. 82

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЎСЯ́НІКАЎ Сцяпан Рыгоравіч

(27.7.1922, в. Акцябр Жлобінскага р-на Гомельскай вобласці — 10.5.1983),

бел. вучоны-эканаміст. Д-р эканам. н. (1973), праф. (1974). Засл. эканаміст Беларусі (1972). Скончыў Усесаюзны завочны ін-т сав. гандлю (1955). З 1951 у Мін-ве сельскай гаспадаркі БССР, з 1955 у Бел. ін-це нар. гаспадаркі. Працы па бухгалтарскім уліку, рэвізіі і эканам. аналізе ў сельскай гаспадарцы: «Асновы бухгалтарскага ўліку» (2-е выд., 1970, разам з М.У.Дэмбінскім), «Аналіз прыбытку і ўзроўню рэнтабельнасці сельскагаспадарчых прадпрыемстваў» (1979) і інш.

т. 2, с. 106

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́НГЛА-ГЕРМА́НСКАЕ МАРСКО́Е ПАГАДНЕ́ННЕ 1935.

Заключана 18 чэрв. ў выглядзе абмену нотамі паміж англ. міністрам замежных спраў С.Хорам і спец. упаўнаважаным А.Гітлера І.Рыбетропам. Паводле пагаднення Германія атрымала права мець флот, роўны 35% танажу агульнага водазмяшчэння флоту Брыг. імперыі, падводны флот — у межах 45% танажу падводных лодак краін Брыт. імперыі і ў далейшым магла давесці свой падводны флот да ўзроўню брытанскага. Пагадненне парушала ўмовы Версальскага мірнага дагавора 1919. Дэнансавана фаш. Германіяй у крас. 1939 ва ўмовах падрыхтоўкі Германіі да 2-й сусв. вайны.

т. 1, с. 345

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БА́ЗІСНАЯ ЦАНА́,

1) база для вызначэння індэкса цэн у міжнар. гандлі (экспартных і імпартных) у цэлым і па асобных групах тавараў. Гэтыя звесткі друкуюцца ў міжнар. і нац. знешнегандл. статыстыцы, перыяд. выданнях ААН.

2) У рыначнай эканоміцы — цана тавару з пэўнымі фіксаванымі параметрамі (якасць, памер, хім. састаў), якая служыць базай цэн на дадзеную прадукцыю. Пры змене кан’юнктуры рынку базісная цана звычайна захоўвае пэўную стабільнасць, мяняюцца надбаўкі і скідкі да яе, што вядзе да ўстанаўлення рэальнага ўзроўню (росту ці зніжэння) цэн.

т. 2, с. 221

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯЛІ́КІЯ АРЛЫ́,

вадасховішча ў Столінскім р-не Брэсцкай вобл., у басейне р. Вятліца (правы прыток Прыпяці), у меліярац. сістэме «Магільна», за 20 км на ПнУ ад г. Столін. Пл. 0,99 км², даўж. 1,3 км, найб. шыр. 1,1 км, найб. глыб. 4,8 м, аб’ём вады 3,5 млн. м³. Даўж. агараджальнай дамбы 4,4 км. Наліўное, напаўняецца вадой з Бор-Дубянецкага канала ў час разводдзя і за кошт сцёку меліярац. каналаў. Ваганні ўзроўню на працягу года 3,8 м. Выкарыстоўваецца для рыбагадоўлі, увільгатнення і арашэння зямель.

т. 4, с. 387

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДА́РЛІНГ

(Darling),

рака на ПдУ Аўстраліі, правы прыток Мурэя. У верхнім цячэнні, да сутокаў з р. Калгаа, паслядоўна наз.: Думерэк, Макінтайр і Баруан. Даўж. 2740 км, пл. бас. 650 тыс. км2. Пачынаецца на зах. схілах хр. Нью-Інгленд (сістэма Вял. Водападзельнага хр.), у ніжнім цячэнні працякае па паўпустыні. Сярэдні гадавы расход вады 42 м3/с. Жыўленне дажджавое. Рэжым паводкавы, ваганні ўзроўню вады да 6—8 м. У сухі перыяд года ў нізоўі перасыхае, распадаецца на плёсы. Выкарыстоўваецца для арашэння.

т. 6, с. 54

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВОДАНАПО́РНАЯ ВЕ́ЖА,

збудаванне ў сістэме водазабеспячэння для выраўноўвання работы помпавых станцый, стварэння запасу вады, рэгулявання яе напору і расходу ў водаправоднай сетцы. Складаецца з рэзервуара (пераважна з жалезабетону або сталі), апорных канструкцый (з жалезабетону, сталі, часам цэглы), ахоўнага шатра (ад замярзання), труб для падачы і адводу вады. Ёмістасць рэзервуара да некалькіх тысяч кубічных метраў, вышыня вежы да 25 м і болей. Абсталёўваецца пераліўнымі прыстасаваннямі (прадухіляюць перапаўненне рэзервуара), сістэмамі сігналізацыі і замеру ўзроўню вады. Некат. воданапорныя вежы з’яўляюцца помнікамі архітэктуры (напр., гродзенскія воданапорныя вежы).

т. 4, с. 249

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕРНУ́ЛІ ЎРАЎНЕ́ННЕ ў гідрааэрамеханіцы, ураўненне, што звязвае скорасць і ціск у патоку несціскальнай ідэальнай вадкасці пры ўстойлівым цячэнні. Выражае энергіі захавання закон для адзінкі аб’ёму рухомай вадкасці. Мае выгляд: ρυ​2/2 + p + ρgh = const, дзе v — скорасць вадкасці са шчыльнасцю ρ, р — ціск у ёй на вышыні h ад нулявога ўзроўню, g — паскарэнне свабоднага падзення. Выведзена Д.Бернулі ў 1738. Абагульненае Бернулі ўраўненне выкарыстоўваецца ў гідраўліцы пры разліках цячэння вадкасцяў і газаў у трубаправодах; у машынабудаванні — пры разліках кампрэсараў, турбін і інш.

т. 3, с. 121

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІКСЕ́ЛЬ (Wicksell) Кнут

(20.12.1851, Стакгольм — 3.5.1926),

шведскі эканаміст. Праф. ун-та ў Лундзе (1900—16). Скончыў Упсальскі ун-т (1884). Заснавальнік т.зв. шведскай школы ў палітэканоміі. Займаўся праблемамі эканам. раўнавагі, грошай, крэдыту, а таксама нормы працэнта (рух нормы працэнта звязваў з інвестыцыйным працэсам і ў гэтым пытанні лічыцца папярэднікам Дж.М.Кейнса). Адзін са стваральнікаў тэорыі эканам. раўнавагі ў капіталізме, гал. умовай якой лічыў грашовы фактар — роўнасць паміж зберажэннямі і інвестыцыямі. Паслядоўнік Т.Р.Мальтуса: лічыў, што колькаснае павелічэнне чалавецтва перашкаджае ўздыму жыццёвага ўзроўню людзей, якія працуюць.

т. 4, с. 154

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)