РЭДЭМАРКА́ЦЫЯ ГРАНІ́Ц,

праверка і аднаўленне лініі дзярж. граніцы на мясцовасці і абазначэнне яе пагранічнымі знакамі. Робіцца на падставе дакументаў, як правіла, двухбаковага характару (пратакола-апісання, карт і пратаколаў пагранічных знакаў). Апрача аднаўлення самой лініі граніцы прадугледжвае таксама аднаўленне страчаных пагранічных знакаў, устаноўку новых або дадатковых пагранічных знакаў, складанне новага пратакола-апісання, карт і пратаколаў пагранічных знакаў (пры неабходнасці). Гл. таксама Дэлімітацыя граніц, Дэмаркацыя граніц.

т. 13, с. 555

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХЕ́ДА, Геда (Heda) Вілем Клас (каля 1594, г. Харлем, Нідэрланды — каля 1680), галандскі жывапісец. Працаваў у Харлеме. Зазнаў уплыў П.Класа. Яго сціплым нацюрмортам, т.зв. сняданкам, у якіх, як правіла, перададзены невял. набор прадметаў хатняга начыння і трапезы, уласцівы тонкае майстэрства ў перадачы фактуры рэчаў, стрыманы серабрыста-карычневы каларыт: «Сняданак з ажынавым пірагом» (1631), «Сняданак з крабам» (1648), «Вяндліна і сярэбраны посуд» (1649).

В.К.Хеда. Нацюрморт. 1633.

т. 17, с. 7

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЭКСКУ́РСІЯ (ад лац. excursio паездка),

наведванне выдатных чым-н. мясцін, аб’ектаў (помнікаў прыроды, культуры, прадпрыемстваў, музеяў і г.д.); адна з форм набыцця практычных ведаў. Адрозніваюць Э. навуч.- і доследна-вытв. характару, прафес. арыентацыі, культ.-асветныя, навук., а таксама паводле месца размяшчэння аб’ектаў — натурныя, музейныя; паводле складу ўдзельнікаў — для пэўных узроставых груп, спецыялістаў розных профіляў, турыстаў, навучэнцаў і г.д. Калект. Э. праводзіць, як правіла, спецыяліст-экскурсавод.

т. 18, кн. 1, с. 73

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЛЮЧ,

адм.-гасп. комплекс з некалькіх вёсак з фальваркамі ці без іх у Беларусі, Польшчы і Літве ў 16—19 ст. Існавалі ў дзярж. і прыватных уладаннях. На К., як правіла, падзяляліся дзярж. эканоміі. К. мог быць часова вылучаны з латыфундыі і перададзены ў залогавае ці арэнднае трыманне; у гэтым выпадку адміністрацыя ўласніка на яго не распаўсюджвалася. Часам К. называлі староствам. У адм.-гасп. адносінах К. быў падобны да войтаўства.

т. 8, с. 352

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЫ́МАЎКА,

кароткі афарыстычны выраз, у якім вобразна, з пэўнай эмац. фарбоўкай вызначаецца якая-н. жыццёвая з’ява; жанр нар. паэтычнай творчасці. У адрозненне ад прыказкі, як правіла, не з’яўляецца самастойным суджэннем і залежыць ад кантэксту, у ёй няма такога абагульнення і павучання. Але П. ў большай ступені ўласцівы экспрэсіўнасць, сатыра і гумар, тэматычная канкрэтнасць. Па структуры П. звычайна адначленныя: «старасць не радасць», «старога мяшка на залатаеш», «як кот наплакаў», «віламі па вадзе пісана» і інш. Бываюць і двухчленныя: «Шумеў бы і я, каб жонкі не баяўся».

Літ.:

Гл. да арт. Прыказка.

А.​С.​Фядосік.

т. 13, с. 72

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБАНДО́Н (франц. abandon) у марскім праве, права страхавальніка адмовіцца ад сваіх правоў на застрахаваную маёмасць на карысць страхоўшчыка і атрымаць поўную страхавую суму. Як правіла, робіцца ў выпадку прапажы, гібелі маёмасці, немэтазгоднасці аднаўлення ці рамонту судна. Заява аб абандоне павінна паступіць ад страхавальніка на працягу 6 месяцаў з моманту ўзнікнення для гэтага падстаў. Можа быць зроблена і ў аднабаковым парадку без пацвярджэння страхоўшчыка. У выніку абандона да страхоўшчыка пераходзяць усе правы на застрахаваную маёмасць.

т. 1, с. 12

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛАСТЫ́ЧНЫЯ МАСТА́ЦТВЫ, прасторавыя мастацтвы, прыгожыя мастацтвы,

паняцце, што аб’ядноўвае віды мастацтва, творы якіх існуюць у прасторы, не змяняюцца і не развіваюцца ў часе і ўспрымаюцца зрокам. Умоўна падзяляюцца на выяўленчыя мастацтвы і невыяўл. (тэктанічныя), дзе зрокава-прасторавыя формы не маюць, як правіла, аналогій у рэчаіснасці (архітэктура, дэкаратыўна-прыкладное мастацтва, дызайн, мастацкае канструяванне). Асобны род П.м. — каліграфія. П.м. часта ўваходзяць у склад сінт. відаў мастацтва (тэатральна-дэкарацыйнае мастацтва, кінамастацтва, тэлевізійнае мастацтва, медыямастацтва і інш.).

т. 12, с. 411

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦЮФЯ́К,

старажытная агнястрэльная гармата для стральбы каменным і метал. шротам па жывой сіле праціўніка на блізкія адлегласці. Упершыню згадваюцца ў канцы 13 ст.; у 15—16 заменены гаўфніцай (старадаўняя назва першых рус. гаўбіц). Гл. таксама Шротаўніца.

Прызначаўся для абароны і аблогі ўмацаваных гарадоў; стральба вялася, як правіла, з козлаў або калоды. Ствалы Ц. пераважна канічныя (для лепшага разлёту шроту), мелі раструб ад 76 да 200 мм, даўжыню ствала 0,9—1,1 м, масу 60—120 кг.

т. 17, с. 190

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЭЛЕКТРО́НЫ ПРАВО́ДНАСЦІ,

электроны металаў і паўправаднікоў, упарадкаваны рух якіх абумоўлівае электраправоднасць.

У кандэнсаваных асяроддзях частка электронаў (як правіла, валентных) адрываецца ад сваіх атамаў (дэлакалізуецца). Вобласці дазволеных значэнняў энергіі — дазволеныя зоны — дэлакалізаванага электрона чаргуюцца з забароненымі зонамі (гл. Зонная тэорыя). Э.п. — электроны часткова запоўненых дазволеных зон (зон праводнасці). У паўправадніках Э.п. з’яўляюцца толькі пры некаторым узбуджэнні: (дастаткова высокай т-ры, асвятленні), а таксама пры ўкараненні дамешкаў і інш. У металах Э.п. ёсць заўсёды.

т. 18, кн. 1, с. 101

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ЛЯНЦЕ́Й»,

«Лянсей», бел. нар. танец-кадрыля. Муз. памер, як правіла, ​2/4, тэмп хуткі. У пач. 19 ст. пашыраны ў краінах Зах. Еўропы пад назвай «Лансье». 3 пач. 20 ст. шырока вядомы на Беларусі. Дзякуючы прастаце рухаў і разнастайнасці кампазіцыйных пабудоў асіміляваў рысы бел. нар. харэаграфіі і стаў народным. Бытуе і як самаст. танец, які адрозніваецца ад кадрылі павольным характарам выканання (адсюль лакальная назва «Лянівы»), Выконваецца цотнай колькасцю пар, мае да 12 фігур («кола», «пераходы», «здароўканне», «сварацца», «барыня», «полька» і інш.). У структуры «Л.» характэрныя для бел. танц. фальклору малюнкі, калены, хады, рухі. Часта ўключае асобныя фігуры традыцыйных ці гар. быт. танцаў.

т. 9, с. 425

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)