МАЦВЕ́ЕНКА Уладзімір Іванавіч (н. 17.8.1928, Мінск),

бел. паэт. Скончыў Мінскае мед. вучылішча (1956). З 1958 працуе тэхнікам-артадонтам. Друкуецца з 1973 як дзіцячы пісьменнік і ў жанры сатыры. Адзін з аўтараў зб-каў для дзяцей і юнацтва «Заранка», «Цвіце верас» (абодва 1987), сатыр. кніжкі «Асцюкі за каўняром» (1989) і інш. Яго творы вызначаюцца гумарам, вынаходлівасцю, дасціпнасцю і забаўляльнасцю (зб-кі «Лекі без аптэкі», 1987; «Загадкі Зайкі-загадайкі», 1990; «Азбука ў загадках», 1992; «Загаданачка», 1993; «Сябрынка», 1995, Літ. прэмія імя Я.​Маўра 1996; «Сорак скорагаворак», 1998; «Загадкі з хаткі дзеда Уладкі», 1999).

І.​У.​Саламевіч.

т. 10, с. 227

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУСА́ТАЎ Аляксей Іванавіч (25.3.1911, в. Лізунова Аляксандраўскага р-на Уладзімірскай вобл., Расія — 28.12.1976),

рускі пісьменнік. Скончыў Рэдакцыйна-выдавецкі ін-т (1934), Усесаюзны дзярж. ін-т кінематаграфіі (1938). Друкаваўся з 1930. Пісаў пераважна для дзяцей і юнацтва. Асн. тэмы творчасці — школа, праца на зямлі, экалагічнае выхаванне: аповесці «Шанхайка» (1930), «Стажары» (1948; Дзярж. прэмія СССР 1950), «Дом на гары» (1951), «Вялікая вясна» (1957) і інш. Аўтар зб-каў апавяданняў «Сярдзіты Кузька» (1965), «Медуніца» (1967) і інш. Пісаў нарысы, артыкулы па праблемах дзіцячай л-ры.

Тв.:

Собр. соч. Т. 1—3. М., 1978.

Літ.:

Жизнь и творчество Алексея Мусатова. М., 1987.

т. 11, с. 37

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІЯ́РЫ (лац. paters scholarum piarum айцы набожных школ),

каталіцкі манаскі ордэн. Засн. ў 1597 ісп. святаром Іосіфам (Хасэ) Каласанцам, у 1621 зацверджаны рымскім папам Грыгорыем XV. На чале ордэна стаялі — генерал, 4 асістэнты і 4 кансультанты. Мэтай П. было выхаванне і навучанне юнацтва праз стварэнне шырокай сеткі школ і калегіумаў, а не паліт. ці місіянерская дзейнасць. У Польшчы П. з’явіліся ў 1642 і ў хуткім часе пашырылі сваю дзейнасць на тэр. ВКЛ. На Беларусі калегіумы П. існавалі ў Драгічыне, Лідзе, існавалі і піярскія школы. Пасля ўключэння Беларусі ў склад Рас. імперыі (канец 18 ст.) П. паступова спынілі сваю дзейнасць.

т. 12, с. 397

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РО́КПЕЛНІС (Rokpelnis) Фрыцыс (6.10.1909, Гробіня, Латвія — 15.9.1969),

латышскі паэт і драматург. Засл. дз. маст. Латвіі (1959). Вучыўся ў Рыжскім нар. ун-це (1931—33). Друкаваўся з 1929. Аўтар зб-каў вершаў «Тчэ сястра зорку на сцягу» (1950), «Жытні хлеб» (1959, Дзярж. прэмія Латвіі 1960), п’ес «Святло» (1945), «Юнацтва Райніса» (1948), «Успомні зялёныя елкі...» (1966), кінасцэнарыяў, у т. л. «Райніс» (1949, разам з У.​Крэпсам; Дзярж. прэмія Латвіі 1950), лібрэта опер і інш. На бел. мову яго асобныя вершы пераклалі Ю.​Свірка, У.​Шахавец.

Тв.:

Бел. пер. — у кн.: Латышская савецкая паэзія: Анталогія. Мн., 1984. Т. 1.

т. 13, с. 403

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭ́НІ (Reni) Гвіда (4.11.1575, г. Вергата, Італія — 18.8.1642),

італьянскі жывапісец. Зазнаў уплыў братоў Карачы, вывучаў творчасць Рафаэля, Караваджа, ант. мастацтва. Працаваў пераважна ў Рыме (з 1605) і Балонні (з 1622). У творчасці спалучаў вытанчанасць гарманічна-ясных, часта рэльефападобных кампазіцый з каларытам, пабудаваным на градацыях цёплых залацістых ці высветленых серабрыстых тонаў; у балонскі перыяд узмацніліся рысы элегантнай халоднай ідэалізацыі, часам сентыментальнасці. Сярод твораў: фрэска «Аўрора» ў Палацца Палавічыні-Распільёзі ў Рыме (каля 1610), карціны «Юнацтва дзевы Марыі» (1610-я г.), «Віфлеемскае забіванне немаўлят» (1612), «Аплакванне Хрыста» (1614—18), «Іосіф і жонка Пентэфрыя» і інш.

Я.​Ф.​Шунейка.

т. 14, с. 12

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТРАФО́ІД,

група радкоў вершаванага твора з вольнай рыфмоўкай або без яе, завершаных па інтанацыйна-сінтаксічным малюнку і па думцы. С. ў большай ступені, чым строфы, валодаюць унутранай сэнсавай цэльнасцю і завершанасцю, бо характар С. вызначае не колькасць радкоў або парадак рыфмаў (як у строфах), а логіку разгортвання вобразна-паэт. думкі:

О, як лёгка ісці,
Адчуваючы матчыны рукі,
Адчуваючы крылы юнацтва,
Адчуваючы плечы каханай!
І як цяжка цягнуцца,
У далонях трымаючы толькі
Кульбаку ўспамінаў.
(М.​Танк. «...О, як лёгка ісці»)

Найб. часта С. сустракаюцца ў пазаметрычных вершах (дольнік, тактавік, Свабодны верш).

В.​П.​Рагойша.

т. 15, с. 203

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАСІЛЕ́ЎСКАЯ Галіна Ануфрыеўна (н. 15.1.1927, г.п. Клічаў Магілёўскай вобл.),

бел. пісьменніца. Скончыла БДУ (1950). Працавала на Бел. радыё, у час. «Сельская гаспадарка Беларусі», «Работніца і сялянка», «Полымя». У 1982—88 дырэктар Бюро прапаганды маст. л-ры СП Беларусі. Друкуецца з 1953. Аўтар твораў для дзяцей і юнацтва: дакумент. аповесцей пра юную партызанку Рыму Кунько («Маланка ўначы», 1963) і юнага партыз. разведчыка Ціхана Барана («Малюнак на снезе», 1969), аповесці-хронікі «Бывай, Грушаўка» (1978) пра барацьбу падлеткаў у акупіраваным Мінску, аповесці «Я еду на вярблюдзе» (1970).

Тв.:

Выбранае. Мн., 1986;

Юныя назаўсёды. Мн., 1983;

Крылы, альбо Адзін год з жыцця Віталя Пятроўскага: Аповесць. Мн., 1987.

т. 4, с. 23

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЫ́КАЎ Раланд Анатолевіч (н. 12.11.1929, Масква),

рускі акцёр, кінарэжысёр. Нар. арт. СССР (1990). Скончыў тэатр. вучылішча імя Б.​Шчукіна (1951). З 1960 на кінастудыі «Масфільм». З 1955 здымаецца ў кіно: «Педагагічная паэма», «Я крочу па Маскве», «Айбаліт-66» (і рэжысёр), «Служылі два сябры», «Андрэй Рублёў», «Выклікаем агонь на сябе» і «Нос» (тэлевізійныя), «Звоняць, адчыніце дзверы», «Мёртвы сезон», «Лісты мёртвага чалавека» (Дзярж. прэмія Расіі 1987) і інш. Сярод рэжысёрскіх работ: «Увага, чарапаха!» (1970), «Аўтамабіль, скрыпка і сабака Клякса» (1975), «Чучала» (1984, Дзярж. прэмія СССР 1986). З 1992 прэзідэнт Міжнар. фонду развіцця кіно і тэлебачання для дзяцей і юнацтва («Фонд Раланда Быкава»).

т. 3, с. 372

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУРЫЛЁЎ Аляксандр Львовіч (3.9.1803, Масква — 11.9.1858),

рускі кампазітар, піяніст. Музыцы вучыўся ў бацькі, прыгоннага музыканта Л.​С.​Гурылёва, дырыжора і скрыпача аркестра графа У.​Р.​Арлова. У 1831 разам з бацькам атрымаў вольную, працаваў у Маскве. Яркі прадстаўнік дэмакр. кірунку ў рус. рамансе. Многія яго песні сталі народнымі. Найб. вядомыя песні, блізкія да быт. раманса: «Матачка-галубачка», «Аднастайна гучыць званочак», «Сарафанчык», «Уецца ластаўка», а таксама рамансы «Разлука» («На заранку туманнага юнацтва»), «Вам не зразумець майго смутку» і інш. Значная галіна яго творчасці — фп. музыка, у якой вылучаюцца варыяцыі на тэмы нар. песень, рамансаў, опер, а таксама фп. п’есы. Збіраў і апрацоўваў нар. песні.

т. 5, с. 538

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АМІ́Р ХАСРО́Ў ДЭХЛЕВІ́ (1253, г. Паціяла, штат Хар’яна, Індыя — 1325),

індыйскі паэт, вучоны, музыкант. Пісаў на урду, перс. і хіндзі мовах. Яго лірыка сабрана ў 5 дыванах: «Дар юнацтва» (1272), «Сярэдзіна жыцця» (1284), «Паўната дасканаласці» (1293), «Выбраны астатак» (1316), «Мяжа дасканаласці» (1325). На ўзор «Пяцерыцы» Нізамі, абапіраючыся на інд. фальклор, стварыў цыкл з 5 паэм: «Узыходжанне свяцілаў», «Шырын і Хасроў», «Меджнун і Лейла» (усе 1298), «Іскандэрава зярцала» (1299), «Восем райскіх садоў» (1301). Складаў тэсніфы (нар. рамансы). Яму прыпісваюць зборнікі вершаў, загадак, прыказак, слоўнік сінонімаў.

Тв.:

Рус. пер. — Хамса. Маджнун и Лайли: Поэма. М., 1975;

Хамса. Матла’ал-анвар: Поэма. М., 1975;

Избр. газели. М., 1980.

т. 1, с. 318

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)