група вял. азёр ва ўсх. частцы Паўн. Амерыкі, у ЗША і Канадзе. Уключае азёры: Верхняе возера, Гурон, Мічыган, Эры, Антарыо. Агульная пл. 245,2 тыс.км²; аб’ём вады 22,7 тыс.км³; самая вял. колькасць прэснай вады на Зямлі. Сцёк па р.Св. Лаўрэнція ў Атлантычны акіян.
Катлавіны Вялікіх азёр тэктанічнага (Верхняе возера і Гурон) і ледавіковага паходжання. Паўн. берагі часта скалістыя, абрывістыя, паўд.-ўсх. — пераважна нізкія, гліністыя і пясчаныя. Шмат астравоў. Вялікія азёры размешчаны прыступкамі, злучаны паміж сабой кароткімі парожыстымі мнагаводнымі рэкамі. Рака Ніягара, якая злучае азёры Эры і Антарыо, утварае Ніягарскі вадаспад. З воз. Антарыо выцякае р.Св. Лаўрэнція. Сярэднія т-ры вады на паверхні ў студз. ад 0 °C у паўд. частцы да -5 °C на Пн, ліп. адпаведна ад 20 да 14 °C. Са снеж да сак. — красавіка прыбярэжныя воды Вялікіх азёр укрыты лёдам. Інтэнсіўнае суднаходства. Рыбалоўства. Звязаны суднаходнымі каналамі з р. Гудзон і сістэмай Місісіпі. Шлюзавыя каналы ўтварылі водны шлях для марскіх суднаў даўж. каля 3000 км (у абход парогаў на р. Сент-Мэрыс, канал Су-Сент-Мары і Ніягарскага вадаспада — канал Уэленд).
Да пач. 1970-х г. Вялікія азёры былі значна забруджаны прамысл. сцёкамі. У выніку правядзення спец. праграм адноўлены флора і фауна, палепшылася якасць вады. Гал. парты — Дулут, Мілуокі, Чыкага, Дэтройт, Таліда, Кліўленд, Эры, Буфала (ЗША), Тандэр-Бей, Су-Сент-Мары, Таронта (Канада).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БА́НТУ,
група народаў у Цэнтр. і Паўд. Афрыцы (буйнейшыя — руанда, макуа, шона, конга, малаві, рундзі, зулу і інш.). Больш за 150 млн.чал. (1987). Гавораць на мовах групы банту. Шырока рассяліліся (з 1-га тыс. да нашай эры да 19 ст.), асімілюючы карэннае насельніцтва (пігмеяў і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУ́ФАЛА (Buffalo),
горад на ПнУ ЗША, штат Нью-Йорк. Засн. ў канцы 18 — пач. 19 ст. 323,4 тыс.ж., з прыгарадамі 1,19 млн.ж. (1992). Размешчаны каля ўсх. берага воз.Эры і вытоку р. Ніягара, на суднаходным канале, які злучае Вял. азёры праз р. Гудзон з Атлантычным ак. Порт на воз.Эры, даступны для марскіх суднаў. Вузел чыгунак і аўтамаб. дарог. Міжнар. аэрапорт. Праз Буфала адбываецца значная ч. гандлю ЗША з Канадай. Буйны прамысл. і гандл.-фін. цэнтр краіны. Чорная металургія, металаапрацоўка. Разнастайнае машынабудаванне (вытв-сць цеплавога і інш.прамысл. абсталявання, станкоў, аўтамабільных дэталяў і вузлоў, авіяц. тэхнікі, электронных кампанентаў і сродкаў сувязі і інш.). Хім., цэлюлозна-папяровая, харч. (пераважна мукамольная і мясакансервавая) прам-сць. 2 ун-ты. Цэнтр ядзерных даследаванняў. Музей навукі. Маст. галерэя Олбрайт-Нокс. Каля Буфала — ГЭС на р. Ніягара.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БА́ЛТЫ,
група індаеўрап. плямёнаў і народаў, якія гавораць ці гаварылі на балтыйскіх мовах або іх дыялектах (літоўцы, латышы, прусы, яцвягі, куршы, земгалы, селы). Тэрмін «балты» ўвёў ням. вучоны Г.Ф.Несельман у 1845. Фарміраванне балтаў адбывалася ў эпоху неаліту (3—2-е тыс. да нашай эры), калі носьбіты шнуравой керамікі культур рассяліліся ў Сярэдняй і Паўн. Еўропе і асімілявалі мясц. насельніцтва. Вобласць іх пашырэння ахоплівала бас. Віслы, Нёмана, Зах. Дзвіны, Верхняга Падняпроўя, вярхоўяў Волгі і Акі. У раннім жал. веку (7 ст. да нашай эры — 4 ст. нашай эры) балты на Пд і ПдУ межавалі са скіфамі, сарматамі і плямёнамі зарубінецкай культуры, на Пн і ПнУ іх суседзямі былі фіна-угры, на З — славяне і германцы старажытныя. У пісьмовых крыніцах балты ўпершыню згадваюцца Тацытам (1 ст. нашай эры) у сувязі з промыслам бурштыну. На тэр. Беларусі ім належалі днепра-дзвінская культура, штрыхаванай керамікі культура. Старажытнасці больш позняга часу (5—7 ст.) на гэтай тэрыторыі ў сваёй аснове таксама балцкія, але ўжо са слав. уплывам. Асноўным тыпам пасяленняў балтаў былі ўмацаваныя паселішчы — гарадзішчы, якія з развіццём земляробства змяніліся адкрытымі селішчамі. Тагачасныя балты падзяляліся на заходніх (прусы, яцвягі, куршы, галінды, скальвы), усходніх (літва, аўкштайты, жэмайты, або жмудзь, латгалы, земгалы і інш.), дняпроўскіх. Вычляненне апошніх можна правесці толькі археалагічна (юхнаўская культура, верхняокская культура, усх. частка днепра-дзвінскай культуры). Адзіным рэліктам, які тут захаваўся ў 9—12 ст., з’яўляецца летапіснае племя голядзь. У 2-й пал. 1-га тыс. славяне амаль поўнасцю асімілявалі дняпроўскіх балтаў. Выцесненыя ў рэгіён Прыбалтыкі, яны прынялі ўдзел у фарміраванні этнічных літоўцаў і латышоў. На тэр. Беларусі асіміляцыя балтаў працягвалася да 12—13 ст. і пазней. З цягам часу славянізаваныя нашчадкі балтаў усё больш зліваліся з новымі патокамі славян, што садзейнічала фарміраванню этнічнай спецыфікі зах. груп усх.-слав. насельніцтва 9—13 ст., з якіх складвалася бел. народнасць.
Літ.:
Мажюлис В. Лингвистические заметки к балтийскому этногенезу. М., 1964;
Третьяков П.Н. Финно-угры, балты и славяне на Днепре и Волге. М.; Л., 1966;
Финно-угры и балты в эпоху средневековья. М., 1987.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСКЛЕПІЯ́ДАЎ ВЕРШ,
памер у метрычным вершаскладанні, вынайдзены стараж.-грэч. паэтам Асклепіядам Самоскім (3 ст. да нашай эры). Своеасаблівая мадыфікацыя пентаметра, у якім першая і перадапошняя дактылічныя стопы ўсечаны на адзін кароткі склад. У сілабатанічным вершаскладанні імітацыі Асклепіядава верша выключна рэдкія. У бел. паэзіі ўжыты толькі ў перакладзеным М.Багдановічам «Помніку» Гарацыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АХЕТАТО́Н (егіп. «Гарызонт Атона»),
горад у Стараж. Егіпце, рэзідэнцыя фараона Аменхатэпа IV (Эхнатона), цэнтр культу бога Атона. Знаходзіўся каля Тэль-эль-Амарны. Пабудаваны ў 1-й пал. 14 ст. да нашай эры на краі пустыні. Пакінуты яго жыхарамі пры фараоне Тутанхамоне. Пры фараоне Харэмхебу, які канчаткова знішчыў культ Атона, горад разбураны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРЫСТА́РХ САМО́СКІ (Aristarchos Samios; каля 320 — каля 250 да нашай эры),
старажытнагрэчаскі астраном. Першы выказаў ідэю геліяцэнтрызму (гл.Геліяцэнтрычная сістэма свету). Вучыў, што Зямля рухаецца вакол Сонца і верціцца вакол сваёй восі, а Сонца і зоркі нерухомыя. Быў абвінавачаны ў бязбожнасці і выгнаны з Афінаў. Аўтар трактата «Пра памеры і адлегласці Сонца і Месяца».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАГУШЭ́ВІЧЫ,
вёска ў Беларусі, у Бярэзінскім раёне Мінскай вобл., на р. Уса. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 24 км на ПдЗ ад г. Беразіно, 98 км ад Мінска, 30 км ад чыг. ст. Градзянка. 500 ж., 190 двароў (1995).
Упершыню ўпамінаюцца ў 1501 як маёнтак. У 1568 на Багушэвічы напалі ўзбр. сяляне Свіслацкай вол., што збеглі ад пана. Пазней Багушэвічы — рамесніцка-гандл. мястэчка з прыстанню, вадзяным млыном, 2 разы на год праводзіліся кірмашы. Належалі Завішам, Ваньковічам, Свентаржэцкім. У 18 ст. цэнтр графства. У 1862 адкрыта школа, працавалі пошта, касцёл, царква, 4 сінагогі. Пасля эміграцыі Б.Свентаржэцкага, які ўдзельнічаў ў паўстанні 1863—64, Аляксандр I падараваў мястэчка Шалгунову. У 1897 былі 524 ж. Да 1917 цэнтр воласці Ігуменскага пав., 785 ж. ў 1927. У 1929 арганізаваны калгас.
Сярэдняя школа, клуб, б-ка, бальніца, аддз. сувязі, касцёл (помнік архітэктуры 19 ст.). Гарадзішча 1 ст. да нашай эры — 2 ст. нашай эры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АГА́ЙО (Ohio),
штат на ПнУ ЗША, паміж воз.Эры і р. Агайо. Пл. 106,1 тыс.км². Нас. 11 091 тыс.чал., гарадскога каля 80% (1993). Адм. цэнтр — г. Калумбус. Найб. гарады Кліўленд, Цынцынаты, Акран, Кантан, Таліда, Дэйтан, Янгстаўн. На У — невысокае Апалачскае плато, парэзанае рачнымі далінамі. На З — узгорыстыя Цэнтральныя раўніны з урадлівымі глебамі. Сярэднія т-ры студз. ад 0 да -3 °C, ліп. 23—25 °C; ападкаў 800—1000 мм за год. На плато месцамі захаваліся шыракалістыя лясы. Буйны індустр. штат, займае 3-е месца ў краіне па кошце вырабленай прадукцыі. Вядучыя галіны прам-сці: машынабудаванне, электратэхніка ў спалучэнні з аўтамабіле- і с.-г. машынабудаваннем, чорная металургія, хім., гумавая, харч., папяровая, керамічная; здабыча каменнага вугалю, нафты, прыроднага газу, солі і інш. Малочная і мясная жывёлагадоўля. Вырошчваюць кукурузу, авёс, сеяныя травы, пшаніцу, агародніну, садавіну, вінаград. Транспарт чыг. і водны (р. Агайо і воз.Эры). Гал. парты Кліўленд, Цынцынаты, Таліда.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУДЗО́Н, Хадсан (Hudson),
рака на У ЗША. Даўж. 520 км, пл. басейна каля 35 тыс.км². Пачынаецца з ледавіковых азёр гор Адырондак, цячэ ў Апалачах, у глыбокай даліне з шматлікімі парогамі і вадаспадамі; упадае ў бухту Лоўэр-Бей Атлантычнага ак.; утварае эстуарый глыб. ад 3,5 м да 14 м. Падводная даліна, т.зв. Каньён Гудзона, працягваецца ў глыб. акіяна на 200—250 км. Марскія прылівы на 240 км ад вусця да плаціны г. Трой. Жыўленне снега-дажджавое. Макс. веснавое разводдзе ў сак.—красавіку. Сцёк зарэгуляваны плацінамі. Сярэдні расход вады каля 630 м³/с. Суднаходства ад г. Трой. Суднаходнымі каналамі злучана з азёрамі Эры (канал Эры), Антарыо і Шамплейн (водны шлях да р.Св. Лаўрэнція). У бас. Гудзона буйныя ГЭС (Шэрман-Айленд, Спайр-Фолс і інш.). На Гудзоне гарады Трой, Олбані, Хадсан, Кінгстан, Пакіпсі, у вусці — г. Нью-Йорк. Названа ў гонар англ. мараплаўца Г.Гудзона, які адкрыў у 1609 вусце ракі.