прыўзнятая тэктанічная структура на ПнЗУсходне-Еўрапейскай платформы, якая аддзяляе Балтыйскую сінеклізу ад Маскоўскай і ў выглядзе сядла з невял. паніжэннем паверхні фундамента злучае Балтыйскі шчыт з Беларускай антэклізай. Размешчана на тэр.паўн. Беларусі, Латвіі, зах.ч. Пскоўскай вобл. Расіі. Выцягнута ў шыротным напрамку на 250—300 км, шыр. да 200 км. Фарміраванне яе адбывалася пераважна ў познабайкальскі і каледонскі этапы. Паверхня крышт. фундамента залягае на глыбіні ад -500 да -1000 м. На ёй вылучаны выступы, прагіны, монакліналі, абмежаваныя разломамі з амплітудай 50—100 м і ўскладненыя лакальнымі малаамплітуднымі (50—70 м) падняццямі. Платформавы чахол Л.с. складзены з вендскіх, кембрыйскіх, ардовікскіх, сілурыйскіх, дэвонскіх і антрапагенавых адкладаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЯСВІ́ЖСКІ «ДОМ НА РЫ́НКУ»,
помнік архітэктуры барока ў г. Нясвіж Мінскай вобл. Пабудаваны ў 1721 на б. Рыначнай пл. Прамавугольны ў плане 2-павярховы будынак з паўпадвалам мяшанай канструкцыі: ніжні паверх мураваны, верхні — драўляны. Да плошчы дом павернуты тарцовым мураваным фасадам з фігурным шчытом, які закрывае больш вузкі паверх з 2-схільным дахам. Аконныя праёмы на гал. фасадзе размешчаны сіметрычна цэнтр. восі, падкрэсленай уваходам і балконам на 2-м паверсе. Фігурны шчытгал. фасада вылучаны прафіляваным карнізам. Невял. праём у нішы ў завяршэнні шчыта апрацаваны дэкар. ліштвамі. Уваход на 2-і паверх з боку дваровага фасада. У 1990-я г. рэканструяваны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕСІЁД (Hēsiodos),
старажытнагрэчаскі паэт 8—7 ст. да н.э. Большую ч. жыцця пражыў у Аскры (вобл. Беотыя). Для сваіх паэм абраў форму эпічнага гекзаметра і мову гамераўскага гераічнага эпасу. У «Тэагоніі» («Радаслоўная багоў») выклаў гісторыю стварэння свету з хаосу, генеалогію багоў і паслядоўнасць трох дынастый, апошняя з якіх прадстаўлена ў рацыянальным уладкаванні свету Зеўсам. У дыдактычнай паэме «Дні і турботы» спалучыў разам практычныя парады, жыццёвую мудрасць, сял. каляндар і міфалагічныя ўстаўкі, у т. л. міф пра Праметэя. Услаўляючы сумленную працу сялян, выкрываў сац. няроўнасць, адстойваў ідэю справядлівасці як вышэйшы эстэт. прынцып. Фрагментарна захаваўся твор «Шчыт Геракла», т.зв. «Эоя», — каталог жанчын-прамаці знатных родаў.
Тв.:
Рус.пер. — у кн.: Эллинские поэты в переводах В.В.Вересаева. М., 1963;
Античная литература: Греция: Антология. Ч. 1—2. М., 1989.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САПО́ЦКІНСКІЯ КАПЛІ́ЦЫ,
помнікі архітэктуры неаготыкі ў г.п. Сапоцкін Гродзенскага р-на. Пабудаваны ў 1868 і 1893 з цэглы як фамільныя пахавальні. Капліца 1868 — кампактнае прамавугольнае ў плане збудаванне з высокім 2-схільным дахам. Шчытгал. фасада завершаны 4-граннай сігнатуркай. Уваход і ніша над ім, бакавыя аконныя праёмы стральчатай формы. Сцены атынкаваныя з украпінамі дробнага друзу, на шэрым фоне якога вылучаюцца пабеленыя верт. і гарыз. цягі, ліштвы праёмаў. Капліца 1893 — прамавугольная ў плане, пад 2-схільным дахам. Гал. фасад завершаны трапецападобным шчытом з 3 вуглавымі 8-граннымі шатровымі сігнатуркамі і крапаваны слаістымі арачнымі нішамі. Стральчаты праём гал. ўвахода фланкіраваны арачнымі эдыкуламі. Бакавыя фасады расчлянёны 4 стральчатымі аконнымі праёмамі. Алтарная сцяна ў інтэр’еры дэкарыравана плоскім 4-пілястравым порцікам з трохвугольным франтонам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРТАЗІ́ДЫ (Ortheziidae),
чарвяцы, група найб. прымітыўных хобатных насякомых атр. раўнакрылых. Больш за 1,6 тыс. відаў. Жывуць пераважна ў тропіках і субтропіках. На Беларусі кашаніль польская занесена ў Чырв. кнігу.
Даўж. ад некалькіх мм да 1 см. На целе ў маладых і дарослых спінны шчыт з воска- і смолападобных рэчываў сакрэту скурных залоз. Галава звычайна з добра развітымі вусікамі і вачамі. Ногі адна- або двухчленікавыя з кіпцюром на канцы. Лічынкі («бадзяжкі»), выходзячы з-пад матчынага шчытка або яйцавага мяшка распаўзаюцца ў розных напрамках ці пераносяцца ветрам. Жывуць на раслінах, кормяцца іх сокам. Рэзка выяўлены палавы дымарфізм. Самка бяскрылая, лічынкападобная, самцы крылатыя. Многія з мучністых артазідаў — шкоднікі раслін, асабліва субтрапічных (напр., цытрусавых). Ёсць каштоўныя: артазіды лакавыя даюць ізаляцыйны матэрыял шэлак, кермесы — чырв. фарбу кармін. Некаторыя ахоўваюцца.
Да арт.Артазіды. Кашаніль польская: 1 — самец; 2 — самка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕНА́НДР (Menandros; каля 342 да н.э., Афіны — каля 291 да н.э.),
старажытнагрэчаскі паэт. Прадстаўнік т.зв. новай атычнай, ці сямейна-быт., камедыі. Напісаў больш за 100 твораў. Некаторыя з іх былі вядомы праз рымскіх пераймальнікаў Плаўта і Тэрэнцыя. Арыгіналы выяўлены і апублікаваны ў 20 ст.: поўны тэкст камедыі «Сугней», амаль цалкам «Саміянка», 1-я пал. камедыі «Шчыт», вял. эпізоды з камедый «Трацейскі суд», «Адрэзаная каса», фрагменты з «Сікіёнца» і «Ненавіснага». Узбагаціў традыц. камедыйныя тыпы новымі, індывід. рысамі. З гуманіст. пазіцый у духу этыкі філосафа Эпікура разглядаў маральныя праблемы, пытанні быту, сям’і, чалавечых адносін. Адметныя дасціпным сюжэтам, тонкім гумарам, вытанчаным стылем, яго камедыі паўплывалі на творчасць П.Кальдэрона дэ ла Баркі, Лопэ дэ Вэгі, У.Шэкспіра, Мальера, К.Гальдоні, А.Астроўскага.
Тв.:
Рус.пер. — Комедии. Фрагменты. М., 1982.
Літ.:
Ярхо В.Н. У истоков европейской комедии. М., 1979.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЖА́НКАЎСКІ ПЕТРАПА́ЎЛАЎСКІ КАСЦЁЛ,
помнік архітэктуры неаготыкі ў в. Ражанка Шчучынскага р-на Гродзенскай вобл. Пабудаваны ў 1674 з цэглы і бутавага каменю на паўн. ускраіне вёскі, перабудаваны ў 1924—25. Аднанефавы крыжападобны ў плане храм з нізкай 5-граннай апсідай. Да бакавых сцен асн. аб’ёму далучаны 2 прамавугольныя ў плане капліцы. Тарцы высокіх 2-схільных дахаў над нефам і капліцамі закрыты ступеньчатымі шчытамі. Да паўд.-зах. вугла нефа прыбудавана 3-ярусная вежа (васьмярык на 2 чацверыках), накрытая 8-гранным спічастым шатром, да апсіды з паўн. боку — невял. сакрысція. Вуглы асн. аб’ёму і трансептаў умацаваны контрфорсамі і завершаны дэкар. вежачкамі — пінаклямі. У цэнтры гал. фасада — акно-ружа, вышэй яго — дэкар. арнамент, пояс і шчыт. Гал. ўваход вырашаны стральчатым парталам. У 1990 касцёл капітальна адрамантаваны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПА́ЛУБКА,
часовая форма для ўкладкі бетоннай сумесі і арматуры пры вырабе бетонных і жалезабетонных маналітных канструкцый. Робіцца з дрэва, металу, фанеры, жалезабетону, пластмасаў і інш. матэрыялаў. Бывае разборна-перастаўная, аб’ёмна-блочная, слізгальнарухомая і інш. Выбар тыпу апалубкі вызначаецца характарам канструкцый (збудаванняў), геам. памерамі, тэхналогіяй выканання работ, кліматычнымі ўмовамі.
Найб. пашырана разборна-перастаўная апалубка — дробнашчытавая (са шчытоў масай да 70 кг), буйнашчытавая (да 500 кг) і блочная (са шчытоў, злучаных у прасторавыя блокі, часам з рабочай арматурай). Выкарыстоўваецца пры заліўцы фундаментаў, сцен, вырабе пакрыццяў і перакрыццяў, калон, бэлек і інш. Пры адмоўнай т-ры шчыты ўцяпляюць ці падаграваюць. Аб’ёмна-блочная апалубка — прасторавая канструкцыя са стальных шчытоў, каркаса, мацаванняў і прыстасаванняў для адрыву шчытоў ад бетону. Мантаж і дэмантаж блок-формаў вядуць падымальнымі механізмамі. Выкарыстоўваецца для бетанавання канструкцый, якія стаяць асобна. Слізгальна-рухомая апалубка ствараецца пры буд-ве высокіх аб’ектаў (элеватараў, рэзервуараў, вежаў і інш.). Робіцца са шчытоў, якія падымаюцца з дапамогай дамкратаў па паверхні збудаванняў, што бетануюцца. Ёсць таксама пад’ёмна-перастаўная апалубка — са шчытоў, крапежных і пад’ёмных прыстасаванняў (для буд-ва вежаў, градзірняў і інш. высокіх збудаванняў); гарызантальна перасоўная — са шчытоў і каркаса на цялежках ці палазах (для узвядзення скляпенняў-абалонак, калектараў, падпорных сценак і інш.); няздымная — пліты, абалонкі, метал. сеткі і інш., якія пасля бетанавання канструкцыі (напр., плаціны) застаюцца ў ёй як састаўная частка; горная апалубка — перасоўная, створкавая, секцыйная і інш., выкарыстоўваецца для мацавання горных выпрацовак; стацыянарная металічная апалубка — пры вырабе жалезабетонных канструкцый на з-дзе ці палігоне. Найб. эфектыўная апалубка шматразовага выкарыстання (інвентарная), збіраецца з уніфікаваных элементаў і ўзбуйненых блокаў. Каб паверхня канструкцыі была гладкая, апалубку змазваюць ці пакрываюць пастай. Работы, звязаныя з вырабам, устаноўкай і разборкай апалубкі, наз. апалубнымі работамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕО́РГІЕЎСКІ ФЛАГ,
адзін з флагаў ВМФ Расіі (калект. ўзнагарода) у 19 — пач. 20 ст. Уяўляў сабой белае прамавугольнае палотнішча, перакрыжаванае па дыяганалі сінім Андрэеўскім крыжам, у цэнтры якога змяшчаўся чырв. геральдычны шчыт з выявай св. Георгія Перамаганосца. Уведзены 5.6.1819 імператарам Аляксандрам I у гонар бітвы каля Кульма, дзе вызначыўся Гвардз. флоцкі экіпаж. Быў флагам адміралаў на суднах Гвардз. флоцкага экіпажа, з 1903 і на караблях чарнаморскіх флоцкіх экіпажаў, адзначаных у 1856 Георгіеўскім флагам за абарону Севастопаля. Як кармавы флаг выкарыстоўваўся на караблях «Азоў» (вызначыўся ў Наварынскай бітве 1827) і «Меркурый» (вызначыўся ў рус.-тур. вайну 1828—29). Георгіеўскі флаг уздымалі і на суднах з назвамі «Памяць Азова», «Памяць Меркурыя». Да лета 1918 Георгіеўскі флаг выкарыстоўвалі на баявых караблях Сав. Расіі, да канца 1924 на караблях ВМФ белагвардзейцаў (эскадра, эвакуіраваная ў 1920 у порт Бізерта, Туніс).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІТА́ЙСКА-КАРЭ́ЙСКАЯ ПЛАТФО́РМА,
старажытная платформа, што ахоплівае басейн сярэдняга і ніжняга цячэння р. Хуанхэ, Карэйскі і Шаньдунскі п-вы і акваторыю Жоўтага м. Уключае на З Ардонскую сінеклізу, антэклізу Шаньсі, Паўн.-Кітайскую сінеклізу, якія складаюць Паўн.-Кіт. пліту, на У — Сіна-Карэйскі шчыт і Усх.-Кіт. перыкратоннае апусканне, што раскрываецца ў аднайменнае ўскраіннае мора. Крышт. фундамент платформы складзены з гранітаў, гнейсаў і крышт. сланцаў архейскага і пратэразойскага ўзросту; выходзіць на паверхню ў межах Карэйскага, Ляадунскага і Шаньдунскага п-воў і на З ад Пекіна (прав. Шаньсі). Фундамент перакрыты гарызантальна залеглым або слабадыслацыраваным асадкавым чахлом, складзеным з верхнепратэразойскіх (сінійскіх), ніжне- і верхнепалеазойскіх, мезазойскіх і кайназойскіх адкладаў, пашыраных у межах нізін і на шэльфе. Радовішчы жалезістых кварцытаў, баксітаў, каменнага вугалю, гаручых сланцаў, нафты і газу. З мезазойскім магматызмам звязаны радовішчы золата, вальфраму і поліметалаў на Карэйскім п-ве, сурмы і медзі на Ляадунскім п-ве.