«ПО́ДЛЫЯ ЛЮ́ДЗІ»,

тэрмін, што ўжываўся ў некаторых заканад. актах Расіі 18 ст. ў адносінах да ніжэйшых пластоў гар. насельніцтва. Рэгламент Гал. магістрата (1721) называў «П.л.» асоб, якія знаходзіліся «ў наймах і чорных работах», г. зн. «нерэгулярных» (немаёмасных) гараджан, што не ўваходзілі ў склад мяшчан.

т. 12, с. 447

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТАТЫСТЫ́ЧНАЕ РАШЭ́ННЕ ў матэматычнай статыстыцы,

рашэнне, прынятае па выніках назіранняў якой-н. з’явы, што падпарадкоўваецца не поўнасцю вядомым імавернасным заканамернасцям. Лічаць, што адпаведнае размеркаванне імавернасцей залежыць ад значэння невядомага параметра, якое ацэньваецца па выніках назіранняў. Дакладная матэм. фармулёўка паняццяў, датычных да С.р. і спосабаў іх параўнання, разглядаецца ў статыстычных рашэннях тэорыі.

Напр., пры хлараванні вады колькасць дададзенага хлору залежыць ад сярэдняй Колькасці бактэрый у адзінцы аб’ёму вады. Гэта значэнне ацэньваецца па выніках падліку колькасці бактэрый у незалежна выбраных адзінках аб’ёму пры дапушчэнні, што незалежныя выпадковыя велічыні маюць аднолькавае Пуасона размеркаванне з невядомым матэм. чаканнем, роўным шуканай сярэдняй колькасці бактэрый. С.р. аб колькасці дадзенага хлору залежыць ад якой-н. стат. ацэнкі сярэдняй колькасці, выбранай з улікам рызыкі непажаданых наступстваў: заніжаная колькасць хлору вядзе да недастатковага абеззаражвання вады, завышаная — да пагаршэння, напр., смакавых якасцей вады.

т. 15, с. 175

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТРАНСАМІНАВА́ННЕ,

зваротны перанос амінагрупы ад амінакіслот да кетакіслот, тое, што пераамінаванне.

т. 15, с. 505

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРА́НА (санскр. дыханне),

у індыйскай метафізіцы і ідэалістычных сістэмах абазначае тонкую энергію Сусвету, крыніцу ўсіх сіл, руху і нават мыслення. У шэрагу выпадкаў атаясамліваецца з паняццямі «пракрыці» (пачатковая сіла) і «атман» — (душа). Адначасова П. мае і касм. значэнне, блізкае да паняцця «сусветная душа», злучыцца з якой імкнецца П. індывіда. На практыцы П. звычайна абазначае энергію дыхання. Ёгі сцвярджаюць, што акрамя П. дыхання ў чалавечым арганізме (і ў Сусвеце) існуюць яшчэ 4 тонкія энергіі: апана — токі, якія вядуць уніз, да выхаду з кішэчніка; в’яна — токі, што размеркаваліся па целе паміж пранай і апанай, удана — токі, накіраваныя ўверх, канцэнтруюцца ў горле, самана — токі, што збіраюцца каля пупка і садзейнічаюць страваванню.

т. 13, с. 12

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІНЕТАСТА́ТЫКА МЕХАНІ́ЗМАЎ,

раздзел дынамікі механізмаў і машын, у якім вызначаюцца рэакцыі элементаў кінематычных пар механізма пры ўмове, што закон яго руху вядомы. Метады К.м. заснаваны на дапушчэнні, што механізм у цэлым і асобныя яго звёны будуць знаходзіцца ў стане раўнавагі, калі да ўсіх знешніх сіл, прыкладзеных да звёнаў, дадаць сілы інерцыі (у адпаведнасці з Д’Аламбера прынцыпам). У К.м. карыстаюцца аналітычнымі і графічнымі метадамі статыкі пры праектаванні новых машын (для разліку іх на трываласць).

т. 8, с. 269

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЭКАНАМІ́ЧНАЯ ЭФЕКТЫ́ЎНАСЦЬ,

станоўчы вынік эканам. дзейнасці эканам. праграм і мерапрыемстваў, які характарызуецца суадносінамі атрыманага эканам. эфекту да затрат фактараў і рэсурсаў, што абумовілі яго атрыманне. У залежнасці ад спосабаў, узроўню і мэтавага прызначэння эканам. ацэнкі, аб’ёму ўлічаных вынікаў і затрат адрозніваюць Э.э.: народнагаспадарчую, якая вызначаецца суадносінамі выніку да затрат у маштабе нац. гаспадаркі і ў паказчыках яго функцыянавання; гаспадарча-разліковую — у маштабах эканам. галін, прадпрыемства, якая вызначаецца суадносінамі прыросту да прыбытку, зніжэння сабекошту і інш. паказчыкаў да затрат, што пацягнулі гэты вынік; прыроставую, якая характарызуецца суадносінамі прыросту за разліковы перыяд да прыросту затрат, што яго выклікалі; абсалютную (агульную), якая дазваляе разлічыць агульную велічыню эфекту (прырост нац. даходу, чыстай прадукцыі), параўнальную, праектную (якая чакаецца) і фактычную. Вылучаюць таксама Э.э. вытворчасці, размеркавання, знешняга гандлю, выдаткавання, інвестыцый, інвестыцыйных праектаў, крэдытавання, матэрыяльных рэсурсаў і інш. Э.э. вытв-сці характарызуецца паказчыкамі: якаснымі — прапарцыянальнасць, цыклічнасць, збалансаванасць і інш.; колькаснымі — вытв-сць працы, фондаёмістасць (фондааддача), матэрыялаёмістасць, даходнасць вытв-сці, эфектыўнасць інвестыцый, працаёмкасць, павышэнне якасці прадукцыі, рэнтабельнасць вытв-сці. Павышэнню Э.э. садзейнічаюць навук.-тэхн., арганізацыйна-эканам., сац.-псіхал., знешнеэканам. і інш. фактары.

Г.​А.​Шмарлоўская.

т. 18, кн. 1, с. 59

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРТЭ́РЫІ (грэч. artēria),

крывяносныя сасуды, па якіх кроў рухаецца ад сэрца ва ўсе органы і часткі цела. Да артэрый належыць аорта і ўсе яе разгалінаванні, у т. л. самыя дробныя — артэрыёлы. Артэрыі нясуць кроў, багатую кіслародам (толькі лёгачныя накіроўваюць вянозную кроў ад сэрца ў лёгкія).

Сценкі артэрый маюць 3 абалонкі. Вонкавая злучальнатканкавая абалонка надае артэрыям трываласць і эластычнасць, што дае магчымасць ім вытрымліваць унутраны ціск, расшырацца і звужацца; багатая сасудамі і нервамі. Сярэдняя абалонка складаецца з эластычных валокнаў і гладкіх мышачных клетак, скарачэнне або расслабленне якіх рэгулюе дыяметр прасвету артэрый і, адпаведна, колькасць крыві, што падаецца да органа. Унутраная абалонка ўтворана эндатэліем і злучальнай тканкай, мае ўнутраную эластычную мембрану, што робіць сценкі больш трывалымі. Асобныя ствалы адной або некалькіх суседніх артэрый часта злучаюцца паміж сабой і ўтвараюць анастамозы (больш дробныя артэрыі). Артэрыі, што не маюць анастамозаў, наз. канцавымі.

Ю.​Г.​Шанько.

т. 1, с. 514

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРА́ВА НА ЖЫЦЦЁ,

адно з асноўных асабістых правоў чалавека, якое абараняецца міжнар. правам і канстытуцыямі большасці дэмакр. краін. Змест П. на ж. шматгранны і адрозніваецца ў розных дзяржавах. Там, дзе смяротная кара адменена (Аўстралія, Аўстрыя, ФРГ, Францыя і яшчэ больш як 40 дзяржаў), П. на ж. азначае, што ні адзін чалавек ні за якія дзеянні не можа быць пазбаўлены жыцця. У краінах, дзе існуюць розныя рэжымы захавання смяротнай кары(прымяненне смяротнай кары, выкарыстанне яе ў выключных выпадках, адмаўленне ад яе прымянення на практыцы), пад П. на ж. разумеецца, што ніхто не можа быць пазбаўлены жыцця без неабходнай прававой працэдуры. У шэрагу канстытуцый П. на ж. канкрэтызуецца пералікам пэўных злачынстваў, за якія можа быць устаноўлена законам смяротная кара, а таксама кола асоб, да якіх яна не можа прымяняцца (напр., жанчыны, непаўналетнія). Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь, разам з абвяшчэннем П. на ж. робіць агаворку, што «смяротная кара да яе адмены можа прымяняцца ў адпаведнасці з законам як выключная мера пакарання за асабліва цяжкія злачынствы і толькі згодна з прыгаворам суда», і ўдакладняе, што да гэтай меры пакарання не могуць быць асуджаны асобы, якія ўчынілі злачынства ва ўзросце да 18 гадоў, жанчыны, а таксама мужчыны, якія дасягнулі на дзень вынясення прыгавору 65 гадоў.

Г.​А.​Маслыка.

т. 12, с. 524

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАРМА́ЛЬ (ад лац. normalis прамы) да крывой (паверхні) у зададзеным пункце, прамая, што праходзіць праз зададзены пункт перпендыкулярна да датычнай прамой ці да датычнай плоскасці. Мае дастасаванні ў дыферэнцыяльнай геаметрыі, геам. оптыцы, механіцы і інш.

Плоская крывая мае ў кожным пункце (за выключэннем некаторых асаблівых пунктаў) адзіную Н. Прасторавая крывая ў кожным неасаблівым пункце мае бясконцае мноства Н., сукупнасць якіх утварае нармальную плоскасць. Н., якая ляжыць у судатычнай плоскасці (лімітнае становішча плоскасці, што праходзіць праз 3 пункты крывой пры імкненні адлегласці паміж імі да нуля), наз. галоўнай, а Н., якая праходзіць перпендыкулярна гэтай плоскасці — бінармаллю. Датычная, гал. Н. і бінармаль утвараюць рухомы трыэдр крывой.

Да арт. Нармаль. Рухомы трыэдр да крывой у пункце Μ: N — галоўная нармаль; B — бінармаль; T — датычная да крывой; P — нармальная плоскасць.

т. 11, с. 161

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІНАУРА́ЛЬНЫ ЭФЕ́КТ,

здольнасць чалавека і жывёл вызначаць напрамак на крыніцу гуку, абумоўленая наяўнасцю 2 гукапрыёмнікаў. З-за таго, што вушы размешчаны на некаторай адлегласці адно ад аднаго, гукі, якія даходзяць да іх, адрозніваюцца па фазе і інтэнсіўнасці. Напрамак на крыніцу гуку з частатой да 1500 Гц выяўляецца найб. дакладна (дакладнасць у гарызантальнай плоскасці да 3°). Бінауральны эфект павялічваецца з павелічэннем адлегласці паміж прыёмнікамі, што дасягаецца з дапамогай гукаўлоўнікаў. Пры наяўнасці некалькіх разнесеных у прасторы крыніц гуку бінауральны эфект забяспечвае незалежнае ўспрыманне гуку ад кожнай з іх (напр., ад асобнага інструмента ў аркестры) і павялічвае гэтым перашкодаўстойлівасць слыхавога ўспрымання.

т. 3, с. 154

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)