від канькабежнага спорту. Спаборніцтвы праводзяцца на дыстанцыях 500, 1000, 1500, 5000 і 10 000 м для мужчын і 500, 1000, 1500, 3000 і 5000 м для жанчын, таксама ў мнагабор’і па замкнёнай лядовай дарожцы даўж. 400 м; у шорт-трэку на дыстанцыях 500, 1000, 1500 і 3000 м і ў эстафетным бегу — 3000 м для жанчын і 5000 м для мужчын, на дарожцы даўж. 111 м.
Узнік у Нідэрландах у пач. 13 ст. Першыя канькабежныя т-вы з’явіліся ў Нарвегіі (1864), Расіі (1877); нац. федэрацыя канькабежнага спорту — у Вялікабрытаніі (1879). Афіц.міжнар. спаборніцтвы праводзяцца з канца 19 ст. (1882. Вена; 1889, Амстэрдам, і інш.). Чэмпіянаты свету праводзяцца сярод мужчын з 1893, сярод жанчын — з 1936; па спрынтарскім мнагабор’і (дыстанцыі 500 і 1000 м) — з 1970. Чэмпіянаты Еўропы праводзяцца з 1893 сярод мужчын і з 1970 — у жанчын. У праграме зімовых Алімп. гульняў — адпаведна з 1924 і 1960. Міжнар. саюз канькабежцаў засн. ў 1892, аб’ядноўвае больш за 50 краін (1999). Найб. пашыраны ў краінах Скандынавіі, ЗША. Германіі, Нідэрландах, Расіі, Японіі і інш. Спаборніцтвы па шорт-трэку праводзяцца з 1970-х г. Чэмпіянаты свету з 1978. У праграме Алімп. гульняў — з 1992.
На Беларусі першыя секцыі ўзніклі ў 1922 (г. Полацк). У 1926 адбыўся 1-ы чэмпіянат Мінска, чэмпіянаты Беларусі праводзяцца з 1933. Першыя чэмпіёны — З.Бальшакова і Б.Бальшакоў (адпаведна 17 і 9 разоў). Сярод бел. канькабежцаў найб. вызначыліся І.Жалязоўскі, Э.Матусевіч, У.Кажаноўскі — чэмпіён СССР сярод юнакоў (1977) на дыстанцыі 500 м, А.Кацюга — бронз. прызёр чэмпіянату свету па спрынтэрскім мнагабор’і (2002, Нарвегія), 5-е месца ў спрынце на XIX зімовых Алімп. гульнях (2002 г. Солт-Лейк-Сіці, ЗША) з рэкордам Беларусі на дыстанцыі 500 М.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФІГУ́РНАЕ КАТА́ННЕна лёдзе,
мастацкае катанне на каньках: адна- і двухапорныя слізганні на рэбрах канькоў па крывых лініях у спалучэнні з паваротамі, скачкамі, вярчэннямі па верт. восі і інш.; від спорту. Ф.к. ўласцівы высокая эмацыянальнасць і выразнасць рухаў; складаная тэхніка катання спалучаецца з харэаграфіяй і муз. суправаджэннем маст. кампазіцый. Уключае адзіночнае катанне (асобна жанчыны і мужчыны), парнае катанне (жанчына і мужчына), спарт. танцы (жанчына і мужчына) і сінхроннае катанне (камандай). Адзіночнае катанне складаецца з кароткай праграмы (да 2 мін 40 с), адвольнай праграмы (да 4 мін у жанчын і 4,5 мін у мужчын) і інтэрпрэтаванага адвольнага катання (да 4,5 мін). Парнае катанне ўключае кароткую і адвольную праграмы. Аснову спартыўных танцаў складаюць камбінацыі крокаў, якія выконваюцца ў адпаведнасці з рытмам і характарам танца. Уключаюць абавязковы, арыгінальны і адвольны танцы. Выступленні па ўсіх відах Ф.к. ацэньваюцца па 6-бальнай шкале, асобна за тэхніку і маст. выкананне.
Як від спорту Ф.к. сфарміравалася ў 1860-я г. (сінхроннае катанне ў 1990-я г.). I чэмпіянат Еўропы сярод мужчын праведзены ў 1891 (г. Гамбург, Германія), свету — у 1896 (С.Пецярбург); жанчыны ўдзельнічаюць у чэмпіянатах свету з 1906, Еўропы — з 1930. У парным катанні чэмпіянаты свету праводзяцца з 1908, Еўропы — з 1930; па спарт. танцах адпаведна з 1950 і 1954. У праграме зімовых Алімп. гульняў з 1924 (у 1908 і 1920 — у праграме летніх Алімп. гульняў), па спарт. танцах — з 1976. Найб. папулярнае Ф.к. ў Аўстрыі, Вялікабрытаніі, Германіі, ЗША, Канадзе, Расіі, краінах Скандынавіі.
На Беларусі Ф.к. развіваецца з пач. 1960-х г. Федэрацыя Ф.к. Беларусі створана ў 1968. Сярод бел. спартсменаў найб. вызначыліся ў парным катанні Н.Мішкуцёнак (у пары з А.Дзмітрыевым, Расія) — чэмпіёнка XVI зімовых Алімп. гульняў (1992, г. Альбервіль, Францыя), А.Гуд і Я.Колтун — бронз. прызёры чэмпіянату свету сярод юніёраў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ША́ХМАТЫ (ад перс. шах мат — уладар памёр),
гульня, якая спалучае элементы спарт. саперніцтва, навук. і лагічнага мыслення і маст. творчасці; від спорту. Гуляюць 2 праціўнікі на квадратнай дошцы, падзеленай на 64 светлыя і цёмныя палі. У кожнага гульца па 8 фігур (кароль, ферзь, 2 ладдзі, 2 кані, 2 сланы) і 8 пешак, якія яны перамяшчаюць па дошцы паводле пэўных правіл. Мэта гульні — даць мат каралю (становішча, калі кароль не можа абараніцца ад нападу фігур праціўніка).
Ш., верагодна, узніклі ў Індыі ў канцы 5 ст. ў форме т.зв. чатурангі (гулялі 4 чалавекі). Археал. даследаванні на тэр. Узбекістана (1972) сведчаць, што гульня накшталт Ш. была вядома тут у 2 ст. У араб. краінах вядома з 7—8 ст., дзе трансфармавалася ў т.зв. шатрандж (шатранг; гулялі 2 чалавекі). Сучасную форму Ш. набылі ў 16 ст. ў еўрап. краінах (Іспанія, Італія, Францыя, Англія). Афіц. спаборніцтвы праводзяцца з 19 ст. (першы міжнар. турнір у Лондане ў 1851, першы матч на першынство свету ў 1886). У 1924 створана Міжнар. шахматная федэрацыя (ФІДЕ), якая аб’ядноўвае шахматныя арганізацыі больш чым 170 краін (2003). ФІДЕ арганізуе і праводзіць шахматныя Сусв. алімпіяды (камандныя, або т.зв. «турніры нацый») з 1927 мужчынскія і з 1957 жан.; чэмпіянаты свету: асабістыя (мужчынскія з 1886 і жан. з 1927) і камандныя з 1985 (мужчынскія). Званне міжнар. гросмайстра прысвойваецца ФІДЕ з 1950 (мужчыны) і з 1976 (жанчыны). Чэмпіёны свету: В.Стэйніц (1886—94), Э.Ласкер (1894—1921), Х.Р.Капабланка (1921—27), А.Алёхін (1927—35, 1937—46), М.Эйве (1935—37), М.Бацвіннік (1948—57, 1958—60, 1961—63), В.Смыслоў (1957—58), М.Таль (1960—61), Т.Петрасян (1963—69), Б.Спаскі (1969—72), Р.Фішэр (1972—75), А.Карпаў (1975—85, 1993—1998), Г.Каспараў (1980; па версіі Прафес. шахматнай асацыяцыі, ПША — 1985—2000), А.Халіфман (1999), У.Крамнік (2000, па версіі ПША), В.Ананд (2000, па версіі ФІДЕ), Р.Панамароў (2002). Чэмпіёнкі свету: В.Менчык (1927—44), Л.Рудэнка (1950—53), Л.Быкава (1953—56, 1958—62), В.Рубцова (1956—58), Н.Гапрындашвілі (1962—78), М.Чыбурданідзе (1978—91), Се Дзюнь (1992—94), Ж.Полгар (1995—99), Жу (Чжу) Чэнь (з 2000). У галіне шахматнай кампазіцыі (складанне спец. пазіцый для рашэння за пэўную колькасць хадоў (задачы) або за адвольную іх колькасць (эцюды) разыгрываюцца пяршынствы краін і свету, прысвойваюцца міжнар. званні майстроў і гросмайстраў. Завочныя Ш. (гульня па перапісцы) існуюць з 1694 (адзначана паміж венецыянскімі і харвацкімі купцамі); у 1928 створаны міжнар. саюз гульні ў Ш. па перапісцы (з 1951 Міжнар. федэрацыя, ІКУФ).
На Беларусі Ш. вядомы з 12 ст. Першыя нац. шахматныя гурткі ўзніклі ў 1919—20 у Мінску, Барысаве, Віцебску, Магілёве і інш. 1-ы чэмпіянат Мінска праведзены ў 1922 (пераможца А.Касперскі), у інш. гарадах Беларусі (Бабруйск, Віцебск, Гомель, Полацк) — у 1923. 1-ы чэмпіянат Беларусі сярод мужчын адбыўся ў 1924 (пераможца — С.Разенталь), сярод жанчын у 1928 (С.Дукер). Першы майстар спорту па Ш. на Беларусі — У.Сіліч. У пяршынствах СССРбел. шахматысты ўдзельнічалі з 1927 (перамаглі на ўсесаюзным камандным турніры), былі бронз. прызёрамі на III Спартакіядзе народаў СССР (1963). Паспяхова выступала каманда Беларусі (з 1955) у міжнар. матчах з камандамі Польшчы, Венгрыі, Германіі. Бел. шахматысты В.Купрэйчык і А.Капенгут неаднаразова перамагалі ў чэмпіянатах свету сярод студэнтаў у складзе зборнай каманды СССР. Шахматная федэрацыя Беларусі створана ў 1992. Сярод найб. вядомых бел. спецыялістаў па Ш. — засл. трэнеры СССР І.Я.Баляслаўскі, А.П.Сакольскі, засл. трэнеры Беларусі С.М.Бягун, Т.А.Галавей, А.З.Капенгут, А.І.Шагаловіч, М.І.Шарашэўскі. Бел. шахматысты зрабілі значны ўклад у тэорыю Ш., іх імёнамі названы некат. дэбютныя варыянты (напр., дэбют Г.М.Верасава, дэбют Сакольскага) і інш. Каманда шахматных кампазітараў БССР — пераможца VI i VII камандных пяршынстваў СССР. Сярод шахматных кампазітараў вызначыліся М.Бельчыкаў, І.Бондар, В.Гебельт, Я.Дзвігаў, Я.Камянецкі, Р.Сляпян, У.Сычоў, С.Цырулік і інш.Найб. поспехаў сярод бел. шахматыстаў дасягнулі міжнар. гросмайстры С.Азараў, А.Аляксандраў, Баляслаўскі, Б.Гельфанд, В.Дыдышка, К.Зварыкіна, А.Кавалёў, Купрэйчык, Г.Лагвілава, І.Смірын, А.Суэцін, А.Фёдараў, Ю.Шульман, Р.Эйдэльсон.
Літ.:
Карпов А.Е., Гик Е.Я. Все о шахматах. М., 2000;
Линдер В.И., Линдер И.М. Короли шахматного мира: Жизнь и игра сквозь призму энцикл. М., 2001;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СПАРТЫ́ЎНАЯ ГІМНА́СТЫКА,
практыкаванні і спаборніцтвы на гімнастычных снарадах, у апорных скачках і ў вольных практыкаваннях; від спорту. У праграму гімнастычнага мнагабор’я ўваходзяць адвольныя практыкаванні: для мужчын — у апорных скачках, у вольных практыкаваннях, на кані, кольцах, брусах і перакладзіне; для жанчын — на брусах рознай вышыні, бервяне, у апорных скачках і вольных практыкаваннях.
Гімнастычныя практыкаванні ўваходзілі ў сістэму фіз. выхавання з часоў Стараж. Грэцыі. Практыкаванні на гімнастычных снарадах, апорныя скачкі выкарыстоўваліся ў сістэме фіз. выхавання ў еўрап. краінах з канца 18 — пач. 19 ст. Спаборніцтвы праводзяцца з 2-й пал. 19 ст.Міжнар. федэрацыя гімнастыкі створана ў 1881. З 1896 С.г. ўваходзіць у праграму Алімп. гульняў (жанчыны ўдзельнічаюць з 1928). Чэмпіянаты свету адбываюцца з 1903 (у жанчын — з 1934). Найб. пашырана С.г. на Беларусі, у Германіі, ЗША, Кітаі, Расіі, Украіне, Японіі і інш.
На Беларусі С.г. развіваецца з канца 19 — пач. 20 ст. Заняткі гімнастыкай з 1889 уваходзілі ў вучэбныя праграмы настаўніцкіх семінарый (г. Маладзечна, Нясвіж, Полацк, мяст. Свіслач); як элемент агульнафіз. падрыхтоўкі — у школьныя праграмы. У 1909 у г. Гродна створана гімнастычнае т-ва «Сокал». У 1910—14 у г. Вільня, Гродна, Магілёў, Слуцк і інш. праходзілі гімнастычныя святы вучнёўскай моладзі. На пачатак 1914 мелася каля 50 спарт. і гімнастычных арг-цый. I Усебел. зімовае гімнастычнае свята праведзена ў 1933. Найб. інтэнсіўна С.г. развівалася з 1950-х г. З пач. 1960-х г. складалася бел. жаночая гімнастычная школа (трэнеры Р.С.Ваткін, В.Дз.Дзмітрыеў, Р.Л.Кныш і інш.). Пазней склалася і мужчынская бел. гімнастычная школа. На Беларусі праводзіліся міжнар. спаборніцтвы па С.г., у т. л.чэмпіянат Еўропы (1971). Мужчынская зборная каманда Беларусі — чэмпіён (2001) і бронз. прызёр (1999) чэмпіянатаў свету, чэмпіён (1994) і бронз. прызёр (1996) чэмпіянатаў Еўропы. Сярод бел. гімнастаў найб. вызначыліся І.Іванкоў, М.Мілігула, В.Шчэрба, А.Кан, А.Малееў, В.Рудніцкі, У.Шчукін і інш.; сярод гімнастак — Т.Аржаннікава, С.Багінская, С.Баітава, А.Валчэцкая, Н.Кім, В.Корбут, А.Кошаль, Т.Лазаковіч, Л.Петрык, А.Піскун і інш. А.М.Петрыкаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФЕХТАВА́ННЕ (ад ням. fechten фехтаваць, змагацца),
від спорту, які аб’ядноўвае адзінаборствы з выкарыстаннем халоднай спарт. зброі (рапіра, шабля, шпага). Мэта паядынку — нанясенне саперніку найб. колькасці ўколаў (удараў) за фіксаваны час. Паядынкі адбываюцца на спец. дарожцы 14 × 1,5—2 м. Праграмы афіц. спаборніцтваў уключаюць асабістыя і камандныя турніры мужчын і жанчын.
Як від адзінаборстваў узнікла ў Стараж. Егіпце (каля 3000 да н.э.). Утылітарнае Ф. вядома ў Стараж. Грэцыі і Рыме. З пач. 15 ст.найб. пашырылася ў Іспаніі, з 16 ст. ў Італіі і з 17 ст. ў Францыі. У нац. відах Ф., напр., нанайскім, у якасці зброі выкарыстоўваюць шост, у грузінскім — меч са шчытом і інш.Спарт. Ф. сфарміравалася да канца 17 ст. У 2-й пал. 19 ст. вызначаны асн. правілы і праграмы афіц. спаборніцтваў, стандарты спарт. зброі і ахоўнага рыштунку. У праграме Алімп. гульняў з 1896 (жанчыны з 1924). Чэмпіянаты Еўропы адбываюцца з 1906, свету — з 1937. Ф. на шпагах уваходзіць у склад пяцібор’я. Міжнар. федэрацыя Ф. засн. ў 1913 (Парыж). Найб. пашырана Ф. ў Венгрыі, Германіі, Італіі, Расіі, Францыі.
На Беларусі гурткі Ф. з’явіліся ў канцы 1920-х г. У 1928 бел. фехтавальшчыкі ўдзельнічалі ў I Усесаюзнай спартакіядзе. Афіц. спаборніцтвы з 1938 (першынство Мінска). I чэмпіянат Беларусі адбыўся вясной 1941. Федэрацыя Ф. Беларусі створана ў 1960. Сярод бел. фехтавальшчыкаў — чэмпіёны Алімп. гульняў: Ш.Алёхін, А.Бялова, Б.Карэцкі, А.Раманькоў, Т.Самусенка, В.Сідзяк; прызёры Алімп. гульняў: У.Лапіцкі, А.Ніканчыкаў, А.Паўлоўскі, Ю.Смалякоў, А.Чарнушэвіч, І.Валетаў, А.Коцешаў; чэмпіёны свету і прызёры: Дз.Ніканчыкава, С.Прыходзька, С.Баранава, В.Захараў, У.Паўленка і інш. Мужчынская каманда шпажыстаў заняла 6-е месца на XXVII Алімп. гульнях (2000, г. Сідней, Аўстралія), 4-е — на чэмпіянаце свету (1998, г. Ла-Шо-дэ-Фон, Швейцарыя), каманда шаблістаў была сярэбраным прызёрам чэмпіянату Еўропы (2000, г. Фуншал, Партугалія); жаночая каманда шпажыстак — 5-й на чэмпіянаце свету (2001, г. Нім, Францыя). Бел. трэнеры — засл. трэнеры СССР і Беларусі: Э.У.Асіеўскі, Г.М.Бокун, Л.П.Бокун, Я.Ц.Андрэеў, А.А.Аўсянкін, С.А.Васільеў, А.М.Казлоўскі, М.Н.Няпраўскі, В.С.Хрэнаў; засл. трэнер Украіны А.Л.Фель.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФУТБО́Л (англ. football ад foot ступня + ball мяч), футбол еўрапейскі, сокер,
спартыўная камандная гульня з мячом. Удзельнічаюць 2 каманды па 11 чал. — варатар (галкіпер), абаронцы (бекі), паўабаронцы (хаўбекі) і нападаючыя (форварды). Працягласць гульні 90 мін (2 таймы па 45 мін) з 10—15-мінутным перапынкам. Гульні праводзяцца на футбольным полі (звычайна з травяным пакрыццём), афіц. — на полі памерам 100—110 × 69—75 м з адпаведнай разметкай. Вароты памерамі 7,32 × 2,44 м. Мяч скураны надзіманы, акружнасцю каля 70 см, масай каля 450 г. Гульцы не маюць права дакранацца да мяча рукамі. Тэхн. прыёмы: вядзенне (дрыблінг), удары, спыненне мяча выконваюцца нагамі, галавой, корпусам. Варатар мае права лавіць і адбіваць мяч рукамі ў межах штрафной пляцоўкі. Парушэнні правіл караюцца штрафнымі ўдарамі па свабодна ляжачым мячы. Мэта гульні — забіць як мага больш мячоў (галоў) у вароты саперніка. Рэгламент некат. спаборніцтваў прадугледжвае пры нічыйным выніку матча дадатковы час гульні ці серыю пенальці для выяўлення пераможцы.
Вытокі Ф. — гульні з мячом у краінах Стараж. Усходу, Стараж. Грэцыі і Рыма. індзейскіх народаў Амерыкі. У блізкім да сучаснага выглядзе вылучыўся ў сярэдзіне 19 ст. ў Англіі з 2 разнавіднасцей гульні з мячом (футбол-рэгбі). 1-ы футбольны клуб («Шэфілд Юнайтэд») засн. ў 1855. 1-я нац. асацыяцыя Ф. ўзнікла ў 1863 у Англіі, тады ж у Кембрыджы вызначаны блізкія да сучасных правілы гульні. 1-я прафес. футбольная ліга створана ў 1888 у Англіі. У канцы 19 — пач. 20 ст. арганізаваны нац. футбольныя саюзы. Міжнар. федэрацыя футбольных асацыяцый (ФІФА) засн. ў Парыжы ў 1904 (аб’ядноўвае 204 краіны; 2003). У 1916 створана Канфедэрацыя Ф. Паўд. Амерыкі; у 1954 (Вена) — Саюз Еўрап. футбольных асацыяцый (УЕФА, аб’ядноўвае 52 краіны, 2003), а таксама Азіяцкая канфедэрацыя; у 1957 — Афрыканская; у 1961 — Канфедэрацыі Паўн. і Цэнтр. Амерыкі і Карыбскага бас.; у 1966 — Аўстраліі і Акіяніі. Першыя міжнар. матчы па Ф. адбыліся ў 1902 (Аўстрыя—Венгрыя, Аргенціна—Уругвай). Міжнар. асацыяцыя прафес. футбалістаў існуе з 1995 (Парыж). У праграме Алімп. гульняў з 1900 (акрамя 1932). Чэмпіянаты свету праводзяцца з 1930 раз у 4 гады (1-ы чэмпіён — зборная каманда Уругвая), чэмпіянаты Паўд. Амерыкі — з 1916, чэмпіянаты Еўропы — з 1960. Кубак еўрап. чэмпіёнаў разыгрываецца з 1955; Кубак Азіі — з 1956; Кубак Афрыкі — з 1957; Кубак уладальнікаў кубкаў еўрап. краін і Кубак уладальнікаў кубкаў Амерыкі (Кубак Лібертадорэс) — з 1960; Кубак УЕФА — з 1971; Суперкубак Еўропы (паміж уладальнікамі Кубка чэмпіёнаў і Кубка уладальнікаў кубкаў) — з 1972; Міжкантынентальны кубак — з 1960. Чэмпіянаты СССР праводзіліся з 1936. Існуюць таксама нац. віды Ф.: амер. Ф., аўстрал. Ф. і інш. У шэрагу краін набыў прызнанне жаночы Ф., праводзяцца нац. чэмпіянаты і міжнар. спаборніцтвы сярод жан.каманд. 1-ы чэмпіянат свету па жан. Ф. адбыўся ў 1992 у Кітаі; перамагла зборная каманда ЗША З’явіліся разнавіднасці Ф.: міні-Ф., пляжны Ф., футзал.
На Беларусі Ф. развіваецца з пач. 20 ст. Першыя каманды аматараў з’явіліся ў 1910 (г. Гомель). Правілы гульні выдадзены ў 1911 (г. Магілёў). У 1912 адбыліся першыя міжгароднія сустрэчы з футбалістамі гарадоў Добруш, Злынка, Клянцы. Кіеў, Навазыбкаў. У 1913—14 узніклі футбольныя каманды ў Мінску (1-ы матч 29.6.1913), Барысаве, Баранавічах, Жлобіне, Пінску, Слуцку. 1-ы чэмпіянат Беларусі адбыўся ў 1922 (удзельнічалі каманды Барысава, Віцебска, Мінска і Оршы). У 1928 створана 1-я зборная каманда Беларусі па Ф. і адбылася 1-я міжнар. сустрэча з камандай Швейцарыі. У турніры каманд саюзных рэспублік на Усесаюзнай спартакіядзе (1928) зборная каманда Беларусі заняла 4-е месца. У чэмпіянатах СССРбел. футбалісты ўдзельнічалі з 1937. З 1992 Беларусь — член ФІФА, з 1993 — УЕФА. Каманда «Дынама» (Мінск) — чэмпіён СССР (1982). Сталічныя каманды «Спартак» (1954) і «Дынама» (1963, 1983) — бронз. прызёры чэмпіянатаў СССР. У 1965 каманда «Дынама» (Мінск) — фіналіст Кубка СССР; уваходзіла (1970—73, 1976. 1979—90) у вышэйшую лігу каманд-удзельніц чэмпіянатаў СССР; каманды Брэста, Віцебска, Гомеля, Гродна, Магілёва і інш. гулялі ў 2-й лізе. Бел. футбалістаў неаднаразова ўключалі ў зборныя каманды СССР. Сярод найб. вядомых спецыялістаў па Ф. на Беларусі: засл. трэнеры СССР і Беларусі Г.Б.Абрамовіч, В.У.Арзамасцаў, М.А.Базяненкаў, А.М.Байдачны, С.У.Бароўскі. Я.К.Глямбоцкі, В.А.Касянюк, Л.А.Лапуноў, Э.В.Малафееў, Дз.П.Мацвееў, П.С.Мімрык, У.М.Радзішэўскі, А.А.Сявідаў, Я.Ф.Шунтаў, Я.С.Юркевіч, А.М.Ягораў і інш. Сярод бел. футбалістаў найб. вызначыліся: Л.Адамаў, С.Алейнікаў, В.Бялькевіч, П.Васілеўскі, М.Вяргеенка, С.Гоцманаў, І.Гурыновіч, Э.Зарэмба, А.Зыгмантовіч, Г.Кандрацьеў, Ю.Курбыка, Ю.Курненін, М.Мустыгін, Ю.Пагальнікаў, А.Пракапенка, Ю.Пудышаў, Л.Румбуціс, І.Рэмін, І.Савосцікаў, В.Сокал, Ю.Трухан, Х.Усаторэ, А.Хацкевіч, В.Шышкін, В.Янушэўскі, В.Яромка і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЁГКАЯ АТЛЕ́ТЫКА,
від спорту, які ўключае бег на розныя дыстанцыі (у т. л. эстафетны і з перашкодамі), кіданні лёгкаатлетычныя, мнагабор’і лёгкаатлетычныя, скачкі лёгкаатлетычныя, хадзьбу спартыўную. У спарт. класіфікацыі больш за 60 лёгкаатлетычных практыкаванняў. На Алімп. гульнях Л.а. прадстаўлена 24 практыкаваннямі для мужчын і 14 для жанчын. Створаны Міжнар. аматарская лёгкаатлетычная федэрацыя (ІААФ) у 1912, Еўрапейская асацыяцыя Л.а. (ЕАА) у 1968, федэрацыі Л.а. Азіі, Афрыкі, лац.-амер. краін, Новай Зеландыі і Акіяніі ў канцы 1960 — пач. 1970-х г. Федэрацыя Л.а. Беларусі створана ў 1959. Чэмпіянаты свету па Л.а. праводзяцца з 1983, з 4-гадовай перыядычнасцю; летнія чэмпіянаты Еўропы — з 1934 (у цотныя гады паміж Алімп. гульнямі, зімовыя ў закрытых памяшканнях з 1966).
Першыя звесткі пра лёгкаатлетычныя спаборніцтвы адносяцца да 776 да н.э., калі праводзіліся Алімп. гульні ў Стараж. Грэцыі. Як самастойны від спорту пашырылася ў сярэдзіне 19 ст. ў Англіі (першыя спаборніцтвы ў 1837 у каледжы г. Рэгбі), Германіі, ЗША, Францыі і інш. З канца 19 ст. ў Расіі наладжваюцца аматарскія спарт. спаборніцтвы, упершыню першынство Расіі праведзена ў 1908.
На Беларусі першыя спаборніцтвы па Л.а. (бег на 800, 1000, 1500 м; скачкі ў вышыню і даўжыню; кіданні дыска і кап’я) праведзены ў 1913 у Гомелі. Аматарскія клубы Л.а. існавалі з 1918 у Віцебскай і Магілёўскай, а з 1920 і ў інш. губернях. З 1921 у Віцебску пачалі праводзіцца традыц. лёгкаатлетычныя эстафеты. Першы чэмпіянат па Л.а. (па 12 відах) адбыўся ў 1924 у праграме Усебел. свята фіз. культуры. У 1927 адбыліся першыя міжнар. спаборніцтвы па Л.а. паміж бел. і чэш. спартсменамі. З 1927 бел. лёгкаатлеты — удзельнікі ўсесаюзных спаборніцтваў, з 1952 — Алімп. гульняў. Першы з бел. спартсменаў атрымаў алімп. медаль (сярэбраны) М.Крываносаў (1956). Алімпійскія чэмпіёны па Л.а. — Р.Клім, Т.Ледаўская, В.Рудзянкоў. Прызёры Алімп. гульняў: бегуны У.Гараеў, Я.Гаўрыленка, М.Кіраў, У.Лавецкі; па спарт. хадзьбе Я.Іўчанка і П.Пачанчук; у трайным скачку А.Каваленка і І.Лапшын; у кіданні молата І.Астапковіч; у кіданні кап’я Н.Шыкаленка, дыска У.Дуброўшчык, В.Капцюх і Э.Зверава; у сямібор’і Н.Сазановіч. Першым чэмпіёнам свету з бел. лёгкаатлетаў стаў А.Трашчыла (эстафета 4 × 400 м; 1983). Чэмпіёны свету: А.Паташоў, Трашчыла (1991), Шыкаленка, Зверава (1995); прызёры чэмпіянатаў свету: Р.Смяхнова (1983), А.Бялеўская (1987), У.Сасімовіч (1991), Я.Місюля (1991, 1995), С.Бурага, Дуброўшчык, Капцюх, Э.Хамелайнен (1995). На чэмпіянаце свету ў 1995 Беларусь па заваяваных медалях заняла 2-е месца ў агульнакамандным заліку. Першымі чэмпіёнамі Еўропы па Л.а. сталі М.Іткіна, Крываносаў, А.Юлін (1954). Чэмпіёны Еўропы: Л.Ермалаева, Іткіна, Крываносаў (1958); Іткіна (1962), Клім (1966), Р.Аглетдзінава (1986), Астапковіч, Лапшын (1990), Дуброўшчык, Н.Духнова (1994).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІСТОРЫЯ.
Са старажытных часоў з мэтай фізічнай загартоўкі моладзі, падрыхтоўкі да працоўнай і ваеннай дзейнасці бел. народ выкарыстоўваў розныя практыкаванні і гульні, якія адлюстроўвалі пэўныя віды яго дзейнасці і дапаўнялі самабытную нацыянальную культуру. Паступова фіз. практыкаванні і гульні складваліся ў своеасаблівую сістэму — ігрышчы.
Шырока вядомы купальскія і калядныя святкаванні-ігрышчы, скокі праз вогнішча, карагоды, бег навыперадкі, барацьба, кулачныя баі, баі на палках, скачкі, плаванне і інш. Стагоддзямі ўдасканальваліся спосабы барацьбы: у абхват, да крыжа, на крыжы. Вядомы бел.нар. гульні азярод (перакідванне дугі праз збудаванне для прасушвання сена), апука, бабкі, була, гуські, гула (кіданне прадмета ў бок праціўніка), пікар, свінка, чыжык, ямкі (точкі), штандар, клянні, пацяг (перацягванне), зубар і інш. Зімой моладзь каталася на касцяных і драўляных каньках, наладжвала калаўроты. Пасля ўваходжання Беларусі ў склад Расіі сталі папулярнымі і гульні іншых народаў Расіі, у т. л. гарадкі, лапта, чахарда і інш., пашыраліся віды бытавых, вытворчых і спартыўных гульняў. У пратаколах Усерасійскіх спаборніцтваў упамінаюцца імёны найб. вядомых спартсменаў Беларусі, сярод якіх у 1890-я г. шырокую вядомасць набыў велагоншчык М.Ф.Дзявочка — пераможца гонак паміж Масквой і Ніжнім Ноўгарадам, С.-Пецярбургам і Масквой; віцэ-чэмпіён Расіі па гіравым спорце, арганізатар спартыўных т-ваў «Сокал» у Гродне і Віцебску (1908—10) І.Л.Саланевіч. У 1913 атлет і барэц Я.А.Чахаўской атрымаў міжнародны прыз (ганаровы залаты пояс) за рэкордны нумар — перанос на адной руцэ 6 чал. (больш за 400 кг). У 1914 мінскі атлет У.С.Сакалдзінскі ўстанавіў усерасійскі рэкорд у жыме штангі для атлетаў лёгкай вагі (214 фунтаў — 85,6 кг).
У 1909—10 пад уплывам прагрэсіўнай грамадскасці на Беларусі створаны арг-цыі спартыўнага т-ва «Сокал» (назва ад чэшскай «сокальнай» гімнастыкі, што ўзнікла ў 1860-я г. і была больш цікавай і змястоўнай, чым раней вядомыя нямецкая і шведская). Аддзяленні «Сокала» існавалі пры гімназіях у Магілёве, Мінску, Гродне, Віцебску, Оршы і інш. У іх праводзілі гульні, заняткі па гімнастыцы, развучвалі пабудовы пірамід, арганізоўвалі паказальныя гімнастычныя святы. У 1911—12 створаны т-вы садзейнічання фізічнаму развіццю ў Мінску, Магілёве, Віцебску, Гродне, аддзяленні яўрэйскага спартыўнага т-ва «Макабі» ў Мінску, Бабруйску, Магілёве, Слуцку і інш. гарадах. У 1911 у Магілёве адбыўся першы розыгрыш Кубка горада па футболе; у ім удзельнічалі каманды гімназіі, камерцыйнага і рэальнага вучылішчаў. У 1913 у Мінску заснавана аддзяленне спартыўнага т-ва «Санітас» («Здароўе»), у якім займаліся пераважна барацьбой і цяжкай атлетыкай. Ініцыятарам стварэння т-ва быў служачы банкаўскай канторы А.У.Александровіч, які на II Усерасійскай алімпіядзе (1914, Рыга) заваяваў залаты медаль па гіравым спорце ў паўцяжкай вазе. У Мінску праведзены першы чэмпіянатт-ва па падыманні цяжару і барацьбе; у Гомелі — спаборніцтвы па скачках у вышыню, кіданні дыска і кап’я, бегу на 800, 1000 і 1500 м. Аднак арганізаваны спартыўны рух на Беларусі да абвяшчэння БССР (студзень 1919) быў развіты даволі слаба.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СПАРТЫЎНАЯ МАТЭРЫЯЛЬНА-ТЭХНІЧНАЯ БАЗА РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ
здольная забяспечыць спарт. і спартыўна-масавую работу на самым высокім сучасным узроўні. Асноўныя спарт. збудаванні і комплексы дазваляюць весці трэніровачныя працэсы і праводзіць спаборніцтвы амаль па ўсіх відах спорту. У краіне штогод адбываецца каля 10 афіц.міжнар. спаборніцтваў: чэмпіянаты і этапы Кубкаў свету і Еўропы, традыц. турніры па розных відах спорту, каля 700 штогадовых рэсп. спаборніцтваў. На Беларусі функцыянуюць (2004): 220 стадыёнаў, каля 4,5 тыс. спартзалаў, больш за 200 плавальных басейнаў, 24 манежы, 7 крытых лядовых арэн са штучным ільдом, каля 1,5 тыс. стралковых ціраў, больш за 150 фізкультурна-аздараўленчых цэнтраў, 9 баз алімп. падрыхтоўкі і інш.
Рэспубліканскі цэнтр алімпійскай падрыхтоўкі па тэнісе і настольным тэнісе створаны ў Мінску ў 1978. У яго складзе Палац тэніса з 4 кортамі і трыбунай на 500 месцаў, трэніровачная зала, мед. і метадычны кабінеты, дапаможныя памяшканні; агульная плошча 7659 м². На тэр. Цэнтра размешчаны 13 кортаў (6 з травяным і 7 з грунтавым пакрыццём) агульнай пл. 11 127 м², медыка-рэабілітацыйны комплекс. У Цэнтры праводзяцца міжнар. і рэсп. спаборніцтвы, працуюць вучэбна-спарт. групы.
Рэспубліканскі цэнтр алімпійскай падрыхтоўкі па шахматах і шашках існуе ў Мінску з 1997. Будынак цэнтра (раней Палац шахмат) рэканструяваны ў 1985. Сучасны Цэнтр з’яўляецца дзярж. спецыялізаванай вучэбна-спарт. установай, з 1997 аб’яднаны з рэсп. спецыялізаванай школай алімп. рэзерву. Цэнтр мае аддзяленні шахмат і шашак (каля 20 вучэбных груп, да 200 навучэнцаў). У Цэнтры адбываюцца спарт. мерапрыемствы і спаборніцтвы рознага ўзроўню, яго спецыялісты імкнуцца забяспечыць арганізацыйна-метадычную дапамогу ўсім аматарам шахмат і шашак, падрыхтоўку спартсменаў і спартсменаў-інструктараў, наладжванне міжнар.спарт. сувязей.
Рэспубліканскі цэнтр алімпійскай падрыхтоўкі па парусным спорце знаходзіцца ў в. Качына Мінскага р-на. Спарт. база цэнтра на Заслаўскім вадасховішчы існуе з 1968, займае тэр. 2 га. Яна ўключае бухту для стаянкі яхтаў і катэраў, прычальныя пабудовы, элінг для захоўвання маёмасці, майстэрні па рамонце суднаў, дапаможны корпус, дзе размешчаны медкабінет, раздзявальні, склады, адм. корпус і інш.
Рэспубліканская школа вышэйшага спартыўнага майстэрства па водных відах спорту існуе з 1976, размешчана на Заслаўскім вадасховішчы. Мае веславальны канал на 6 дарожак даўж. 2 км (пабудаваны ў 1979), канал для байдарак і каноэ даўж. 1 км, басейны для акад. веславання на байдарках і каноэ (1976), трэнажорную залу, медыка-рэабілітацыйны цэнтр, футбольнае поле, пляцоўкі для гульні ў валейбол (2), баскетбол (1), гандбол (1), тэніс (2), адм., гасцінічны, дапаможныя карпусы і інш.
Алімпійскі спартыўны комплекс пабудаваны ў Мінску ў 1984. Агульная яго плошча 16,5 га, плошча крытых спарт. памяшканняў 13 450 м². У складзе комплексу лёгкаатлетычны манеж, залы спарт. і маст. гімнастыкі, бокса, барацьбы, трэнажорная зала, 2 плавальныя басейны (25×6 і 11×9 м), стадыён з футбольным полем, бегавымі дарожкамі і лёгкаатлетычнымі сектарамі, 2 футбольныя палі з сінт. і гумава-бітумным пакрыццём, комплекс для лёгкаатлетычных трэніровак, тэнісныя корты, медыка-рэабілітацыйны цэнтр і інш.
Рэспубліканскае вучылішча алімпійскага рэзерву ў Мінску мае ў ліку асноўных спарт. збудаванняў навучальны корпус, пабудаваны ў 1987, агульнай пл. 8,4 тыс.м², футбольны стадыён.
Рэспубліканскі цэнтр па конным спорце і конегадоўлі «Ратамка» здадзены ў эксплуатацыю ў 1970 у пас. Ратамка Мінскага р-на. Аб’ядноўвае Мінскі конны завод імя Л.Даватара і Рэсп. дзіцяча-юнацкую школу алімп. рэзерву па конным спорце. Спарткомплекс уключае зімовы манеж 64×24 м з трыбунамі на 150 месцаў, канкурны стадыён 140×100 м з пясчаным манежам і трыбунамі на 3 тыс. месцаў (уведзены ў строй у 1980), 2 трэніровачныя крытыя манежы: вучэбны (1974) і выездкавы (1975), 3 адкрытыя манежы, 4 трэніровачныя канкурныя палі, трасу палявых выпрабаванняў па трохбор’і і трэніровачны скакавы круг, 3 канюшні (1970), гасцінічны комплекс (1979), базу коннага пракату, шэраг службовых і дапаможных памяшканняў.
Рэспубліканскае унітарнае прадпрыемства «Спартыўны комплекс «Раўбічы» — адзін з лепшых спарт. комплексаў рэспублікі — размешчаны каля в. Раўбічы (за 22 км на поўнач ад Мінска). Гэта сучасная спарт. база для заняткаў пераважна зімовымі відамі спорту (біятлон, лыжнае дваябор’е, лыжныя гонкі, слалам, скачкі на лыжах з трампліна, сноўбордзінг, фрыстайл). Пабудаваны ў 1974, займаў тэр. 36 га; у наш час яго пл. пашырана да 80 га. У складзе комплексу: біятлонная траса са стрэльбішчам 150×140 м, трэніровачнае стрэльбішча 150×50 м, лыжная траса (3 пятлі агульнай даўжынёй 20 км), 3 лыжныя трампліны са штучным пакрыццём з разліковай даўжынёй скачка 20, 40 і 74 м, спецыялізаваныя лыжаролерныя трасы (пабудаваны ў 1989 і 2003) з асфальтабетонным пакрыццём, малая слаламная траса і схіл для фрыстайла, ролікадром (150×60 м), універсальная спарт. зала, тэнісныя корты, 2 гасцініцы, медыка-рэабілітацыйны цэнтр, адміністрацыйна-гасп. корпус. Трыбуны для гледачоў размешчаны на штучных земляных валах, злучаны з трыбунамі каля судзейскага павільёна. У «Раўбічах» праводзяцца рэсп. і буйныя міжнар. спаборніцтвы (напр., чэмпіянат свету 1974, чэмпіянат Еўропы 2004, этапы Кубка свету па біятлоне і інш.).
Рэспубліканскае унітарнае прадпрыемства «Алімпійскі спартыўны комплекс «Стайкі» размешчаны каля в. Стайкі (за 12 км на ПдУ ад Мінска). Засн. ў 1947, будаўніцтва завершана ў 1970-я г. Займае пл. 90 га. На гэтым спарт. комплексе праходзяць асн. этапы падрыхтоўкі бел. спартсменаў і нац. каманд па розных відах спорту да буйных міжнар. спаборніцтваў: Алімп. гульняў, чэмпіянатаў свету, Еўропы і інш. Комплекс уключае 2 універсальныя залы-манежы (54×36 м, пабудаваны ў 1976, і 72×50 м, пабудаваны ў 1979), 2-зальны гімнастычны корпус, спецыялізаваныя залы для цяжкай атлетыкі з 12 памостамі, боксу з рынгам, трэнажорныя памяшканні, 5 крытых 140-метровых бегавых дарожак з сінт. пакрыццём. На тэр. комплексу 6 футбольных палёў, 5 тэнісных кортаў, 5 універсальных пляцовак, 5 валейбольных і 2 баскетбольныя пляцоўкі, 4 кругавыя 400-метровыя бегавыя дарожкі, лёгкаатлетычныя сектары, вадасховішча. Комплекс мае медыка-рэабілітацыйны цэнтр. Функцыянуюць 8 гасцінічных карпусоў, бібліятэка, 2 кіназалы, канферэнц-зала і інш. У «Стайках» праводзяцца спарт. і спартыўна-масавыя мерапрыемствы рэсп. і міжнар. ўзроўню, семінары, сімпозіумы і інш.
Стадыён «Дынама» ў Мінску — найбуйнейшы ў рэспубліцы. Яго трыбуны змяшчаюць каля 50 тыс. гледачоў. Адкрыты ў 1934, адноўлены ў 1947—54, рэканструяваны ў 1978—80 да Алімп. гульняў 1980 для правядзення папярэдніх спаборніцтваў па футболе. Комплекс стадыёна мае спецыялізаваныя залы (пад трыбунамі), адкрытыя пляцоўкі для спарт. гульняў, абсталяваны электронным табло і сучасным асвятляльным электраабсталяваннем.
Мінскі Палац спорту — адно з буйнейшых у краіне спарт. збудаванняў шматмэтавага прызначэння. Пабудаваны ў 1966, рэканструяваны ў 2002—04. Мае хакейную пляцоўку 61×30 м, стацыянарныя трыбуны на 4 тыс. месцаў, пры трансфармацыі залы і арэны — да 6 тыс. месцаў, 2 спарт. залы па 18×12 м, дапаможныя памяшканні. У Палацы праводзяцца спарт. спаборніцтвы на хакеі з шайбай, фігурным катанні, гімнастыцы, боксе, барацьбе і інш. Вялікая зала Палаца выкарыстоўваецца і для правядзення інш. масавых і спартыўна-масавых мерапрыемстваў, канцэртаў і інш. У 1999 каля Палаца пастаўлены будынак лядовай пляцоўкі.
Рэспубліканскі воднаспартыўны камбінат з першым у Мінску адкрытым басейнам, які працуе з 1961; прымае спартсменаў і наведвальнікаў з 1967, рэканструяваны ў 2002—03. Камбінат здольны абслугоўваць штодзённа больш за 4 тыс. аматараў воднага спорту. Уключае 3 закрытыя басейны з трыбунамі для гледачоў, 2 адкрытыя з падагрэвам вады, аздараўленчы комплекс.
Спартыўна-стралковы комплекс імя маршала С.К.Цімашэнкі пабудаваны ў Мінску ў 1972, рэканструяваны ў 1978. Мае галоўны павільён з 4 крытымі цірамі і адкрытыя ціры для стральбы на розныя адлегласці, ціры для стэндавай стральбы з 2 круглымі і 1 траншэйным стэндамі. Ціры абсталяваны для стральбы з усіх відаў спарт. стралковай зброі, маюць мех. і электронныя ўстаноўкі з дыстанцыйным кіраваннем; вынікі выводзяцца на электроннае інфармацыйнае табло.
Палац лёгкай атлетыкі Спорткамітэта Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь у Мінску пабудаваны ў 1976. Гэта шматмэтавы спарт. комплекс для трэніровак, правядзення рэсп. і міжнар. спаборніцтваў па лёгкай атлетыцы, гульнявых відах спорту, барацьбе, боксе, гімнастыцы, фехтаванні і інш. Агульная пл. будынка 125×48 м. Мае дэманстрацыйную арэну з 200-метровай 4-раднай і 6-раднай прамой бегавымі дарожкамі са спец.сінт. пакрыццём, трыбуны на 3 тыс. месц, залы для трэніровак, памяшканні для спартсменаў-удзельнікаў спаборніцтваў і інш.
Мінскі лядовы палац спорту пабудаваны ў 1999. Прызначаны для трэніровак, выступленняў спартсменаў і артыстаў на лёдзе, правядзення спаборніцтваў па хакеі, фігурным катанні і інш. Уключае вялікую залу з трыбунамі на 2 тыс. месц, лядовае поле 60×30 м, рэкрэацыйныя памяшканні, раздзявальні з саунамі, трэнажорную залу, прэс-цэнтр, адм. і тэхн. памяшканні. Палац забяспечаны сучасным тэхнал. і інжынерным абсталяваннем, што дае магчымасць праводзіць спарт. і спарт.-масавыя мерапрыемствы на самым высокім міжнар. узроўні.
Крыты футбольны манеж у Мінску пабудаваны ў 2002. Пл. будынка 15,5 тыс.м². Поле аснашчана штучным пакрыццём з падагрэвам. Умяшчальнасць трыбун да 3 тыс. месц. У комплекс уваходзяць трэніровачная зала 45×24 м, 6 раздзявальняў з саунамі, масажныя памяшканні, зона размінкі футбалістаў пл. 633,5 м², зона сілавой падрыхтоўкі з трэнажорамі пл. 663,5 м². У прылеглай да манежа зоне пабудавана лыжаролерная траса. У 2004 у манежы на спецыялізаваным корце праводзіліся этапы Кубка Дэвіса па тэнісе.
Гарналыжны комплекс паблізу г. Лагойск Мінскага р-на. З 2003 эксплуатуецца яго 1-я чарга; у перспектыве будзе зімовым шматфункцыянальным спарт. комплексам, зонай адпачынку і заняткаў рознымі відамі лыжнага спорту.
Шмат спарт. збудаванняў рознага прызначэння размешчаны ў абл., раённых гарадах, на асобных буйных прадпрыемствах краіны.
У Брэсцкай вобласці функцыянуюць 23 найб. значныя аб’екты спарт. прызначэння, у т. л. Палац спорту, спарткомплексы «Алімп», «Блакітны», «Брэсцкі», «Дынама», лёгкаатлетычны манеж, водна-веславальная база «Ураджай», лядовы палац у Брэсце, спарткомплексы: «Атлант» у Баранавічах, «Прыпяць» у Пінску і інш.
У Віцебскай вобласці 143 спарт. аб’екты абласнога і мясц. падпарадкавання, у т. л. Палац спорту, Цэнтральны спарткомплекс, лядовы палац у Віцебску; Палац воднага спорту «Садко», Палац спорту і культуры, Дом фізкультуры «Ізумруд», спартклуб «Залатая шыпоўка» ў Наваполацку; спарткомплекс і басейн ільнокамбіната, спарткомплекс «Лакаматыў» у Оршы; веславальная база і спарткомплекс «Спартак» у Полацку; коннаспарт. база ў Талачынскім р-не (в. Загараддзе); спарткомплекс ДРЭС у Новалукомлі і інш.
У Гомельскай вобласці 15 буйных спарт. аб’ектаў, сярод якіх Палац лёгкай атлетыкі т-ва «Дынама», коннаспарт. комплекс, Палац гульнявых відаў спорту, лядовы палац спорту ў Гомелі, стадыёны і спартзалы ў раённых цэнтрах.
У Гродзенскай вобласці 34 спарт. аб’екты абласнога і ведамаснага падпарадкавання. Найб. значныя з іх: спорткамбінат «Нёман», лядовы палац спорту, стралковы комплекс «Гродна-Азот» у Гродне; веславальная база ў г. Масты; спарткомплексы «Ліда» і «Алімп» у Лідзе, коннаспарт. комплекс «Ніва» ў Лідскім р-не (в. Дворышча), спарткомплексы і басейны дзіцяча-юнацкіх спарт. школ і інш.
У Магілёўскай вобласці 52 найб. значныя спарт. аб’екты, у т. л. Палац спорту і лядовы палац, спорткомплекс «Дняпро», спорткамбінат «Лакаматыў», веславальная база ў Магілёве; спарткомплекс «Геліяс», веславальная база ў Бабруйску; Палац спорту ў Быхаве, спарткомплекс у Клічаве, база «Алімпіец» (в. Шчакава Бабруйскага р-на) і інш.
У Мінскай вобласці 89 спарт. аб’ектаў, найб. значныя з іх — Дом фізкультуры ў Маладзечне, фізкультурна-аздараўленчыя комплексы (ФАК) «Атлет» і «Лагойскі» ў Лагойску, спорткомплекс «Юнацтва» ў Плешчаніцах, спорткамбінат у Барысаве, ФАКі, стадыёны ў раённых цэнтрах, пры буйных прадпрыемствах і інш.
У.В.Міневіч, А.М.Петрыкаў.
Спартыўны комплекс «Раўбічы»: 1 — універсальная спартыўная зала; 2 — трампліны.Крыты басейн Рэспубліканскага водна-спартыўнага камбіната (Мінск).Пад’ёмнік гарналыжнага комплексу пад Лагойскам.Стадыён Віцебскага цэнтральнага спартыўнага комплексу.