АЗНАВУ́Р ((Aznavour) Шарль) (сапр. Азнавуран Варэнаг; н. 22.5.1924, Парыж),

французскі шансанье, кампазітар, кінаакцёр. З сям’і арм. эмігрантаў. Аўтар песень (з 1960-х г. іх аркеструе П.​Марыа), аперэт, музыкі да кінафільмаў. Здымаўся ў кінафільмах «Д’ябал і дзесяць запаведзяў», «Страляйце ў піяніста» і інш. Аўтар кн. «Азнавур вачамі Азнавура» (1970). Яго творчасці прысвечаны франц. дакумент. фільм «Спявае Шарль Азнавур».

т. 1, с. 170

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБЕ́Р ((Auber) Даніэль Франсуа Эспры) (29.1.1782, г. Кан — 12.5.1871),

французскі кампазітар. Чл. Ін-та Францыі (1829). Вучыўся ў Л.Керубіні. З 1842 дырэктар Парыжскай кансерваторыі, з 1857 узначальваў і імператарскую капэлу. Стварыў новы тып камічнай оперы з авантурна-прыгодніцкім сюжэтам, імклівым дзеяннем: «Фра-Д’ябала» (1830), «Бронзавы конь» (1835), «Чорнае даміно» (1837) і інш. Адзін з заснавальнікаў жанру вял. оперы [«Нямая з Портычы» («Фенела»), 1828].

т. 1, с. 21

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕРТРА́Н ((Bertrand) Марсель) (2.7.1847, Парыж — 13.2.1907),

французскі геолаг. Чл. Парыжскай АН (1896). Праф. горнай школы ў Парыжы. Чл.-кар. Пецярбургскай АН (1899). Упершыню выказаў меркаванне аб перыяд. характары буйных тэктанічных рухаў і асн. эпохах складкавасці (гуронскай, каледонскай, герцынскай, альпійскай), выявіў шэраг заканамернасцяў у развіцці магматычных працэсаў. Яго назіранні ў Альпах далі пачатак тэорыі шар’яжаў (гл. Покрыва тэктанічнае).

т. 3, с. 123

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРЫНЬЯ́Р ((Grignard) Франсуа Агюст Віктор) (6.5.1871, г. Шэрбур, Францыя — 13.12.1935),

французскі хімік-арганік. Чл. Парыжскай АН (1926). Скончыў Ліёнскі ун-т (1893), дзе і працаваў. З 1909 у Нанцкім, з 1919 у Ліёнскім ун-тах. Навук. працы па сінтэзе арган. злучэнняў розных класаў. Прапанаваў адзін з найб. універсальных метадаў сінтэзу арган. рэчываў (Грыньяра рэакцыя). Нобелеўская прэмія 1912.

В.Грыньяр.

т. 5, с. 484

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАБАНТО́Н ((Daubenton) Луі Жан Мары) (29.5.1716, г. Манбар, Францыя — 1.1.1800),

французскі прыродазнавец. Чл. Французскай і замежны ганаровы чл. Пецярбургскай АН (1776). З 1788 дырэктар Парыжскага бат. сада. Навук. працы па параўнальнай анатоміі і акліматызацыі свойскіх жывёл. Сааўтар (разам з Ж.​Бюфонам) мнагатомнай працы «Натуральная гісторыя» (1749—67). Аўтар дапаможніка па авечкагадоўлі. Вывеў новую пароду мерыносавых авечак.

т. 5, с. 556

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРТЭ́Н (Martin) П’ер Эміль [18.8.1824, г. Бурж, Францыя — 25(?).5.1915], французскі металург. Скончыў горную школу. Працаваў на металург. з-дзе бацькі ў г. Фуршамбо, у 1854—83 дырэктар металург. з-да каля г. Ангулем. У 1864 прапанаваў новы спосаб атрымання літай сталі з чыгуну і стальнога лому (мартэнаўскі працэс) у рэгенератыўных полымных печах, названых мартэнаўскімі печамі.

т. 10, с. 141

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАНДА́ЛЬ ((Vandal) Альбер) (7.7.1853, Парыж — 30.8.1910),

французскі гісторык. Граф. Чл. Франц. акадэміі з 1897. Даследаваў гісторыю міжнар. адносін і дыпламатыі. Асн. працы: «Напалеон і Аляксандр I» (т. 1—3, 1891—93), дзе абгрунтоўваецца неабходнасць франкарускага саюзу; «Узвышэнне Банапарта» (1902), у якой выступае апалагетам знешняй і ўнутранай палітыкі Напалеона I; нарысы па гісторыі знешняй палітыкі Францыі і міжнар. адносін у 17—20 ст.

т. 3, с. 501

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЮФО́Н ((Buffon) Жорж Луі Леклерк дэ) (7.9.1707, г. Манбар, Францыя — 16.4.1788),

французскі прыродазнавец. Чл. Парыжскай АН (1733), замежны ганаровы чл. Пецярбургскай АН (1776). Дырэктар Бат. сада ў Парыжы (з 1739). У навук. працах «Натуральная гісторыя» і «Тэорыя Зямлі» выказаў меркаванні аб развіцці зямнога шара і яго паверхні, аб адзінстве будовы арган. свету. Адстойваў ідэю аб зменлівасці відаў пад уплывам умоў асяроддзя.

т. 3, с. 390

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРЖАНСО́Н ((d’Argenson) Рэне Луі) (18.10.1694—26.1.1757),

французскі вучоны-эканаміст. Быў міністрам замежных спраў пры Людовіку XV. Пасля выхаду ў адстаўку крытыкаваў урад, патрабаваў абмежавання яго ўлады, ліквідацыі саслоўных прывілеяў і неўмяшання дзяржавы ў гасп. дзейнасць. Выступаў супраць меркантылізму, за свабоду гандлю. Навук. погляды Аржансона блізкія да ідэй фізіякратаў. Гал. твор «Роздум аб мінулым і цяперашнім кіраванні Францыі» (каля 1737, выд. 1764).

т. 1, с. 477

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕКЕ́Р ((Becker) Жак) (15.9.1906, Парыж — 20.2.1960),

французскі кінарэжысёр. З 1932 асістэнт рэж. Ж.Рэнуара. Першы значны самастойны фільм — «Апошні козыр» (1942). Творчасць Бекера вылучалася стрыманасцю эмоцый, дакладнасцю і вытанчанасцю, цікавасцю да раскрыцця чалавечых характараў. Сярод лепшых фільмаў «Гупі — Чырвоныя Рукі» (1943), «Антуан і Антуанета» (1947), «Спатканне ў ліпені» (1949), «Залаты шлем» (1952), «Не чапай здабычу» (1954), «Манпарнас, 19» (1958), «Дзірка» (1960).

т. 2, с. 376

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)