УЗАЕМАДЗЕ́ЯННЕ ў філасофіі,

катэгорыя, якая адлюстроўвае працэсы ўздзеяння розных аб’ектаў адзін на аднаго, іх узаемную абумоўленасць, а таксама параджэнне адным аб’ектам другога. Уяўляе сабой тып непасрэднай або апасродкаванай, знешняй або ўнутр. сувязі. Цесна звязана з паняццем структуры; выступае як фактар, які забяспечвае інтэграцыю частак у пэўны тып цэласнасці, абумоўлівае сувязь усіх структурных узроўняў быцця, адзінства свету. Асн. крыніца руху і развіцця аб’ектаў. Кожная форма руху мае ў сваёй аснове пэўны тып У. структурных элементаў. Складаныя формы У. ўласцівы грамадскаму развіццю. Прынцып У. ляжыць у аснове пазнання прыродных і сац. з’яў: пазнанне пэўных аб’ектаў патрабуе ўсведамлення іх У.; само пазнанне з’яўляецца вынікам У. паміж суб’ектам і аб’ектам.

т. 16, с. 168

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФВДЭРА́ЦЫЯ (ад позналац. foederatio аб’яднанне, саюз),

форма дзярж. ўладкавання, пры якой федэральныя адзінкі, што ўваходзяць у склад дзяржавы, валодаюць пэўнай юрыд. і паліт. самастойнасцю. Састаўныя дзярж. ўтварэнні Ф. (штаты, землі, аўт. рэспублікі) з’яўляюцца суб’ектамі Ф., маюць свой уласны адм.-тэр. падзел, канстытуцыі, заканадаўчыя, выканаўчыя і судовыя органы. У адрозненне ад унітарнай дзяржавы Ф. мае 2 сістэмы вышэйшых органаў улады: федэральныя органы і адпаведныя органы членаў Ф. Федэральныя органы ажыццяўляюць свае паўнамоцтвы на ўсёй тэр. краіны. Дзярж. ўтварэнні Ф. не з’яўляюцца дзяржавамі ва ўласным сэнсе слова; яны не валодаюць суверэнітэтам, правам аднабаковага выхаду з саюза, юрыдычна пазбаўлены права ўдзелу ў міжнар. адносінах. У выпадку парушэння саюзнай канстытуцыі або заканадаўства цэнтр. ўлада мае права ўжыць прымусовыя меры да суб’екта Ф. Адзін з абавязковых элементаў Ф. — двухпалатная структура федэральнага парламента. У залежнасці ад ролі нац. фактара ў вызначэнні структуры Ф. адрозніваюць Ф. на тэр. аснове (Аргенціна, Аўстралія, Аўстрыя, Бразілія, Венесуэла, ЗША, Мексіка, ФРГ), на нац. аснове (Бельгія, Індыя, Нігерыя, Пакістан) і на змешанай нац.-тэр. аснове (Канада, Расія, Швейцарыя).

т. 16, с. 346

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗВЫ́ЧАЙ,

гістарычна ўсталяваны і агульнапрыняты ў пэўным грамадстве або сацыяльна-этнічнай групе спосаб паводзін. Узнік у глыбокай старажытнасці. У аснове З. першапачаткова ляжалі табу — розныя забароны і абмежаванні, якія ўспрымаліся з дзяцінства і ўзнаўляліся ў новых пакаленнях без абмеркавання і абгрунтавання.

Выпрацаваны вытв. і бытавым вопытам у працэсе развіцця грамадства З. рэгуляваў паводзіны асобы, вызначаў яе месца ў калектыве, садзейнічаў кансалідацыі этнічных і вытв. груп. У ролі звычаю маглі выступаць вытв. навыкі (бонда, сябрына, талака і інш.), абрады. На аснове З. фарміравалася звычаёвае права. У наш час З. захоўваецца ў сферы побыту і сям’і (радзіны, пахаванне, вяселле), маралі і грамадз. абраднасці.

т. 7, с. 40

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІСКА́Л, міскаль, міткаль, мітсаль,

вагавая, грашова-лікавая і грашовая адзінка араб. краін Паўн. Афрыкі, Б. Усходу, Сярэдняй Азіі і мангола-татарскіх краін. У розных краінах М. меў розную масу. Як вагавая адзінка М. выкарыстоўваўся пры ўзважванні высакародных металаў (золата, серабро), каштоўных камянёў, ружовага масла і інш. Грашова-лікавы М. раўняўся залатому дынарыю. Як грашовая адзінка М. з’явіўся ў 7 ст. ў араб. краінах, у сваёй аснове меў рымска-візант. солід. У Паволжы манеты на аснове М.-дынарыя чаканіліся ў 2-й пал. 12 ст. У Марока ў 17—19 ст. выкарыстоўваўся як грашовая адзінка, у 1881—1918 — як манета.

Ш.​І.​Бекцінееў.

т. 10, с. 473

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІЯАРЫЕНТА́ЦЫЯ (ад бія... + арыентацыя),

здольнасць жывёльных арганізмаў вызначаць сваё месца ў прасторы, сярод асобін таго ж ці іншых відаў, выбіраць аптымальнае становішча ў адносінах да фактараў асяроддзя і вызначаць біялагічна мэтазгодны напрамак руху.

Біяарыентацыя — адна з умоў прыстасавання (адаптацыі) арганізмаў да асяроддзя пражывання. Ажыццяўляецца на аснове біялакацыі (успрымання вонкавых уздзеянняў паверхняй цела або органамі пачуццяў) і эхалакацыі рэхалакацыі шляхам змены стану арганізма ў адпаведнасці з умовамі асяроддзя (марфафізіял. адаптацыя), змены месцаў існавання (міграцыя жывёл), утварэння статка, чародаў або будовы прыстанішчаў. У вышэйшых жывёл біяарыентацыя набывае характар складаных інстынктаў, якія ляжаць у аснове біянавігацыі.

т. 3, с. 166

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАТАЛА́НСКАЯ МО́ВА,

адна з раманскіх моў (ібера-раманская падгрупа). Пашырана ў Іспаніі (аўт. вобл. Каталонія, Валенсія, Балеарскія а-вы), Францыі (гіст. вобл. Русільён, дэпартамент Усх. Пірэнеі), Андоры і ў г. Альгера (в-аў Сардзінія, Італія). Мае 2 групы дыялектаў: усходнюю (барселонскі, балеарскі, русільёнскі, альгерскі) і заходнюю (лерыданскі, валенсійскі). У фанетыцы складаны кансанантызм, варыятыўнасць фанем, у марфалогіі і лексіцы блізкасць да аксітанскай (правансальскай) мовы. Асаблівасць К. м. — наяўнасць абвеснага ладу (vaig cantar — «Я спяваў»). У сінтаксісе і лексіцы моцны ўплыў ісп. мовы. Першыя помнікі пісьменнасці датуюцца 11—12 ст. З сярэдзіны 13 ст. развіваецца літ. мова, у яе аснове барселонскі дыялект. Пісьменнасць на аснове лац. алфавіта.

т. 8, с. 169

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІЯЛАГІ́ЧНЫЯ СІСТЭ́МЫ,

сукупнасць узаемазвязаных і ўзаемадзейных жывых элементаў рознай складанасці (гены, клеткі, тканкі, органы, арганізмы, біяцэнозы, экасістэмы, біясфера). Валодаюць уласцівасцямі цэласнасці, адноснай устойлівасці, а таксама здольнасцю адаптацыі да зменлівых умоў навакольнага асяроддзя, развіцця, самаўзнаўлення і эвалюцыі. Біялагічныя сістэмы — адкрытыя сістэмы, для якіх умовай існавання служыць абмен энергіяй, рэчывам і інфармацыяй паміж часткамі сістэмы і з навакольным асяроддзем. Важнейшая праблема ў вывучэнні біялагічных сістэм — іх прасторавая і часавая арганізацыя, якая прадугледжвае ўключэнне ў сістэму некалькіх элементаў (больш за адзін), што адрозніваюцца пэўным наборам камплементарных паміж сабой прыкмет, на аснове чаго грунтуюцца ўзаемаадносіны паміж элементамі і забяспечваецца ўстойлівасць сістэмы. Тэорыя інфармацыі дазваляе ўвесці колькасныя ацэнкі ўзроўню арганізацыі, што забяспечваецца множнасцю, ступенню разнастайнасці элементаў і сувязяў паміж імі. На гэтай аснове адрозніваюць дэтэрмінаваныя, імаверныя і хаатычныя сістэмы. Біялагічныя сістэмы захоўваюць сваю спецыфічнасць у зменлівых умовах асяроддзя. Іх іерархічнасць і самарэгуляцыя забяспечваюцца шматузроўневым кіраваннем на аснове адваротных сувязяў. Гл. таксама Сістэмны падыход.

А.​С.​Леанцюк.

т. 3, с. 174

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЫ́НАЧНАЯ ВА́РТАСЦЬ,

вартасць тавараў і паслуг, у т. л. біржавых тавараў, фондавых каштоўнасцей і валюты, у кожны канкрэтны момант на рынку. Вызначацца на аснове попыту і прапаноў.

т. 13, с. 515

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУ́РДСКАЯ МО́ВА,

адна з іранскіх моў (паўн.-зах. група); мова курдаў. Пашырана ў Турцыі, Іране, Іраку, Сірыі, часткова ў Сярэдняй Азіі, Арменіі, Азербайджане, Грузіі. Афіц. мова (разам з араб. мовай) Ірака. Асн. гаворкі: курманджы (аснова літ. мовы ў Сярэдняй Азіі, Арменіі, Азербайджане, Грузіі) і сарані (аснова літ. мовы ў Іраку).

Курманджы мае 9 галосных, 30 зычных фанем; проціпастаўляюцца простыя зычныя «п», «т», «к», «ч» і прыдыхальныя п’, т’, к’, ч’ Націск сілавы, звычайна на апошнім складае. У марфалогіі 3 склоны (прамы, ускосны, клічны), пэўны і няпэўны артыклі, 2 тыпы спражэння (суб’ектнае і аб’ектнае), 6 часавых форм. У сарані адсутнічае фанема «в», айнізацыя галосных (уплыў на галосны папярэдняга зычнага «айн»), невыразна проціпастаўляюцца простыя і прыдыхальныя зычныя. У некат. гаворках страцілася катэгорыя роду. У літ. мове і некат. гаворках сарані адсутнічае катэгорыя склону.

Першыя пісьмовыя помнікі — на аснове араб. графікі (11 ст.). Пісьменства ў Сярэдняй Азіі, Арменіі, Азербайджане, Грузіі з 1921 на аснове арм., з 1929 — лац., з 1946 — рус. графікі, у Іраку — на аснове араб. графікі.

Літ.:

Курдоев К.К. Грамматика курдского языка. М.; Л., 1957;

Бакаев Ч.Х. Язык курдов СССР. М., 1973.

т. 9, с. 48

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЎСТРАНЕЗІ́ЙСКІЯ МО́ВЫ,

сям’я моў, пашыраных на Малайскім архіпелагу (Інданезія, Філіпіны), п-ве Малака, у некаторых паўд. раёнах Індакітая, у Акіяніі, на а-вах Мадагаскар і Тайвань. Уключае 4 групы моў: інданезійскую, палінезійскую, меланезійскую, мікранезійскую (апошнія 3 часам аб’ядноўваюць пад назвай «акіянійскія мовы»).

Ядро сям’і аўстранезійскіх моў — малайска-палінезійскія мовы. У шэрагу моў мацерыковай і астраўной Паўд.-Усх. Азіі (чамскай, малайскай, яванскай і інш.) у 1-м — пач. 2-га тыс. нашай эры былі распрацаваны сістэмы пісьма на інд. аснове. З пранікненнем ісламу ў некаторых мовах стала выкарыстоўвацца арабскае пісьмо. Практычна ўсе літ. аўстранезійскія мовы карыстаюцца пісьменствам на лац. аснове (створаны ў 19—20 ст., у філіпінскай мове — з 16 ст.).

т. 2, с. 97

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)