БАЗІДЫЯСПО́РА,

спора палавога размнажэння базідыяльных грыбоў. Утвараюцца вонкава па 2—4 на паверхні базідый. Бываюць акруглыя, авальныя або ніткападобна выцягнутыя. Сядзяць на маленькіх шыпападобных вырастах базідыі — стэрыгмах. У адрозненне ад аскаспораў базідыяспоры адшнуроўваюцца ад базідыі вонкі. На адпаведным субстраце базідыяспора прарастае гаплоідным гомакарыятычным міцэліем.

т. 2, с. 219

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТЭКСТУ́РА ГО́РНАЙ ПАРО́ДЫ,

сукупнасць прыкмет будовы горных парод, абумоўленых арыенціроўкай, адносным размяшчэннем і размеркаваннем складальных частак пароды. У адрозненне ад структуры горнай пароды марфалагічнай адзінкай тэкстуры з’яўляецца мінер. агрэгат (напр., гнейсавая, масіўная, сланцавая тэкстуры).

т. 16, с. 109

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЭКСТРАВЕ́РТ (англ. extrovert ад экстра... + лац. vertere паварочваць),

чалавек, псіхічны склад якога (унутр. перажыванні, інтарэсы) вызначаецца накіраванасцю на знешні свет і дзейнасць у ім, цікавасцю пераважна да знешніх аб’ектаў. У адрозненне ад інтраверта (засяроджаны на ўласным унутр. светаўспрыманні) лёгка ўстанаўлівае кантакты з усімі, хто яго акружае.

т. 18, кн. 1, с. 79

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КА́ЗУС (лац. casus),

1) складаны, заблытаны выпадак, незвычайнае здарэнне, прыгода.

2) У праве — выпадковае дзеянне, якое ў адрозненне ад наўмыснага або неасцярожнага мае вонкавыя прыкметы правапарушэння, але пазбаўлена элемента віны і, такім чынам, не цягне за сабой юрыд. адказнасці. Ад К. трэба адрозніваць паняцце неадольнай сілы.

т. 7, с. 435

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАКРАНУ́КЛЕУС (ад макра... + лац. nucleus ядро),

вялікае саматычнае ядро ў інфузорыі ў адрозненне ад малога (генератыўнага) мікрануклеуса. Фізіялагічна актыўнае, звязана амаль з усімі працэсамі жыццядзейнасці інфузорыі. У ім фарміруюцца шматлікія ядзерцы. Пры палавым працэсе (кан’югацыі) разбураецца і замяняецца новым — з прадуктаў дзялення мікрануклеуса.

А.​С.​Леанцюк.

т. 9, с. 541

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТАЛО́Н [ад лац. stolo (stolonis) каранёвы парастак],

відазменены парастак з доўгімі тонкімі міжвузеллямі і лускападобным, бясколерным, радзей зялёным лісцем. У адрозненне ад карэнішчаў С. недаўгавечныя, служаць для вегетатыўнага размнажэння і рассялення. Падземныя С. звычайна маюць клубні або цыбуліны (бульба, семачок); надземныя — т.зв. вусы (казялец паўзучы, касцяніцы, суніцы).

т. 15, с. 136

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АХУРАМА́ЗДА, Ахура Мазда, Аўрамазда, Армазд,

у іранскай міфалогіі вярхоўнае бажаство зораастрыйскага і ахеменідскага пантэонаў; літаральна — «бог прамудры». З развіццём дуалістычных уяўленняў пра барацьбу спрадвечных пачаткаў дабра і зла Ахурамазда, у адрозненне ад бога Анхра-Майнью, асацыіраваўся з добрым пачаткам.

т. 2, с. 161

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАСПАЛІ́ТАЕ ПРА́ВА,

агульнадзяржаўнае свецкае заканадаўства ВКЛ, устаноўленае Статутамі 1529, 1566 і 1588 у адрозненне ад царкоўнага і кананічнага права, гарадскога права, прававых сістэм, устаноўленых у асобных частках дзяржавы абласнымі прывілеямі і прававых норм розных канфесіянальных груп (яўрэяў, караімаў, татар).

т. 12, с. 167

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРЫГІНА́Л (ад лац. originalis першапачатковы),

1) сапраўдны, аўтэнтычны твор у адрозненне ад копіі або падробкі, фальсіфікацыі; першапачатковы экзэмпляр дакумента.

2) У выдавецкай справе машынапісны экзэмпляр, рукапіс і графічны матэрыял, з якіх робіцца набор; дакументальная аснова друкаванага твора, напрыклад арыгінал кнігі, артыкула.

3) Не падобны на іншых, самабытны, своеасаблівы чалавек, дзівак.

т. 2, с. 5

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАХАРА́ДЖА (санскр.),

тытул правіцеля ў індуісцкіх дзяржавах Паўд. і Паўд.-Усх. Азіі. Выкарыстоўваўся ў адносінах да правіцеляў незалежных княстваў у адрозненне ад залежных ад яго феадалаў — раджаў. Пасля ліквідацыі ў Індыі княстваў (1950-я г.) іх правіцелі былі афіцыйна пазбаўлены тытулаў М. Зараз захоўваецца як тытул караля Непала.

т. 10, с. 223

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)