КАСЫ́ДА (араб.),

паэтычны жанр у л-рах Б. і Сярэдняга Усходу, Сярэдняй і Паўд.-Усх. Азіі; пераважна панегірычны верш у гонар нейкай выдатнай падзеі або асобы. Паводле формы нагадвае газель, аднак колькасць бейтаў у ёй дасягае 50—70 і больш. Узнікла ў араб. л-ры яшчэ ў даісламскі перыяд, росквіту дасягнула ў 11—12 ст. Найб. вядомыя майстры К. — Рудакі, Унсуры, Хагані Шырвані і інш.

т. 8, с. 167

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕ́ШЧАНКА (Пётр Канстанцінавіч) (3.7.1898—1954),

расійскі эстрадны спявак (лірычны барытон). Дэбютаваў у 1915. З 1918 жыў пераважна ў Румыніі. Гастраліраваў у краінах Зах. Еўропы і Б. Усходу. У сярэдзіне 1940 — пач. 1950-х г. рэпрэсіраваны. Рэпертуар уключаў рус., укр., цыганскія нар. песні (часта акампаніраваў сабе на гітары), песенна-танц. нумары, песні сав. кампазітараў і ўласныя творы. Валодаў голасам прыемнага тэмбру; выкананне вызначалася сцэн. тэмпераментам, шчырасцю, давяральнасцю.

т. 9, с. 227

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕКРО́ПАЛЬ (ад грэч. nekros мёртвы + polis горад),

назва могільніка ў краінах Стараж. Усходу, антычнага свету, Міжземнамор’я і Прычарнамор’я. Бываюць грунтавыя, падземныя (катакомбы), курганныя, а таксама могілкі, што маюць асаблівы статус (напр., Н. Аляксандра-Неўскай лаўры ў С.-Пецярбургу). Найб. вядомыя Н. — «Даліна цароў» у Егіпце, «Дыпілонскія могілкі» ў Афінах з надмагільнымі скульптурамі 5—4 ст. да н.э. Знаходкі ў Н. даюць уяўленне пра побыт і культуру народа.

т. 11, с. 279

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЯРО́ ў графіцы,

інструмент для малявання ці пісання вадкім фарбавальным рэчывам (туш, бістр, сепія, чарніла). У старажытнасці найчасцей выкарыстоўвалі птушыныя П., якія дазвалялі мякка змяняць таўшчыню лініі і вар’іраваць метады штрыхоўкі; у народаў Усходу пераважалі трысняговыя П. (калам), якія давалі гнуткую, пластычную лінію, энергічны штрых. З 19 ст. пашырыліся метал. П., што даюць тонкую роўную лінію, з 20 ст. — П. рознай формы і таўшчыні.

т. 13, с. 158

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КА́ЎЭЛ ((Cowell) Генры Дыксан) (11.3.1897, Менла Парк, штат Каліфорнія, ЗША — 10.12.1965),

амерыканскі кампазітар, піяніст, тэарэтык, педагог. Вучыўся ў Нью-Йорку і Берліне ў Ч.​Сігера і Э.М. фон Хорнбастэля. Заснавальнік (1927) і выдавец (да 1936) серыі нотных выданняў і грамзапісаў «Новы музычны квартальнік» («New Music Quarterly»). У ранніх творах эксперыментаваў у галіне гармоніі, інструментоўкі. У 1932 сканструяваў (з Л.​Тэрменам) т. зв. рытмікон — інструмент, які ўзнаўляе адначасова розныя рытмы, напісаў для яго п’есу з арк. «Рытмікана». Збіраў і выкарыстоўваў кельцкія нар. мелодыі, звяртаўся да амер. сельскай музыкі 18 ст. Цікавіўся муз. мастацтвам Усходу (13-я сімфонія «Мадрас», 1958; «Персідскі цыкл» для камернага арк., 1957). Аўтар оперы «О’Хігінс з Чылі» (1949, не скончана), 2 балетаў, 20 сімфоній (пераважна праграмных, 1918—65), п’ес для розных арк. складаў; канцэртаў для фп. (1928), ударных (1958), акардэона (1960); камерна-інстр. ансамбляў (5 стр. квартэтаў, 1916—56), інстр. п’ес, хароў і інш., а таксама кн. «Ч.​Айвз і яго музыка» (1955), артыкулаў пра музыку Усходу, Азіі, Афрыкі і інш. Сярод вучняў Дж. Кейдж.

т. 8, с. 187

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРГАНІЗА́ЦЫЯ ЦЭНТРА́ЛЬНАГА ДАГАВО́РУ (The Central Treaty Organization; СЕНТО),

ваенна-палітычная арганізацыя на Б. і Сярэднім Усходзе ў 1955—79, да сак. 1959 наз. Арг-цыя Дагавору Блізкага Усходу. Дагавор аб яе стварэнні падпісаны ў 1955 у Багдадзе (Багдадскі пакт). Уваходзілі Ірак (выйшаў у 1958), Іран, Пакістан, Турцыя і Вялікабрытанія, у 1959 далучыліся ЗША. Пасля выхаду з СЕНТО Ірана і Пакістана (1979) па ініцыятыве Турцыі арг-цыя спыніла сваю дзейнасць.

т. 1, с. 466

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАКСІМО́ВІЧ (Карл Іванавіч) (23.11.1827, г. Тула, Расія — 16.2.1891),

расійскі батанік і падарожнік, адзін з першых даследчыкаў флоры Д. Усходу. Акад. Пецярб. АН (1868). Скончыў Дэрпцкі ун-т (1850). У 1853—57 здзейсніў кругасветнае падарожжа, у 1859—64 даследаваў Сібір, Д. Усход і Японію. З 1870 дырэктар Бат. музея АН. Навук. працы па сістэматыцы і геаграфіі кветкавых раслін.

Літ.:

Липшиц С.Ю. К.​И.​Максимович // Отечественные физико-географы и путешественники. М., 1959.

т. 9, с. 546

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫЯДО́Р СІЦЫЛІ́ЙСКІ (грэч. Diodōros Sikeliōtēs; каля 90, Агірыён, в-аў Сіцылія — 21 да н.э.),

старажытнагрэчаскі гісторык. Аўтар працы «Гістарычная бібліятэка» (40 кн.; захаваліся 1—5 і 11—20, астатнія — у фрагментах), дзе сінхронна выкладаюцца падзеі з гісторыі стараж. Грэцыі, эліністычных дзяржаў, Рыма і Усходу з легендарных часоў да сярэдзіны 1 ст. да н.э.

Літ.:

Строгецкий В.М. Возникновение и развитие исторической мысли в Древней Греции: (На материале изучения «Исторической библиотеки» Диодора Сицилийского). Горький, 1985.

т. 6, с. 308

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́ПТЫ,

этнаканфесіянальная група егіп. арабаў, якія вызнаюць хрысціянства (пераважна манафісіты, ёсць уніяты і пратэстанты). Нашчадкі даараб. насельніцтва Егіпта. Жывуць пераважна ў гарадах Верх. Егіпта (2 млн. чал.), а таксама ў інш. краінах Б.​Усходу. Агульная колькасць — больш за 4 млн. чал. (1992). Гавораць на араб. мове; копцкая мова захавалася як царкоўная. У 4—7 ст., да заваявання арабамі, стварылі своеасаблівае мастацтва, якое ўвабрала ў сябе культ. спадчыну Стараж. Егіпта і антычнасці (гл. Копцкае мастацтва).

т. 8, с. 414

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́ГРЫБ (араб. захад),

1) уласна М. — агульная назва ў геагр. і гіст. л-ры з часоў Араб. халіфата групы краін у Паўн. Афрыцы на З ад Лівіі (Туніс, Алжыр, Марока).

2) Вялікі М., або Араб. Захад (у адрозненне ад Араб. Усходу — Машрык), уключае дадаткова тэр. Лівіі, Маўрытаніі і Зах. Сахары. У сярэднія вякі ў паняцце М. ўключаліся таксама мусульманская Іспанія (Андалусія) і інш. ўладанні былога Араб. халіфата ў зах. ч. Міжземнага мора.

т. 9, с. 485

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)