уласцівасць рэчыва намагнічвацца насустрач знешняму магн. полю; адзін з відаў магнетызму. Уласцівы ўсім рэчывам; вызначае паводзіны для дыямагнетыкаў у магн. полі: неаднароднае поле выштурхоўвае іх у бок з меншай напружанасцю, у аднародным полі прадаўгаваты ўзор арыентуецца ўпоперак да сілавых ліній поля. У найб. ступені выяўляецца для звышправаднікоў.
Простая тэорыя Д. газу неўзаемадзейных атамаў створана П.Ланжэвэнам і заснавана на вылічэнні магн. моманту, які ўзнікае ў выніку Лармара прэцэсіі электронаў на атамных арбітах. Пры ўнясенні цела ў магн. поле ў электроннай абалонцы кожнага яго атама ўзнікаюць індуцыраваныя кругавыя токі, якія ствараюць магнітны момант, накіраваны ў адпаведнасці з Ленца правілам процілегла знешняму полю (незалежна ад таго, ці меў атам уласнымагн. момант ці не і як ён быў накіраваны). Электроны праводнасці металаў і паўправаднікоў пачынаюць рухацца па спіральных квантаваных арбітах, што таксама выклікае Д. (гл.Ландау дыямагнетызм). Індуцыраваны магн. момант прапарцыянальны напружанасці знешняга магн поля і не залежыць ад т-ры ўзору (акрамя металаў і паўправаднікоў пры нізкіх т-рах, дзе назіраецца перыяд. змяненне магнітнай успрыімлівасці пры павольным павелічэнні напружанасці магн. поля — эфект Дэ Хааза — ван Альфена). Найб. значэнне магн. успрыімлівасці маюць звышправаднікі, унутр якіх магн. поле не трапляе; іх Д. абумоўлены макраскапічнымі паверхневымі токамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НО́ВІКАЎ (Іван Рыгоравіч) (н. 26.1.1918, в. Нязнань Клімавіцкага р-на Магілёўскай вобл.),
бел. пісьменнік, журналіст. Засл. дз. культ. Беларусі (1967), Скончыў БДУ (1955). Працаваў у газ. «Камуна» (Клімавічы, 1935—38), «Советская Белоруссия» (1946—57), «Правда» (1957—86). Дэбютаваў у 1935 вершамі, пазней пачаў пісаць нарысы. Выдаў кн.дакумент. нарысаў «Дзесяць тыдняў у Злучаных Штатах Амерыкі» (1958), «Палескае золата» (1959) і інш. Услаўленне барацьбы падпольшчыкаў і партызан у Вял.Айч. вайну — асн. пафас нарыса «Вера Харужая» (1962), дакумент. аповесцей «Сэрца інакш не можа» (1960), «Руіны страляюць ва ўпор» (1960—61), «Дарогі скрыжаваліся ў Мінску» (1964, Літ. прэмія імя. Я.Коласа 1965), «Тварам да небяспекі» (1967, Дзярж. прэмія Беларусі імя П.М.Лепяшынскага 1968), «Да світання блізка» (1974), гіст. нарысаў «Бяссмерце Мінска» (1977), «Мінск — горад-герой» (1986). У рамане «Ачышчэнне» (1987) раскрывае працэс пошукаў герояў гарадскога падполля, дзейнасць падполля, даследуе, як ствараецца кульцік мясц. дзеяча. Аўтар зб. фельетонаў «Уласны іншаземец» (1960), сцэнарыя тэлефільма «Руіны страляюць» (з І.Чыгрынавым, 1973, Дзярж. прэмія Беларусі 1974).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІТО́ЕВЫ, Пітаеф (Pitoēff),
французскія акцёры, тэатр. дзеячы. Нарадзіліся ў Тбілісі. Жорж П. (4.9.1884—17.9.1939), рэжысёр і акцёр; адзін з найбуйнейшых дзеячаў франц. тэатра 1920—30-х г. З 1905 вучыўся на юрыд. ф-це ў Парыжы; выступаў як акцёр у Рус.драм. гуртку. Пазней працаваў у Пецярбургу ў т-ры В.Камісаржэўскай, Першым перасоўным драм. т-ры П.Гайдабурава і Н.Скарскай; у 1912 заснаваў уласны «Наш тэатр». З 1915 у Швейцарыі, з 1922 у Парыжы, дзе ўзначальваў тэатр. трупы. Адзін з заснавальнікаў тэатр. саюза «Картэль» (1926), які імкнуўся да творчага і арганізацыйнага абнаўлення тэатра. Выступаў за стварэнне т-ра, прасякнутага паэзіяй і гуманізмам, блізкага народу, прапагандаваў драматургію А.Чэхава. Разам з тым зазнаў уплывы містыкі, сюррэалізму, фрэйдысцкіх канцэпцый. Паставіў спектаклі: «Гамлет» У.Шэкспіра (1920), «Святая Іаана» Б.Шоу (1925), «Тры сястры» Чэхава (1929) і інш. Сярод роляў: Гамлет (аднайм. п’еса Шэкспіра), Тузенбах, Трэплеў, Астраў («Тры сястры», «Чайка», «Дзядзька Ваня» Чэхава), Пратасаў («Жывы труп» Л.Талстога) і інш.
Людміла П. (25.12.1895—15.9.1951), актрыса, жонка Жоржа П. З 1916 выступала ў трупах мужа. Сярод роляў: Афелія («Гамлет» Шэкспіра), Медэя (аднайм. п’еса Сенекі), Іаанна («Святая Іаанна» Шоу), Маргарыта Гацье («Дама з камеліямі» А.Дзюма-сына), Соня, Ніна Зарэчная, Ірына («Дзядзька Ваня», «Чайка», «Тры сястры» Чэхава), Маша («Жывы труп» Талстога) і інш. З 1939 працавала ў Швейцарыі, ЗША, Канадзе, з 1945 — у Парыжы.
амерыканскі кампазітар, піяніст. Паходзіў з сям’і (Гершовіч), якая эмігрыравала з Расіі. Сістэматычнай муз. адукацыі не атрымаў. Вучыўся ў Р.Гольдмарка (гармонія) і інш. Стварыў уласнымуз. стыль, у якім арганічна спалучаюцца рысы імправізацыйнага джаза, элементы афра-амер. фальклору, амер. эстраднай і розных формаў еўрап. музыкі, у т. л.фп. стылю Ф.Ліста, М.Рахманінава («Рапсодыя ў блюзавых тонах», 1924), франц. імпрэсіянізму, верызму, баладнай оперы. Творчасць Гершвіна ахоплівае розныя муз. жанры. Яе вяршыня — папулярная ва ўсім свеце опера «Поргі і Бес» (1935), першая нац. опера, адзначаная глыбокім пранікненнем у негрыцянскі духоўны свет і муз. фальклор. Для яе характэрны шырокае выкарыстанне дыялогу, спалучэнне трагічнага і жанрава-камедыйнага пачатку. У мелодыцы оперы выяўляюцца ладава-гарманічныя і рытмічныя своеасаблівасці спірычуэлс, лірычных блюзаў, рэгтаймаў. Сярод інш. твораў: аперэты і мюзіклы «Ла, ла, Люсіль» (1919), «Лэдзі, будзьце добрыя» (1924), «О кей!» (1925), «Разалі» і «Смешны твар» (1927), «Хай грыміць аркестр» (1923), «Вар’ятка» (1930, паст. 1954), «Пра цябе я спяваю» (1932), «Хай яны ядуць кекс» (1933, усе паст. ў Нью-Йорку); для аркестра — сімф. сюіта «Амерыканец у Парыжы» (1928), «Кубінская уверцюра» (1932); для фп. з арк. — «2-я рапсодыя» (1931), канцэрт (1925); 3 прэлюдыі для фп. (1926), песні, музыка да кінафільмаў.
Літ.:
Волынский Э. Джордж Гершвин (1898—1937). 2 изд. Л., 1988;
Rushmore R. The life of G.Gershwin, man and legend. New York, 1966;
Schwartz C. Gershwin: his life and music. Indianapolis, 1973.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАЛІ́ ((Dali) Сальвадор) (11.5.1904, г. Фігерас, Іспанія — 23.1.1989),
іспанскі жывапісец, графік і тэарэтык мастацтва; адзін з заснавальнікаў і вядучы прадстаўнік сюррэалізму. Вучыўся ў АМ у Мадрыдзе (1921—26), захапляўся футурызмам, кубізмам, метафіз. жывапісам. З 1929 у Парыжы, дзе пад уплывам П.Пікасо і А.Брэтона склаўся як сюррэаліст. Абапіраючыся на тэорыю псіхааналізму псіхааналізу З.Фрэйда, стварыў уласны творчы метад, які назваў «паранаістычна-крытычным». Свае ідэі сцвердзіў у першых сюррэаліст. фільмах, зробленых у супрацоўніцтве з Л.Буньюэлем («Андалускі пёс», 1929, і «Залаты век», 1931), што прынесла Д. славу самага эксцэнтрычнага і экстравагантнага мастака 20 ст. Жывапісныя творы Д., адметныя нястрыманай фантазіяй і віртуознай тэхнікай, як правіла, уяўляюць сабой фантасмагорыі, дзе самым ненатуральным сітуацыям і спалучэнням прадметаў надаецца знешняя дакладнасць і пераканаўчасць: «Пастаянства памяці», «Старасць Вільгельма Тэля» (абодва 1931), «Архітэктанічны «Анжэлюс» Міле» (1933), «Прадчуванне грамадзянскай вайны» (1936), «Сон Хрыстафора Калумба» (1959), «Лоўля тунца» (1967) і інш. З 1940 у ЗША, дзе яго ілюзійны прыём жывапісу дасягнуў найб. вастрыні («Сон, выкліканы палётам пчалы вакол граната за хвіліну да абуджэння», 1944, «Атамная Леда», 1949). З 1955 у Іспаніі, пад уплывам ісп. барочнага жывапісу ствараў творы хрысц. тэматыкі «Тайная вячэра», 1955, і інш.). Займаўся сцэнаграфіяй, плакатам, дэкар. мастацтвам, ілюстраваў творы М.Сервантэса, У.Шэкспіра і інш. Аўтар аўтабіягр. кніг «Тайнае жыццё Сальвадора Далі» (1942—1944) і «Дзённік генія» (1964). У 1972 у Фігерасе адкрыты музей мастака, у якім ён і пахаваны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САПО́ЦКІН,
гарадскі пасёлак у Гродзенскім р-не, на аўтадарозе, якая злучае яго з г. Гродна. За 21 км на ПнЗ ад Гродна. 1,5 тыс.ж. (2001).
Вядомы з 16 ст. як мястэчка Гродзенскага пав. Трокскага, з 1793 — Гродзенскага ваяв.ВКЛ. Меў уласны герб. З 1795 у складзе Усх. Прусіі, з 1807 у Варшаўскім герцагстве, з 1815 у Рас. імперыі — у Аўгустоўскім павеце Царства Польскага, з 1837 у Аўгустоўскай, з 1867 у Сувалкаўскай губ. У 1858 С. — мястэчка (1568 ж., 160 дамоў, касцёл, царква, пошта, маслабойня) і маёнтак. У 1897—3900 ж., выраб кафлі, цэментных пліт, шкла, масла. У 1900 С. — пасёлак, 6595 ж. У 1921—39 у складзе Польшчы, у Валавічоўскай гміне Аўгустоўскага пав. Беластоцкага ваяв. У 1921—1774 ж., 294 дамы. З 1939 у складзе БССР, з 1940 гар. пасёлак, цэнтр Сапоцкінскага раёна Беластоцкай, з 1944 — Гродзенскай вобл. У Вял.Айч. вайну з 22.6.1941 акупіраваны ням. фашыстамі, якія загубілі ў сапоцкінскім лагеры смерці 539 чал., 15.6.1944 расстралялі 70 чал. 18.7.1944 С. вызвалены войскамі 3-га Бел. фронту ў ходзе Беластоцкай і Вільнюскай аперацый 1944. З 1959 у Гродзенскім р-не.
У пасёлку лесазавод, упраўленне біял. заказніка Сапоцкінскі, ПТУ сельскай гаспадаркі, сярэдняя і муз. школы, дашкольная ўстанова, Дом культуры, 2 б-кі, бальніца, аддз. сувязі. Помнікі архітэктуры: Сапоцкінскія капліцы, касцёл Успення Дзевы Марыі і царква (пач. 20 ст.). 3 брацкія магілы сав. воінаў, магіла ахвяр фашызму. На зах. ускраіне помнік археалогіі — курганны могільнік (10—11 ст.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕ́ЛЯХ-КАЧА́НСКІ (Вячаслаў Антонавіч) (24.12.1885, г.Лагойск Мінскай вобл. — 8.8.1976),
бел. і рас. спявак, хар. і тэатр. дзеяч, педагог. Скончыў Маладзечанскую настаўніцкую семінарыю (1905) і Пецярбургскую кансерваторыю (1915). У 1905—10 працаваў настаўнікам на Віленшчыне і інш. З 1915 у трупе Марыінскага імператарскага т-ра, адначасова ў 1916—18 у Александрынскім драм. т-ры. У 1923—25 выкладаў у Муз.драм. ін-це ў Петраградзе. За 1915—23 выканаў больш за 20 вядучых партый, некат. разам з Ф.Шаляпіным. З 1924 выкладаў у оперным і хар. класах Мінскага муз. тэхнікума і кіраваў муз. падсекцыяй Інбелкульта, арганізаваў пры ёй бел.хар. студыйны калектыў (у 1927 паставіў першую на бел. мове оперу «Русалка» А.Даргамыжскага). З 1927 дырэктар БДТ-1, з 1930 заг.Бел.драм. курсаў, дырэктар Бел.тэатр. тэхнікума і Бел. тэхнікума сцэн. мастацтва. З 1933 на Украіне і ў Расіі. З 1943 узначальваў Мінскі гар.т-р, кіраваў аддзелам культуры і мастацтва Бел.нар. самапомачы і аддзелам мастацтва ў Бел.цэнтр. радзе. З 1944 у Германіі, з 1950 у ЗША, дзе займаўся арганізацыяй хароў і тэатр. груп, ладзіў канцэрты і спектаклі. Аўтар зб. песень «Спеўнік беларускага жаўнера» (1975).
Тв.:
Уласны жыцьцяпіс // Беларуская мэмуарыстыка на эміграцыі. Нью-Йорк. 1999.
Літ.:
Сачанка Б. Сняцца сны аб Беларусі... Мн., 1990;
Юрэвіч Л. Беларускі тэатр і драматургія на эміграцыі // Тэатр. творчасць. 1997. № 6;
1998, № 1;
Кекелева Т. Спявак Селях-Качанскі // Спадчына. 1999. № 2;
Селях С. Вядомы і забыты: Старонкі творчай біягр. Вячаслава Селяха // Мастацтва. 2001. № 5—6.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАТУКО́ЎСКІ (Мікалай Ягоравіч) (н. 12.9.1929, в. Калюціна Расонскага р-на Віцебскай вобл.),
бел.драматург.Засл. работнік культ. Беларусі (1977). Скончыў БДУ (1956). Працаваў у Расонскім райкоме ЛКСМБ і раённай газеце. З 1952 у газ. «Звязда», на Бел. радыё, з 1964 гал. рэдактар рэпертуарна-рэд. калегіі Мін-ва культуры Беларусі, з 1966 уласны карэспандэнт, заг.Бел. аддзялення газ. «Известия». З 1993 у газ. «Рэспубліка», у 1995—98 кіраўнік літ. часткі Нац.т-ра імя Я.Купалы. Друкуецца з 1950. Першая п’еса — камедыя-вадэвіль «Мужчына, будзь мужчынам!» (паст.Бел.рэсп. т-рам юнага гледача, 1966). Шырокую вядомасць набылі яго сатыр. камедыі «Амністыя» (паст. т-рам імя Я.Купалы, 1970; аднайм. кінафільм, 1982) і «Мудрамер» (паст. там жа, 1987; Дзярж. прэмія Беларусі 1988). Дынамічнасцю і займальнасцю сюжэта, праўдзівасцю і глыбінёй пранікнення ў чалавечыя характары вызначаюцца драмы «Тры дні і тры ночы» (паст. 1967), «Апошняя інстанцыя» (паст.Дзярж. рускім драм. т-рам, 1974), «Наследны прынц» (паст. пад назвай «Наследнік», 1976), «Паядынак» (паст. т-рам імя Я.Коласа, 1984), «Бездань» (паст. т-рам імя Я.Купалы, 1992), камедыя-фарс «Калізей» (паст. Магілёўскім абл. т-рам драмы і камедыі, 1992). У цэнтры п’ес востранадзённыя маральна-этычныя праблемы сучаснасці, пытанні выхавання моладзі, сямейных узаемаадносін. Аўтар камедыі «Зомбі, альбо «Мудрамер-два» (1998), п’ес «Сярэбраная табакерка» (паводле казкі З.Бядулі, нап. 1998), «Беражыце эдэльвейсы» (паводле матываў «Альпійскай балады» В.Быкава, нап. 1999), сцэнарыяў фільмаў: дакумент. «Мінск — горад-герой» (1974), «Імгненне перамогі» (1975), маст. «Сын старшыні» (1976), «Траянскі конь» (1980). Піша нарысы, эсэ, публіцыст. артыкулы (кн. «Чужая бяда», 1987).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІСТАРЫ́ЧНАЯ ІНФАРМА́ТЫКА,
кірунак у гістарычнай навуцы, у аснове якога ляжаць фармалізацыя і камп’ютэрная апрацоўка гіст. крыніц, распрацоўка і выкананне новых інфарм. тэхналогій гіст. даследавання, стварэнне камп’ютэрных праграм навучання па гісторыі. З’яўленне гістарычнай інфарматыкі ў 2-й пал. 20 ст. звязана з інтэнсіфікацыяй і ўзаемапранікненнем навук. дысцыплін, у выніку чаго ў іх сумежных галінах узнікаюць новыя навук. кірункі. Найважнейшае ў гэтым працэсе — выкарыстанне колькасных ці матэм. метадаў (шматмернага статыстычнага аналізу, кантэнт-аналізу, мадэліравання і інш.) у розных галінах навук. ведаў, у т. л. ў гісторыі. У сав. квантытатыўнай гісторыі (кліяметрыі) быў выпрацаваны збалансаваны падыход да гэтых метадаў — іх выкарыстанне ў спалучэнні з традыц. метадамі. Патрэбы гіст. крыніцазнаўства і развіццё кліяметрыі абумовілі істотнае пранікненне камп’ютэрных тэхналогій у гіст. навуку. З аднаго боку, з’явілася неабходнасць у т.зв. «камп’ютэрным крыніцазнаўстве» і падрыхтоўцы спецыялістаў-гісторыкаў, здольных працаваць у гэтай галіне без пасрэднікаў, а з другога боку, у кліяметрыі акрэсліліся новыя тэндэнцыі, якія вызначылі яе выхад за ўласныя рамкі (камп’ютэрная апрацоўка ўсёй гіст. інфармацыі, закладзенай у пісьмовых і вобразных крыніцах). У выніку на стыку «камп’ютэрнага крыніцазнаўства», інфарматыкі і квантытатыўнай гісторыі ўзнікла новая міждысцыплінарная галіна, якая ў Асацыяцыі «Гісторыя і камп’ютэр» краін СНД атрымала назву «гістарычная інфарматыка» (з 1990 выдаецца інфарм. бюлетэнь). Гістарычная інфарматыка мае свой тэарэт. кампанент, уласны апарат паняццяў, базу крыніц і мадэль структуры таго прафесійнага калектыву, які бачыць у гістарычнай інфарматыцы асн. сферу сваёй дзейнасці. Практычныя задачы гістарычнай інфарматыкі: распрацоўка агульных падыходаў да выкарыстання інфарм. тэхналогій, стварэнне спецыялізаванага праграмнага забеспячэння ў гіст. даследаваннях і гіст. адукацыі, у т. л.гіст. баз і банкаў даных (ведаў), камп’ютэрных тэхналогій падачы і аналізу інфармацыі гіст. крыніц рознага характару, інфарм. сетак, мультымедыя праграм і інш. інструментальных сродкаў вывучэння і навучання гісторыі.
Літ.:
Методология истории: Учебное пособие для студентов вузов. Мн., 1996;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКЦЫЯНЕ́РНАЕ ТАВАРЫ́СТВА,
форма арганізацыі вытв-сці на аснове цэнтралізацыі капіталу шляхам продажу акцый. Дае магчымасць аб’яднаць дробныя капіталы акцыянераў для вырашэння маштабных вытв.-гасп. праблем (буд-ва чыгунак, буйных прадпрыемстваў і інш.), аператыўна манеўраваць сродкамі, дэмакратызаваць капітал, зацікавіць акцыянераў у павелічэнні прыбытку. Бываюць адкрытыя акцыянерныя таварыствы (акцыі свабодна прадаюцца і купляюцца) і закрытыя (акцыі размяркоўваюцца толькі сярод заснавальнікаў). Акцыянернае таварыства — юрыд. асоба, мае свой статут. Вышэйшы орган — агульны сход акцыянераў, бягучымі справамі кіруе праўленне (савет дырэктараў). Маёмасць фарміруецца за кошт укладаў акцыянераў (уласны капітал), назапашанага прыбытку, а таксама за кошт крэдытаў банка (пазыковыя сродкі) і выпуску аблігацый. Па абавязацельствах акцыянернае таварыства адказвае толькі сваёй маёмасцю (абмежаваная адказнасць), акцыянеры — толькі коштам іх акцый. Удзел акцыянераў у кіраванні акцыянернага таварыства абмежаваны. Вырашальная роля ў прыняцці рашэнняў належыць уладальніку кантрольнага пакета (51%) акцый. Але ва ўмовах распылення акцый сярод. вял. колькасці акцыянераў для атрымання большасці галасоў фактычна дастаткова 15—20% акцый.
Першыя акцыянерныя таварыствы ўзніклі ў 1600 у Англіі і ў 1602 у Нідэрландах, дзякуючы сваім перавагам сталі асн. формай прадпрымальніцкай дзейнасці сярэдніх і буйных прадпрыемстваў. У Расіі да рэформы 1861 было 120 акцыянерных таварыстваў, да 1914 — 2235 (дамінуючае становішча займалі ў фабр.-заводскай прам-сці).
На Беларусі ў 1913 было 20 акцыянерных таварыстваў, у 1914 ім належалі 34 буйныя прадпрыемствы: ільнопрадзільныя ф-кі ў Віцебску («Дзвіна») і ў Высачанах (Аршанскі р-н), віцебскі трамвай, з-д сухой перагонкі драўніны ў Выдрыцы (Аршанскі р-н), запалкавая ф-ка «Прагрэс-Вулкан» у Пінску, Гродзенская тытунёвая, Дубровенская тэкстыльная ф-кі і інш. Доля акцыянерных таварыстваў у аб’ёме валавой прадукцыі ў 1914 складала 14,8%. У перыяд новай эканам. палітыкі ў БССР ствараліся дзярж. (пры ўдзеле некалькіх гасп. наркаматаў), мяшаныя (дзярж.-каап. і дзярж.-прыватныя), каап. і прыватныя акцыянерныя таварыствы. У розных галінах дзейнічалі Белкамунбанк, Бел.т-вас.-г. крэдыту, Дзяржгандальбел, Віцебскгандаль, Палесгандаль, Хлебапрадукт. У 1923—28 зарэгістравана 20 прыватных акцыянерных таварыстваў. У канцы 1920-х г. яны рэарганізаваны ў буйныя дзярж. прадпрыемствы. Зноў пачалі ўзнікаць з пач. 1990-х г. з фарміраваннем рыначнай эканомікі, пераважна на базе дзярж. прадпрыемстваў з удзелам сродкаў працоўных калектываў. Як акцыянерныя таварыствы ўзнікаюць і камерцыйныя банкі, біржы і інш. рыначныя структуры. На на Беларусі зарэгістравана 1021 акцыянернае таварыства, у т. л. 780 закрытых.