ДЭНІТРЫФІКА́ЦЫЯ (ад дэ... + нітрыфікацыя),

працэс аднаўлення нітратаў у глебе, вадзе і інш. субстратах да малекулярнага азоту. Адрозніваюць Д. прамую, якая ажыццяўляецца факультатыўна-анаэробнымі мікраарганізмамі — дэнітрыфікатарамі, і ўскосную, пры якой адбываецца хім. ўзаемадзеянне нітратаў з амінійнай соллю, амінамі ці амідамі, што суправаджаецца выдзяленнем газападобнага азоту. Найб. інтэнсіўна Д. ідзе ў глебах з высокай вільготнасцю і дрэннай аэрацыяй, што з’яўляецца адной з асн. прычын страты з глебы мінер. азоту і зніжэння каэфіцыента выкарыстання раслінамі азотных угнаенняў.

т. 6, с. 353

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БА́СРА, Басора,

горад на Пд Ірака. Адм. ц. мухафазы Басра. Засн. ў 638. 616,6 тыс. ж. (1985). Гал. рачны і марскі порт краіны паблізу ўпадзення р. Шат-эль-Араб у Персідскі зал. Трансп. вузел. Міжнар. аэрапорт. Цэнтр. раёна здабычы і перапрацоўкі нафты. Вытв-сць азотных угнаенняў, абутку, канатаў; папяровы камбінат. Рамёствы. Каля Басры ў Эз-Зубайры з-ды: нафтахім., металургічны, па звадкаванні прыроднага газу. Перапрацоўка фінікаў. Ун-т. За 10 км ад горада — руіны сярэдневяковай Басры.

т. 2, с. 342

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АГРАНАМІ́ЧНЫЯ РУ́ДЫ,

мінералы і горныя пароды, якія з’яўляюцца сыравінай для вытв-сці мінер. угнаенняў. Да іх належаць апатыты, фасфарыты, калійныя солі, салетра, сера, карбанатныя пароды (даламіт, мел, вапняк), сапрапелі, вермікуліт, торф і інш. На выраб мікраўгнаенняў выкарыстоўваюць руды, у якіх ёсць медзь, бор, марганец і інш. Найбуйнейшыя радовішчы агранамічных руд на Беларусі: паклады калійных соляў (Салігорскі і Петрыкаўскі р-ны), даламітаў (Віцебскі р-н), фасфарытаў (усх. раёны Магілёўскай вобл.). У значных аб’ёмах здабываюцца вапнавыя матэрыялы і торф.

т. 1, с. 81

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕЙЦЫ́Т (ад грэч. leukos белы),

мінерал групы фельдшпатоідаў, алюмасілікат калію, KAlSi2O6. Крышталізуецца ў тэтраганальнай сінганіі, больш за 625 °C пераходзіць у кубічную. Утварае крышталі і ўкрапіны ў пародзе. Колер белы, шэры. Бляск матавы на гранях і шкляны на ракавістым зломе. Цв. 5,5—6,0. Шчыльн. 2,4—2,5 г/см³. Крохкі. Трапляецца ў шчолачных пародах лейцыцітах, лейцытавых базальтах і інш. Сыравіна для вытв-сці алюмінію, паташу, калійных угнаенняў і інш. Радовішчы ў Расіі, Арменіі, Італіі, ФРГ, ЗША, Аўстраліі і інш.

т. 9, с. 192

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАНПЕЛЬЕ́ (Montpellier),

горад на Пд Францыі, на р. Лез, каля ўзбярэжжа Міжземнага м. Адм. ц. дэпартамента Эро. Засн. каля 737. 237 тыс. ж. (1990). Трансп. вузел. Прам-сць: эл.-тэхн., маш.-буд., швейная, харч., вытв-сць угнаенняў. Буйны цэнтр вінаробства і віна-гандлю. Ун-т. Бат. сад (з 1593). Музеі: Фабра, Атжэ, раманскага мастацтва. Турызм. Арх. помнікі 14—18 ст., у т. л. сабор Сен-П’ер (14—15 ст.), вежа (14 ст.), барочныя і класіцыстычныя палацы (17—18 ст.).

т. 10, с. 85

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АТА́ВА,

трава, якая вырасла ў той жа год на кармавых сенажацях пасля скошвання ці страўлення. На пашы пасля страўлення атава адрастае некалькі разоў у залежнасці ад атаўнасці (біял. здольнасці раслін адрастаць за кошт утварэння бакавых парасткаў), надвор’я і прыёмаў догляду пашы. Высокую атаўнасць на пашы маюць райграс пашавы, мятліца лугавая, аўсяніца чырвоная, канюшына белая. Ураджайнасць атавы вышэйшая ў раёнах з вільготным кліматам і на ўрадлівых глебах. Яе можна павялічыць у 2—3 разы ўнясеннем пасля скошвання (страўлення) азотных угнаенняў, асабліва разам з паліваннем.

т. 2, с. 64

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАБКО́ВІЦКАЕ РАДО́ВІШЧА ФАСФАРЫ́ТАЎ.

У Крычаўскім і Мсціслаўскім р-нах Магілёўскай вобл., за 15 км на Пн ад г. Крычаў, на З ад в. Лабковічы. Пластавы паклад звязаны з кварцава-глаўканітавымі пяскамі сенаманскага яруса (верхні мел). Фасфарыты прадстаўлены цёмна-шэрымі жаўлакамі, пясчана-жаўлачнымі пластамі і суцэльнай плітой. Папярэдне разведаныя запасы 18,6 млн. т, перспектыўныя — 227 млн. т. Магутнасць карыснай тоўшчы да 3 м, ускрышы (пяскі, супескі, мергель, мел) 20—79 м. Фасфарыты прыдатныя на вытв-сць мінер. угнаенняў.

А.​П.​Шчураў.

т. 9, с. 82

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МСЦІСЛА́ЎСКАЕ РАДО́ВІШЧА ФАСФАРЫ́ТАЎ Каля паўд.-ўсх. ускраіны г. Мсціслаў Магілёўскай вобл. Пластавы паклад звязаны з сенаманскімі адкладамі верхняга мелу. Фасфарыты прымеркаваны да тоўшчы глаўканітава-кварцавых пяскоў і прадстаўлены цёмна-шэрымі жаўлакамі, пясчана-жаўлачнымі слаямі і фасфарытавай плітой. Папярэдне разведаныя запасы 175 млн. т. Магутнасць карыснай тоўшчы 0,12—14,1 м, фасфарытавай пліты 0,05—0,3 м, ускрышы (пяскі, гліны, супескі, мергель, мел) 5,3—46,3 м. Колькасць пяцівокісу фосфару ў зыходнай рудзе 3,14—18,4%. Фасфарыты прыдатныя для вытв-сці мінер. угнаенняў.

А.​П.​Шчураў.

т. 10, с. 538

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

О́МАХА (Omaha),

горад у цэнтр. ч. ЗША, у штаце Небраска. Засн. ў 1804. 364,3 тыс. ж., з прыгарадамі каля 700 тыс. ж. (1996, частка прыгарадаў у штаце Аява). Вузел чыгунак і аўтадарог. Порт на р. Місуры. Аэрапорт. Гандл.-фін. цэнтр с.-г. раёна. Аптовы гандаль буйн. раг. жывёлай, свіннямі. Збожжавая і мясная біржы. Буйны цэнтр харч. (мукамольнай, мясной, маслаперапрацоўчай) прам-сці. Вытв-сць сродкаў сувязі, ЭВМ, грузавых аўтамабіляў, прамысл. абсталявання, с.-г. машын, мінер. угнаенняў, выплаўка цынку. 5 ун-таў.

т. 11, с. 435

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЯСЧА́НЫЯ ГЛЕ́БЫ,

глебы, якія развіваюцца на пясках і маюць не больш за 10% часцінак фіз. гліны. Развіваюцца на марэнных, азёрна-ледавіковых, водна-ледавіковых, старажытнаалювіяльных, поймавых і эолавых пясках. Маюць значную водапранікальнасць, аэрацыю, цеплаёмістасць. Прыродная ўрадлівасць нізкая — колькасць арган. і мінер. рэчываў невялікая. Падзяляюць на рыхла- і звязнапясчаныя глебы. На Беларусі займаюць больш 25% тэр. (большасць пад хваёвымі лясамі). Складаюць каля 19% с.-г. угоддзяў. Акультурваюцца П.г. ўнясеннем арган. і мінер. угнаенняў, пасевамі бабовых, вапнаваннем, глінаваннем, арашэннем і інш.

В.​І.​Шабанава.

т. 13, с. 163

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)