РЭ́ЙНДЖЭР (Ranger),

уранавае радовішча на Пн Аўстраліі ў бас. р. Іст — Алігейтар (Паўн. тэрыторыя). Адкрыта ў 1969—70. Распрацоўваецца з 1981. Запасы 90 тыс. т аксіду урану (U3O8) пры 0,32% аксіду урану ў рудзе. Гідратэрмальнае. Выяўлена 5 рудных цел у ніжнепратэразойскім складкавым фундаменце. Здабыча адкрытым спосабам.

т. 13, с. 565

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СУ́РАЖСКІ РАЁН,

адм.-тэр. адзінка ў БССР у 1924—60. Цэнтр — г.п. Сураж, з 1957 — г.п. Янавічы. Утвораны 17.7.1924 у складзе Віцебскай акругі, 28.8.1924 падзяляўся на 12 сельсаветаў. З 1938 у Віцебскай вобл. 20.1.1960 раён скасаваны, тэрыторыя перададзена Гарадоцкаму, Езярышчанскаму і Віцебскаму р-нам.

В.​Л.​Насевіч.

т. 15, с. 278

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯ́ЛАЎСКІ ЗАПАВЕ́ДНІК Існаваў у 1940—51 у Валожынскім і Івянецкім р-нах Мінскай вобл. Пл. 13,6 тыс. га (80% пад лесам). Створаны для аховы, аднаўлення і вывучэння каштоўных капытных жывёл — ланей, аленяў, казуль, дзікоў, а таксама рачных баброў. З 1960 тэрыторыя б. запаведніка ў складзе біял. заказніка Налібоцкі.

т. 4, с. 342

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПААЗЕ́Р’Е,

тэрыторыя з вялікай колькасцю азёр (звычайна больш за 2%). Характарызуецца своеасаблівымі рысамі рэльефу і азёрамі аднолькавага паходжання — ледавіковага, тэрмакарставага, карставага і інш. Звычайна ў П. маляўнічыя ландшафты, якія часта вылучаюцца ў буйныя рэкрэацыйныя зоны. Пояс П. цягнецца праз Еўропу ўздоўж межаў паазерскага зледзянення, на Беларусі прадстаўлены Беларускім Паазер’ем.

т. 11, с. 460

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛАСА́ АДЧУЖЭ́ННЯ, паласа адводу,

тэрыторыя абапал шашэйных дарог і чыгунак (да 50 м з кожнага боку), выключаная з землекарыстання. На П.а. ствараюцца лесапалосы, якія ахоўваюць дарогу ад неспрыяльных метэаралагічных і інш. фактараў (заносу снегам, пяском, размыву). Буд-ва ў межах палос, не звязанае з патрэбамі абслугоўвання дарог, забаронена.

т. 11, с. 538

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭГІЁН (англ. region ад лац. regio вобласць, раён),

пэўная тэрыторыя (акваторыя), значная па памерах, якая вылучаецца характэрнымі эканоміка-геагр. ўмовамі, нац. складам насельніцтва і інш. Р. наз. некалькі абласцей ці раёнаў краіны ці група краін, што адрозніваюцца агульнасцю расавага, этн. складу, культурных традыцый і інш. (напр., блізкаўсходні Р.).

т. 13, с. 547

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ТЫ́СЯЧА»,

1) апалчэнне на Русі ў 11 — сярэдзіне 15 ст. Падзялялася на сотні. Падпарадкоўвалася тысяцкаму, які адказваў за збор, арганізацыю і ваен. падрыхтоўку «Т.».

2) Тэрыторыя (воласць) у некат. княствах стараж. Русі, напр., у Наўгародскай феадальнай рэспубліцы, якой кіраваў тысяцкі (прызначаўся князем або выбіраўся на вечы з баяр).

т. 16, с. 81

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСКАЯ РЫ́МСКА-КАТАЛІ́ЦКАЯ ЕПА́РХІЯ, Мінская дыяцэзія,

адм.-тэр. адзінка каталіцкай царквы ў канцы 18—20 ст. Засн. ў 1798 паводле імператарскага ўказа. Тэрыторыя супадала з межамі Мінскай губерні. З 1798 дзейнічала духоўная семінарыя. У 1842 епархіі нададзены 3-і клас. У 1869 епархія скасавана, яе тэрыторыя ўключана ў Віленскую рымска-каталіцкую епархію. З 1883 касцёлы і адзіны дзеючы Слонімскі кляштар бернардзінак б. епархіі падпарадкаваны Магілёўскай рымска-каталіцкай архіепархіі. У ліст. 1917 дзейнасць М.р.-к.е. адноўлена. У 1925 на частцы яе тэрыторыі, што адышла да Польшчы, створана Пінская рымска-каталіцкая епархія. Землі БССР па-ранейшаму ўваходзілі ў Мінскую епархію, але яна практычна не функцыянавала, хоць кананічна не была скасавана. У 1991 створана Мінска-Магілёўская рымска-каталіцкая епархія, якая з’яўляецца пераемніцай Мінскай і Магілёўскай епархій, з 2000 ахоплівае тэр. Мінскай і Магілёўскай абл.

Літ.:

Kumor B. Ustróy i organizacja Kościoła polskiego w okresie niewoli narodowej (1772—1918). Kraków, 1980.

В.​В.​Грыгор’ева, А.​М.​Філатава.

т. 10, с. 428

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛЕ́ШЧАНІЦКІ РАЁН,

адм.-тэр. адзінка на Беларусі ў 1924—62. Утвораны 17.7.1924 у Барысаўскай акр., з 9.6.1927 да 26.7.1930 у Мінскай акр., з 20.2.1938 у Мінскай вобл. Цэнтр — мяст. Плешчаніцы. 20.8.1924 падзелены на 11 сельсаветаў, на 1.1.1941 меў 13 сельсаветаў. 25.12.1962 раён скасаваны, яго тэрыторыя далучана да Лагойскага р-на.

т. 12, с. 425

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗО́НА ЭКАЛАГІ́ЧНАЙ РЫ́ЗЫКІ,

тэрыторыя сушы (ці акваторыя), дзе дзейнасць чалавека можа стварыць небяспечныя экалагічныя сітуацыі (падводная здабыча нафты, пахаванне радыеактыўных або ядавітых рэчываў і інш.). Пазбегнуць узнікнення і існавання З.э.р. цяжка, але каб рызыку звесці да мінімуму, праводзяць папярэднюю экалагічную экспертызу пры праектаванні і буд-ве гасп. сістэм, распрацоўцы тэхн. праектаў і інш.

т. 7, с. 106

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)