ЗАРЭ́МБА (Мікалай Іванавіч) (15.6.1821, Віцебская губ. — 8.4.1879),
музычны тэарэтык, педагог, кампазітар. Скончыў Пецярбургскі ун-т. Ігры на фп. і віяланчэлі вучыўся ў А.Герке і І.Гроса, тэорыю музыкі вывучаў у А.Б.Маркса ў Берліне. З 1859 выкладаў у Муз. класах Пецярбургскага аддзялення Рас. муз. т-ва. З 1862 праф. Пецярбургскай кансерваторыі, у 1867—71 яе дырэктар. Распрацаваў «Інструкцыю для Санкт-Пецярбургскай кансерваторыі», якая садзейнічала ўпарадкаванню навуч. працэсу і стала асновай працы кансерваторыі. Аўтар араторыі «Іаан Хрысціцель», сімфоніі, хароў. Сярод яго вучняў Г.Ларош, П.Чайкоўскі.
т. 6, с. 541
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІВАНІ́ЦКАЯ (Вольга Сямёнаўна) (11.6.1914, в. Хіжна Чаркаскай вобл., Украіна — 5.11.1986),
бел. фізік-тэарэтык. Д-р фіз.-матэм. н. (1971). Скончыла Сярэднеазіяцкі ун-т у Ташкенце (1938). У 1934—63 у ВНУ Ташкента і Кіева, з 1963 у Ін-це фізікі АН Беларусі. Навук. працы па агульнай тэорыі адноснасці (АТА). Распрацавала фіз. аспекты і матэм. апарат тэтраднай фармулёўкі АТА, прапанавала сістэматызацыю гравітацыйных эфектаў, прадказаных АТА.
Тв.:
Обобщенные преобразования Лоренца и их применение. Мн., 1969;
Лоренцев базис и гравитационные эффекты в эйнштейновой теории тяготения. Мн., 1979.
М.М.Касцюковіч.
т. 7, с. 150
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІНАСІ́ТА (Дзюндзі) (н. 2.8.1914, Токіо),
японскі драматург, тэарэтык т-ра. Скончыў Такійскі ун-т (1939). Першы значны твор — гіст. драма «Навальніца» (1947). Яго творы адметныя рэалізмам, сувяззю з фалькл. традыцыямі, усебаковым паказам яп. рэчаіснасці: п’есы «Жураўлінае пер’е» (1949, паст. 1955), «У адной усходняй краіне» (1959), «Японец па імені Ота» (1962; пра Р.Зорге), «Востраў Акінава» (1963), «Паміж богам і чалавекам» (1972), «Свята на мерыдыяне» (1978). Аўтар п’ес на тэмы нар. казак, тэарэт. прац «Праблемы японскага народнага сказа» (1955), «Свет драмы» (1959), «Дыялог з драмай» (1968) і інш.
т. 8, с. 267
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРУ́ГЛІК (Генадзь Сяргеевіч) (н. 26.1.1937, г.п. Узда Мінскай вобл.),
бел. фізік-тэарэтык. Д-р фізіка-матэм. н. (1976), праф. (1983). Скончыў БДУ (1959). З 1977 у БПА (з 1981 прарэктар), з 1987 дырэктар Міжгаліновага ін-та павышэння кваліфікацыі пры БПА. Навук. працы ў галіне лазернай оптыкі. Распрацаваў метад абагульненага другаснага квантавання, на базе якога створана мадэль калектыўных з’яў у оптыцы, прапанаваў квантава-статыстычную тэорыю кальцавых лазераў.
Тв.:
Коллективные модели квантового γ-генератора // Квантовая электроника и лазерная спектроскопия. Мн., 1974;
Квантово-статистическая теория кольцевых ОКГ. Мн., 1978.
А.І.Болсун.
т. 8, с. 482
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРУГЛО́Ў (Сяргей Ільіч) (н. 8.5.1951, Масква),
бел. фізік-тэарэтык. Д-р фіз.-матэм. н. (1993), праф. (1996). Брат У.І.Круглова. Скончыў БДУ (1973). З 1976 у АН Беларусі, з 1986 у Бел. агр. тэхн. ун-це. Навук. працы па квантавай тэорыі поля і фізіцы элементарных часціц. Прапанаваў мадэль электраслабых узаемадзеянняў з састаўнымі базонамі Хігса, даследаваў непертурбатыўныя эфекты ў моцных узаемадзеяннях элементарных часціц.
Тв.:
Электромагнитные характеристики нуклонов в модели КХД—струн // Ковариантные методы в теоретической физике: Физика элементарных частиц и теория относительности. Мн., 1997. Вып. 4.
Л.В.Бароўка.
т. 8, с. 482
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУПЕРЭ́Н ((Couperin) Франсуа) (10.11.1668, Парыж — 12.9.1733),
французскі кампазітар, клавесініст і арганіст. З сям’і патомных музыкантаў. У 1685—1723 арганіст сабора Сен-Жэрве ў Парыжы, з 1693 прыдворны арганіст, з 1702 прыдворны клавесініст і настаўнік музыкі. Найб. значны прадстаўнік франц. клавесіннага мастацтва, развіваў яго як кампазітар (4 зборнікі п’ес праграмнага зместу — партрэты сучаснікаў, жанравыя сцэнкі, пейзажы), віртуоз і тэарэтык (трактат «Мастацтва ігры на клавесіне», 1716). Аўтар канцэртаў, трыо-санат, арганных п’ес, матэтаў.
Літ.:
Алексеев А.Д. Клавирное искусство. Вып. 1. М.; Л., 1952;Друскин М.С. Клавирная музыка... XVI—XVIII вв. Л., 1960.
т. 9, с. 36
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУ́РАЧКІН (Юрый Андрэевіч) (н. 13.5.1950, г.п. Свіслач Гродзенскай вобл.),
бел. фізік-тэарэтык. Д-р фізіка-матэм. н. (1998). Скончыў Гродзенскі пед. ін-т (1971). З 1971 у Ін-це фізікі Нац. АН Беларусі. Навук. працы па фізіцы элементарных часціц. Прапанаваў новы метад рашэння задач рэлятывісцкай кінематыкі, заснаваны на сувязі алг. кватэрніёнаў і бікватэрніёнаў з геаметрыяй прастораў Лабачэўскага. Разам з інш. даў тлумачэнне прыроды выраджэння спектраў энергій задач Кеплера ў прасторах пастаяннай крывізны.
Тв.:
Кватернионы в релятивистской физике. Мн., 1989 (разам з А.В.Бярэзіным, Я.А.Талкачовым).
А.І.Болсун.
т. 9, с. 44
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРЫНЕ́ЦІ ((Marinetti) Эміліо Філіпа Тамаза) (22.12.1876, г. Алесандрыя, Італія — 2.12.1944),
італьянскі пісьменнік; заснавальнік і тэарэтык футурызму ў еўрап. л-ры і мастацтве. Пісаў на італьян. і франц. мовах. Дэбютаваў як паэт свабоднага верша (паэма «Заваяванне зор», 1902). У «Першым маніфесце футурызму» (1909), шэрагу «тэхнічных маніфестаў» выклаў канцэпцыю «дынамічнай літаратуры будучага» («futuro») і яе асн. маст. прынцыпы. Аўтар сатыр. п’есы «Кароль-Гулянка» (1905), рамана «Мафарка-футурыст» (1910), зб. вершаў «Занг-тум-тум» (1914), нарысаў, тэарэт. прац (кн. «Маніфесты футурызму», т. 1—4, 1909—19) і інш.
Е.А.Лявонава.
т. 10, с. 159
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НОРС ((North) Дадлі) (16.5.1641, Лондан — 31.12.1691),
англійскі купец, тэарэтык-эканаміст. У 1660—85 шэрыф у Лондане, пазней чл. камісіі па зборы мытных пошлін. У працы «Разважанні аб гандлі, пераважна аб працэнце, манетнай сістэме, скарачэнні і павелічэнні грошай» (1691) выступіў з крытыкай меркантылізму. Сцвярджаў, што багацце краіны вызначаецца не запасамі золата і серабра, а развіццём прам-сці, сельскай гаспадаркі і міжнар. гандлю, што ўзровень прыбытку залежыць ад попыту і прапановы. Выступаў за свабоду гандлю, супраць дзярж. ўмяшання ў эканам. жыццё. Лічыў капіталіст. развіццё грамадства натуральным працэсам.
т. 11, с. 379
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЬЕРЭ́РЭ ((Nyerere) Джуліус Камбараджэ) (1922, Бутыяма, Танзанія — 14.10.1999),
дзяржаўны і паліт. дзеяч Танзаніі. Скончыў каледж Макерэрэ (Уганда) і Эдынбургскі ун-т. З 1946 настаўнічаў. Заснавальнік Афр. нац. саюза Танганьікі (ТАНУ), яго старшыня ў 1954—77. У 1977—90 прэзідэнт Рэв. партыі (створана ў выніку аб’яднання ТАНУ і партыі Афра-шыразі). З 1958 чл. Заканад. сходу Танганьікі, з 1960 гал. міністр, у 1961—62 прэм’ер-міністр, з 1962 прэзідэнт Танганьікі. У 1964—85 прэзідэнт Аб’яднанай Рэспублікі Танзанія. У 1990 адышоў ад паліт. дзейнасці. Тэарэтык афр. сацыялізму паводле кіт. мадэлі.
т. 11, с. 392
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)