МАЎРАКАРДА́ТАС ((Maurokardatos) Аляксандрас) (11.12.1791, г. Стамбул, Турцыя — 18.8.1865),
дзяржаўны і паліт. дзеяч Грэцыі; адзін з кіраўнікоў Грэчаскай нацыянальна-вызваленчай рэвалюцыі 1821—29. У студз. 1822 прэзідэнт Нац. сходу ў Эпідаўры, які абвясціў незалежнасць Грэцыі і выбраў М. яе прэзідэнтам (1822—23). Імкнуўся цэнтралізаваць кіраванне краінай, арыентаваўся на Вялікабрытанію. У сувязі з абвастрэннем супярэчнасцей паміж кіраўнікамі паўстання адмовіўся ад пасады прэзідэнта. У 1827—31 быў у апазіцыі да І.Кападыстрыі. Пры каралю Атоне I займаў урадавыя і дыпламат. пасады, у 1844 і 1854—55 прэм’ер-міністр.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЕЎФРА́Т,
араб.Шат-эль-Фурат, рака ў Турцыі, Сірыі і Іраку, самая вял. ў Зах. Азіі. Даўж. (ад вытоку р. Мурат) 3065 км, ад сутокаў рэк Мурат і Курасу 2700 км, пл. басейна 673 тыс.км². Пачынаецца ў гарах Армянскага нагор’я. У верхнім цячэнні праразае хрыбты Армянскага нагор’я Малацья і Эргані ў вузкай цясніне, потым цячэ ў глыбокай даліне па пустынным плато Джэзірэ, у ніжнім цячэнні — па Месапатамскай нізіне. Пасля зліцця з р. Тыгр утварае р. Шат-эль-Араб, якая ўпадае ў Персідскі заліў. Гал. прытокі: Тахма, Гёксу (справа), Беліх, Хабур (злева), упадаюць у Е. у верхнім і сярэднім цячэнні; у Іраку да Е. падыходзяць толькі сухія даліны — вадзі, якія запаўняюцца вадой пасля моцных дажджоў. Жыўленне снегава-дажджавое. Веснавое разводдзе і летняя межань. У ніжнім цячэнні рэчышча абвалавана ад разводдзяў. Сярэдні гадавы расход вады каля г. Хіт (Ірак) 840 м³/с, у ніжнім цячэнні памяншаецца да 300—400 м³/с ад выпарэння і выкарыстання вады на арашэнне (уздоўж берагоў Е. на Месапатамскай нізіне — паласа аазісаў). Суднаходная да г. Хіт. На рацэ вадасховішча Кебан, Атацюрк (Турцыя), Эль-Асад (Сірыя). На Е. — гарады Бірэджык (Турцыя), Рака, Дэйрэз-Зор (Сірыя), Рамады, Эль-Фалуджа, Эль-Куфа, Эс-Самава, Эн-Насірыя (Ірак). Міжрэчча Е. і Тыгра — адзін са стараж. асяродкаў цывілізацыі, дзе знаходзіліся дзяржавы Асірыя, Вавілонія, Шумер; на беразе Е. быў размешчаны г.Вавілон.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАГАЗКЁЙ (Boğazköy),
рэшткі стараж. сталіцы Хецкай дзяржавы г. Хатусас на тэр. сучаснага г. Багазкёй (Цэнтр. Анатолія, Турцыя). Заснаваны на паселішчы эпохі энеаліту каля 1500 да нашай эры. Агульная пл. больш за 121 га. Быў абкружаны сцяной з каменю і сырцовай цэглы, меў 3 брамы, упрыгожаныя рэльефнымі выявамі воінаў, ільвоў і сфінксаў. Раскопкі выявілі рэшткі 4 храмаў, некалькіх свецкіх будынкаў, сховішча гліняных таблічак з надпісам (больш за 10 тыс.). За сценамі горада размяшчаліся скальнае свяцілішча Язылыкая з выявамі хурыцкіх багоў, іх служак і іерагліфічнымі надпісамі, могільнік з вял. колькасцю трупаспаленняў. Разбураны каля 1200 да нашай эры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІПА́РХ (Hipparchos; каля 180—190 да н.э., г. Нікея, цяпер г. Ізнік, Турцыя — 125 да н.э.),
старажытнагрэчаскі астраном, адзін з заснавальнікаў астраноміі. У выніку сістэматычных астр. назіранняў склаў каталог становішчаў 850 зорак і падзяліў іх паводле ступеней яркасці на 6 велічынь. Адкрыў з’яву прэцэсіі; даследаваў бачны рух Сонца і Месяца і склаў табліцы гэтага руху; вызначыў адлегласць ад Зямлі да Месяца; вылічыў працягласць трапічнага года; распрацаваў тэорыю зацьменняў; увёў геагр. каардынаты — шырату і даўгату. Звесткі аб працах Гіпарха прыведзены ў творы К.Пталамея «Альмагест».
Літ.:
Ван-дер-Варден Б.Л. Пробуждающаяся наука: Пер. с англ. [Т. 2]. М., 1991.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЮЛЬ-ТЭПЕ́, Кюльтэпе (цюрк. попельны ўзгорак),
1) стараж. горад бронзавага веку у Кападокіі (цэнтр.Турцыя) каля Кейзеры. Пры даследаванні выяўлена дзелавая перапіска асірыйскіх купцоў-каланістаў, якія ў 19 ст. да н.э. кантралявалі і пашыралі гандаль паміж Анатоліяй і Месапатаміяй, гліняныя таблічкі з асірыйскім клінапісам, шмат матэрыялаў з часоў, якія папярэднічалі ўзвышэнню хетаў.
2) Паселішча паўд.-закаўказскай групы энеаліту Каўказа (4-е — пач. 1-га тыс. да н.э.). Назву атрымала ад сяла за 8 км ад Нахічэвані (Азербайджан). Выяўлены 4 розначасовыя культ. пласты магутнасцю 22 м (энеаліт, кура-аракская культура, эпохі верхняй бронзы і ранняга жалеза).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУРЛО́ВІЧ (Аляксандр Мікалаевіч) (н. 28.7.1961, г. Гродна),
бел. спартсмен (цяжкая атлетыка, вагавая катэгорыя больш за 110 кг). Засл. майстар спорту СССР (1988). Засл. работнік фіз. культуры і спорту Беларусі (1992). Скончыў Гродзенскі ун-т (1983). З 1997 трэнер абл. школы вышэйшага спарт. майстэрства. Чэмпіён XXIV (1988, Сеул) і XXV (1992, г. Барселона, Іспанія) Алімп. гульняў. Чэмпіён (1987, г. Острава, Чэхаславакія; 1989, Афіны; 1991, г. Донаўэшынген, Германія; 1994, г. Стамбул, Турцыя) і сярэбраны прызёр (1983, Масква) чэмпіянатаў свету. Чэмпіён Еўропы (1989—90). Чэмпіён СССР (1983, 1989, 1991—92). 12-разовы рэкардсмен свету (1983—84, 1987, 1994).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕЎ III (Leōn) Ісаўр, Леў III Сірыец (каля 675, Германікія, цяпер г. Мараш, Турцыя — 18.6.741), візантыйскі імператар [717—741], заснавальнік Ісаўрыйскай дынастыі. Узмацніў знешнепаліт. становішча імперыі: адбіў націск арабаў, якія ў 717—718 вялі аблогу Канстанцінопаля; пасля перамогі ў 740 пад Акраінонам вярнуў ч.візант. уладанняў у М. Азіі. З мэтай умацавання цэнтр. улады і абароны інтарэсаў ваенна-служылай знаці выдаў у 726 Эклогу (зб. законаў). Рэфармаваў армію, распачаў рэформы ў галіне права, грамадскіх адносін і царк. палітыкі. Узначальваў рух іканаборства, што прывяло ў 730 да разрыву адносін з рым. курыяй.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗВІНАГРО́ДСКІ (Барыс Фёдаравіч) (14.3.1896, г. Артвін, Турцыя — 29.9.1982),
бел. жывапісец. Засл. дз. маст. Беларусі (1956). Вучыўся ў Маскоўскім вучылішчы жывапісу, скульптуры і дойлідства (1917—19). З 1925 у Гомелі; выкладаў малюнак у школах і тэхнікумах (1926—37), выяўл. студыях (1948—57), гал. мастак Дзярж.т-ра лялек Беларусі (1940—48). Ствараў сціплыя, без вонкавых эфектаў, лірычныя пейзажы: «Каля прыстані» (1947), «Баржы на Сажы» (1949), «Сож каля суднарамонтнага завода» (1951), «Сож. Лёд прайшоў» (1960), «Прыцемкі на Прыпяці» (1963), «Мірнае неба» (1964), «Зеляніна. Май» (1967), «Уборка сена» (1972) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІСАРЫЁН (Bessarion; 2.1.1403?, г. Трабзон, Турцыя — 18.11.1472),
візантыйскі царк. дзеяч, гуманіст. У 1423 прыняў манаства пад імем Вісарыён. Вывучаў філасофію і інш. навукі пад кіраўніцтвам Пліфана. З 1437 епіскап Нікеі (цяпер г. Ізнік, Турцыя). Прымкнуў да лацінафільскай групоўкі візант. знаці, лічыў неабходным саюз Візантыі з Захадам у мэтах сумеснай барацьбы супраць туркаў. На Фларэнційскім саборы 1438—45 спрыяў заключэнню уніі паміж каталіцкай і правасл. цэрквамі (1439). Перайшоў у каталіцтва, у 1439 прызначаны кардыналам. Пасля правалу уніі ў Візантыі вымушаны перасяліцца ў Італію (1440). Пасля падзення Канстанцінопаля (1453) быў адным з ініцыятараў крыжовага паходу супраць туркаў, дзеля чаго ездзіў з пасольствам да германскага імператара Фрыдрыха III і франц. караля Людовіка XI. Беспаспяхова выстаўляў сваю кандыдатуру на папскі прастол. У 1463 прызначаны патрыярхам Канстанцінопаля. У філас. поглядах быў паслядоўнікам Платона. У працы «Супраць паклёпніка на Платона» сцвярджаў, што ў трыядзе Платона (Бог, розум, сусветная душа) ужо быў зародак хрысц. вучэння аб Тройцы. На думку Вісарыёна, у канцэпцыі паходжання свету Платон таксама блізкі да хрысціянства, бо вучыў пра ўзнікненне «ўсяго з нічога». Значная роля Вісарыёна ў прапагандзе грэч. культуры ў Італіі. Пераклаў з грэч. мовы на латынь 14 кніг «Метафізікі» Арыстоцеля, «Метафізіку» Тэафраста, творы Ксенафонта, прамовы Дэмасфена. У 1468 перадаў у дар Венецыянскай рэспубліцы сваю унікальную бібліятэку грэч. рукапісаў.
Літ.:
Удальцова З.В. Жизнь и деятельность Виссариона Никейского // Византийсккй временник. 1976. Т. 37;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЛКА́НСКІЯ ВО́ЙНЫ 1912—13.
1-я балканская вайна (9.10.1912—30.5.1913) супраць Турцыі рэалізавала намеры Балканскага саюза 1912. Скарыстаўшы занятасць Турцыі вайной з Італіяй у Паўн. Афрыцы, Чарнагорыя, Балгарыя, Сербія і Грэцыя абвясцілі ёй вайну. На фракійскім тэатры балг. войскі разбілі тур. часці каля Лозенграда і на лініі Люлебургаз-Бунар-Хісар, акружылі тур. корпус каля г. Эдырне (Адрыянопаль). На македонскім тэатры сербскія і чарнагорскія войскі перамаглі туркаў у Паўн. Албаніі, Косаве і Паўн. Македоніі; грэч. часці занялі Эпір, Фесалію і Паўд. Македонію. 3.12.1912 падпісана перамір’е. У студз. 1913 новы тур. ўрад младатуркаў аднавіў ваен. дзеянні. Але няўдалая высадка іх дэсанта ў тыле балг. войскаў каля крэпасці Чаталджы, страта крэпасці Эдырне і паланенне балгарамі 60-тысячнага тур. гарнізона, здача крэпасці Яніна грэкам прымусілі Турцыю спыніць баі. Паводле Лонданскага мірнага дагавора ад 30.5.1913 Турцыя страціла свае еўрап. ўладанні (акрамя Стамбула і часткі Усх. Фракіі). 2-я балканская вайна (29.6—10.8.1913) — вайна Балгарыі супраць Грэцыі, Сербіі і Чарнагорыі (да іх далучыліся Румынія і Турцыя) — стала вынікам спрэчкі паміж б. саюзнікамі з-за падзелу Македоніі. Правал балг. наступлення на сербскія і грэч. пазіцыі, уварванне рум. войскаў у Балгарыю, захоп туркамі ў ліпені Эдырне і амаль усёй Усх. Фракіі прывялі да капітуляцыі балгараў. Паводле Бухарэсцкага мірнага дагавору ад 10.8.1913 Балгарыя ўступіла Румыніі Паўд. Дабруджу, Грэцыі — Паўд. Македонію і частку Зах. Фракіі, Сербіі — амаль усю Паўн. Македонію. Пазней Балгарыя перадала Турцыі амаль усю Усх. Фракію (паводле міру, заключанага ў Стамбуле 29.9.1913).