ПАСХА́ЛІІ,

табліцы дат святкавання Вялікадня (Пасхі). Складаюцца хрысціянскай царквой на шмат гадоў наперад згодна з пастановаю Нікейскага сабора (325). Паводле пастановы Вялікдзень належыць адзначаць у 1-ю нядзелю, «наступную за поўняй, якая супадае з веснавым раўнадзенствам ці бывае пасля яго», але не павінен супадаць з яўр. пасхай. Шэраг цэркваў складае П. паводле юліянскага календара (Руская, Балгарская, Сербская, Іерусалімская правасл. цэрквы і інш.), каталіцкія і пратэстанцкія — паводле грыгарыянскага. Гэта выклікае разыходжанні ў часе святкавання Вялікадня рознымі хрысціянскімі цэрквамі (гл. табл.).

Гады Правасл. Вялікдзень Каталіцкі Вялікдзень
1 2 3
2001 2(15) крас. 15 крас.
2002 22 крас. (5 мая) 31 сак.
2003 14(27) крас. 20 крас.
2004 29 сак. (11 крас.) 11 крас.
2005 18 крас. (1 мая) 27 сак.
2006 10(23) крас. 16 крас.
2007 26 сак. (8 крас.) 8 крас.
2008 14(27) крас. 23 сак.
2009 6(19) крас. 12 крас.
2010 22 сак. (4 крас.) 4 крас.
2011 11(24) крас. 24 крас.
2012 2(15) крас. 8 крас.
2013 22 крас. (5 мая) 31 сак.
2014 7(20) крас. 20 крас.
2015 30 сак. (12 крас.) 5 крас.
2016 18 крас. (1 мая) 27 сак.
2017 3(16) крас. 16 крас.
2018 26 сак. (8 крас.) 1 крас.
2019 15(28) крас. 21 крас.
2020 6(19) крас. 12 крас.

т. 12, с. 175

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́ТРЫЦА ў матэматыцы,

прамавугольная табліца элементаў адвольнай прыроды; адно з асн. паняццяў лінейнай алгебры. Узнікае пры рашэнні і даследаванні сістэм лінейных ураўненняў.

Элементы М. памераў m × n размяшчаюцца ў прамавугольнай табліцы, якая мае m радкоў і n калонак (слупкоў) і абазначаецца ‖ a11 a12 ... a1n a21 a22 ... a2n ... ... ... ... am1 am2 ... amm ‖ = ‖ aij ‖ або A = ( a11 a12 ... a1n a21 a22 ... a2n ... ... ... ... am1 am2 ... amm ) = ( aij ) , дзе індэксы i, j паказваюць нумар радка і нумар слупка адпаведна, дзе знаходзіцца элемент aij Калі m = n. М. наз. квадратнай парадку n. Калі элементы М. лікі, аперацыі над М. (складанне і множанне) выконваюцца па правілах матрычнай алгебры: сума М. A = ‖aij‖ і B = ‖bij‖ аднолькавых памераў (лік радкоў і лік слупкоў адной М. роўныя адпаведна ліку радкоў і ліку слупкоў другой) ёсць М. C = ‖cij‖, дзе cij = aij + bij. Перамнажаюць М., калі лік слупкоў у адной з іх роўны ліку радкоў у другой і здабытак М. A = ‖aik‖ і B = ‖bkj‖ ёсць М. C = ‖cij‖, дзе cij = ∑ k=1 m aik bkj . М. выкарыстоўваюцца ў матэм. аналізе, механіцы, электратэхніцы (напр., пры даследаваннях малых ваганняў мех. і эл. сістэм), тэорыі імавернасцей, квантавай механіцы і інш.

Р.​Т.​Вальвачоў.

т. 10, с. 205

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕРЫЯДЫ́ЧНАЯ СІСТЭ́МА ЭЛЕМЕ́НТАЎ МЕНДЗЯЛЕ́ЕВА,

упарадкаванае мноства хім. элементаў, іх натуральная класіфікацыя, якая з’яўляецца таблічным выражэннем перыяд. закону Мендзялеева; фундаментальная аснова агульнай і неарганічнай хіміі і навук. база яе выкладання. Прапанавана Дз.І.Мендзялеевым у 1869 у выглядзе табліцы, названай ім «Спроба сістэмы элементаў, заснаваная на іх атамнай вазе і хімічным падабенстве». Стварэнне табліцы паслужыла асновай для адкрыцця перыяд. закону. Пасля стварэння ядз. мадэлі атама і эксперым. доказу лікавай роўнасці парадкавага нумару элемента ў П.с.э.М. зараду ядра (Z) яго атама (1913, закон Мозлі) з’явілася сучасная фізічна абгрунтаваная фармулёўка перыяд. закону Мендзялеева: уласцівасці хім. элементаў, а таксама ўтвораных імі простых і складаных рэчываў знаходзяцца ў перыяд. залежнасці ад велічыні зараду ядзер іх атамаў. Тэарэт. аснова П.с.э.М. — квантавая мадэль атама — распрацавана ў пач. 1920-х г. Н.Борам. Паводле гэтай мадэлі ў адпаведнасці з павелічэннем Z адбываецца паслядоўнае запаўненне электронных абалонак атамаў (гл. Паўлі прынцып), прычым электронныя канфігурацыі знешніх абалонак перыядычна паўтараюцца. Прынцып перыяд. паўтаральнасці падобных электронных канфігурацый атамаў — гал. прычына фіз. прыроды перыядычнасці і аснова перыяд. сістэмы свабодных атамаў элементаў. Гал. сучасная праблема П.с.э.М. — нявызначанасць яе верхняй мяжы, з ростам Z устойлівасць атамных ядзер памяншаецца, устанавіць значэнне Z элемента, атамы якога будуць мець такі кароткі час жыцця, што распадуцца ў момант утварэння, пакуль немагчыма (гл. Радыеактыўнасць, Ядро атамнае).

П.с.э.М. ўключае 109 хім. элементаў; 89 з іх знойдзены ў прыродзе, астатнія атрыманы штучна ў выніку ядзерных рэакцый. Пасля адкрыцця П.с.э.М. апублікавана больш за 500 розных варыянтаў яе відарысаў; найб. пашыраны паўдоўгі варыянт (гл. іл.). Асн. прынцып пабудовы П.с.э.М. заключаецца ў вылучэнні перыядаў (гарыз. рады) і груп (верт. слупкі). Ў П.с.э.М. 7 перыядаў і 8 груп. Перыяд — рад элементаў, які пачынаецца шчолачным металам (акрамя 1 -га перыяду) і канчаецца інертным газам. Дакладнага вызначэння групы няма; фармальна, пачынаючы з 3-га перыяду, нумар групы (N) адпавядае макс. значэнню акіслення ступені элементаў, што ўваходзяць у групу. Кожная група падзяляецца на гал. (A) і дадатковую (B) падгрупы. У падгрупы ўваходзяць элементы з падобнымі канфігурацыямі знешніх электронных абалонак атамаў і хім. ўласцівасцямі. У большасці груп пэўнае падабенства ўласцівасцей элементаў падгруп выяўляецца пераважна ў вышэйшых ступенях акіслення. Асобае становішча ў структуры П.с.э.М. займае VIII гр., у якой аб’яднаны інертныя газы (падгрупа VIIIA) і «трыяды» элементаў (падгрупа VIIIB): Fe—Co—Ni і Ru—Rh—Rd, Os—Ir—Pt (плацінавыя металы). Падабенства ўласцівасцей паміж элементамі гэтых падгруп практычна не назіраецца. Першы перыяд П.с.э.М. ўключае 2 элементы — вадарод і гелій. Атам вадароду мае 1 электрон; у злучэннях можа мець ступень акіслення +1 (як шчолачныя металы) ці -1 (як галагены), таму сімвал Н размяшчаюць у падгрупе IA ці ў VIIA або ў абедзвюх адначасова. Есць варыянты табліцы, у якіх вадарод займае адну працяглую клетку над усімі (акрамя неону) элементамі 2-га перыяду. Другі перыяд (Li—Ne) уключае 8 элементаў. У ім назіраецца пераход ад тыповых металаў да тыповых неметалаў (кісларод і фтор з’яўляюцца найб. актыўнымі сярод неметалаў). У злучэннях дадатную ступень акіслення, роўную N, маюць толькі элементы I—IV груп, для астатніх элементаў перыяду яна вызначаецца паводле правіла 8 - N, што абумоўлена асаблівасцямі будовы знешніх электронных абалонак атамаў. Трэці перыяд (Na—Ar) уключае 8 элементаў. Усе элементы (акрамя Ar) праяўляюць ступень акіслення, роўную N. У гэтым перыядзе, як і ў 2-м, па меры павелічэння Z назіраецца паслабленне метал. і ўзмацненне неметалічнага характару элементаў. Элементы 1—3 перыядаў П.с.э.М. — элементы падгруп A. Паводле сучаснай тэрміналогіі элементы падгруп IA і IIA наз. S-элементамі (сімвалы ў клетачках ружовага колеру), падгруп IIIA—VIIIA — p-элементамі (сімвалы ў клетачках жоўтага колеру). Пры павелічэнні Z, што адпавядае руху зверху ўніз, у падгрупах IA і IIA метал. актыўнасць элементаў нарастае, у IIIA—VIIA падгрупах назіраецца пераход ад тыповых неметалаў (B—F) да элементаў з метал. ўласцівасцямі (Tl—At), устойлівасць злучэнняў элементаў у вышэйшай ступені акіслення зніжаецца. Чацвёрты перыяд (K—Kr) і пяты перыяд (Rb—Xe) маюць па 18 элементаў. У іх пасля s-элементаў ідуць рады з 10 пераходных элементаў, ці d-элементаў, якія ўваходзяць у падгрупы B (сімвалы ў клетачках блакітнага колеру). Для большасці d-элементаў вышэйшая ступень акіслення роўная N, а для Cu і Au нават вышэйшая за N (+2 і +3, адпаведна). Характар змянення ўласцівасцей элементаў 4-га і 5-га перыядаў пры павелічэнні Z аналагічны назіраемаму ў 3-м перыядзе, але больш складаны, што найперш абумоўлена наяўнасцю d-элементаў. Шосты перыяд (Cs—Rn) уключае 32 элементы, сёмы перыяд (Fr—Mt) — 23, пакуль незавершаны. Гэтыя перыяды акрамя 10 d-элементаў уключаюць сем’і з 14 f-элементаў: лантаноіды ў 6-м і актыноіды ў 7-м перыядзе. Лантаноіды і актыноіды дадзены асобнымі радкамі ўнізе пад табліцай. d-элементы 7-га перыяду з ат. н. 104 і больш з’яўляюцца хім. аналагамі элементаў адпаведных груп 6-га перыяду. У падгрупах d-элементаў IB—VIIIB пры руху зверху ўніз метал. актыўнасць памяншаецца, устойлівасць злучэнняў элементаў у вышэйшай ступені акіслення павялічваецца.

П.с.э.М. належыць значная роля ў развіцці прыродазнаўства. Яна дазволіла прадказаць існаванне невядомых элементаў і іх уласцівасці, а таксама новыя ўласцівасці вядомых элементаў, служыць асновай для стварэння новых неарган. матэрыялаў.

В.​Ф.​Цікавы.

т. 12, с. 323

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРТЫТУ́РА (італьян. partitura ад лац. partio дзялю, размяркоўваю),

нотны запіс шматгалосага муз. твора для аркестра, хору, камернага ансамбля і інш. У П. кожная партыя пішацца ці друкуецца на асобным нотным стане; натаносцы (радкі) размяшчаюцца па вертыкалі — у пэўным парадку па групах інструментаў і па гарызанталі — паводле прынцыпу супадзення тактаў, тэсітуры — зверху ўніз (за выключэннем труб), партыі арфы, фп., аргана, салістаў, хору — над групай струнных (смыкавых). Размяшчэнне інстр. груп у П. для сімф. аркестра (зверху ўніз) наступнае: драўляныя духавыя, медныя духавыя, ударныя, струнныя. Чытанне (аналіз) П. — адна з дысцыплін муз. адукацыі кампазітараў, дырыжораў, музыказнаўцаў і інш.

Першыя звесткі пра П. датуюцца пач. 16 ст. («Tabulae compositorias», «Кампазітарскія табліцы»), Развіццё кампазітарскай тэхнікі, інструментарыя, інстр. складу аркестра адбілася на структуры П. Сучасная арганізацыя П. сфарміравалася ў 19 ст. Некат. змены ў традыц. правілы ўнеслі Г.​Берліёз, Р.​Вагнер, Р.​Штраус, А.​Месіян і інш. Спробы прасцейшага запісу арк. твораў рабілі М.​Рымскі-Корсакаў, М.​Мяскоўскі, С.​Пракоф’еў. У сярэдзіне 20 ст. новыя віды кампазітарскай тэхнікі (А.​Шонберг, А.​Берг, А.​Анегер і інш.) спрыялі ўзнікненню ўмоўных спосабаў натацыі, а таксама інш. знакавых натацыйных прынцыпаў. У бел. музыцы гэта адбілася ў некат. творах Дз.​Смольскага, В.​Кузняцова, В.​Капыцько і інш.

Літ.:

Таранов Г. Курс чтения партитур. М.; Л., 1939;

Нюрнберг М. Нотная графика. Л., 1953;

Рогаль-Левицкий Д.Р. Беседы об оркестре. М., 1961;

Мальтер Л. Таблицы по инструментоведению. М., 1966;

Благодатов Г.И. История симфонического оркестра. Л., 1969;

Фортунатов Ю.А. История оркестровых стилей. М., 1973.

Т.​А.​Дубкова.

т. 12, с. 141

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЫЛІЧА́ЛЬНАЯ МАТЭМА́ТЫКА,

раздзел матэматыкі, у якім распрацоўваюцца і даследуюцца метады лікавага рашэння матэм. задач. Метады вылічальнай матэматыкі прыбліжаныя, падзяляюцца на аналітычныя (даюць прыбліжаныя рашэнні ў выглядзе аналітычнага выразу) і лікавыя (у выглядзе табліцы лікаў).

Узнікненне вылічальнай матэматыкі звязана з неабходнасцю рашэння асобных задач (вымярэнне адлегласцей, плошчаў, аб’ёмаў і інш.). Развіццё навукі, асабліва астраноміі і механікі, спрыяла развіццю матэматыкі ўвогуле і вылічальнай матэматыкі ў прыватнасці. Складаліся табліцы эмпірычна знойдзеных залежнасцей, што прывяло да ўзнікнення паняцця функцыі і задачы інтэрпалявання (гл. Інтэрпаляцыя). Поспехі вылічальнай матэматыкі звязаны з імёнамі І.​Ньютана, Л.​Эйлера, М.​І.​Лабачэўскага, К.​Ф.​Гаўса, П.​Л.​Чабышова, С.​А.​Чаплыгіна, А.​М.​Крылова, А.​М.​Ціханава, А.​А.​Самарскага, У.​І.​Крылова, Л.​В.​Кантаровіча і інш. Многія задачы вылічальнай матэматыкі можна запісаць у выглядзе y=Ax, дзе x і y належаць зададзеным мноствам X і Y, A — некаторы аператар. Для рашэння задачы трэба знайсці у па зададзеным х ці наадварот. У вылічальнай матэматыцы гэта задача рашаецца заменай мностваў X, Y і аператара A (ці толькі некаторых з іх) іншымі, зручнымі для вылічэнняў. Замена робіцца так, каб рашэнне новай задачы y=Bx было ў нейкім сэнсе блізкім да рашэння першапачатковай задачы. Напр., калі ў якасці Ax узяць інтэграл ∫ a b x(t) dt , то прыбліжанае значэнне яго ў многіх выпадках можна вылічыць паводле т.зв. квадратурнай формулы ∫ a b x(t) dt ≈ ∑ k − 1 n Ak x (tk) , дзе Ak і tk — некаторыя фіксаваныя лікі. Гэта адна з класічных задач вылічальнай матэматыкі. Пры рашэнні яе, асабліва ў выпадку кратнага (шматразовага) і кантынуальнага інтэгравання, карыстаюцца Монтэ-Карла метадам. Прынцыповае значэнне ў вылічальнай матэматыцы належыць тэорыі прыбліжэння функцый, якая адыгрывае і агульнаматэм. ролю. Адна з характэрных задач прыбліжэння функцый — задача інтэрпалявання, г.зн. пабудова для зададзенай функцыі 𝑓(t) прыбліжанай функцыі 𝑓n(t), якая супадае з 𝑓(t) у фіксаваных вузлах t1, t2, ..., tn. У тэорыі прыбліжэння функцый сапраўднага (а пазней і камплекснага) пераменнага распрацоўваліся метады прыбліжэння функцый аднаго класа функцыямі інш. класаў, а таксама вывучаліся пытанні збежнасці і ацэнак прыбліжэнняў. Найб. пашыраныя задачы вылічальнай матэматыкі — задачы алгебры [рашэнне сістэм лінейных алгебраічных ураўненняў, вылічэнне вызначнікаў (дэтэрмінантаў) і адваротных матрыц, знаходжанне ўласных вектараў і ўласных значэнняў матрыц, вызначэнне каранёў мнагачленаў]. У задачы прыбліжанага рашэння сістэмы лінейных ураўненняў Ax=b, дзе A — квадратная матрыца, x і b — вектары-калонкі, часта выкарыстоўваюцца ітэрацыйныя метады. Многія ітэрацыйныя метады рашэння гэтай сістэмы маюць выгляд xk = xk−1 + Bk ( b − Axk−1 ) , дзе Bk ( k = 1, 2, ... ) — некаторая паслядоўнасць матрыц, x° — пачатковае прыбліжэнне, часам адвольнае. Розны выбар матрыц Bk дае розныя ітэрацыйныя працэсы. Значную частку вылічальнай матэматыкі складаюць прыбліжаныя і лікавыя метады рашэння звычайных дыферэнцыяльных ураўненняў, дыферэнцыяльных ураўненняў у частковых вытворных, інтэгральных ураўненняў, інтэгра-дыферэнцыяльных ураўненняў, вылічальныя метады варыяцыйнага злічэння, аптымальнага кіравання, задач стахастычнага аналізу і інш. З’яўленне вылічальных машын значна расшырыла кола задач і стымулявала далейшую распрацоўку метадаў вылічальнай матэматыкі з улікам магчымасцей вылічальных машын, у прыватнасці распрацоўкі спец. алгарытмаў, арыентаваных на паралельную рэалізацыю.

На Беларусі даследаванні па ўсіх асн. кірунках вылічальнай матэматыкі і падрыхтоўкі навук. кадраў пачаліся з 1950-х г. у АН і БДУ пад кіраўніцтвам акад. У.​І.​Крылова; асобныя пытанні вылічальнай матэматыкі распрацоўваліся і раней.

Літ.:

Березин И.С., Жидков Н.П. Методы вычислений. Т. 1. 3 изд. М., 1966;

Т. 2. 2 изд. М., 1962;

Канторович Л.В., Крылов В.И. Приближенные методы высшего анализа. 5 изд. М.; Л., 1962;

Крылов В.И. Приближенное вычисление интегралов. 2 изд. М., 1967;

Крылов В.И., Скобля Н.С. Справочная книга по численному обращению преобразования Лапласа. Мн., 1968;

Турецкий А.Х. Теория интерполирования в задачах. Мн., 1968;

Фаддеев Д.К., Фаддеева В.Н. Вычислительные методы линейной алгебры. 2 изд. М.; Л., 1963;

Янович Л.А. Приближенное вычисление континуальных интегралов по гауссовым мерам. Мн., 1976.

Л.​А.​Яновіч.

т. 4, с. 311

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕТРАЛО́ГІЯ ГІСТАРЫ́ЧНАЯ,

спецыяльная гіст. навука, якая вывучае гіст. меры (даўжыні, масы, плошчы, аб’ёмаў сыпкіх і вадкіх рэчываў і інш. велічынь у іх развіцці. Задачы М.г. — вызначэнне суадносін адзінак розных велічынь паміж сабой і іх сувязі з адзінкамі метрычнай сістэмы мер.

Распрацоўка М.г. у Зах. Еўропе пачалася з трактатаў юрыстаў і купцоў 14—15 ст., у якіх сістэматызаваліся звесткі пра меры для патрэб гандлю. У трактатах землямераў выкладаліся спосабы вымярэння даўжыні і паверхні («Кульмская геаметрыя»). У 16 ст. з’явіліся матэм. працы па метралогіі («Майстэрскае лічэнне» К.​Рудольфа). Уласна М.г. прысвечана праца Г.​Агрыкалы «Пяць кніг пра меры і вагі рымлян і грэкаў» (1550). У цяперашні час дзейнічае міжнар. камісія па М.г., з 1975 склікаюцца кангрэсы па гэтай навуцы.

На Беларусі метралагічныя працы з’явіліся ў 16 ст. ў сувязі з правядзеннем валочнай памеры. У 18 ст. пытанні М.г. распрацоўвалі гісторыкі Ф.​Ф.​Лойка, Т.​Чацкі, С.​Богуш-Сестранцэвіч. З прыняццем у канцы 18 ст. ў Францыі метрычнай сістэмы мер і паступовым яе пашырэннем па еўрап. краінах з’явілася патрэба ў суаднясенні даўніх мер Рэчы Паспалітай з новымі. Гэтаму прысвечаны працы А.​Сапегі «Табліцы суадносін новых французскіх мер і вагі з літоўскімі і польскімі» (1802) і А.​Хадкевіча «Табліцы суадносін даўніх мер і вагі французскіх і каронна-літоўска-польскіх з мерамі і вагамі новымі і прынятымі ў Францыі» (1811). У 19 ст. М.г. Рэчы Паспалітай распрацоўвалі І.​Лялевель, Ф.​Пекасінскі. У канцы 19 — пач. 20 ст. меры феад. Беларусі вывучалі А.​М.​Семянтоўскі, М.​В.​Доўнар-Запольскі, У.​І.​Пічэта. Пытанням бел. М.г. прысвечаны працы Дз.​Л.​Пахілевіча, З.​Ю.​Капыскага, П.​Р.​Казлоўскага, А.​П.​Грыцкевіча, Я.​К.​Анішчанкі, Л.​А.​Малчанавай, К.​У.​Скурата, польскіх даследчыкаў Л.​Калянкоўскага, У.​Пацехі, Р.​Мяніцкага, В.​Кулі, С.​Александровіча, Г.​Дунін-Вансовіч, Я.​Юркевіча. Важныя працы па стараж.-рус. і рас. феад. метралогіі належаць П.​Р.​Буткову, Дз.​І.​Празароўскаму, Ф.​І.​Петрушэўскаму, А.​І.​Нікіціну, І.​І.​Каўфману, Л.​У.​Чарапніну, В.​Л.​Яніну, Б.​А.​Рыбакову, А.​І.​Каменцавай, М.​А.​Шасцьіну, І.​Э.​Клейненбергу.

Даўнія бел. меры. Меры даўжыні. Міля = 5 вёрст; вярста = 798 сажняў = 1559,7 м; вярста вялікая = 1000 сажняў = 1948,8 м; сажань = 194,88 см; шнур = 75 локцяў = 10 прутоў (прэнтаў) = 100 прэнцікаў = 48,7 м; локаць = 64,96 см; стапа = 12 цаляў = 32,5 см; цаля = 2,7 см; гоні (гон) = 80—100 м. Меры плошчы. Валока = 30 маргоў = 9000 кв. прутоў = 67 500 кв. локцяў = 21,36 га; морг = 3 кв. шнуры = 0,71 га; шнур = 100 кв. прутоў = 0,237 га; прэнцік = 0,237 м Меры аб’ёму. Бочка віленская = 4 чвэрці = 8 асьмін = 72 вялікія гарцы = 144 малыя гарцы = 406,7 л (для сыпкіх рэчываў) і 406,54 л (для вадкасці); гарнец малы (шынковы) = 2,8237 л; гарнец вялікі (цэхавы) = 5,6474 л; чвэрць (карэц) = ​1/4 бочкі = 2 асьміны = 36 гарцаў = 102 л; кварта = ​1/4 гарца = 0,7057 л; мядніца = 12 гарцаў = 33,84 л. Меры масы (вагі). Беркавец = 5 камянёў = 200 фунтаў = 74,96 кг; камень = 40 фунтаў = 14,993 кг; фунт = 32 лоты = 374,8 г; пуд = 40—50 фунтаў; бязмен = 5—6 фунтаў = 1,87—2,24 кг; кантар = 100 фунтаў 37,48 кг; грыўна = 195,5 г. Адзінкі лічэння. Капа = 60; саха (валы, нарогі для сох) = 2; пасма (у ткацтве) = 30 нітак; лібра = 25 аркушаў паперы; рэз = 20 лібраў = 500 аркушаў паперы; тузін = 12; фаска = 500. У розных мясцовасцях Беларусі ў розныя часы існавалі свае меры, якія адрозніваліся ад вышэй названых.

Літ.:

Скурат К.У. Даўнія беларускія меры (лексічны аналіз). Мн., 1974;

Каменцева Е.И. Историческая метрология. М., 1978.

В.​С.​Пазднякоў.

т. 10, с. 313

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́ЛГЕБРА ЛО́ГІКІ,

раздзел матэматычнай логікі, які вывучае логікавыя аперацыі над выказваннямі. Заснавальнік — англ. матэматык Дж.​Буль (1815—64). Алгебра логікі разглядае выказванні толькі з пункту гледжання іх праўдзівасці (пазначаюць лічбамі 1 — праўдзівасць і 0 — ілжывасць). Логікавыя аперацыі над выказваннямі даюць магчымасць будаваць новыя выказванні. Праўдзіваснае значэнне такога выказвання A (a1, ..., an), атрыманага пры дапамозе логікавых аперацый з прасцейшых выказванняў a1, ..., an, адназначна выяўляецца праўдзіваснымі значэннямі зыходных выказванняў a1, ..., an. Таму кожнаму такому выказванню A (a1, ..., an) адпавядае n-ме́сцавая функцыя, якая прымае значэнні 0,1, аргументы яе таксама прымаюць гэтыя значэнні. Такія функцыі наз. функцыямі алгебры логікі, ці булевымі, функцыямі. Яны могуць быць зададзеныя з дапамогай праўдзівасных табліц, якія маюць 2​n радкоў.

Логікавыя аперацыі: кан’юнкцыя &, дыз’юнкцыя ⋁, адмаўленне ¬, імплікацыя ⇒, эквіваленцыя ⇔ — могуць быць зададзеныя з дапамогай праўдзівасных табліц. Замест ¬x часам пішуць x_. Ужываецца заданне функцый алгебры логікі і з дапамогай формул у мове, у якой ёсць пераменныя x, y, z... і сімвалы некаторых канкрэтных функцый. Найбольш ужывальная мова, якая мае логікавыя сімвалы &, ⋁, ¬, ⇒, ⇔. Кожнай формуле гэтай мовы адпавядае нейкая функцыя алгебры логікі, значэнне (0,1) якой пры дадзеных значэннях пераменных (0,1) знаходзіцца ў адпаведнасці з аперацыямі, з якіх пабудавана дадзеная формула. Такая функцыя рэалізуе дадзеную формулу. Формулы A і B наз. роўнымі (раўназначнымі), калі адпаведныя ім функцыі роўныя, г.зн. калі супадаюць іх праўдзівасныя табліцы. Азначэнне A=B ці A≡B, A~B, калі кажуць пра іх раўназначнасць. Важную ролю ў алгебры логікі маюць роўнасці, якія задаюць булеву алгебру.

Кожная функцыя алгебры логікі можа быць рэалізаваная нейкай формулай мовы з логікавымі сімваламі &, ⋁, ¬. Асаблівую ролю ў алгебры логікі адыгрываюць дыз’юнктыўныя і кан’юнктыўныя нармальныя формы, якія маюць вял. прыкладное значэнне. Сістэма функцый Ф. наз. функцыянальна поўнай, калі адвольная функцыя алгебры логікі можа быць рэалізаваная формулай, якая мае толькі сімвалы функцый з Ф. Напр., сістэмы функцый {&, ⋁, ¬}, {&, ¬}, {⋁, ¬}, {⇒, ¬}, {x | y}, {x ↓ y} функцыянальна поўныя (тут x | y = x & y_______ , x ↓ y = x ⋁ y_______ , якія наз. штрыхам Шэфера і стрэлкай Пірса адпаведна).

Алгебра логікі мае шмат дадаткаў, асабліва ў тэорыі эл. схем.

Р.​Т.​Вальвачоў.

т. 1, с. 234

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУКВА́Р, азбука,

падручнік для пач. навучання чытанню і пісьму. Прызначаны для выхавання дзяцей, развіцця іх мовы і лагічнага мыслення. Традыцыйна з’яўляецца крыніцай першых звестак пра краіну, народ, яго культуру. Уключае матэрыял, які фарміруе ў выхаванцаў нормы паводзін і ўзаемаадносін паміж старэйшымі і малодшымі. Асн. структурны склад буквара — літары, літараспалучэнні, склады, лічбы, граматычныя звесткі, павучанні, тэкставыя і ілюстрацыйныя матэрыялы, схемы, табліцы. Навуч.-выхаваўчую работу з букваром звычайна падзяляюць на 3 перыяды: падрыхтоўчы, букварны і паслябукварны.

Доўгі час грамату асвойвалі па царк. кнігах (псалтырах, часаслоўцах, апосталах). З 16 ст. пачалі ствараць і выдаваць спец. дапаможнікі. Першы друкаваны буквар на царк.-слав. мове ў рус. рэдакцыі — «Азбука» І.​Фёдарава (Львоў, 1574). На Беларусі адзін з першых буквароў выдалі ў 1593 у Вільні браты Л. і К.​Мамонічы. У 1596 у Вільні выйшаў буквар Л.​Зізанія. Па іх вучыліся чытаць і пісаць на Беларусі, Украіне, у Расіі і Літве. З 1590-х г. да 1653 на Беларусі выйшла 16 буквароў — больш за палавіну падобных выданняў на ўсх.-слав. землях. Тэрмін «Азбука» ў загалоўку кнігі ўпершыню з’явіўся ў віленскім (1596), «Буквар» — у еўеўскім (1618) брацкіх выданнях. У 17—19 ст. буквары друкавалі ў Вільні, Куцейне, Магілёве, Супраслі, Варшаве. У 1906 выдадзены «Беларускі лемантар, або Першая навука чытання» (ананімна) і «Першае чытанне для дзетак-беларусаў» Цёткі. Пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 побач з вучэбнымі дапаможнікамі для дзяцей у БССР друкаваліся буквары для лікбеза «Наша сіла — ніва ды машына: Лемантар для дарослых» М.​Байкова, С.​Некрашэвіча, М.​Багдановіча, 1925; «Наша сіла — Саюз. Лемантар для сельскагаспадарчых і лясных рабочых», 1926 і інш. Беларускія буквары выдавалі таксама А.​Федасенка, М.​Пігулеўскі і І.​Пісарчык, С.​Паўловіч і інш. У 1929—69 карысталіся букваром, складзеным Н.​Сіўко (1929—32 з Л.​Лукіной, 1937—41 з З.​Ліхачовай). З 1969 выйшла 18 выданняў буквара А.​Клышкі, у т. л. «Разразная азбука».

Літ.:

Голенченко Г.Я. Источники по истории белорусской культуры: (Старопечатные учебные книги XVI—первой половины XVII вв.) // Из истории книги в Белоруссии. Мн., 1979;

Ботвинник М. Откуда есть пошел букварь. Мн., 1983.

т. 3, с. 324

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІБЛІЯГРА́ФІЯ (ад грэч. biblion кніга + ...графія),

1) галіна навукова-практычнай дзейнасці па падрыхтоўцы і апісанні інфармацыі пра творы друку і пісьменства, а таксама па распрацоўцы прынцыпаў і метадаў выкарыстання гэтай інфармацыі.

2) Апрацаваны збор бібліяграф. апісанняў дакументаў, падабраных па пэўных пытаннях.

Зарадзілася ў стараж. часы. Вядомы бібліягр. табліцы, складзеныя пад кіраўніцтвам грэка Калімаха ў Александрыйскай бібліятэцы (3 ст. да н. э.). У Еўропе першая друкаваная бібліягр. праца — «Кніга пра царкоўных пісьменнікаў» І.​Трытэнхеймскага (1494). Найб. значнай працай у 16 ст. была «Усеагульная бібліятэка» швейцарскага вучонага К.​Геснера (т. 1—4, 1545—55). Самы даўні стараж.-рускі бібліягр. помнік — арт. «Богословъца от словес» у «І зборніку Святаслава» (1073).

На сучасным этапе адрозніваюць бібліяграфію: дзяржаўную, або нацыянальную (рэгістрыруе творы друку і аўдыёвізуальныя матэрыялы, выдадзеныя на тэрыторыі пэўнай краіны, і інфармуе аб іх грамадскасць); навукова-дапаможную (садзейнічае навук. і прафесійна-вытв. дзейнасці); рэкамендацыйную (садзейнічае агульнай і прафес. адукацыі, самаадукацыі, выхаванню і папулярызацыі ведаў); універсальную (адлюстроўвае дакументы паводле фармальных прыкмет — тыпалагічных, храналагічных, моўных); галіновую (адлюстроўвае дакументы пэўнай галіны ведаў ці практычнай дзейнасці); краязнаўчую (пашырае інфармацыю, звязаную зместам з пэўнай мясцовасцю ў краіне); бягучую (рыхтуе і распаўсюджвае інфармацыю пра новыя творы друку); рэтраспектыўную (рыхтуе і распаўсюджвае інфармацыю пра дакументныя масівы за пэўны прамежак часу). З сярэдзіны 20 ст. уніфікуюцца метады апрацоўкі бібліяграфіі, аўтаматызуецца тэхніка іх складання, ствараюцца інфарм. сістэмы, якія каардынуюцца міжнар. арг-цыямі (ЮНЕСКА, Міжнар. федэрацыя бібліятэчных т-ваў і інш.).

На Беларусі бібліягр. дзейнасцю займаюцца Нацыянальная кніжная палата (з 1978 выдае штогод паказальнік «Бібліяграфічных дапаможнікаў Беларусі»), Бібліятэка нацыянальная Беларусі, Бібліятэка цэнтральная навуковая імя Я.​Коласа АН Беларусі, Бібліятэка прэзідэнцкая, Бібліятэка навукова-тэхнічная рэспубліканская, Бібліятэка навукова-медыцынская рэспубліканская, Бібліятэка навукова-педагагічная рэспубліканская, Бібліятэка беларуская сельскагаспадарчая і інш., а таксама б-кі ВНУ, абласныя навук. б-кі, органы навукова-тэхн. інфармацыі. Значны ўклад у развіццё бел. бібліяграфіі зрабілі Ю.І.Бібіла, А.​Дз.Васілеўская, Н.Б.Ватацы, Л.І.Збралевіч, М.​В.​Іваноў, В.​Е.​Лявончыкаў, А.​А.​Сакольчык, І.Б.Сіманоўскі, М.​Ц.​Талкачоў, В.​А.​Факееў і інш.

Літ.:

Здобнов Н.В. История русской библиографии до начала XX в. 3 изд. М., 1955;

Симановский И.Б. Белорусская советская библиография. Ч. 1. Мн., 1965;

Отраслевые библиографии БССР. Мн., 1979;

Симон К.Р. История иностранной библиографии. М., 1963.

т. 3, с. 141

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІЗЯСЛА́ВІЧЫ,

1) княжацкі род, прадстаўнікі якога ў 11—13 ст. валодалі Полацкай зямлёй, адгалінаванне роду Рурыкавічаў. Паходзяць ад Ізяслава Уладзіміравіча, старэйшага сына вял. кіеўскага кн. Уладзіміра Святаславіча і полацкай князёўны Рагнеды Рагвалодаўны. Паводле родавых звычаяў Ізяслаў лічыўся спадкаемцам свайго дзеда па маці Рагвалода, які загінуў разам з сынамі пры заваяванні Полацка Уладзімірам Святаславічам. У сувязі з гэтым нашчадкі Ізяслава ў летапісах наз. «Рагваложымі ўнукамі», у гіст. л-ры часам Рагвалодавічамі. Уладзімір перадаў ва ўдзел Ізяславу Полацкае княства. Паколькі Ізяслаў памёр раней за бацьку, яго нашчадкі страцілі права на велікакняжацкі пасад у Кіеве. У 1129 за непаслушэнства кіеўскаму князю большасць І. была выслана ў Візантыю, але многія з іх да сярэдзіны 12 ст. вярнуліся і аднавілі свае ўладанні ў Полацкай зямлі. З гэтага часу род падзяліўся на некалькі галін, якія паходзяць ад сыноў Усяслава Брачыславіча (унука Ізяслава). На падставе гэтага іх называюць таксама Усяславічамі. Не выключана, што нашчадкамі І. былі некаторыя правасл. княжацкія роды, вядомыя на Беларусі ў часы ВКЛ: Адзінцэвічы, Друцкія, Лукомскія, Палубінскія, Талочкі.

Княжацкі род, прадстаўнікі якога ў 11—13 ст. валодалі Тураўскай зямлёй; адгалінаванне роду Рурыкавічаў. Паходзяць ад кн. Ізяслава Яраславіча, які ў сярэдзіне 11 ст. атрымаў Тураў ад свайго бацькі вял. кіеўскага кн. Яраслава Мудрага. Пасля смерці Ізяслава Туравам валодалі яго сыны — Яраполк, потым Святаполк. Права апошняга на Тураўскую зямлю пацверджана Любецкім з’ездам 1097. Сыны і ўнукі Ізяслава стараліся замацавацца і ў інш. рэгіёнах Русі. У 1113 вял. кіеўскі кн. Уладзімір Манамах пазбавіў І. Тураўскага княства, пакінуўшы за сынам Святаполка Яраславам толькі Уладзімір-Валынскі. Аднавіць свае ўладанні (акрамя Брэстчыны) І. удалося толькі ў 1158, калі ў Тураве, відаць, па запрашэнні гараджан, з’явіўся кн. Юрый Яраславіч. Сыны Юрыя падзялілі тураўскія землі на ўдзелы. Звесткі пра І. у летапісах знікаюць у канцы 13 ст. Іх нашчадкамі лічаць шматлікія княжацкія роды, вядомыя ў Беларусі і Украіне ў часы ВКЛ: Астрожскіх, Вішнявецкіх, Гарадзецкіх, Дольскіх, Збаражскіх, Нясвіцкіх, Парэцкіх, Сцяпанскіх, Чацвярцінскіх.

Літ.:

Алексеев Л.В. Полоцкая земля в IX—XIII вв.: (Очерки истории Северной Белоруссии). М., 1966;

Рапов О.М. Княжеские владения на Руси в X — первой половине XIII в. М., 1977;

Насевіч В.Л. Генеалагічныя табліцы старадаўніх княжацкіх і магнацкіх беларускіх родаў 12—18 стст. Мн., 1993;

Загорульский Э.М. Генеалогия полоцких князей Изяславичей. Мн., 1994.

В.​Л.​Насевіч, А.​В.​Іоў.

т. 7, с. 188

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)