«ВЫЗВОЛЕ́НЕ»

(«Wyzwolenie»),

Польская народная партыя «Вызваленне», дробнабуржуазная партыя ў Польшчы ў 1915—31. Мела значны ўплыў на сялян Зах. Беларусі. Яе лідэры: К.​Багінскі, Я.​Домбскі, Т.​Начніцкі, С.​Асецкі, Ю.​Панятоўскі, С.​Тугут. Радыкальная частка «Вызволеня» ў 1922—23 выдавала ў Вільні газ. «Wyzwolenie Ludu» («Вызваленне народа»). З дапамогай радыкальных праграм яна аб’яднала вакол сябе частку сярэдніх і дробных сялян. Кіраўніцтва партыі займала згодніцкія пазіцыі, але пад націскам радавых членаў «Вызволеня» стала ў апазіцыю да ўрада Пілсудскага. У 1924 з яе вылучылася левае крыло на чале з пасламі сейма А.​Фідаркевічам, С.​Ваявудскім, С.​Баліным, якое стала асновай Незалежнай сялянскай партыі. У 1931 «Вызволене» аб’ядналася з партыяй «Пяст» і Сял. партыяй у Польскую нар. партыю, якая адстойвала інтарэсы заможных сялян.

І.​П.​Хаўратовіч.

т. 4, с. 308

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЫПІСНЫ́Я СЯЛЯ́НЕ,

феадальна-залежнае насельніцтва Расіі ў 17 — сяр. 19 ст., якое замест аброку і падушнага падатку было абавязана працаваць на казённых і прыватных з-дах ці ф-ках. У канцы 17 і асабліва ў 18 ст. ўрад дзеля падтрымкі буйной прам-сці шырока практыкаваў прыпіску (звычайна без указання тэрміну) дзярж. сялян да з-даў ці мануфактур на Урале і ў Сібіры. Фармальна сяляне заставаліся ўласнасцю дзяржавы, але прадпрымальнікі эксплуатавалі і каралі іх як сваіх прыгонных. Цяжкае становішча П.с. выклікала шматлікія паўстанні і ўцёкі. З канца 18 ст. ўрад спыніў прыпіску сялян да з-даў. У пач. 19 ст. П.с. пад назвай «неадменных работнікаў» увайшлі ў катэгорыю пасэсійных сялян, скасаваную ў 1861—63 пасля адмены прыгоннага права.

Літ.:

Панкратова А.М. Формирование пролетариата в России. (XVII—XVIII вв.). М., 1963.

т. 13, с. 75

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАН АНЬШЫ́, Ван Цзэфу (1021—86),

дзяржаўны дзеяч Кітая, вучоны, пісьменнік. У 1069 саветнік пры двары, у 1070—74 і 1075—76 — 1-ы міністр. Увёў новы кадастр з мэтай упарадкавання падатковай сістэмы, дзярж. крэдытавання сялян пад ураджай, рэкруцкі набор, спрабаваў рэгуляваць рыначныя цэны. Рэформы адпавядалі інтарэсам дробных і сярэдніх памешчыкаў, часткова сялян. У выніку супрацьстаяння буйных феадалаў большая ч. рэформаў Ван Аньшы ў 1085 была скасавана. Аўтар прац па тэалогіі, гісторыі кіт. літаратуры.

т. 3, с. 500

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАВАСЁЛКІ,

вёска ў Кобрынскім р-не Брэсцкай вобл. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 25 км на Пд ад горада і 27 км ад чыг. ст. Кобрын, 71 км ад Брэста. 926 ж., 400 двароў (1999). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну. Помнік удзельнікам узбр. выступлення сялян 4.8.1933 (гл. Кобрынскае ўзброенае выступленне сялян 1933). Помнік архітэктуры — Міхайлаўская царква (19 ст.).

т. 11, с. 102

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІ́ШЧЫЦКІ РАССТРЭ́Л 1905,

расстрэл урадавымі войскамі сялян в. Кішчыцы Чавускага пав. (цяпер Шклоўскі р-н Магілёўскай вобл.). 17.6.1905 каморнікі пад аховай войск і паліцыі пачалі праводзіць мяжу паміж Горацкім і Чавускім пав., якая адначасова павінна была стаць мяжой паміж памешчыцкімі і сял. землямі. Сяляне вёскі не дазволілі праводзіць межавыя работы на карысць памешчыка. Спробы коннай паліцыі разагнаць натоўп не далі вынікаў. Войскі ўжылі зброю, забілі 8 сялян, цяжка паранілі 15. На месцы К.р. ў 1955 пастаўлены помнік.

т. 8, с. 315

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛАНЕ́ЦКІ УНІВЕРСА́Л,

заканадаўчы акт, падпісаны Т.​Касцюшкам 7.5.1794 у лагеры каля мяст. Паланец пад Сандамірам у час паўстання 1794. Складзены пры ўдзеле Г.Калантая. Быў 1-й спробай усебаковага рэфармавання становішча сялян у Рэчы Паспалітай, меў на мэце прыцягнуць іх да ўдзелу ў паўстанні. Абвясціў аб прадастаўленні сялянам асабістай свабоды пры ўмове іх разліку з землеўладальнікам, скарачэнні паншчыны на 33—50% у часе паўстання і яе адмене для сялян, якія далучыліся да паўстання, прызнаў права сялян на зямлю, якую яны апрацоўвалі, і забараніў іх згон. У якасці кампенсацыі землеўласнікам за змяншэнне паншчыны П.у. прадугледжваў заключэнне з сялянамі дагавораў аб наёмнай працы (фактычна прымусовай). Быў устаноўлены ін-т дазорцаў, якія павінны былі разглядаць спрэчкі паміж сялянамі і землеўласнікамі. Рэалізацыя універсала сустрэла процідзеянне шляхты. Пасля 3-га падзелу Рэчы Паспалітай (1795) рэформы, прадугледжаныя П.у., скасаваны новымі дзярж. ўладамі.

т. 11, с. 536

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГВА́ЛТЫ,

від адработачнай феад. павіннасці сялян на Беларусі, Украіне, у Польшчы і Літве ў 15 — пач. 19 ст.; тое, што згоны.

т. 5, с. 99

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЛО́НСКАЯ СЯЛЯ́НСКАЯ АРГАНІЗА́ЦЫЯ.

Дзейнічала ў в. Блонь Пухавіцкага р-на Мінскай вобл. ў 1899—1908. Рэв. агітацыя сярод сялян праводзілася з 1881 уладальнікамі маёнтка Блонь народнікамі А.В.Бонч-Асмалоўскім і яго жонкай В.І.Вахоўскай. Яна ўзмацнілася пасля ўзнікнення на Міншчыне ў канцы 1890-х г. Рабочай партыі паліт. вызвалення Расіі. У канцы 1899 узнік тайны гурток самаразвіцця і ўзаемадапамогі. Гурток налічваў каля 20 чал., меў б-ку, аказваў матэр. дапамогу сялянам; на сваіх сходах абмяркоўваў паліт. і эканам. праблемы, яго члены знаёміліся з рэв. л-рай, сацыяліст. ідэямі. У 1898—99 у маёнтку Блонь жыла К.А.Брэшка-Брашкоўская, туды прыязджалі С.П.Кавалік, Р.А.Гершуні, Я.К.Судзілоўская, С.К.Мяржынскі, П.В.Румянцаў і інш. У 1901 гурток разгромлены, Бонч-Асмалоўскі з сынам Іванам і М.​Цехановіч высланы. У 1903 вакол селяніна В.​Катка (Федарончыка) сфарміраваўся новы гурток, які знаходзіўся пад уплывам эсэраў. Яго ўдзельнікі распаўсюджвалі сярод сялян антыўрадавыя і антырэліг. погляды. У маі 1903 пасля высылкі Катка дзейнасць гуртка прыпынілася. Аднавілася ў канцы 1904 пасля вяртання са ссылкі Бонч-Асмалоўскага і Цехановіча. У 1905 яны заснавалі суполку Усерас. сял. саюза, у рабоце якой прымалі ўдзел эсэры, прадстаўнікі мінскіх арг-цый РСДРП і Бел. сацыяліст. грамады. Вялася падрыхтоўка сялян-агітатараў. Прадстаўнікі Блонскай сялянскай арганізацыі Бонч-Асмалоўскі, Р.​Гайдук і «Канстанцін» (прозвішча не ўстаноўлена) удзельнічалі ў рабоце Устаноўчага з’езда Усерас. сялянскага саюза (31.7—1.8.1905, Масква). З дапамогай найб. свядомых сялян рэгулярна праводзіліся мітынгі, на якіх збіралася да 500 чал. з навакольных вёсак. З 1906 з узмацненнем паліцэйскага тэрору арг-цыя страціла актыўнасць. Спыніла існаванне ў сувязі з арыштам сям’і Бонч-Асмалоўскіх і найб. актыўных сялян.

З.​В.​Шыбека.

т. 3, с. 195

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДО́ЛЬНІКІ,

катэгорыя сялян ВКЛ у 15—18 ст., галоўнай феад. павіннасцю якой была доля. Акрамя гэтага, Д. выконвалі інш. павіннасці: хадзілі на талаку да 12 дзён улетку, будавалі і рамантавалі панскія пабудовы, масты, выконвалі стацыю, падводную павіннасць, баброўшчыну (плацяжы футрам або грашыма за карыстанне ўгоддзямі). У 16—18 ст. найб. пашыраны ў Бел. Падзвінні. З развіццём таварна-грашовых адносін і ростам сувязей сельскай гаспадаркі з унутраным і знешнім рынкамі Д. паступова ператвараліся ў паншчынных або чыншавых сялян.

М.​Ф.​Спірыдонаў.

т. 6, с. 179

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЮ́ДЗІ ВО́ЛЬНЫЯ,

катэгорыя сялян на Беларусі ў канцы 18—19 ст. Былі асабіста свабодныя, прававым і маёмасным становішчам набліжаліся да дзярж. сялян. За карыстанне зямлёй плацілі падушны аброк або адпрацоўвалі. Да сярэдзіны 19 ст. пераважная большасць Л.в. запрыгонена памешчыкамі. У 1840 тыя з іх, хто жыў на казённых землях, далучаны да абшчын дзярж. сялян, прыпісаныя да гарадоў увайшлі ў склад гар. абшчын. У 1858 на Беларусі налічвалася 14,6 тыс. душ Л.в. абодвух полаў. Напярэдадні сялянскай рэформы 1861 колькасць іх значна вырасла за кошт пераведзеных у гэту катэгорыю абеззямеленых панскіх сялян і склала на Беларусі і ў Літве каля 100 тыс. рэвізскіх душ. Паводле закона ад 25.7.1864 Л.в. 1-га разраду (пазбаўленыя зямлі памешчыкамі пасля выдання рэскрыпта Аляксандра II віленскаму ген.-губернатару У.​І.​Назімаву ад 20.11.1857) надзяляліся зямлёй з правам выкупу нароўні з панскімі сялянамі. Л.в. 2-га разраду (пазбаўленыя зямлі да гэтага тэрміну) на працягу 12 гадоў заставаліся арандатарамі з паніжэннем арэнднай платы на 10%. На пач. 1880-х г. на Беларусі і ў Літве іх было каля 87 тыс. рэвізскіх душ. У выніку барацьбы за зямлю Л.в. 2-га разраду згодна з законам ад 3.6.1882 атрымалі права яе выкупу ў Віленскай, Гродзенскай і Ковенскай губ. У Мінскай губ. пазямельнае ўладкаванне Л.в. было затрымана да 1903.

В.​П.​Панюціч.

т. 9, с. 402

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)