ДО́ЛЬНІКІ,

катэгорыя сялян ВКЛ у 15—18 ст., галоўнай феад. павіннасцю якой была доля. Акрамя гэтага, Д. выконвалі інш. павіннасці: хадзілі на талаку да 12 дзён улетку, будавалі і рамантавалі панскія пабудовы, масты, выконвалі стацыю, падводную павіннасць, баброўшчыну (плацяжы футрам або грашыма за карыстанне ўгоддзямі). У 16—18 ст. найб. пашыраны ў Бел. Падзвінні. З развіццём таварна-грашовых адносін і ростам сувязей сельскай гаспадаркі з унутраным і знешнім рынкамі Д. паступова ператвараліся ў паншчынных або чыншавых сялян.

М.Ф.Спірыдонаў.

т. 6, с. 179

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)