сістэма паняццяў, якая ўвасабляе пэўны аспект сац. рэальнасці ў лагічна несупярэчлівай, рацыянальнай, індывідуалізаванай форме. Распрацавана ням. сацыёлагам М.Веберам, які лічыў, што І.т.т. не з’яўляецца адэкватным узнаўленнем рэчаіснасці, але выражае яе істотныя ўзаемасувязі і тэндэнцыі развіцця. Лагічная пабудова тэорыі ажыццяўляецца шляхам мысленнага давядзення пэўных элементаў сац. рэальнасці да іх «поўнага выражэння» пры дапамозе інтэгравання дыскрэтна існуючых з’яў у «адзіным вобразе». Такімі, напр., з’яўляюцца сканструяваныя Веберам ідэальна-тыповыя мадэлі сац. дзеяння: мэтарацыянальнае, каштоўнасна-рацыянальнае, афектыўнае, традыцыйнае, а таксама тры мадэлі ўлады: традыцыйная, легальная (дэмакратычная), харызматычная. І.т.т. стварае логіка-тэарэт. і метадалагічныя перадумовы для навук., перш за ўсё сацыялагічнага пранікнення ў сутнасцьсац. працэсаў і з’яў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАГІ́ЧНЫ АТАМІ́ЗМ,
вучэнне аб рэчаіснасці, паводле якога свет уяўляе сабой сукупнасць толькі знешне звязаных паміж сабой атамарных (якія не маюць састаўных частак) фактаў. Распрацавана Б.Раселам і Л.Вітгенштэйнам у пач. 20 ст.Тэарэт. вытокі Л.а. — неэўклідава геаметрыя, матэматыка, розныя сістэмы фармальнай логікі. Праграма Л.а. прадугледжвала пабудову «лагічна дасканалай мовы» на ўзор лагічнай мовы. Сутнасць пераўтварэнняў у адносінах да мовы зводзілася да распрацоўкі элементарных, простых, далей не раскладальных у сэнсавых адносінах сказаў — своеасаблівых «атамаў» мовы, сапраўднасць якіх можна было б лёгка пацвердзіць эмпірычным шляхам. Распрацоўкі Л.а. былі выкарыстаны Венскім гуртком, адыгралі пазітыўную ролю ў развіцці логікі.
Літ.:
Козлова М.С. Философия и язык. М., 1972;
Современная буржуазная философия. [Ч. 2]. М., 1978.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАНГЕ́НЕЗІС (ад пан... + генезіс),
гіпотэза Ч. Дарвіна (1868) аб механізме ўзнаўлення ў патомстве прыкмет папярэдніх пакаленняў. Яе сутнасць у тым, што ўсе клеткі арганізма вылучаюць найдрабнейшыя часцінкі (зародкі) — гемулы, якія збіраюцца ў палавых органах і ўтвараюць палавыя клеткі, за кошт чаго і адбываецца перадача ў спадчыну прыкмет, у т. л. і зноў набытых. Гэтай гіпотэзай Дарвін карыстаўся пры тлумачэнні з’явы размнажэння (палавога і бясполага) і рэгенерацыі. У 1871 англ. вучоны Ф.Гальтан эксперыментальна даказаў неабгрунтаванасць гіпотэзы П. Прынцыпова інш. тэорыю, унутрыклетачнага П., прапанаваў Г. Дэ Фрыз (1889), паводле якой у ядры клеткі знаходзяцца «пангены», якія вызначаюць усе прыкметы арганізма; у пратаплазму выходзяць толькі тыя «пангены», якія вызначаюць тып клетак.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПОЎНАГАЛО́ССЕ,
спалучэнне дзвюх галосных і плаўнага «р», «л» паміж імі на месцы праславянскіх дыфтангічных спалучэнняў or, ol, er, el паміж зычнымі. Фанетычная асаблівасць усходнеславянскіх моў, якая проціпастаўляе іх мовам зах. і паўд. славян (гл.Няпоўнагалоссе). Сутнасць П. — у змяненні праслав. каранёвых злучэнняў tort у torot, tolt, telt у tolot, tert y teret (t — любы зычны): праслав. *borda — бел. «барада» (з адлюстраваннем акання), праслав. *kolda, *melko — рус. «колода», «молоко», праслав. *bergъ — укр. «берег». У бел. мове значна больш поўнагалосных форм (бел. «вораг», «нораў», «палон», «сорам») у параўнанні з рус. («враг», «нрав», «плен», «срам»), дзе ўжываюцца шматлікія няпоўнагалосныя формы.
Літ.:
Кривчик В.Ф., Можейко Н.С. Старославянский язык. 3 изд. Мн., 1985.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАСЛЕ́ДАВАННЕ,
від баявых дзеянняў; наступленне на адыходзячага праціўніка з мэтай яго знішчэння або ўзяцця ў палон. Сутнасць П. ў нанясенні моцных агнявых удараў, імклівага руху наперад для выхаду на флангі і тыл праціўніка. П. ажыццяўляецца пры адступленні праціўніка ці наўмысным адводзе ім войск на новыя рубяжы, пры поспеху ў сустрэчным баі, нанясенні контрудару і інш., можа быць паралельнае і франтальнае.
П. выкарыстоўвалася амаль ва ўсіх войнах, у т. л. тых, што адбываліся з удзелам ВКЛ. У больш позні час класічны прыклад П. — баявыя дзеянні франц., а потым рас. армій у вайну 1812.
У сучасных войнах і аперацыях П. як від баявых дзеянняў практыкуецца рэдка або зусім не ажыццяўляецца.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЕ́ЙКАЎ (Аляксандр Іванавіч) (20.5.1842, Масква — 9.2.1916),
расійскі кліматолаг і географ; заснавальнік кліматалогіі ў Расіі. Чл.-кар. Пецярбургскай АН (1910). Чл.Рус.геагр.т-ва (1866). Падарожнічаў па еўрап.ч. Расіі, Бел. Палессі (1891), Каўказе, Крыме, Сярэдняй Азіі, Зах. Еўропе, многіх краінах Азіі, Амерыкі. У навук. працы «Кліматы зямнога шара, асабліва Расіі» (1884) раскрыў фіз.сутнасць і разгледзеў структуру кліматычных працэсаў, ролю асобных кліматаўтваральных фактараў, узаемасувязь клімату з інш. кампанентамі прыроды. Распрацаваў класіфікацыю рэк паводле гідралагічнага рэжыму. Даследаваў пытанні геаграфіі насельніцтва, агракліматалогіі. Заклаў асновы палеакліматалогіі, с.-г. метэаралогіі і феналогіі. Імем Ваейкава названы праліў паміж астравамі ў Курыльскай градзе, ледавік на Паўн. Урале, Гал.геафіз. абсерваторыя ў С.-Пецярбургу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЕ́ННАЯ ПАЛІ́ТЫКА,
састаўная частка агульнай палітыкі дзяржавы і інш.сац.-паліт. інстытутаў, якія непасрэдна звязаны са стварэннем ваен. арг-цыі, падрыхтоўкай і выкарыстаннем сродкаў узбр. барацьбы для дасягнення паліт. мэт. Ваенная палітыка канкрэтызуецца ў ваеннай дактрыне, ваен. стратэгіі і практыцы ваеннага будаўніцтва. Абапіраецца на ацэнку ўласных сіл і сіл верагодных праціўнікаў, патэнцыялаў, якія складаюць ваенную магутнасць дзяржавы, і фактараў, ад якіх залежаць ход і вынік вайны. Важнае месца ў ваеннай палітыцы адводзіцца праблемам стварэння, умацавання і ўдасканалення ваен. арг-цыі, тэхн. аснашчэння ўзбр. сіл, вызначэння перспектыў развіцця ваен. тэхнікі, мабілізацыйных магчымасцяў дзяржавы, падрыхтоўкі рэзерваў, іх мабілізацыі і разгортвання пры неабходнасці. Сутнасць ваеннай палітыкі Рэспублікі Беларусь накіравана на прадухіленне вайны, захаванне міру, абарону суверэнітэту і тэр. цэласнасці краіны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМПА́НІЯ (ад франц. compagnie таварыства, супольнасць),
1) гандлёвае, прамысл., трансп. і інш. аб’яднанні прадпрымальнікаў. У сферы эканам. адносін адрозніваюць К.: афіліяваную, якая валодае пакетам акцый менш за 50%; венчурную — дробную або сярэднюю інвестыцыйную К., што займаецца навук. даследаваннямі, інж. распрацоўкамі і іх крэдытаваннем; інжынерынгавую, якая спецыялізуецца на аказанні паслуг, звязаных з падрыхтоўкай вытв. працэсу; афшорную — замежную К., зарэгістраваную ва ўстаноўленым парадку; траставую, што арганізавана на адносінах уласнасці, сутнасць якіх вынікае ў перадачы маёмасці або маёмасных правоў уладальніка (даверніка) на даверніцкае кіраванне інш. асобе на карысць прызначаных давернікам асоб.
2) Група асоб, якія разам бавяць вольны час. 3) Сукупнасць ваен. аперацый, аб’яднаных агульнай стратэг. мэтай на пэўным этапе вайны.
4) Мерапрыемствы для ажыццяўлення чарговай важнай грамадска-паліт. або гасп. задачы (выбарчая К., пасяўная К.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕРМЕТЫ́ЗМ,
1) рэлігійна-філас. плынь эпохі элінізму і позняй антычнасці. Спалучала элементы папулярнай грэч. філасофіі, халдзейскай астралогіі, перс. магіі, егіпецкай алхіміі; мела эзатэрычны характар. Традыцыі герметызму атрымалі працяг у еўрап. Адраджэнні (М.Фічына, Дж.Піка дэла Мірандала), у Агрыпы, паўплывалі на Дж.Бруна, М.Каперніка, І.Ньютана і інш. Герметызм выступае ў ролі агульнай тэарэт. асновы шэрагу эзатэрычных і акультных вучэнняў — неаплатанізму, гнастыцызму (гностыкі), антрапасофіі і інш.Сутнасць, вытокі і асн. палажэнні герметызму выкладзены ў даследаванні А.Ж.Фесцюж’ера «Адкрыцці Гермеса Трысмегіста» (т. 1—4, 1949—54).
2) Мадэрнісцкі кірунак у італьян. паэзіі 1920—40-х г. (Э.Мантале, Дж.Унгарэці); адна з асн. асаблівасцей сучаснай мадэрнісцкай паэзіі. З выкарыстаннем наўмысна ўскладненай формы выражае трагічнае светаадчуванне, смутак, выкліканыя адзінотай і адчужанасцю чалавека ў сучасным грамадстве.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНСАНА́НС (франц. consonance ад лац. consonantia гармонія, сугучнасць) у музыцы, адначасовае спалучэнне тонаў стройнага, згоднага гучання. Процілеглае К. паняцце — дысананс. Адрозніваюцца характарам узаемадзеяння гарманічных спектраў гукаў, што ўтвараюць пэўнае сугучча. Акустычная сутнасць К. ў супадзенні вял. колькасці гармонікаў (абертонаў) гэтых гукаў. Да К. належаць усе чыстыя інтэрвалы, вял. і малыя тэрцыі і сексты і акорды, складзеныя толькі з гэтых інтэрвалаў (за выключэннем тых, у якіх адзін з верхніх гукаў утварае чыстую кварту з басам). Матэматычнае абгрунтаванне К. зрабілі піфагарэйцы ў Стараж. Грэцыі. У еўрап.прафес. музыцы 15—19 ст. адрозненне паміж К. і дысанансам набыло якасны характар, дасягнула ступені вострай процілегласці і стала адной з асноў муз. мыслення. У музыцы 20 ст. рэзка павялічылася значэнне дысанансу, адрозненне паміж ім і К. ў значнай ступені згладжваецца.