імам Дагестана і Чэчні. Сын шэйха Абдурахмана Хаджы Сагратлінскага, паплечніка Шаміля. Вучоны-багаслоў, аўтар паэмы ў гонар трох імамаў (Газі-Магамед, Гамзат-бек і Шаміль). У 1877 узначаліў паўстанне горцаў у Дагестане і Чэчні супраць рас. улад. 4.11.1877 узяты ў палон, паводле рашэння ваенна-палявога суда пакараны смерцю.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПАКА́ЛІПСІС (грэч. apokalypsis літар. адкрыццё),
1) адна з кніг Новага Запавета (Адкрыццё святога Іаана Багаслова). Напісана ў 68 — пач. 69 н.э. Іаанам Багасловам. У ёй у форме бачанняў, пасланых Богам, апісаны будучы лёс свету і чалавецтва. Гал. ідэя апакаліпсіса — чаканне страшнага Божага суда, калі на грэшнае чалавецтва абрынуцца сусв. катастрофы. Рэлігійна арыентаваныя тлумачальнікі разглядаюць апакаліпсіс як прарочую кнігу пра апошнія часы свету і здарэнні, што павінны адбыцца напярэдадні 2-га прышэсця Хрыста на зямлю. Праз увесь яго тэкст праходзіць сакральная лічба 7 (7 цэркваў, 7 зорак у руцэ Бога, 7 анёлаў, што выліваюць на грэшнікаў 7 чашаў Божага гневу, і г.д.). Сямікратнае памнажэнне бедстваў і катастрофаў прызначана выклікаць у чытача свяшчэнны жах перад непазбежным сканчэннем свету. Пасля Чарнобыльскай катастрофы шматлікія тлумачальнікі апакаліптычных прароцтваў, у т. л. на Беларусі, пачалі звязваць трубныя гукі трэцяга анёла, што апавяшчае аб падзенні на зямлю вялікай зоркі пад назвай «палын» (па-ўкраінску «чарнобыль»), з біблейскім прадказаннем гэтай самай згубнай у гісторыі чалавецтва катастрофы — нац. трагедыі бел. народа. Акрамя інтэрпрэтацыі апакаліпсіса як страшнага суда і канца свету яго яшчэ тлумачаць як абяцанне тысячагадовага шчасця пасля такога суда.
2) У шырокім сэнсе апакаліпсіс — буйнамаштабнае бедства, пагроза пагібелі чалавецтва, культуры, навакольнага асяроддзя. Апакаліпсіс часта асацыіруецца з крызісам або канцом цывілізацыі, эканам. катастрофамі, ядз. вайной.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУРМІ́СТРАЎСКА-РАДЗЕ́ЦКІ СУД,
мясцовы суд для гараджан у ВКЛ у 14—18 ст. Дзейнічаў адначасова з войтаўска-лаўніцкім судом у гарадах, якія атрымалі прывілей на магдэбургскае права. У склад суда ўваходзілі бурмістры і радцы, колькасць якіх залежала ад памераў горада. Суд разглядаў пераважна нязначныя правапарушэнні мяшчан, цяжбы купцоў і рамеснікаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛЕ́ГІЯ,
1) група службовых асоб, якая мае права сумеснага вырашэння пытанняў, аднесеных да яе кампетэнцыі. Звычайна ўваходзіць у склад адм., дарадчага або распарадчага органа, суда. Гл. таксама Калегіяльнасць.
2) Добраахвотнае т-ва або аб’яднанне асоб адной прафесіі (напр., К. адвакатаў).
3) Назва вышэйшай урадавай установы ў Расіі ў 18 — пач. 19 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯРХО́ЎНЫ СУД РЭСПУ́БЛІКІ БЕЛАРУ́СЬ,
вышэйшы судовы орган Рэспублікі Беларусь. Засн. ў 1923. Складаецца з 45 суддзяў, у т. л. Старшыні, яго намеснікаў, якія назначаюцца Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь па ўзгадненні з Саветам Рэспублікі Нац. сходу Рэспублікі Беларусь і выконваюць свае абавязкі бестэрмінова. Дзейнічае ў складзе калегій па цывільных справах, крымін. справах, Ваен. калегіі, Прэзідыума і Пленума. У межах сваіх паўнамоцтваў суд разглядае справы ў касацыйным і наглядным парадках і па новаадкрытых акалічнасцях, а таксама ў якасці суда 1-й інстанцыі ў выпадках, прадугледжаных законам; вывучае і абагульняе суд. практыку, аналізуе суд. статыстыку і дае тлумачэнні па пытаннях выкарыстання заканадаўства; уносіць прапановы ў Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь аб праверцы канстытуцыйнасці нарматыўных актаў; ажыццяўляе інш. паўнамоцтвы ў адпаведнасці з заканад. актамі. Кампетэнцыя, арганізацыя і парадак дзейнасці Вярх.суда вызначаны Законам «Аб судаўладкаванні і статусе суддзяў у Рэспубліцы Беларусь» ад 13.1.1995.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАГА́Д,
1) акт кіраўніка органа дзярж. кіравання або кіраўнікоў прадпрыемстваў, устаноў, арганізацый. Паводле юрыд. прыроды можа быць нарматыўным актам, у якім змешчаны нормы права, што рэгулююць пэўныя грамадскія адносіны, і актам выкарыстання норм права.
2) Ва ўзбр. сілах пісьмовае або вуснае распараджэнне начальніка падначаленым, абавязковае для выканання.
3) Выканаўчы дакумент, на падставе якога выконваецца рашэнне гасп.суда.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДСТАРО́СТА,
намеснік старосты ў ВКЛ у 16—18 ст., прызначаўся асабіста старостам. Часта спалучаў сваю пасаду з пасадай гараднічага ці стольніка. Фактычны кіраўнік замкавага суда. У час паспалітага рушэння павінен быў заставацца ў замку (як і войскі), яму падпарадкоўваліся ўсе жыхары замка. У гэты час П. належала таксама ўся суд. ўлада ў горадзе.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЫ́ХАЎЦЫ,
шляхецкі род герба «Магіла» ў ВКЛ. Паходзяць ад смаленскага баярына Міцькі Быхаўца, сыны якога ў пач. 16 ст. замест страчаных зямель на Смаленшчыне атрымалі ад вял.кн. Жыгімонта I Старога маёнткі ў Дарсунішскай вол. і Трокскім пав.Найб. вядомыя Быхаўцы:
Людвік, ксёндз-бернардзінец, аўтар твораў рэліг.-павучальнага характару. Сакратар Літоўскай правінцыі бернардзінцаў, да 1747 прэзідэнт у Нясвіжскім канвенце ордэна, назіральнік ордэна францысканцаў у Віцебскім ваяв. (1760). Юзаф Уладзіслаў (1778—5.7.1845), філосаф. Скончыў Гал. школу ВКЛ у 1794, вучыўся ва ун-тах Франкфурта-на-Одэры, Гётынгена, Кёнігсберга. Вучань і перакладчык І.Канта. Удзельнік напалеонаўскіх войнаў на баку Францыі. Ян (каля 1732—?), дэп. Трыбунала ВКЛ (1797—1802), у 1802—32 суддзя слонімскіх земскага і межавога судоў. Юзаф, падстолі ваўкавыскі (1780), крайчы ВКЛ (1793). Адам Ян Віктар (23.12.1796—?), чл. ваўкавыскага апеляцыйнага суда. За ўдзел у паўстанні 1863—64 сасланы. Аляксандр, старшыня ваўкавыскага апеляцыйнага суда. У 1820-я г. ў яго б-цы захоўвалася Хроніка Быхаўца.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАСЭ́Н ((Cassin) Рэнэ Самюэль) (5.10.1887, г. Баёна, Францыя — 20.2.1976),
французскі дзярж. дзеяч, дыпламат, юрыст. Д-р права (1914). Скончыў Парыжскі ун-т. У 1920—60 праф. права ун-таў Экс-ан-Праванса, Ліля, Парыжа. У 1924—38 прадстаўнік Францыі ў Лізе нацый. У 1941—43 камісар юстыцыі і асветы ва ўрадзе «Свабоднай Францыі» (з 1942 «Змагарная Францыя», знаходзіўся ў эміграцыі ў Лондане). У 1944—60 віцэ-прэзідэнт Дзярж. савета і чл. Канстытуцыйнага савета, чл. Акадэміі грамадскіх навук (з 1947). У 1946—68 чл., старшыня Камісіі па правах чалавека ААН. Адзін з заснавальнікаў ЮНЕСКА. Адзін з ініцыятараў стварэння і гал. аўтар Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека (снеж. 1948). У 1950—60 чл.Міжнар.суда ў Гаазе, у 1965—68 старшыня Еўрап.суда па правах чалавека. Засн. (1969) і ўзначаліў Міжнар.ін-т правоў чалавека ў Страсбуры, прэзідэнт Яўр. альянсу ў Францыі. Аўтар мемуараў, кніг і артыкулаў на юрыд. тэмы. Нобелеўская прэмія міру 1968.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБВЯШЧЭ́ННЕ ПАМЕ́РЛЫМ,
паводле бел. права прызнанне па рашэнні суда грамадзяніна памерлым пры адсутнасці ў месцы яго пастаяннага жыхарства звестак пра яго месцазнаходжанне на працягу 3 гадоў, а калі ёсць падставы меркаваць, што ён прапаў без вестак пры абставінах, калі яму пагражала смерць, — на працягу 6 месяцаў. У выпадку яўкі або выяўлення месцазнаходжання такога грамадзяніна рашэнне аб абвяшчэнні памерлым адмяняецца судом.