польскі паэт; прадстаўнік польск. сімвалізму. Чл. Польскай акадэміі л-ры (1933). Скончыў Кіеўскі ун-т (1903). У 1901—07 супрацоўнік польск. і рус.перыяд. друку. Заснавальнік эксперым.Маст.т-ра ў Варшаве (1911). Аўтар паэтычных зб-каў «Сад на ростанях» (1912), «Луг» (1920), «Цяністы напой» (1936), «Лясное дзеянне» (выд. 1938), апрацовак нар. казак «Казанні пра Сезама», «Прыгоды Сіндбада-Марахода» (абедзве 1913), эсэ, літ. артыкулаў, перакладаў. Паэзіі Л. ўласцівы шчырасць і палкасць пачуцця, імкненне спазнаць прыроду; стыль адметны ўжываннем архаізмаў, дыялектызмаў і неалагізмаў. На бел. мову асобныя яго вершы пераклаў А.Мінкін.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ДКІНА (Марыяна Барысаўна) (н. 10.2.1931, г. Краснадар, Расія),
расійская і бел. артыстка балета, педагог. Нар.арт. Расіі (1967). Скончыла Пермскае харэагр. вуч. (1950), у 1951—89 выкладала ў ім (з перапынкамі). У 1950—91 працавала ў рас. і замежных т-рах. З 1994 на Беларусі: рэпетытар-педагог у Дзярж. т-ры муз. камедыі, з 1998 у Нац.акад. т-ры балета Беларусі. Да 1974 выступала на сцэне. Яе выканальніцкай манеры ўласцівы яркі, вобразны стыль танца, які вызначаўся віртуознай тэхнікай, тэмпераментам. Першая выканаўца партый: Грушанька («Грушанька» Б.Машкова), Маці («Бераг надзеі» А.Пятрова), Марутка («Выбух» М.Крукава і Г.Церпілоўскага). Сярод інш. партый: Кітры («Дон Кіхот» Л.Мінкуса), Адылія («Лебядзінае возера» П.Чайкоўскага), Гаспадыня Меднай гары («Каменная кветка» С.Пракоф’ева) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«МАГУ́ТНАЯ КУ́ЧКА», Балакіраўскі гурток,
«Новая руская музычная школа», творчая садружнасць расійскіх кампазітараў у 2-й пал. 19 ст., што ўзнікла ў Пецярбургу ў канцы 1850-х г. (канчаткова склалася ў 1862). Найб. інтэнсіўна дзейнічала ў 1860 — пач. 1870-х г., да сярэдзіны 1870-х г. перастала існаваць. У «М.к.» ўваходзілі М.Балакіраў (кіраўнік), А.Барадзін, Ц.Кюі, М.Рымскі-Корсакаў, да яе прымыкалі А.Тусакоўскі, М.Ладыжанскі, М.Шчарбачоў Назву даў яе ідэолаг і натхняльнік У.Стасаў. Дзейнасць «М.к.» канцэнтравалася вакол Бясплатнай муз. школы, заснаванай ў 1862 Балакіравым і Г.Ламакіным. Ідэйна-маст. імкненні «М.к.» склаліся пад уздзеяннем эстэт. прынцыпаў рус.рэв. дэмакратаў. Члены гуртка выступалі супраць акад. руціны, змагаліся за народнасць, нац. кірунак у рус. музыцы. Апіраючыся на традыцыі М.Глінкі, А.Даргамыжскага, яны развівалі нац.муз.стыль, умацоўвалі сувязі з нар. песеннасцю, расшыралі вобразную сферу (выкарыстоўвалі нац. гісторыю, л-ру, нар. побыт і фальклор), стварылі выдатныя ўзоры опернага, сімф, фп. і камерна-вак. жанраў. Эстэт. прынцыпы «М.к.» значна паўплывалі на далейшае развіццё рус.муз. культуры.
Літ.:
Гордеева Е.М. Композиторы «Могучей кучки» 4 изд. М., 1986.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛЯЙЗО́ЎСКІ (Касьян Яраслававіч) (5.3.1892, Масква — 4.5.1970),
артыст балета і балетмайстар. Засл. арт. Беларусі (1940), засл. дз. маст. Літвы (1945). Скончыў Пецярбургскае тэатр. вучылішча (1909). З 1909 артыст балета Марыінскага, у 1910—18 — Вялікага т-раў. У 1919—25 кіраваў студыяй (з 1922 «Камерны балет») у Маскве. Сцвярджаючы свой стыль, шмат працаваў над харэаграфічнымі мініяцюрамі і аднаактовымі балетамі на музыку А.Скрабіна, С.Рахманінава, С.Пракоф’ева, Ф.Шапэна, К.Дэбюсі ў пошуках эквіваленту эмацыянальна-пластычнай выразнасці музыкі. Музыкальнасць і багатая фантазія ў галіне харэаграфічных формаў, выкарыстанне ў класічным танцы сучаснай пластыкі, характарнасці і гратэску вызначалі самабытнасць яго творчасці. Сярод лепшых пастановак: «Бахчысарайскі фантан» Б.Асаф’ева на сцэне Дзярж.т-ра оперы і балета БССР (1939), «Іосіф Прыгожы» С.Васіленкі і «Тэалінда» на муз. Ф.Шуберта (1925), «Лейлі і Меджнун» С.Баласаняна (1964), «Палавецкія танцы» ў оперы «Князь Ігар» А.Барадзіна (1944 і 1953) у Вял. т-ры, «Спячая прыгажуня» П.Чайкоўскага (1935, Харкаў). Аўтар кн. «Вобразы рускай народнай харэаграфіі» (1964).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕ́ЙНСБАРА ((Gainsborough) Томас) (хрышчаны 14.5.1727, г. Садберы, графства Суфалк, Вялікабрытанія — 2.8.1788),
англійскі жывапісец-партрэтыст і рысавальшчык. Раннія пейзажы і партрэты адзначаны непасрэднасцю ўспрыняцця натуры, крыху наіўным паэт. зачараваннем («Партрэт Р.Эндруса з жонкай», каля 1749). Сталы стыль склаўся пад уплывам А. ван Дэйка і А.Вато, характарызуецца адухоўленай трапяткой узнёсласцю ў перадачы найтанчэйшых душэўных пачуццяў. Найб. пранікнёныя і вытанчаныя яго жаночыя і юнацкія вобразы («Блакітны хлопчык», каля 1770, «Партрэт місіс Грэм», 1777, «Дама ў блакітным», канец 1770-х г.), парныя і сямейныя партрэты на фоне ідылічнага ландшафту, дзе мастак тонка перадае духоўную і інтымную блізкасць людзей («Дочкі мастака», каля 1759; «Ранішняя прагулка», 1785). Вельмі лірычныя вобразы сял. дзяцей («Сялянскія дзеці», 1787). Яго жывапіснай тэхніцы ўласцівы віртуозная лёгкасць, тонкая святлоценявая гульня, перавага халодных блакітных тонаў з мяккімі перламутравымі пералівамі фарбаў. У яго малюнках дамінуюць пейзажы і сцэны сял. жыцця, напоўненыя паэзіяй.
умоўная назва стылявога кірунку ў рус. архітэктуры канца 17 — пач. 18 ст. Паходзіць ад прозвішча баяраў Нарышкіных, у чыіх маёнтках і на заказ якіх у Маскве і Падмаскоўі будавалі невял. сядзібныя храмы, а таксама буйныя гар. цэрквы яруснага тыпу. Паводле кампазіцыі Н.б. — традыц. васьмярык на чацверыку, ускладнены дэкарацыямі і карункавай арнаментыкай. Характэрныя рысы пабудоў, падкрэсленая сіметрычнасць, яруснасць, адпаведнасць арх. форм канструкцыям; аздабленне ярусаў калонкамі па вуглах у завяршэнні карнізнымі паясамі; магутныя валюты, карнізы, якія моцна выступаюць, авальныя і шматвугольныя аконныя праёмы, сістэма спалучэння чырвоных цагляных сцен і белакаменных разных дэкар. дэталей. Сярод узораў Н.б.: цэрквы Пакрова ў Філях (1690—93), Тройцы ў Троіцкім-Лыкаве (1698—1704; абедзве цяпер у межах Масквы), Успенскі сабор у Разані (1693—99, арх. Я.Бухвостаў) і інш. Рысы Н.б. ўласцівы таксама грамадз. і жылым пабудовам (Сухарава вежа, 1692—95, арх. М.Чаглакоў, не захавалася).
Г.А.Лаўрэцкі.
Да арт.Нарышкінскае барока. Царква Пакрова ў Філях (цяпер у межах Масквы). 1690—93.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАТЭ́Т (франц. motet памяншальнае ад mot слова),
род вакальнай ці вак.інстр. музыкі. Вядомы з канца 12 ст. ў Францыі. Першапачаткова — 2-галосы муз. твор, у якім да голасу, заснаванага на напевах каталіцкай службы, далучаўся новы голас — матэт (адсюль назва). З 13 ст. ў М. пранікаюць свецкія мелодыі (песенныя і танц.) і тэксты. У 15 ст. выпрацавалася яго муз. і тэкставае адзінства (Г.Дзюфаі, Дж.Данстэйбл), усталяваўся 4-галосы склад (І.Окегем, Я.Обрэхт), паявілася вызначэнне М. як своеасаблівага муз. роду паміж месай і песняй. У 16 ст. развіваўся ў рэчышчах венецыянскай (А.Віларт, А. і Дж. Габрыэлі) і рымскай (Дж.Палестрына) школ. У 17 ст. М. страціў тыпалагічную ўстойлівасць, часам яго вызначалі як асаблівы «стыль», блізкі да «старадаўняга», ці як асаблівую тэхніку пісьма. Узніклі шматлікія разнавіднасці: мнагахорны М.-канцэрт, «манадычны», «сольны», або М.-канцэрт для невял. складу з basso continuo; М.-арыя, М.-сцэна, М.-дыялог, блізкія да араторыі, кантаты і муз.-сцэн. жанраў. Да жанру М. звярталіся Г.Шутц, К.Мантэвердзі, Ж.Ф.Рамо, Г.Пёрсел, Г.Ф.Гендэль, І.С.Бах, В.А.Моцарт, А.Брукнер, К.Сен-Санс і інш. У 20 ст. М. стаў прататыпам тэхнікі кампазіцыі ў творах А.Веберна, І.Стравінскага, Дз.Лігеці і інш.
Літ.:
Симакова Н. Вокальные жанры эпохи Возрождения. М., 1985.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРА́НДА ((Brando) Марлан) (н. 3.4.1924, г. Омаха, ЗША),
амерыканскі акцёр. Вучыўся ў школе драм. мастацтва (Нью-Йорк, 1943). З 1944 іграў на Брадвеі. Вядомасць атрымаў пасля выканання ролі Стэнлі Кавальскага ў спектаклі «Трамвай «Жаданне» Т.Уільямса. З 1950 здымаецца ў кіно. Мае ўласны стыль акцёрскай ігры — разнавіднасць сістэмы Станіслаўскага, прыстасаваная да кінакамеры. Выканаўца гал. роляў у драмах, камедыях, вестэрнах, дзе стварыў вобраз бунтоўнага героя, які не ў стане падтрымліваць сувязі з грамадствам: «Віва, Зана!», «Апошняе танга ў Парыжы», «Мужчыны», экранізацыя «Трамвая «Жаданне», «Апакаліпсіс», «У порце» (прэмія «Оскар», 1955), «Хросны бацька» (прэмія «Оскар», 1973, не прыняў) і інш. Супрацоўнічае з рэжысёрамі Ф.Копалай, Б.Берталучы, А.Пенам, Дж.Х’юстанам, Э.Дзмітрыкам. Як рэжысёр зняў вестэрн «Два аблічча помсты» (1960) і выканаў у ім гал. ролю.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНСЕПТЫ́ЗМ (ісп. conceptismo ад concepto паняцце, думка),
адна з 2 асн. школ ісп.барока (разам з гангарызмам), пачатак якой паклаў ісп. паэт А. дэ Ледэсма Буйтрага («Духоўныя кансепты», 1600). Тэарэтычна абгрунтаваны ў эстэт. трактаце Б.Грасіяна-і-Маралеса. У аснове К. раскрыццё ўсёй складанасці, парадаксальнасці, шматасацыятыўнасці думкі. Паслядоўнікі К. займаліся пошукамі глыбінных і нечаканых сувязей паміж далёкімі прадметамі, з’явамі, паняццямі, імкнуліся да выяўлення парадаксальных заканамернасцей быцця, макс. выразнасці і сэнсавай насычанасці выказвання. Гэта абумовіла шматзначнасць слова, каламбуры, разбурэнне фразеалагізмаў, ужыванне іх у незвычайным кантэксце, метафары-кансепты, апрадмечванне метафар і ідыём. Стыль К. атрымаў назву «цяжкага стылю». Найб. поўна выявіўся ў т. зв. шахрайскім рамане Ф.Кеведа-і-Вільегаса і Л.Велеса дэ Гевары, спрыяў стварэнню гратэскна-сатыр., фантасмагарычнай карціны ісп. рэчаіснасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУЦЦЯ́,
1) у беларусаў і інш.слав. народаў абрадавая страва; каша з ячных круп, радзей з пшанічных зярнят. Гатуюць для жалобнага стала па нябожчыку (памінкі), а таксама на Дзяды, Радаўніцу і інш. памінальныя дні. Спажывалі астуджанай з сытой або алеем.
2) Традыц. абрадавая страва на Каляды ў славян і інш. народаў; каша з тоўчаных ячных круп (у некат. народаў з зярнят пшаніцы); вячэра напярэдадні Каляд (посная К.), Новага года (стары стыль, багатая або скаромная К.) і перад Вадохрышчам (посная К.). На ўсе тры К. кашу варылі ў адным і тым жа гаршку і з аднолькавай колькасці круп. Звараную К. перад заходам сонца ставілі на покуці. К., якую варылі з цэлых зярнят, была сімвалам вечнасці жыцця. Вял. значэнне надавалася прыкметам, варажбе. Трапляецца і ў наш час.