структурны элемент гібкай аўтаматызаванай вытворчасці, які функцыянуе ў яе контуры аператыўна-тэхнал. кіравання. Бываюць апрацоўчыя і зборачныя. Апрацоўчыя ГВМ уключаюць станок з лікавым праграмным кіраваннем і прыстасаванне аўтам. загрузкі-выгрузкі. У зборачныя ГВМ уваходзяць прамысловы робат для маніпуліравання дэталямі пры зборцы, зборачная галоўка для злучэння дэталей у сістэму і блок лікавага праграмнага кіравання, часам і транспартна-назапашвальная сістэма. ГВМ для зборкі буйных вырабаў складаецца са зборачнага паста, падлогавых і падвесных робатаў для выгрузкі дэталей і інш. ГВМ уласціва хуткая пераналаджвальнасць і універсальнасць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРША́НСКАЯ ЎПА́ДЗІНА,
адмоўная геаструктура Усх.-Еўрапейскай платформы на ПнУ Беларусі і сумежнай тэр. Расійскай Федэрацыі. Выцягнута з ПдЗ на ПнУ на 250 км, у шырыню на 120—210 км. Абмежавана на З Беларускай, на У Варонежскай антэклізамі, на Пд Жлобінскай, на Пн і ПнЗ Веліжскай і Латвійскай седлавінамі. Фарміраванне пачалося ў сярэднім рыфеі, скончылася ў раннім вендзе. Адасоблена толькі па паверхні фундамента і адкладах рыфею і ніжняга венду. Паверхня фундамента найб. апушчана ў цэнтры Аршанскай упадзіны — да -1,6 км у Віцебскай, да -1,4 км у Магілёўскай мульдах, якія падзелены Цэнтральна-Аршанскім горстам; на ПдЗ вылучаецца Чэрвеньскі структурны заліў. Платформавы чахол уключае адклады сярэднерыфейскага (да 450 м магутнасцю), верхнерыфейска-ніжнявендскага (да 900 м), верхнявендскага (да 280 м), сярэднедэвонсканіжнекаменнавугальнага (да 200 м) і юрска-антрапагенавага (да 190 м) комплексаў. Разломы расчляняюць у асн. рыфейскія і ніжнявендскія адклады. З Аршанскай упадзінай звязаны Аршанскі гідрагеалагічны басейн.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІМУНІТЭ́Т РАСЛІ́Н,
неўспрыімлівасць раслін да ўзбуджальнікаў хвароб, шкоднікаў і прадуктаў іх жыццядзейнасці. Заснавальнік вучэння аб І.р. сав. біёлаг М.І.Вавілаў. Адрозніваюць І.р. структурны (мех.; залежыць ад марфал. асаблівасцей расліны-гаспадара, напр., густое апушэнне парасткаў) і хімічны (абумоўлены хім. асаблівасцямі, шкоднымі для паразіта). Вылучаюць 2 формы І.р.: сартавы і відавы (радавы), напр., гібрыд яравой пшаніцы № 21 устойлівы да большасці рас бурай іржы (сартавы), бульба наогул не пашкоджваецца ёй (відавы). Адрозніваюць таксама І.р. прыродны (прыроджаны) і набыты (штучны). Прыродны ўзнікае і замацоўваецца ў працэсе эвалюц. развіцця раслін; бывае пасіўны (існуе незалежна ад таго, трапляе ўзбуджальнік хваробы або паразіт на расліну ці не) і актыўны (уласцівасць расліны процістаяць узбуджальніку або шкодніку, якая выяўляецца і актывізуецца толькі пры пападанні на расліну). Набыты І.р. узнікае пасля перанясення раслінай хваробы ці ў выніку ўвядзення ў расліну аслабленай або знішчанай культуры ўзбуджальніка, пры ўжыванні антыбіётыкаў, інгібітараў росту. На выкарыстанні І.р. заснавана селекцыя раслін, устойлівых да хвароб і шкоднікаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕХАНІ́ЗМАЎ І МАШЫ́Н ТЭО́РЫЯ,
навука пра агульныя метады даследавання і праектавання механізмаў і машын. Уключае структурны, кінематычны і дынамічны аналіз механізмаў і машын (тых, што існуюць) і сінтэз механізмаў (праектаванне новых механізмаў для ажыццяўлення зададзеных рухаў); дынаміку механізмаў і машын, кінематыку механізмаў, кінетастатыку механізмаў з ёю звязаны дэталі машын (як навук. дысцыпліна), матэрыялазнаўства, навука пра надзейнасцьтэхн. сістэм і інш. Займаецца таксама праектаваннем сістэм кіравання машын-аўтаматаў (гл.Аўтаматычнага кіравання тэорыя), даследаваннем і праектаваннем маніпулятараў і прамысл.робатаў.
Сфарміравалася ў канцы 18 — пач. 19 ст. пад уплывам патрэб машынабудавання. Значны ўклад у яе развіццё зрабілі Ж.В.Панселе і Г.Г.Карыяліс (Францыя), Ф.Рэло, О.Мор і Л.Бурместэр (Германія), Р.Віліс (Вялікабрытанія), Дж.Бенафіт (ЗША), П.Л.Чабышоў, М.Я.Жукоўскі, М.І.Мярцалаў, І.І.Артабалеўскі, М.Р.Бруевіч (Расія) і інш.
Літ.:
Теория машин и механизмов. М., 1976;
Левитская О.Н., Левитский Н.И. Курс теории механизмов и машин. 2 изд. М., 1985;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТЛУ́СТЫЯ КІСЛО́ТЫ,
аліфатычныя карбонавыя кіслоты; асн.структурны кампанент многіх ліпідаў. Паводле ступені насычанасці вуглевадароднага радыкала адрозніваюць Т.к. насычаныя (гранічныя) і ненасычаныя (негранічныя), ніжэйшыя, сярэднія і вышэйшыя (па колькасці вугляродных атамаў). У прыродзе пераважна сустракаюцца вышэйшыя Т.к. з цотнай лічбай атамаў вугляроду (C14—C24). У жывых арганізмах Т.к. — пластычны і энергет. матэрыял; знаходзяцца ў свабодным і звязаным выглядзе; паступаюць з ежай і сінтэзуюцца ў клетках пераважна шляхам паслядоўнага далучэння або адшчаплення двухвугляродных фрагментаў. Пры працяглай адсутнасці ў ежы ненасычаных Т.к. у жывёл назіраецца адставанне ў росце, пашкоджанні скуры, валасянога покрыва. Лішак насычаных Т.к. садзейнічае павелічэнню колькасці халестэролу ў крыві. Свабодныя Т.к. ў тканках маюцца ў невял. канцэнтрацыях, яны — прамежкавыя прадукты пры сінтэзе і распадзе інш. ліпідаў. Гл. таксама Незаменныя тлустыя кіслоты, Пальміцінавая кіслата, Стэарынавая кіслата.
Літ.:
Кучеренко Н.Е., Васильев А.Н. Липиды. Киев, 1985;
Ленинджер А. Основы биохимии: Пер. с англ.Т. 1—3. М., 1985;
Березов Т.Т., Коровкин Б.Ф. Биологическая химия. 3 изд. М., 1998.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТРАФІ́ЧНЫ ЛАНЦУ́Г, ланцуг харчавання,
шэраг арганізмаў у біягеацэнозах, звязаных паміж сабой адносінамі «корм — спажывец». Асн. тыпы Т.Л.: пашавы (у аснове зялёныя расліны; напр., елка—тля—божая кароўка—павук—мухалоўка—ястраб; аднаклетачныя водарасці—весланогія рачкі—верхаводка—судак),
і дэтрытны (у аснове фітадэтрыт; напр., лісцевы апад дрэў—дажджавы чарвяк—жукі-стафіліны—землярыйкі—ліс). Арганізмы наступнага звяна (трафічнага ўзроўню) паядаюць прадстаўнікоў папярэдняга звяна, т.ч. здзяйсняецца ланцуговы перанос энергіі і рэчыва, які ляжыць у аснове кругавароту рэчываў у прыродзе. У Т.л. пры пераносе патэнцыяльнай энергіі ад звяна да звяна большая яе ч. страчваецца, таму ў Т.л. звычайна не больш як 5 звёнаў. Т.л. ўтвараюць трафічныя сеткі, якія ўзнікаюць у выніку шырокага трафічнага спектра (паліфагіі) большасці кансументаў (напр., пацукі жывяцца расл. і жывёльным кармамі, могуць з’яўляцца рознымі трафічнымі ўзроўнямі некалькіх трафічных ланцугоў) і інш.Асн.структурны элемент і ўласцівасць трафічнай сеткі — экалагічнае дубліраванне, пры якім у экасістэмах нешматлікі від замяняецца інш., функцыянальна блізкім (напр., буйных капытных жывёл замяняюць грызуны). Вывучае Т.л. трофаэкалогія.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТЭА́ТР АБСУ́РДУ,
адно з праяўленняў авангардызму ў зах. л-ры і т-ры 1950—60-х г. Заснавальнікі — С.Бекет і Э.І.Іанеска (гл. таксама Абсурду драма). Паняцце «абсурд» прыйшло з філасофіі экзістэнцыялізму і асэнсоўвалася як нешта ірацыянальнае, пазбаўленае сэнсу і лагічнай сувязі з тэкстам або сцэн, увасабленнем. Элементы Т.а. прасочваюцца ў тэатр. формах і традыцыях задоўга да ўзнікнення абсурду 1950-х г. (фарс, гратэскныя інтэрмедыі У.Шэкспіра і т-ра рамантызму, камедыя дэль артэ і інш.). Эстэтычна абапіраецца на прынцыповы разрыў з мінулай традыцыяй — «антытэатр», які ўзнік як антытэзіс класіцысцкай драматургіі, эпічнай сістэме Б.Брэхта і рэалізму нар.т-ра і змяшчаў пафас пратэсту супраць мяшчанскай рэчаіснасці і маралі. Абсурд існуе ў некалькіх праяўленнях: нігілістычны — тэкст не нясе ніякай інфармацыі (Іанеска, В.Хільдэсхаймер); сатыр., асн. прыём якога — гратэск, пародыя (Ф.Дзюрэнмат, Г.Грас); як структурны прынцып адлюстравання сусветнага хаосу, негарманічнага вобраза чалавецтва (Бекет, А.Адамаў). Атрымаў развіццё таксама ў творчасці драматургаў-абсурдыстаў В.Гавела, С.Мрожака, Ж.Жэнэ, Х.Пінтэра і інш. Уплывае на стыль сучасных твораў і пастановак.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАМЕАСТА́З (ад гамеа... + грэч. stasis стан, нерухомасць) у фізіялогіі, адноснае дынамічнае пастаянства саставу і ўласцівасцей унутр. асяроддзя і ўстойлівасць асн.фізіял. функцый арганізма чалавека, жывёл і раслін. Уяўленне сфармулявана франц. вучоным К.Бернарам (1878). Тэрмін «гамеастаз» прапанаваў амер. фізіёлаг У.Кенан (1929). Формы гамеастазу: структурны — падтрыманне дынамічнага пастаянства клетачнага саставу, структурнай арганізацыі і ўзаемнага размяшчэння элементаў у органах і арганізме; метабалічны — сукупнасць складаных прыстасавальных рэакцый арганізма, якія накіраваны на ліквідацыю ці макс. абмежаванне дзейнасці фактараў вонкавага і ўнутр. асяроддзя і захаванне ваганняў фізіял. і біяхім. канстантаў у вызначаных межах; генетычны — здольнасць папуляцый натуральным адборам ураўнаважваць свой генет. склад, парушаны ў выніку штучнага адбору ці змены ўмоў асяроддзя; антагенетычны (гамеастаз развіцця) — прыстасавальныя ўласцівасці арганізма дынамічна мяняць рэакцыю генатыпа на паўторныя змены ўмоў вонкавага і ўнутр. асяроддзя. Гамеастаз рэгулюецца нейрагумаральнымі, гарманальнымі, бар’ернымі, выдзяляльнымі, асматычнымі і інш. сістэмнымі рэгулятарнымі механізмамі. Паняцце гамеастаз ужываецца ў біяцэналогіі, генетыцы, кібернетыцы і інш.
Літ.:
Анохин П.К. Очерки по физиологии функциональных систем. М., 1975;
Гомеостаз. 2 изд. М., 1981;
Саркисов Д.С. Очерки по структурным основам гомеостаза. М., 1977;
Структурные основы адаптации и компенсации нарушенных функций. М., 1987.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫФРА́КЦЫЯ РЭНТГЕ́НАЎСКІХ ПРАМЯНЁЎ,
з’ява, што выяўляецца пры пругкім рассеянні рэнтгенаўскіх прамянёў крышталямі (або малекуламі вадкасцей і газаў), пры якім з першаснага пучка прамянёў узнікаюць другасныя адхіленыя пучкі той жа даўжыні хвалі.
Д.р.п. эксперыментальна выяўлена ням. фізікамі М.Лаўэ, В.Фрыдрыхам і П.Кніпінгам (1912) як доказ хвалевай прыроды рэнтгенаўскіх прамянёў. Крышталь з’яўляецца натуральнай трохмернай дыфракцыйнай рашоткай (адлегласці паміж атамамі аднаго парадку з даўжынёй хвалі λ); напрамак дыфракцыйных максімумаў у агульным выпадку падпарадкоўваецца ўмовам Лаўэ: a(cosα − cosα0) = hλ, b(cosβ − cosβ0) = kλ, c(cosγ − cosγ0) = lλ, дзе a, b, c — памеры крышт. рашоткі, α0, β0, γ0 — вуглы, што ўтварае падаючы прамень, α, β, γ — рассеяны прамень з восямі крышталя, h, k, l — цэлыя лікі (індэксы Мілера). Дыфракцыйную карціну назіраюць на нерухомым крышталі з выкарыстаннем поліхраматычнага выпрамянення (Лаўэ метад), пры вярчэнні або ваганнях крышталя, а таксама на полікрышталях пры асвятленні монахраматычным выпрамяненнем (гл.Дэбая—Шэрэра метад). Д.р.п. выкарыстоўваецца для даследаванняў атамнай структуры рэчыва, рашэння задач матэрыялазнаўства, у рэнтгенаўскай спектраскапіі. Гл. таксама Рэнтгенаўскі структурны аналіз, Рэнтгенаграфія матэрыялаў.
Літ.:
Иверонова В.И., Ревкевич Г.П. Теория рассеяния рентгеновских лучей. 2 изд. М., 1978.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЭКСПЕРЫМЕНТА́ЛЬНАЯ ФІ́ЗІКА,
раздзелы фізікі і кірункі фіз. даследаванняў, звязаныя з правядзеннем эксперыментаў для выяўлення новых фактаў і праверкі адкрытых фіз. законаў. Вынікі эксперыментаў звычайна выражаюцца ў выглядзе графікаў, табліц або матэм. суадносін паміж фізічнымі велічынямі.
Да пач. 20 ст. фундаментальныя адкрыцці (асн. законы механікі, узаемадзеянне эл. зарадаў і токаў, эл.-магн. хвалі, электрон, радыеактыўнасць, атамнае ядро і інш.) былі зроблены пры дапамозе параўнальна простай апаратуры. У астрафізіцы, лазернай фізіцы, радыёфізіцы, фізіцы высокіх энергій і ядзернай фізіцыэксперым. ўстаноўкі пачалі хутка ўскладняцца і сталі нагадваць абсталяванне прамысл. прадпрыемстваў (гл., напр., Касмічны комплекс, Паскаральнікі зараджаных часціц, Радыётэлескоп, Ядзерны рэактар). Для правядзення і апрацоўкі вынікаў фіз. эксперыментаў выкарыстоўваецца складаная электронная апаратура (напр., дэтэктары, лічыльнікі зараджаных часціц, фотапамнажальнікі); інфармацыя, атрыманая пры гэтым, апрацоўваецца на ЭВМ. Структура атамаў, малекул, арган. і неарган. рэчываў даследуецца метадамі спектральнага аналізу. Пры даследаванні структуры цвёрдых цел і вадкасцей выкарыстоўваецца нейтронаграфія, рэнтгенаўскі структурны аналіз, электронаграфія, а таксама Мёсбаўэра эфект, электронны парамагнітны рэзананс і ядзерны магнітны рэзананс.
Літ.:
Сквайрс Дж. Практическая физика: Пер. с англ.М., 1971;
Липсон Г. Великие эксперименты в физике: Пер. с англ.М., 1972;
Капица П.Л. Эксперимент. Теория. Практика: Ст. и выступления. 4 изд. М., 1987.