АНГЛАСА́КСЫ,

агульная назва германскіх плямёнаў — англаў, саксаў, ютаў і фрызаў, якія заваявалі ў 5—6 ст. кельцкую Брытанію (гл. Кельты). У 7—10 ст. у працэсе змяшання гэтых плямёнаў склалася англасаксонская народнасць, што ўвабрала і кельцкія элементы. Пазней англасаксы змешваліся з датчанамі і нарвежцамі, якія пасяліліся на ПнУ і У Англіі, і пасля Нармандскага заваявання Англіі 1066 з выхадцамі з Францыі, што стала пачаткам фарміравання англ. народнасці (гл. Англічане).

т. 1, с. 346

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЕ́НА, Алена Прыгожая,

у старажытнагрэчаскай міфалогіі дачка Зеўса і Леды, жонка цара Спарты Менелая, якая лічылася надзвычайнай прыгажуняй. Паводле міфаў, сын траянскага цара Прыяма Парыс з дапамогай Афрадыты выкраў Алену, што стала зачэпкай Траянскай вайны. Міф пра Алену — часты сюжэт у выяўл. мастацтве (ант. вазы, фрэскі, карціны Я.​Тынтарэта, Ж.​Л.​Давіда), л-ры (Гамер, Эўрыпід, І.​В.​Гётэ), музыцы (К.​В.​Глюк, К.​Сен-Санс, Р.​Штраус) і інш.

т. 1, с. 245

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАСІ́ЛЬ II Васілевіч Цёмны

(10.3.1415—27.3.1462),

вялікі князь маскоўскі [1425—62]. Сын Васіля I Дзмітрыевіча і Соф’і, дачкі вял. князя літ. Вітаўта. Амаль 30 гадоў ваяваў з кааліцыяй удзельных князёў, якою кіраваў галіцкі кн. Юрый Дзмітрыевіч і яго сыны. У 1446 аслеплены адным з іх, Шамякам (адсюль прозвішча Цёмны). Ліквідаваў большасць удзелаў у Маскоўскім княстве, умацаваў велікакняжацкую ўладу. Пры ім выбраны мітрапаліт (1448), рус. царква стала незалежная ад канстанцінопальскага патрыярха.

т. 4, с. 26

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЕЎРО́ПА,

у старажытнагрэчаскай міфалогіі багіня земляробства, дачка фінікійскага цара Агенора, сястра Кадма, маці Мінаса, Сарпедона і Радаманфа. Закаханы ў Е. Зеўс пад выглядам быка выкраў яе і пераплыў на Крыт, дзе Е. стала яго жонкай. Культ Е. існаваў у Фінікіі і на Крыце. Выкраданне Е. — часты сюжэт у выяўл. мастацтве (ант. вазапіс, рым. мазаіка, фрэскі ў Пампеях, карціны К.​Ларэна, Рафаэля, Тыцыяна і інш.).

Да арт. Еўропа. Выкраданне Еўропы. Мастак В.​А.​Сяроў. 1910.

т. 6, с. 400

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА ДУА́НЬЛІ́НЬ (1228, прав. Цзянсі, Кітай — 1322?),

кітайскі гісторык эпохі дынастыі Сун. Аўтар энцыклапедычнай працы «Вэньсянь тункао» («Сістэматызаваны збор пісьмовых помнікаў і меркаванняў»), якая побач з творамі сунскіх гісторыкаў Чэн Чао і Сыма Гуана стала ўзорам для кіт. гісторыкаў больш позняга часу. М.Д. імкнуўся даследаваць эвалюцыю шэрагу сац. і дзярж. ін-таў і выявіць прычынныя сувязі некаторых гіст. з’яў. Лічыў, што для чыноўніка-канфуцыянца гіст. веды таксама важныя, як і канфуцыянская л-ра.

т. 9, с. 492

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРАМЕ́І, арамейцы,

качавыя семіцкія плямёны, выхадцы з Аравіі. Упершыню ўпамінаюцца ў сярэдзіне 3-га тыс. да н. э. У 14 ст. да н. э. трапілі ў Сірыйскую пустыню і на сярэдні Еўфрат, на мяжы 12—11 ст. да н. э. засялялі амаль усю Пярэднюю Азію. У асобных месцах (на У ад р. Іардан і інш.) арамеі сталі весці аселае жыццё. Арамейская мова да пач. н. э. стала асн. гутарковай мовай у Пярэдняй Азіі. Патомкі арамеяў — сучасныя асірыйцы.

т. 1, с. 452

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БА́РЖА (франц. barge),

пласкадоннае грузавое несамаходнае судна без аснасткі з невялікай асадкай. Перацягваецца буксірам. У залежнасці ад грузаў, якія перавозяцца, баржы падзяляюцца на сухагрузныя (для пяску, руды, кам. вугалю) і наліўныя (вадкае паліва, вада); ад раёна плавання — на марскія, рэйдавыя (прыбярэжныя) і рачныя. На Беларусі з’явілася ў канцы 19 ст. і паступова стала асн. тыпам рачнога грузавога транспарту (з часам драўляныя судны заменены металічнымі). Сучасныя баржы, якія выкарыстоўваюць на ўсіх буйных рэках рэспублікі, пераважна сухагрузныя; грузападымальнасць 100—700 т.

т. 2, с. 307

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРЫ́С III (30.1.1894, Сафія — 28.8.1943),

цар Балгарыі [1918—43]. Сын Фердынанда I Кобургскага. У 1923 ухваліў путч супраць прэм’ер-міністра А.Стамбалійскага. У 1935 адправіў у адстаўку ўрад К.Георгіева і ўсталяваў сваю дыктатуру. У знешняй палітыцы арыентаваўся на Германію. Пры ім Балгарыя стала саюзніцай фаш. Германіі (1941), але захавала дыпламат. адносіны з СССР, не пасылала свае войскі на сав.-герм. фронт, у мясц. канцлагерах пакінута 25 тыс. балг. яўрэяў, што падлягалі дэпартацыі. Раптоўна памёр пасля вяртання з аўдыенцыі ў Гітлера.

т. 2, с. 326

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕ́БА, Гебея,

у грэчаскай міфалогіі багіня юнацтва, дачка Зеўса і Геры, сястра Арэса. На Алімпе ў палацы Зеўса на баляваннях багоў выконвала абавязкі віначэрпа (пазней яны перайшлі на Ганімеда). Пасля абагаўлення Геракла Геба стала яго жонкай. Вяселле Гебы і Геракла — часты сюжэт у ант. паэзіі (Сапфо, Піндар, Авідзій), выяўл. мастацтве (рэльефы, творы вазапісу, скульптуры А.​Кановы, Б.​Торвальдсена), у музыцы (оперы Р.​Кайзера, К.​В.​Глюка) і інш. У рым. міфалогіі Гебе адпавядае Ювента.

Геба. Скульптура А.​Кановы. 1801.

т. 5, с. 128

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДО́КТАР НАВУ́К,

вучоная ступень. Упершыню стала прысуджацца ў 1130 Балонскім ун-там, потым у 1231 Парыжскім. У Рас. імперыі ступень Д.н. уведзена ва ун-тах у 1819, надавалася асобам, якія абаранілі доктарскую дысертацыю і мелі ступень магістра. У Беларусі з 1934. Прысуджаецца Вышэйшым атэстацыйным камітэтам Рэспублікі Беларусь на падставе хадайніцтваў саветаў па абароне дысертацый асобам, якія, як правіла, маюць вучоную ступень кандыдата навук або вучонае званне прафесара і абаранілі дысертацыю. На 1.1.1997 у Беларусі 2265 Д.н.

т. 6, с. 177

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)