БЛАГО́ЕВА ГРУ́ПА,

першая сацыял-дэмакратычная арг-цыя ў Расіі ў 1883—87. Створана ў Пецярбургу Дз.Благоевым, з 1884 наз. «Партыя рускай сацыял-дэмакратыі». Налічвала да 30 чал., пераважна студэнтаў. Пасля ўстанаўлення сувязі з групай «Вызваленне працы» стала наз. «Пецярбургская група партыі рускіх сацыял-дэмакратаў». Група першай арганізавала каля 15 рабочых гурткоў; у 1885 наладзіла выпуск у Расіі с.-д. нелегальнай газ. «Рабочий» (выйшлі 2 нумары). Разгромлена паліцыяй.

т. 3, с. 183

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНДРЭ́Й БАГАЛЮ́БСКІ (каля 1112 — 29.6.1174),

князь уладзіміра-суздальскі (1157—74). Сын Юрыя Далгарукага. Каля 1150—51 яму належалі Тураў і Пінск. У 1169 захапіў Кіеў; пад яго ўплыў трапілі Смаленскія і Дзвінскія землі. Змагаўся супраць феад. знаці, спрыяў развіццю гандлю і рамяства, перанёс сталіцу княства ва Уладзімір. У час яго праўлення Уладзіміра-Суздальскае княства стала найб. моцным на Русі. Забіты ў сваім замку ў Багалюбаве.

т. 1, с. 361

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНТЫЁХ III Вялікі

(грэч. Anciochos Megas; 242—187 да н.э.),

цар дзяржавы Селеўкідаў (223—187), праўнук Селеўка I. У 212—205 падпарадкаваў парфян і Бактрыю, у 203 адваяваў у Егіпта Палесціну. Пацярпеўшы паражэнне ад Рыма ў Сірыйскай вайне 192—188, заключыў мір, т.зв. Апамейскі дагавор 188, пасля якога Селеўкідскае царства стала другараднай дзяржавай. Забіты ў Элімаідзе ў час рабавання яго войскамі храма бога Бэла.

т. 1, с. 396

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАСДРУБА́Л (Hasdrubal; ? — 221 ла н.э.),

карфагенскі палкаводзец. Узначальваў дэмакр. групоўку. Зяць Гамількара Баркі, у 237 суправаджаў яго ў ісп. паходзе, з 229 узначальваў карфагенскія войскі ў Іспаніі. Заснаваў г. Новы Карфаген (сучасны г. Картахена, Іспанія). Ажаніўшыся з іберыйскай прынцэсай, яшчэ больш узмацніў уплыў карфагенян у Іспаніі. У 226 падпісаў з рымлянамі дагавор, паводле якога р. Ібер (Эбра) стала мяжой карфагенскіх уладанняў у Іспаніі. Забіты кельцкім рабом.

т. 5, с. 82

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕКУ́БА, Гекаба,

у грэчаскай міфалогіі жонка траянскага. цара Прыяма, маці Гектара, Парыса, Касандры і інш. Пры разбурэнні Троі перажыла смерць усіх блізкіх і стала нявольніцай Адысея, пазней ператворана ў сабаку. Загінула ў час пераправы цераз праліў Гелеспонт (Дарданелы). Вобраз Гекубы ўвайшоў у класічную л-ру (Эўрыпід, Дантэ, У.​Шэкспір і інш.).

Прыям і Гекуба ўзбройваюць Гектара. Размалёўка чырвонафігурнай амфары Эўфіміда. Каля 510 да н.э.

т. 5, с. 138

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІРО́НАВА Фядора, гераіня вайны 1812. Прыгонная сялянка з в. Пагуршчына Полацкага пав. У час напалеонаўскага нашэсця стала разведчыцай авангарда рус. корпуса П.Х.Вітгенштэйна. Летам 1812 неаднаразова хадзіла ў разведку ў заняты французамі Полацк, здабывала звесткі пра размяшчэнне франц. войск і перадавала іх камандаванню рас. арміі. Указам Аляксандра I узнагароджана сярэбраным медалём з надпісам «За полезное» і 500 рублямі. У 1820 разам з сям’ёй вызвалена ад прыгону.

т. 10, с. 467

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МО́КАШ,

ва ўсходнеславянскай міфалогіі жаночае бажаство ўрадлівасці і вады, апякунка парадзіх, жаночай працы і дзявочай долі. Яе ўяўлялі ў выглядзе жанчыны з вял. галавой і доўгімі рукамі, якая прадзе па начах у хаце. М. — адзінае жаночае бажаство стараж.-рус. пантэона, чый ідал у Кіеве стаяў на вяршыні гары разам з кумірамі Перуна і інш. багоў. Непасрэдным працягам вобраза М. пасля прыняцця хрысціянства стала св. Параскева Пятніца.

т. 10, с. 513

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СА́РЫСА (ад грэч. sarisa кап’ё),

асноўная зброя воінаў-сарысафораў (цяжкай пяхоты і конніцы) у Стараж. Грэцыі, Стараж. Македоніі і інш. дзяржавах у 4—2 ст. да н.э. Першапачаткова С. (даўж. 3 м) выкарыстоўвалася як кідальная і колючая халодная зброя, пазней (даўж. 6—7 м) стала толькі колючай зброяй. Воіны першых 6 шарэнгаў фалангі бралі С. ў руку так, каб яны выдаваліся наперад, утвараючы засцерагальны «дах».

т. 14, с. 188

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЕ́НА, Алена Прыгожая,

у старажытнагрэчаскай міфалогіі дачка Зеўса і Леды, жонка цара Спарты Менелая, якая лічылася надзвычайнай прыгажуняй. Паводле міфаў, сын траянскага цара Прыяма Парыс з дапамогай Афрадыты выкраў Алену, што стала зачэпкай Траянскай вайны. Міф пра Алену — часты сюжэт у выяўл. мастацтве (ант. вазы, фрэскі, карціны Я.​Тынтарэта, Ж.​Л.​Давіда), л-ры (Гамер, Эўрыпід, І.​В.​Гётэ), музыцы (К.​В.​Глюк, К.​Сен-Санс, Р.​Штраус) і інш.

т. 1, с. 245

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНГЛАСА́КСЫ,

агульная назва германскіх плямёнаў — англаў, саксаў, ютаў і фрызаў, якія заваявалі ў 5—6 ст. кельцкую Брытанію (гл. Кельты). У 7—10 ст. у працэсе змяшання гэтых плямёнаў склалася англасаксонская народнасць, што ўвабрала і кельцкія элементы. Пазней англасаксы змешваліся з датчанамі і нарвежцамі, якія пасяліліся на ПнУ і У Англіі, і пасля Нармандскага заваявання Англіі 1066 з выхадцамі з Францыі, што стала пачаткам фарміравання англ. народнасці (гл. Англічане).

т. 1, с. 346

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)