«ВЕ́СТНИК МИ́НСКОГО ГУБЕ́РНСКОГО ЗЕ́МСТВА»,

часопіс. Выдаваўся ў 1914—15 у Мінску на рус. мове. Асвятляў дзейнасць губернскіх і павятовых земстваў, пытанні сельскай гаспадаркі і меліярацыі, лясной справы, эканам. жыцця губерні. Змяшчаў хроніку, распараджэнні ўрада і сената па земскіх справах. Апублікаваў агляд дзейнасці Мінскага земства за 3 гады, нарыс «Кароткая характарыстыка Палесся». Выйшла 20 нумароў.

т. 4, с. 119

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАКУРА́ТАР (лац. procurator літаральна папячыцель, кіраўнік),

у Старажытным Рыме: 1) домакіраўнік; 2) давераная асоба рым. грамадзяніна ў суд. і камерцыйных справах (звычайна з ліку вольнаадпушчанікаў); 3) у эпоху імперыі таксама кіраўнік вял. маёнтка (імператарскага, прыватнага), чыноўнік, які кіраваў невял. правінцыяй, загадваў зборам падаткаў у вял. правінцыі або ўзначальваў фін. ці гасп. ведамства.

т. 12, с. 549

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІЗМАЙЛО́ВІЧ,

сёстры, рэвалюцыянеркі. Нарадзіліся ў Пецярбургу. З дваран, бацька — генерал рас. арміі Аляксандра Адольфаўна (1878—11.9.1941). Чл. партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў з 1901. У 1905 падтрымлівала сувязі з Беларускай сацыялістычнай грамадой. 27.1.1906 разам з І.П.Пуліхавым удзельнічала ў няўдалым замаху на мінскага губернатара П.​Р.​Курлова і паліцмайстра Дз.​Дз.​Норава, за што прыгаворана да смяротнага пакарання (заменена пажыццёвай катаргай). З кастр. 1917 чл. ЦК Партыі левых эсэраў, са снеж. 1917 чл. Прэзідыума ВЦВК. У 1918 арыштавана, з 1923 у ссылцы. У 1930 арыштавана ў Ташкенце і выслана на 3 гады ва Уфу. У 1937 асуджана на 10 гадоў. 11.9.1941 расстраляна. Рэабілітавана ў 1957 па справах 1937 і 1941 і ў 1989 па справах 1920—30-х г. Аўтар кнігі «Паслякастрычніцкія памылкі» (1918).

Кацярына Адольфаўна (1881—9.2.1906). У 1905 куратар Мінскай арг-цыі эсэраў, праводзіла рэв. работу ў Магілёве, Маскве. Расстраляна ў Севастопалі за замах на віцэ-адмірала Р.​П.​Чухніна.

Э.​А.​Ліпецкі.

т. 7, с. 181

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЫЛЕ́НКА (Мікалай Васілевіч) (14.5.1885, в. Бяхцееўка Сычоўскага р-на Смаленскай вобл., Расія — 29.7.1938),

савецкі дзярж. дзеяч, юрыст. Д-р дзярж. і прававых н. (1934). Скончыў Пецярбургскі (1909) і Харкаўскі (1914) ун-ты. Чл. Камуніст. партыі (з 1904), яе ЦКК (1927—34). Удзельнік рэвалюцыі 1905—07. У 1914—15 у эміграцыі. З крас. 1916 у арміі на Паўд,Зах. фронце, дзе ўдзельнічаў у рэв. руху. Удзельнік Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917, ліквідацыі Стаўкі Вярх. галоўнакамандуючага ў Магілёве. Чл. 1-га Сав. ўрада: чл. к-та па ваен. і марскіх справах; нарком па ваен. справах і вярх. галоўнакамандуючы рас. арміяй (ліст. 1917 — сак. 1918). З сак. 1918 у органах сав. юстыцыі; да 1931 дзярж. абвінаваўца на буйных паліт. працэсах. У 1922—31 старшыня Вярх. трыбунала пры ВЦВК, нам. наркома юстыцыі, пам. пракурора, пракурор РСФСР. З 1931 нарком юстыцыі РСФСР, з 1936 — юстыцыі СССР. Працы па суд. ладзе і крымін. праве. Рэпрэсіраваны. Рэабілітаваны пасмяротна.

т. 8, с. 507

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛО́ЎРЭНС ((Lawrence) Томас Эдуард) (Лоўрэнс Аравійскі; 15.8.1888, Трэмадок, Вялікабрытанія —19.5.1935),

брытанскі разведчык. Паводле адукацыі археолаг. Скончыў Оксфардскі ун-т (1910). У 1914—19 і 1922—35 у брыт. арміі. У 1916—19 супрацоўнік брыт. Бюро па араб. справах у Каіры. Вёў развед. дзейнасць у Сірыі, Палесціне, Аравіі і Егіпце. У 1916 пераканаў эміра Хусейна — правіцеля тур. ўладання Хіджаз на З Аравійскага п-ва — узняць мясц. араб. насельніцтва на антытур. паўстанне, якое ўзначаліў разам з сынам Хусейна Фейсалам. Паўстанне пашырылася на інш. тэрыторыі і ў далейшым садзейнічала ўключэнню ў склад брыт. калан. імперыі Ірака, Іарданіі, Палесціны. У 1921—22 саветнік па араб. справах у брыт. мін-ве калоній. У 1925—29 у гарадах Карачы і Пешавар (цяпер у Пакістане) арганізоўваў падрыўную дзейнасць супраць Афганістана і СССР. У англ. л-ры часта падаецца як прыхільнік незалежнасці араб. краін, аднак фактычна распрацоўваў ідэю стварэння брыт. дамініёна на Б. Усходзе. Аўтар кніг успамінаў.

Літ.:

«Друг» арабов // Военные разведчики XX в. Мн., 1998.

т. 9, с. 351

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕРАМЕ́ШЧАНЫЯ АСО́БЫ ў міжнародным праве,

асобы, якія прымусова вывезены ў перыяд 2-й сусв. вайны 1939—1945 фаш. Германіяй з акупіраваных ёю тэрыторый у інш. краіны для выкарыстання на розных работах. Праблема П.а. асабліва востра паўстала пасля вайны, калі ўзнікла пытанне пра вяртанне іх на радзіму. У час вайны СССР заключыў з шэрагам краін, што ўваходзілі ў антыгітлераўскую кааліцыю, пагадненне аб лёсе гэтых асоб (11.2.1945 з ЗША і Англіяй; 29.6.1945 з Францыяй). Ген. Асамблея ААН у рэзалюцыях ад 12.2.1946 і 15.12.1946 устанавіла, што дзяржавы — чл. ААН павінны садзейнічаць паскоранай рэпатрыяцыі П.а., якія знаходзяцца на іх тэрыторыі. Для спрыяння вырашэнню праблемы П.а. у 1946 створана Міжнар. арг-цыя па справах бежанцаў, якая скасавана ў сувязі са стварэннем у 1951 Упраўлення вярх. камісара па справах бежанцаў. У практыцы Упраўлення вярх. камісара ўжываецца тэрмін «П.а.» таксама да некаторых катэгорый «унутраных бежанцаў» — асоб, якія нядобраахвотна пакінулі якую-н. частку сваёй краіны і вымушаны пасяліцца ў інш. яе частцы.

І.​М.​Таніева.

т. 12, с. 281

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭЎВАЕНСАВЕ́Т РЭСПУ́БЛІКІ (РВСР),

Рэвалюцыйны ваенны савет Рэспублікі (з 28.8.1923 Рэвалюцыйны ваенны савет СССР), калегіяльны орган вышэйшай ваен. улады ў 1918—34. Створаны 6.9.1918 паводле пастановы ВЦВК ад 2.9.1918 аб пераўтварэнні Сав. рэспублікі ў ваен. лагер. Аб’ядноўваў функцыі Вышэйшага савета, Наркамата па ваен. і марскіх справах і яго калегіі (члены калегіі ўвайшлі ў склад РВСР). Старшыня РВСР адначасова ўзначальваў Наркамат па ваен. і марскіх справах і зацвярджаўся ВЦВК РСФСР (з 1923 СНК СССР). РВСР кіраваў дзейнасцю ўсіх органаў ваен. ведамства, будаўніцтвам узбр. сіл, распрацоўваў планы па абароне краіны і інш. Яму падпарадкоўваліся ўсе органы і кіруючыя асобы ваен. ведамства: Галоўнакаманд. ўзбр. сіламі рэспублікі, Усерас. гал. штаб, Палявы штаб РВС Рэспублікі (з лют. 1921 — штаб РККА), Вышэйшая ваен. інспекцыя, Усерас. бюро камісараў (пазней Палітаддзел і Палітупраўленне РВСР) і інш. Скасаваны 20.6.1934.

Старшыні: Л.​Д.​Троцкі (6.11.1918—26.1.1925), М В Фрунзе (26.1.1925—31.10.1925), К.​Я.​Варашылаў (6.11.1925—20.6.1934).

С.​А.​Фамін.

т. 14, с. 30

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ВЕ́СТНИК МОГИЛЁВСКОГО ЗЕ́МСТВА»,

часопіс. Выдаваўся ў 1914—17 у Магілёве на рус. мове. Меў на мэце служыць інтарэсам і патрэбам земскага і гар. самакіравання, пераважна заходніх земстваў, утвораных у адпаведнасці з указам ад 14.3.1911. Асвятляў дзейнасць земскіх устаноў, пытанні сельскай гаспадаркі, меліярацыі, эканам. жыцця губерні, змяшчаў агляды дзейнасці земстваў інш. губерняў, пастановы ўрада па земскіх справах. Выйшла 67 нумароў.

т. 4, с. 119

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́СІЯ (ад лац. missio пасылка, даручэнне),

1) пастаяннае дыпламатычнае прадстаўніцтва, якое ўзначальваецца пасланнікам, міністрам-рэзідэнтам або пастаянным павераным у справах.

2) Дэлегацыя, якая пасылаецца дзяржавай або міжнар. арг-цыяй у якую-н. краіну са спец. мэтай або з пэўным даручэннем (гандлёвая М., ваенная М., М. ААН).

3) Царк. місіянерская арг-цыя (гл. Місіянерства).

4) Адказнае заданне, роля, даручэнне.

т. 10, с. 472

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПО́ЛЬСКАЯ АРГАНІЗА́ЦЫЯ ВАЙСКО́ВАЯ (ПАВ),

тайная вайсковая арганізацыя. Створана ў кастр. 1914 у Варшаве. Дзейнічала пад кіраўніцтвам Ю.​Пілсудскага ў Каралеўстве Польскім, Галіцыі, на Украіне, Беларусі і ў Расіі. Адной з мэт ПАВ было захаванне ўлады ў руках Пілсудскага. Паводле некат. звестак, у ПАВ існавала тайная «група белага арла», якая вызначала ўнутр. і знешнюю палітыку Польшчы. У кіраўніцтва ПАВ уваходзілі А.​Коц, М.​Касцялкоўскі, Б.​Мядзінскі, А.​Прыстар, Э.​Рыдз-Сміглы і інш., якія адначасова з’яўляліся членамі масонскай Вял. нац. ложы Польшчы. У 1930-я — пач. 1940-х г. у СССР органы АДПУ—НКУС фабрыкавалі групавыя справы ПАВ, па якіх былі арыштаваны і засуджаны ў асн. беларусы і палякі. Першая ў БССР справа ПАВ прыдумана ДПУ у 1933. Па ёй у лют. 1934 асуджана 55 чал. на 3—10 гадоў папраўча-працоўных лагераў. У жн. 1937 у краіне пачалася шырокамаштабная аперацыя «па ліквідацыі польскай агентуры». Да вер. 1938 органамі НКУС арыштавана 21 407 «удзельнікаў ПАВ і паўстанцкіх арг-цый, польскіх шпіёнаў і дыверсантаў», з іх 10 120 беларусаў і 9196 палякаў. У 1937—39 па справах ПАВ прайшла большасць кіраўнікоў Кампартыі Польшчы і КПЗБ, выкліканых у СССР, і былых палітвязняў Польшчы, якія па абмене пераехалі ў Сав. Саюз, а таксама дзярж. дзеячаў, парт., сав., камсам. і прафс. работнікаў польскага паходжання. Фабрыкацыя спраў ПАВ была выкарыстана НКУС і для рэпрэсій палітычных у Зах. Беларусі пасля ўз’яднання яе з БССР у вер. 1939. Сярод арыштаваных і асуджаных па справах ПАВ была частка польскіх шпіёнаў, дыверсантаў і членаў падп. узбр. фарміраванняў, якія вялі антыдзярж. работу супраць сав. ладу. У 1950—90-я г. ўсе беспадстаўна рэпрэсіраваныя па справах ПАВ рэабілітаваны.

У.​М.​Міхнюк.

т. 12, с. 483

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)