БАЛЯСЛА́ЎСКІ Ісак Яфрэмавіч

(9.6.1919, г. Залатаноша Чаркаскай вобл., Украіна — 14.2.1977),

бел. шахматыст. Міжнар. гросмайстар (1948), засл. майстар спорту СССР (1948), засл. трэнер СССР (1964). Скончыў Уральскі ун-т (1949). Чэмпіён свету (1952) і Еўропы (1957, 1965) у камандным першынстве. Неаднаразовы чэмпіён Украіны і Беларусі. Удзельнік міжнар. матчаў зборнай Беларусі з шахматыстамі Польшчы, Венгрыі, ГДР. З 1954 трэнер зборнай СССР па шахматах, з 1967 — Рэсп. школы вышэйшага спарт. майстэрства (г. Мінск). Знаўца і даследчык шахматных дэбютаў.

т. 2, с. 270

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВО́ЛКАЎ Ігар Пятровіч

(н. 21.10.1931, г. Прыволжск, Расія),

бел. вучоны ў галіне спарт. фізіялогіі. Д-р біял. н. (1994). Скончыў Омскі ін-т фіз. культуры (1961). З 1969 у Гомельскім ун-це, з 1982 у Бел. політэхн. акадэміі. Навук. працы: па ўздзеянні розных рэжымаў рухальнай актыўнасці на фіз. развіццё дзяцей; па пытаннях кіравання трэніровачным працэсам; узаемасувязях фіз. і разумовай працаздольнасці пры выкананні фіз. нагрузкі і інш.

Тв.:

Подготовка спортсмена-многоборца ГТО. Мн., 1979.

т. 4, с. 264

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБС-ПЛА́СТЫК,

тэрмапластычны матэрыял з 2-фазнай структурай, супалімер акрыланітрылу, бутадыену і стыролу. Непразрысты, звычайна цёмнага колеру, t размякчэння 90—105°C, шчыльн. 1,08∙10​3 кг/м³. Растваральны ў араматычных і хлараваных вуглевадародах, вільгаце-, масла-, бензіна-, кіслота-, шчолачаўстойлівы; з высокімі мех. трываласцю, цепластойкасцю, жорсткасцю. Атрымліваюць радыкальнай палімерызацыяй стыролу з акрыланітрылам у прысутнасці каўчукавага латэксу. Канструкцыйны матэрыял для аўтамабіле-, машына-, прыладабудавання, тэкст. і харч. прам-сці, на выраб спарт. інвентару, мэблі; напаўняльнік некаторых палімераў.

т. 1, с. 44

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́МЕЛЬСКІ ЛЁГКААТЛЕТЫ́ЧНЫ МАНЕ́Ж,

крытае спарт. збудаванне для спаборніцтваў і трэніровак па лёгкай атлетыцы, гульнявых відах спорту, барацьбе, цяжкай атлетыцы і інш. Пабудаваны ў 1980 у Гомелі (інж. Б.Максімовіч, арх. В.Саенка). Адно з першых такога тыпу збудаванняў на Беларусі. Мае простую і лаканічную архітэктуру, абумоўленую планіровачным і канстр. вырашэннем; перакрытае клеедраўлянымі 3-шарнірнымі аркамі пралётам 49 м. Прамавугольны ў плане (126×49 м) будынак з прыбудаваным аднапавярховым блокам адм. і дапаможных памяшканняў.

С.Дз.Філімонаў.

т. 5, с. 346

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРОСМА́ЙСТАР

(ням. Groβmeister літар. вял. майстар),

вышэйшае ганаровае спарт. званне па шахматах і шашках. У 1949 Міжнар. шахматнай федэрацыяй (ФІДЕ) устаноўлена званне гросмайстра па шахматах. На Беларусі яго атрымалі Б.Гельфанд, В.Дыдышка, А.Заяц, К.Зварыкіна, А.Кавалёў, В.Купрэйчык, Ю.Шульман, Р.Эйдэльсон. З 1958 прысвойваецца званне гросмайстра Міжнар. федэрацыі гульні ў шахматы па перапісцы (ІКЧФ). Званне гросмайстра па шашках устаноўлена ў 1948 Сусв. федэрацыяй шашак. У Беларусі яго атрымалі А.Альтшуль, А.Балякін, Я.Ватуцін, А.Гантварг, В.Камышлеева, М.Кац, І.Пашкевіч, А.Плакхін, А.Прэсман, З.Садоўская, Л.Сахненка.

т. 5, с. 448

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУЛА́ТАЎ Уладзімір Георгіевіч

(30.6.1929, г. Новасібірск, Расія — 19 2.1976),

бел. спартсмен і трэнер па лёгкай атлетыцы (скачкі з шастом). Засл. майстар спорту (1959), засл. трэнер Беларусі (1975). Скончыў Кіеўскі ін-т фіз. культуры (1953). Рэкардсмен Еўропы, СССР. Трэніраваў зборную юніёраў СССР па лёгкай атлетыцы (з 1961), нац. каманду Кубы (1967—68), з 1968 старшы трэнер па скачках з шастом Рэспубліканскай школы вышэйшага спарт. майстэрства. З 1978 у Мінску праводзяць спаборніцтвы па скачках з шастом памяці Булатава.

т. 3, с. 328

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУ́ЕРНЫ СПОРТ,

спартыўныя гонкі на буерах па лёдзе ці сушы з роўнай паверхняй. Узнік у канцы 18 — пач. 19 ст. ў ЗША. З 1875 дзейнічаюць правілы спаборніцтваў па буерным спорце, вызначаны класы буераў. У 1931 створаны Еўрап. буерны саюз. Першыя спарт. спаборніцтвы ў Расіі праведзены ў 1890 у Пецярбургу, з 1946 праходзілі чэмпіянаты СССР. Праводзяцца чэмпіянаты Еўропы, Амерыкі, з 1964 — свету. Гонкі на буерах па лёдзе папулярныя ў ЗША, Канадзе, Расіі, краінах Балтыі, Скандынавіі і інш.

т. 3, с. 318

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРЫГО́Р’ЕЎ Павел Васілевіч

(н. 20.3.1923, С.-Пецярбург),

бел. спартсмен і трэнер (вольная барацьба). Майстар спорту (1956). Засл. трэнер Беларусі (1961), засл. трэнер СССР (1963). Засл. дзеяч фіз. культуры Беларусі (1972). Скончыў Бел. ін-т фіз. культуры (1952). З 1976 дацэнт кафедры спарт. барацьбы Акадэміі фіз. выхавання і спорту. У 1964—76 трэнер зборнай каманды СССР па вольнай барацьбе — пераможцы Алімпійскіх гульняў (1964, 1968, 1972), чэмпіянатаў свету (1970—71, 1973—76), Еўропы (1970—71, 1973—76). Сярод выхаванцаў А.Мядзведзь, Л.Кітоў.

т. 5, с. 477

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АФІ́ША

(франц. affiche),

від рэкламы, паведамлення пра спектакль, канцэрт, лекцыю, кінафільм ці інш. культ.-масавае, відовішчнае, спарт. мерапрыемства. Размнажаюць паліграф. або трафарэтным спосабам. Можа быць шрыфтавая, маляваная, з выкарыстаннем фатаграфіі.

Як выдавецкая, відовішчна-тэатр. і гандл. аб’ява вядома ў Еўропе з 16 ст. Масавае пашырэнне атрымала ў 19 ст. На Беларусі пашырана з сярэдзіны 19 ст. Друкаваная афіша папярэднічала пастаноўцы першай бел. оперы «Ідылія» С.Манюшкі (1852). У галіне афішы працуюць бел. плакатысты У.Васюк, У.Жук, У.Крукоўскі, І.Радунскі, В.Смаляк, М.Стома, І.Уладычык і інш.

т. 2, с. 135

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЛЬШАКО́Ў Барыс Аляксеевіч

(26.9.1910, г. Архангельск, Расія — 27.9.1950),

бел. спартсмен (канькабежны і веласіпедны спорт). Засл. майстар спорту СССР (1947). У 1945—50 трэнер Мінскага абл. савета спарт. т-ва «Дынама». З 1933 неаднаразовы чэмпіён Беларусі, чэмпіён СССР па канькабежным спорце на дыстанцыях 500 м (1941, 1947), 1500 м (1948), па веласіпедным спорце ў групавой шашэйнай гонцы на 150 км (1947), у спрынтарскім мнагабор’і на трэку (1949). Пераможца і прызёр міжнар. і ўсесаюзных спаборніцтваў. З 1950 на Беларусі праводзіцца велагонка на прыз яго імя.

т. 2, с. 269

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)