АФАНА́СЬЕЎ (Аляксандр Мікалаевіч) (23.7.1826, г. Багучар Варонежскай вобл., Расія — 5.10.1871),

рускі фалькларыст, этнограф, гісторык, літаратуразнавец. Скончыў Маскоўскі ун-т (1848). Служыў у Гал. архіве Мін-ва замежных спраў (1849—62). Выключнае значэнне мае яго зб. «Народныя рускія казкі» (вып. 1—8, 1855—63; т. 1—3, 7-е поўнае выд. 1985—86). У ім змешчаны таксама бел. (11) і ўкр. тэксты. Бел. тэксты надрукаваны і ў яго зб. «Народныя рускія легенды» (М., 1859; Лондан, 1860), канфіскаваным па даносе духавенства. Ананімна ім выдадзены ў Швейцарыі зб. «Рускія запаветныя казкі» (1872 і 1878), накіраваны супраць духавенства і памешчыкаў. У рукапісе зб. Афанасьева «Народныя рускія казкі не для друку. 1857—1862» (Ін-т рус. л-ры, Спб.) таксама ёсць бел. і ўкр. тэксты. Праца Афанасьева «Паэтычныя погляды славян на прыроду» (т. 1—3, 1865—69) упершыню на матэрыяле фальклору і этнаграфіі раскрыла некаторыя асаблівасці стараж. светапогляду славян, спрыяла станаўленню міфалагічнай школы ў рус. фалькларыстыцы, мела ўплыў на працы некат. бел. фалькларыстаў.

Літ.:

Азадовский М.К. История русской фольклористики. Т. 2. М., 1963;

Савченко С.В. Русская народная сказка. Киев, 1914.

І.​У.​Саламевіч.

А.М.Афанасьеў.

т. 2, с. 125

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЗБУКО́ЎНІКІ,

ананімныя рукапісныя зборнікі артыкулаў навучальнага і пазнавальна-энцыклапедычнага характару, пашыраныя на землях усх. славян у 13—18 ст. Захавалася больш за 200 азбукоўнікаў. Першыя азбукоўнікі (напр., азбукоўнікі ў Ноўгарадскай кормчай 1282) толькі тлумачылі незразумелыя іншамоўныя словы, што сустракаліся ў перакладных кнігах рэліг. зместу. Пазней тлумачэнні дапаўняліся звесткамі энцыклапедычнага характару па гісторыі, геаграфіі і інш. У 17—18 ст. азбукоўнікі пашырылі навуч. функцыю: іх часткамі сталі азбука (са складамі і пропісямі) і кароткія звесткі грамат., арыфм., рэліг.-павучальнага характару. Выконвалі і збіральніцкую функцыю (назапашванне рэдкіх слоў).

Словы ў азбукоўніках звычайна размяшчаліся па алфавіце, перакладаліся і тлумачыліся, таму азбукоўнікі сталі крыніцай для першых друкаваных слоўнікаў усх. славян. Прыкладам бел. азбукоўнікаў з’яўляецца «Тлумачэнне імёнам па алфавіце» (17 ст.).

Літ.:

Пруссак А.В. Описание азбуковников, хранящихся в рукописном отделении императорской Публичной библиотеки. Спб., 1915;

Алексеев М.П. Словари иностранных языков в русском азбуковнике XVII в. М., 1968;

Ковтун Л.С. Азбуковники, или Алфавиты иностранных речей конца XVI—XVII вв. // Вопросы языкознания. 1980. № 5.

В.​К.​Шчэрбін.

Да арт. Азбукоўнікі. «Книга глаголемая алфавит» (узор азбукоўніка-слоўніка, рукапіс 17 ст.).

т. 1, с. 153

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАЖБО́Г,

язычніцкае бажаство ўсх. славян, бог сонца і агню; пазней бог земляробства, урадлівасці, дабрабыту. Сын Сварога. У Кіеўскай Русі Д. пакланяліся (яго ідал быў пастаўлены побач з Перуном і інш. багамі на капішчы за церамным дваром у Кіеве). Як сімвалічны вобраз трапляецца ў стараж.-рус. л-ры (першае ўпамінанне ў «Аповесці мінулых гадоў» пад 980). У «Слове аб палку Ігаравым» Д. выступае як продак і апякун Русі і стараж.-рус. народа.

т. 6, с. 7

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРУТЫ́, Крут (Krut; ? — 1093),

князь Вендскай дзяржавы [1066—93]. Паходзіў, верагодна, з княжацкай дынастыі, якая ў 10—12 ст. правіла на в-ве Руяна (цяпер в-аў Руген, Германія). Узначальваў супраціўленне прыбалтыйскіх і палабскіх славян іх прымусовай хрысціянізацыі з боку ням. герцагаў. У час аслаблення «Свяшчэннай Рымскай імперыі» пры Генрыху IV пашырыў межы Вендскай дзяржавы да Паўн. мора, падпарадкаваў Нордальбінгію. Загінуў у барацьбе з Генрыхам, сынам Готшалка, які дзейнічаў у саюзе з саксонцамі.

т. 8, с. 489

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБХО́Д,

абрадавы звычай абыходзіць кожны двор у час каляндарных святаў з віншавальна-велічальнымі, заклінальнымі песнямі і музыкай, добрымі пажаданнямі. Важны элемент у комплексе асн. каляндарных абрадаў усх. славян і інш. народаў (сербаў, румынаў). Найб. яркія абходы — валачобныя (мужчынскія групы) і калядныя (змешаныя; гл. Валачобнікі, Калядаванне). Удзельніцамі бел. і ўкр. куставага абходу (гл. Куст) былі выключна дзяўчаты або жанчыны. Магічнае дзеянне абходу накіравана на засцярогу ад варожых сіл, спрыянне дабрабыту і паспяховае вырашэнне сямейных клопатаў.

т. 1, с. 52

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДРЫ́НАЎ (Марын Стаянаў) (20.10.1838, г. Панагюрыштэ, Балгарыя — 13 3.1906),

балгарскі і рускі гісторык-славіст. Чл. Пецярб. АН (1898). Скончыў Маск. ун-т (1865). Адзін з заснавальнікаў (1869) і першы старшыня Балгарскага т-ва прыхільнікаў ведаў (з 1911 Балгарская АН). З 1873 праф. Харкаўскага ун-та. Уваходзіў у Часовае рус. кіраванне ў Балгарыі пасля рус.-турэцкай вайны 1877—78. У 1878—79 заг. аддзела нар. адукацыі і духоўных спраў. Працы па стараж. гісторыі славян.

т. 6, с. 227

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАГА́Н (цюрк.),

тытул кіраўніка дзяржавы ў цюркамоўных народаў у старажытнасці і сярэдневякоўі. Упершыню тэрмін «К.» згадваецца ў кіт. летапісах пад 312. Напачатку тытул К. замацаваўся за ўладарамі жужаняў, з сярэдзіны 6 ст. — за правіцелямі Цюркскага каганата, пазней перайшоў да авараў, печанегаў, хазараў і інш. У канцы 7 — пач. 9 ст. ўжываўся таксама разам з тытулам князь ва ўсх. славян (на Русі да канца 12 ст.). У Манг. імперыі з 13 ст. так называлі імператара.

т. 7, с. 402

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛУ́ННІЦА,

старажытнае металічнае ўпрыгожанне ў выглядзе паўмесяца. Выкарыстоўваліся як завушніцы, нагрудныя падвескі, дэталі галаўнога ўбору. Ва ўсх. славян былі пашыраны ў 8—9 ст. і ў эпоху Кіеўскай Русі. Л. адлівалі з бронзы ці свінцова-алавяністых сплаваў у каменных формах. Паверхню аздаблялі насечкамі, палоскамі несапраўднай зерні, эмаллю. На Беларусі трапляюцца пры раскопках большасці археал. помнікаў. Знойдзены ў Бярэсці, Ваўкавыску, Віцебску, Гомелі, Гродне, Друцку, Заслаўі, Копысі, Мінску і інш. Ліцейныя формы выяўлены ў Віцебску і Гродне.

т. 9, с. 371

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАШЫ́НСКІ ((Moszyński) Казімеж) (5.3.1887, Варшава — 30.3.1959),

польскі этнограф і мовазнавец. Акад. Польскай АН (1952), праф. Ягелонскага (Кракаў; з 1926) і Віленскага (1935—39) ун-таў. Вучыўся ў Цюрыхскім ун-це (1906—09), у Кракаўскай акадэміі прыгожых мастацтваў (1910). У 1945—59 заг. кафедры этнаграфіі славян у Ягелонскім ун-це. Вывучаў матэрыяльную і духоўную культуру слав. народаў, у т. л. беларускага. У 1932 разам з Ф.​М.​Калэсам вывучаў побыт, культуру і мову ў в. Хорастава (Салігорскі р-н Мінскай вобл.). Аўтар шэрагу прац, напісаных на бел. матэрыяле: «Нататкі пра славянскую тапаграфічную і фізіяграфічную тэрміналогію...» (1921), «Навагрудчына ў этнаграфічных адносінах», «Пра народную культуру паўднёва-сярэдняга Палесся» (абедзве 1925), «Усходняе Палессе. Этнаграфічныя матэрыялы...» (1928), «Пра музычна-этнаграфічныя даследаванні на Палессі ў 1932 г.» і «Пра сучасны стан мелаграфіі карэннай Беларусі і Палесся» (абедзве 1934), «Пра палескія песні» (у рукапісе). Багацце бел. культуры ўсебакова паказаў у працы «Народная культура славян» (кн. 1—2, 1929—39; 2-е выд. 1967—68).

Тв.:

Człowiek: Wstęp do etnografii powszechnej i etnologii. Wrocław etc., 1958.

Літ.:

Kazimierz Moszyński: Życie i twórczość. Wrocław etc., 1976.

Г.​І.​Цітовіч.

т. 10, с. 240

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРАБІ́ЗМ,

слова, запазычанае з дыялектаў арабскіх народаў і літаратурнай арабскай мовы. Невялікі пласт арабізму вядомы ў старабел. мове 16—17 ст., куды яны трапілі пераважна праз пасрэдніцтва цюркскіх моў у выніку ваен. і эканам. зносін славян з цюркамі: «атлас» (шаўковая тканіна), «мула» (у форме «молла»), «кайданы», «каран», «султан» і інш. Некаторыя арабізмы ўвайшлі ў мовы многіх народаў свету: «алкаголь», «іслам», «мумія», «халіф» і інш. У наш час арабізмы трапляюцца пераважна ў перакладах з арабскай мовы.

А.​І.​Жураўскі.

т. 1, с. 443

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)