БУРНАНІ́Т (ад прозвішча франц. мінералога Ж.​Л.​Бурнона),

мінерал падкласа складаных сульфідаў, сульфід свінцу, медзі і сурмы, CuPbSbS3. Прымесі жалеза, серабра, цынку і інш. Крышталізуецца ў рамбічнай сінганіі. Крышталі таблітчастыя, кароткапрызматычныя, зярністыя агрэгаты, зерні. Колер бледна-шэры да бясколернага. Бляск металічны. Цв. 3—3,5. Крохкі. Шчыльн. 5,7—5,9 г/см³. Гідратэрмальны мінерал, асацыіруе з бляклымі рудамі, галенітам, пірытам і інш. Руда свінцу, медзі, сурмы. Радовішчы ў ФРГ, Аўстраліі, Мексіцы, ЗША.

т. 3, с. 352

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́ЛЬБУС (лац. denarius albus белы дэнарый),

высакапробная сярэбраная манета, якая з 2-й пал. 14 ст. выпускалася ў дзяржавах Ніжняга Рэйна, пазней у інш. ням. дзяржавах. Назва ад колеру металу. Першапачатковая агульная маса 3,9 г, чыстага серабра 3,4 г. Да пашырэння талера была асн. грашовай адзінкаю на тэр. Германіі. У канцы 17 ст. стаў разменнай манетай. На слав. землях, у т. л. на Беларусі, вядомы як «белы пенязь».

т. 1, с. 274

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЭ́ЙЦАР (ням. Kreuzer),

дробная нямецкая манета ў 15—19 ст. Выраб яе з серабра пачаўся ў Аўстрыі ў 1458—60. З 16 ст. К. — білонная манета, з 18 ст. — медная. На працягу 16 ст. чаканка К. пашырылася на Пд і часткова на Пн Германіі. У абарачэнні да канца 19 ст. У Рэчы Паспалітай ў 1615—18 для гандлю з Сілезіяй выпускалі трайны К., т. зв. «бём» (ад ням. Böhm грош).

т. 8, с. 535

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕРХНЕСІЛЕ́ЗСКІ РУ́ДНЫ РАЁН,

свінцова-цынкавыя радовішчы ў Польшчы (Катавіцкае і Кракаўскае ваяводствы). Пл. каля 2 тыс. км². Радовішчы прымеркаваны да даламітаў сярэдняга трыясу. Жыла-, лінза-, пластападобныя рудныя целы залягаюць у 3 гарызонтах магутнасцю 1—3 м, ёсць таксама штока- і трубападобныя паклады магутнасцю да 40 м. Глыб. залягання 20—250 м. Запасы цынку і свінцу некалькі млн. т. Сярэдняя колькасць Pb 1,2—1,5%, Zn 5—6%; ёсць каштоўныя прымесі серабра, талію, медзі, мыш’яку, малібдэну, кадмію.

т. 4, с. 110

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЮТХА́Я, Аютыя (афіц. Пра-Накхон-Сі-Аютхая),

горад у Тайландзе, у дэльце р. Менам-Чао-Прая, на востраве, перасечаным каналамі. Адм. ц. правінцыі Аютхая. Засн. ў 1350. 59 тыс. ж. (1985). Гандл.-трансп. цэнтр с.-г. раёна (рыс, кукуруза, тытунь). Харч. прам-сць. Шынны з-д. Цэнтр маст. рамёстваў: вырабы з серабра, разьба па дрэве і інш. Турызм. Да 1767 сталіца тайскай дзяржавы Аютыя. Музей. Руіны палацаў, будыйскіх храмаў 14—18 ст.

т. 2, с. 176

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫХРАМА́ТЫ,

солі дыхромавай к-ты H2Cr2O7. Крышт. рэчывы аранжава-жоўтага колеру (напр., Д. натрыю Na2Cr2O7, tпл 320 °C, т-ра раскладання 400 °C). Раствараюцца ў вадзе (акрамя Д. серабра і вісмуту). Моцныя акісляльнікі. Выкарыстоўваюць як кампаненты выбуховых рэчываў, дубільнікі ў гарбарнай прам-сці, пратраву ў тэкст. прам-сці, для адбельвання маслаў, воску, атрымання арган. злучэнняў і інш. Таксічныя, напр. раствор Д. калію разбурае скурныя покрывы і храстковыя тканкі, ГДК 0,01 мг/м³ [у пераліку на аксід хрому (VI) CrO3].

т. 6, с. 304

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕС (Герман Іванавіч) (7.8.1802, г. Жэнева, Швейцарыя — 12.12.1850),

рускі хімік, адзін з заснавальнікаў тэрмахіміі. Акад. Пецярб. АН (1830). Скончыў Дэрпцкі ун-т (1825). З 1830 праф. Пецярб. тэхнал. ін-та, у 1832—49 — Пецярб. горнага ін-та. Адкрыў асн. закон тэрмахіміі (гл. Геса закон), некалькі новых мінералаў (у яго гонар тэлурыд серабра названы гесітам), цукровую к-ту (1837). Даследаваў каталітычныя здольнасці плаціны, састаў каўказскай нафты.

Літ.:

Соловьев Ю.И. Герман Иванович Гесс. М., 1962.

т. 5, с. 204

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛУ́ШКА, паўдзенга,

руская манета, раўнялася ​1/2 маскоўскай ці ​1/4 наўгародскай дзенгі. Пасля грашовай рэформы 1534 складала ​1/4 кап. (0,17 г серабра), чаканілася да 1645. Паводле рэформы 1700 выпускаліся медныя П., у т. л. наміналы ў ​1/2 П. — паўпалушкі. Эмісія медных П. працягвалася да 1810 і з 1839 да 1916 (​1/4 капейкі).

Літ.:

Спасский И.Г. Русская монетная система. 4 изд. Л., 1970.

Палушка. Расія: 1 — 1700; 2 — 1796; 3 — 1857.

т. 12, с. 17

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАБІ́РНЫ АНА́ЛІЗ,

метады вызначэння колькасці высакародных металаў (пераважна серабра і золата) у рудах, прадуктах іх абагачэння, сплавах і розных вырабах, у т. л. ювелірных. Заснаваны на сплаўленні пробы даследуемага матэрыялу з сухімі парашкападобнымі рэагентамі і наступным гравіметрычным аналізе атрыманага сплаву. Пробу ювелірных вырабаў (гл. Проба высакародных металаў) звычайна вызначаюць без парушэння іх цэласнасці: параўнаннем ліній, прачэрчаных вырабам і эталоннымі (т.зв. прабірнымі) іголкамі вядомага саставу на прабірным камені (брусок з чорнага або рудога тонказярністага крамяністага сланцу).

т. 12, с. 523

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́СМУТ САМАРО́ДНЫ,

мінерал класа самародных элементаў, які складаецца ў асноўным з вісмуту. Крышталізуецца ў трыганальнай сінганіі. Крышталі вельмі рэдкія, звычайна слаістыя або зярністыя агрэгаты, дэндрыты. Колер серабрыста-белы, з чырванаватым адценнем на свежым зломе і карычневым — на старым. Лёгка рэжацца нажом. Бляск металічны. Цв. 2,5. Шчыльн. 9,8 г/см³. Рэдкі мінерал, трапляецца ў гідратэрмальных жылах або пегматытах, звычайна ў сувязі з рудамі серабра, кобальту, нікелю, свінцу і волава. Выкарыстоўваецца ў медыцыне. Уваходзіць у склад вісмутавых руд.

Вісмут самародны.

т. 4, с. 197

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)