СІСЛЕ́Й ((Sisley) Альфрэд) (30.10.1839, Парыж —29.1.1899),

французскі жывапісец, адзін з вядучых майстроў імпрэсіянізму. Па паходжанні англічанін. Вучыўся ў майстэрні Ш.​Глейра ў Парыжы (1860—63). Зазнаў уплыў К.​Каро, К.​Манэ. Адлюстроўваў пераважна ваколіцы Парыжа, прыроду Іль-дэ-Франса. Адметныя рысы яго жывапісу — работа на пленэры, сціпласць матываў, вытанчаная гама светлых тонаў, кампазіцыйная завершанасць і манументальная раўнавага. Раннім пейзажам уласціва некаторая змрочнасць: «Вясковая вуліца ў Марлоце» (1866), «Від на Манмартр» (1869). Каля 1870 ён асвятляе палітру, пачынае супрацьпастаўляць мазкі, ва ўраўнаважаных і лёгкіх па фактуры творах значнае месца займае неба і выяўленне неабсяжнай прасторы: «Баржы на канале Сен-Мартэн» (1870), «Лувесьен.

Сеўрская дарога» (1873), «Кузня ў Марлі» (1875), «Паводка ў Пор-Марлі» (1876), «Снег у Лувесьене» (1878). Пасля 1880 фактура яго твораў стала больш пастознай: «Белы крыж у Сен-Маме» (1884), «Сен-Маме» (1885), «Мост у Марэ, эфект навальніцы» (1887), «Стагі сена ў Марэ, эфект раніцы» (1891), «Канал у Луэне» (1892), «Царква ў Марэ пасля дажджу» (1894).

Літ.:

Бродская Н. Картины Сислея в Эрмитаже. Л., 1963.

С.​У.​Пешын.

А.Сіслей. Паводка ў Пор-Марлі. 1876.

т. 14, с. 418

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕНО́ТР, Ле Нотр (Lenôtre, Le Nôtre) Андрэ (12.3.1613, Парыж — 15.9.1700), французскі архітэктар; майстар садова-паркавага мастацтва. Вучыўся ў С.​Вуэ, Ш.Лебрэна і, магчыма, у Ф.Мансара. З 1657 ген. кантралёр пабудоў Людовіка XIV. Развіў прынцып геам. планіроўкі і падстрыгання насаджэнняў, характэрны для італьян. садоў эпохі Адраджэння. Спалучаў рацыяналізм класіцызму з прасторавым размахам барока, стварыў сістэму пабудовы вял. рэгулярнага («французскага») парку з геам. сеткай алей, правільнымі абрысамі газонаў, басейнаў, баскетаў. Кіраваў работамі ў парку Во-ле-Віконт (з 1653), у каралеўскіх парках Сен-Жэрмен, Фантэнбло, Шантыйі, Сен-Клу (1660-я г.) — усе ў Парыжы. Аўтар паркаў Версаля. Спраектаваў Сент-Джэймс-парк у Лондане і парк у г. Грынвіч (абодва 1662). Сістэма Л. была дамінуючай у еўрап. паркабудаўніцтве да сярэдзіны 18 ст.

т. 9, с. 204

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭЙНА́ЛЬ ((Raynal) Гіём Тама Франсуа) (11.4.1713, г. Сен-Жэнье, дэпартамент Аверон, Францыя —6.3.1796),

французскі гісторык і сацыёлаг, прадстаўнік Асветніцтва. Адукацыю атрымаў у езуіцкім калежы, але ад дзейнасці святара адмовіўся. У 1747 жыў у Парыжы, займаўся літ. працай, супрацоўнічаў у «Энцыклапедыі» Д.​Дзідро. У сваім гал. творы «Філасофская і палітычная гісторыя ўстаноў і гандлю еўрапейцаў у абедзвюх Індыях» (т. 1—6, 1770) востра крытыкаваў феад.-абсалютысцкія парадкі, каталіцкую царкву, каланіялізм. Яго кніга канфіскавана, а Р. зняволены ў турму. У 1781 пакінуў Францыю, знайшоў прытулак пры дварах прус. караля Фрыдрыха II і рас. імператрыцы Кацярыны II. У 1787 вярнуўся на радзіму. У перыяд Французскай рэвалюцыі 1789—99 выступаў супраць паглыблення рэв. барацьбы, асуджаў якабінцаў. Яго ідэі паўплывалі на філасофію Сен-Сімона, на канцэпцыю франц. гісторыкаў эпохі Рэстаўрацыі, на погляды А.М.Радзішчава. Аўтар «Гісторыі англійскага парламента» (1748).

т. 13, с. 564

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАЛІ́ЛА, Даліда,

у біблейскай міфалогіі філістымлянка, каханка стараж.-яўр. героя Самсона. Выведаўшы, што неадольная сіла Самсона ў яго валасах, усыпіла юнака, загадала астрыгчы яму валасы, а пасля выдала Самсона ворагам-філістымлянам. На міф пра Д. і Самсона напісаны карціны А.​Мантэнья, А.​Джэнтылескі, опера К.​Сен-Санса і інш.

т. 6, с. 19

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНГУЛЕ́М (Angoulême),

горад на З Францыі, на р. Шаранта. Адм. ц. дэпартамента Шаранта і гал. горад гіст. вобласці Ангумуа. Засн. ў перыяд рымскай каланізацыі. 95 тыс. ж. (1982). Машынабудаванне, папяровая, паліграф., фаянсавая, харчасмакавая, ваен. вытв-сць. Арх. помнікі 12—15 ст. (у т. л. сабор Сен-П’ер, 1105—23). Музеі.

т. 1, с. 352

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРТЫЛЬЕ́ ((Mortillet) Габрыэль дэ) (29.8.1821, Мелан, каля г. Грэнобль, Францыя — 25.9.1898),

французскі археолаг. У 1868—85 супрацоўнік і кіраўнік аддз. дагіст. старажытнасцей у Сен-Жэрменскім музеі. Распрацаваў археал. класіфікацыю каменнага веку Еўропы (тэнейская, шэльская, мусцьерская, салютрэйская, арыньякская, мадленская і неалітычная робенгаўзенская эпохі), якая захавала значэнне ў сучаснай еўрап. тэрміналогіі.

Т.​С.​Скрыпчанка.

т. 10, с. 139

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЮ́КСЕМБУ́РГ (люксембургскае Lëtzebuerg, франц. Luxembourg, ням. Luxemburg),

горад, сталіца Вялікага герцагства Люксембург. 76,4 тыс. ж. (1995).

Трансеўрапейскі трансп. вузел чыгунак і аўтадарог. Міжнар. аэрапорт. Міжнар. фін. цэнтр. Прам-сць: чорная металургія, машынабудаванне, хім., тытунёвая, харч., швейная. Ун-т. Тэатр. Нац. музей (археалогія, жывапіс і інш.). Школа мастацтваў і рамёстваў. Арх. помнікі: капэла Сен-Кірэн (6 і 15 ст.), гатычная царква Сен-Мішэль (16 ст.), рэнесансавы Палац юстыцыі (16 ст.), барочны сабор Нотр-Дам (17 ст.).

Вядомы з 963. У 1224 атрымаў гар. права. У 1506—1684 і 1697—1717 належаў Іспаніі, у 1684—97 і 1794—1815 — Францыі, у 1714—94 — Аўстрыі. У 1815—67 у складзе Герм. саюза, пруская крэпасць. У 1-ю і 2-ю сусв. войны акупіраваны ням. войскамі, у лют. 1945 вызвалены англа-амер. войскамі. У горадзе размешчаны рэзідэнцыя вял. герцага, урад, мін-вы і ўстановы дзяржавы Люксембург, замежныя дыпламат. прадстаўніцтвы, сакратарыят Еўрапейскага парламента, некаторыя органы Камісіі Еўрапейскіх супольнасцей, Еўрап. трыбунал, Еўрап. лічыльная палата, Еўрапейскі інвестыцыйны банк.

т. 9, с. 406

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАТАНТЭ́Н (Cotentin),

Нармандыя, паўвостраў на ПнЗ Францыі. Удаецца ў праліў Ла-Манш на 100 км. Абмежаваны таксама залівамі Сены і Сен-Мало. Берагі нізкія, слаба расчлянёныя, з дзюнамі, на З месцамі скалістыя. Паверхня — узгорыстая раўніна, выш. да 191 м, расчлянёная рачнымі далінамі і ярамі. Складзены з пясчанікаў, гранітаў і сланцаў. Верасоўнікі, лугі. Жывёлагадоўля, садаводства. На Пн — порт Шэрбур.

т. 8, с. 171

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАНТА́НЬ-ПЕЛЕ́ (Montagne Pelée),

Мон-Пеле, дзеючы вулкан у паўн. ч. в-ва Марцініка (Вест-Індыя). Выш. 1397 м. Складзены з базальтаў, андэзітаў і дацытаў. Вядомы катастрафічным вывяржэннем у 1902, калі быў знішчаны г. Сен-П’ер з нас. 26 тыс. ж. Па гэтым вывяржэнні падобныя вулканы адносяць да пелейскага тыпу. Больш слаба дзейнічаў у 1929—32.

т. 10, с. 87

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАНІВА́Р (Bonnivard, Bonivard) Франсуа дэ (лют. 1493, Савоя — канец 1570), швейцарскі паліт. дзеяч, гуманіст. З 1514 прыёр абацтва Сен-Віктор каля Жэневы. У 1528 удзельнічаў у барацьбе за незалежнасць Жэневы ад герцага савойскага Карла III, за што ў 1530 зняволены ў падзямелле Шыльёнскага замка (Банівар — прататып «Шыльёнскага вязня» Дж.​Байрана). У 1536 вызвалены бернцамі, якія паўсталі. Пакінуў жэнеўскія хронікі (выд. Ў 1831).

т. 2, с. 279

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)