БРЫЖЭ́ЙКА,

складка брушыны, што прымацоўвае ўнутрыбрушныя органы ў другаснай поласці цела чалавека і жывёл. Развіваецца ў зародку з унутраных (вісцэральных) лісткоў бакавых пласцінак, якія зрастаюцца паміж сабой над і пад кішэчнікам і ўтвараюць 2 брыжэйкі: спінную і брушную.

У сталых арганізмах звычайна захоўваецца толькі адна брыжэйка. У пазваночных — спінная брыжэйка; на ёй падвешваецца кішэчнік і да яго ў тоўшчы брыжэйкі праходзяць нервы, крывяносныя і лімфатычныя сасуды. Брушная брыжэйка рэдукуецца, яе пярэдні аддзел ператвараецца ў серпападобную звязку печані, задні ўтварае звязку, якая падтрымлівае ў некаторых рыб і земнаводных клааку, а ў млекакормячых мачавы пузыр. У чалавека брыжэйка — складка брушыны, што ўкрывае ножку кожнага ўнутрыбрушнога органа, якой ён прымацаваны да сценкі брушной поласці. Вонкава брыжэйка падобная на даўнейшы каўнер са складкамі — брыжы (адсюль назва).

т. 3, с. 274

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КОСЦЬ,

асноўная частка шкілета пазваночных жывёл і чалавека. Развіваецца з эмбрыянальнай злучальнай тканкі — мезенхімы. У састаў К. ўваходзяць касцявая тканка, надкосніца, касцявы мозг, крывяносныя і лімфатычныя сасуды, нервы, часам храстковая тканка. Па форме і будове К. бываюць доўгія (трубчастыя; напр., плечавыя, сцегнавыя), плоскія (шырокія; напр., К. чэрапа) і кароткія (напр., пазванкі). У доўгіх К. адрозніваюць сярэднюю ч. (цела К. — дыяфіз) і 2 канцы (эпіфізы). Паводле характару злучэння К. бываюць нерухомыя (зрашчэнні, або сінартрозы, напр., швы чарапных К.) і рухомыя (суставы, або дыяртрозы, напр., злучэнні К. канечнасцей). З суставамі і звязкамі, якія злучаюць К. паміж сабой, і мышцамі, якія прымацоўваюцца да К. сухажыллямі, К. ўтвараюць апорна-рухальны апарат. Касцявая тканка шкілета ў чалавека амаль поўнасцю перабудоўваецца праз 10 гадоў.

А.​М.​Петрыкаў.

т. 8, с. 433

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІМФАТЫ́ЧНАЯ СІСТЭ́МА,

сукупнасць сасудаў пазваночных жывёл і чалавека, што збіраюць лімфу ад тканак і органаў і адводзяць яе ў вянозную сістэму. Складаецца з капіляраў, сасудаў, праток, вузлоў. З міжклетачных поласцей лімфа напампоўваецца сляпымі канцамі лімфатычных капіляраў, якія зліваюцца ў больш буйныя сасуды, пратокі і ўпадаюць у вены ў месцах найменшага крывянога ціску (вобласць ярэмных вен, хваставая, заднія полыя вены). Вытворнае вянознай сістэмы. Адрозніваюць паверхневую Л.с., утвораную пераважна сеткай падскурных капіляраў і сасудаў (ніжэйшыя пазваночныя), і глыбокую — грудныя пратокі з’яўляюцца вываднымі сасудамі (вышэйшыя пазваночныя). Асн. функцыі: дрэнажаванне з міжклетачных поласцей вадкасці, раствораных бялкоў і інш. буйных малекул, якія не здольны вярнуцца ў кроваток праз крывяносныя капіляры; ахоўная; фільтрацыйная.

А.​С.​Леанцюк.

Да арт. Лімфатычная сістэма. I. Сістэма лімфатычных сасудаў: 1 — тканкі; 2 — артэрыяльная сістэма; 3 — вянозная сістэма; 4 — лімфатычная сістэма; 5 — лёгкія. II. Размяшчэнне рэгіянарных лімфатычных вузлоў.

т. 9, с. 263

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРТЭ́РЫІ (грэч. artēria),

крывяносныя сасуды, па якіх кроў рухаецца ад сэрца ва ўсе органы і часткі цела. Да артэрый належыць аорта і ўсе яе разгалінаванні, у т. л. самыя дробныя — артэрыёлы. Артэрыі нясуць кроў, багатую кіслародам (толькі лёгачныя накіроўваюць вянозную кроў ад сэрца ў лёгкія).

Сценкі артэрый маюць 3 абалонкі. Вонкавая злучальнатканкавая абалонка надае артэрыям трываласць і эластычнасць, што дае магчымасць ім вытрымліваць унутраны ціск, расшырацца і звужацца; багатая сасудамі і нервамі. Сярэдняя абалонка складаецца з эластычных валокнаў і гладкіх мышачных клетак, скарачэнне або расслабленне якіх рэгулюе дыяметр прасвету артэрый і, адпаведна, колькасць крыві, што падаецца да органа. Унутраная абалонка ўтворана эндатэліем і злучальнай тканкай, мае ўнутраную эластычную мембрану, што робіць сценкі больш трывалымі. Асобныя ствалы адной або некалькіх суседніх артэрый часта злучаюцца паміж сабой і ўтвараюць анастамозы (больш дробныя артэрыі). Артэрыі, што не маюць анастамозаў, наз. канцавымі.

Ю.​Г.​Шанько.

т. 1, с. 514

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСТЭАМІЭЛІ́Т (ад астэа... + грэч. myelos мозг),

інфекцыйнае запаленне касцявога мозгу і ўсіх слаёў косці. Неспецыфічны астэаміэліт выклікаецца гнаяроднымі мікробамі, спецыфічны туберкулёзнай, бруцэлёзнай, сіфілітычнай і інш. палачкамі. Узбуджальнікі астэаміэліту трапляюць у косць праз кроў (гематагенным шляхам) з аддаленага гнойнага ачага (фурункула, абсцэсу і інш.), праз пашкоджаныя тканкі (адкрытыя пераломы, раненні), з інфіцыраваных тканак (гнойнае запаленне суседняга сустава). Захворванню садзейнічаюць траўмы, пераахаладжэнні, ператамленні, авітамінозы і інш. Пры астэаміэліце ў косці парушаецца кровазварот, закупорваюцца сасуды (трамбоз); косць, пазбаўленая жыўлення, мярцвее. Участкі амярцвелай тканкі паступова адрываюцца і выдаляюцца праз свішчы з гноем. Адрозніваюць астэаміэліт востры гематагенны і хранічны. Востры астэаміэліт пачынаецца раптоўна: высокая тэмпература, дрыжыкі, ірвота, часты пульс, зацямненне свядомасці. Там, дзе пашкоджана косць, узнікае прыпухласць, чырванее скура. Калі гной прарываецца, тэмпература спадае, агульны стан хворага паляпшаецца. Ускладненні: гнойныя запаленні суставаў (артрыты), пераломы касцей, вывіхі, сепсіс, пашкоджанні ўнутр. органаў. Востры астэаміэліт можа пераходзіць у хранічны з перыядычнымі абвастрэннямі. Лячэнне вострага астэаміэліту — тэрапеўтычнае, хранічнага — хірургічнае, фізіятэрапеўтычнае.

А.​У.​Руцкі.

т. 2, с. 60

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДРАЎНІ́НА, ксілема,

тканка раслін, складзеная з клетак з адраўнелымі абалонкамі. Надае расліне трываласць, праводзіць ваду з растворанымі ў ёй рэчывамі, з’яўляецца месцам назапашвання пажыўных рэчываў. Складае асн. масу ствала, каранёў і галін дрэвавых раслін, размешчана паміж стрыжнем і камбіем.

Гал. анат. элементы Д. — сасуды (трахеі), трахеіды, драўняныя валокны (лібрыформ) і драўняная асн. тканка (парэнхіма). Адрозніваюць Д. першасную, якая ўтварае клеткі пракамбію, і другасную (уласна Д., што ўтвараецца камбіем). Штогадовыя прыросты Д. характарызуюцца ўтварэннем гадавых слаёў (гл. таксама Гадавыя кальцы). У ядравых парод (хвоя, лістоўніца, дуб і інш.) адрозніваюць перыферычную светлую зону (абалону — фізіялагічна актыўную частку, якая праводзіць ваду і мінер. рэчывы) і цэнтр. цёмную зону (ядро, якое ўдзельнічае ў водазабеспячэнні; у клетках некат. парод назапашваюцца смолы, дубільныя рэчывы, алеі, камедзі, пігменты). У бяз’ядравых парод цэнтр. зона такога ж колеру, як абалона (елка, піхта, бяроза, клён і інш.). Элементны хім. састаў сухой Д. розных парод падобны, у ім 49—50% вугляроду, 6—7% вадароду, 43—46% кіслароду, 0,1—0,3% азоту; попелу да 1%, у яго ўваходзяць кальцый, калій, натрый, магній і інш. элементы. Д. розных парод складаецца пераважна з цэлюлозы (у хвойных 41—58%, у лісцевых 39—47%), геміцэлюлозы (адпаведна 15—23% і 20—38%), лігніну (28—34% і 17—27%). Шчыльнасць Д. мяняецца ў шырокіх межах у залежнасці ад віду раслін і ўмоў яе росту. Мікраструктура Д., якая дазваляе вызначыць яе якасць, характарызуецца шырынёй гадавых слаёў, наяўнасцю позняй Д., раўнаслойнасцю, велічынёй і размеркаваннем натуральных няроўнасцей. Д. шырока выкарыстоўваецца ў многіх галінах нар. гаспадаркі на вытв-сць цэлюлозы, кардону, паперы, буд. матэрыялаў (гл. Драўляныя канструкцыі, Драўняныя матэрыялы, Драўнянавалакністыя пліты, Драўнянаслаістыя пластыкі) і інш., а таксама на паліва. Хім. перапрацоўкай з Д. атрымліваюць дубільныя рэчывы, каніфоль, шкіпінар, флатамасла, харч. глюкозу, драўняны і вінны спірт і інш.

А.​К.​Фядосаў.

Да арт. Драўніна. Асноўныя часткі ствала і яго галоўныя разрэзы: 1 — кара; 2 — асяродак; 3 — ядро; 4 — абалона; 5 — тангенцыяльны разрэз; 6 — радыяльны разрэз; 7 — папярочны разрэз.
Схема мікраскапічнай будовы драўніны: I — хвоі (1 — гадавы слой; 2 — стрыжнёвыя прамяні; 3 — вертыкальны смаляны ход; 4 — раннія трахеіды; 5 — позняя трахеіда; 6 — аблямаваная пора, 7 — прамянёвая трахеіда); II — дуба (1 — гадавы слой; 2 — сасуды; 3 — буйны сасуд ранняй драўніны; 4 — дробны сасуд позняй драўніны; 5 — шырокі стрыжнёвы прамень; 6 — вузкія стрыжнёвыя прамяні; 7 — лібрыформ).

т. 6, с. 204

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗУ́БЫ,

косцепадобныя органы большасці пазваночных жывёл і чалавека ў ротавай поласці на альвеалярных адростках верхняй і ніжняй сківіцы (у некат. рыб у глотцы). Асн. функцыі: захопліванне, трыманне і перажоўванне яды; у некат. жывёл служаць аховай ад ворагаў, у чалавека прымаюць удзел у голасаўтварэнні.

З. ўтвараюцца з эпітэліяльнай і злучальнай тканак. Складаюцца з відазмененай косці (эмалі, дэнціну, цэменту). Маюць каронку (выступае над сківіцай, укрыта эмаллю), корань (размешчаны ў сківіцы, укрыты цэментам), шыйку (злучальная тканка). Унутры З. ёсць поласць, запоўненая зубной мякаццю (пульпай), у якой праходзяць крывяносныя сасуды і нервы; крывёй забяспечваюцца верхне- і ніжнесківічнымі артэрыямі, інервуюцца трайнічным нервам. У залежнасці ад формы каронкі і прызначэння адрозніваюць разцы, іклы, карэнныя З., ад колькасці каранёў — 1-, 2-, 3-карэнныя. Колькасць З. у драпежных жывёл да 44, у некат. сумчатых — да 58, у дэльфінаў — 240. У млекакормячых і чалавека 2 змены З.: малочныя (20, прарэзваюцца з 6 да 30 месяцаў) і сталыя (32, з 6 да 16 гадоў), З. мудрасці — да 30 гадоў. Найб. распаўсюджаныя пашкоджанні З.: зубны камень, карыес зубоў, пульпіт, перыядантыт і інш.

А.​С.​Леанцюк.

т. 7, с. 118

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРОВАСПЫНЯ́ЛЬНЫЯ СРО́ДКІ,

антыгемарагічныя, гемастатычныя сродкі, лекавыя, фармакалагічныя рэчывы, якія ўжываюцца для спынення крывацёкаў. Бываюць мясц. (непасрэдны кантакт з кроватачывай тканкай) і агульнага, рэзарбцыйнага (увядзенне ў арганізм унутрывенна, падскурна і інш.) дзеяння. Да К.с. мясцовага ўздзеяння належаць трамбін, гемастатычная губка і рэчывы, якія каагулююць бялкі (танін, танальбін, тромбапласцін, оксіцэладэкс і інш.), солі цяжкіх металаў у невял. колькасцях (жалеза хларыд, медзі сульфат, прэпараты вісмуту, серабра нітрат, цынку хларыд), часта ўжываюць калію перманганат, галын, перакіс вадароду, фармальдэгід, ёд і інш. Да К.с. агульнага ўздзеяння належаць вітамін K (вікасол), 10 %-ны раствор хларыду кальцыю, лек. сродкі, якія звужаюць перыферыйныя сасуды (адрэналін, глюкакортыкастэроіды, эфедрын, метазон і інш.). Кроваспыняльны эфект дае пераліванне крыві (або плазмы), эрытрацытнай і трамбацытарнай масы крыві. Пры крывацёках, звязаных з парушэннем пранікальнасці капіляраў, ужываюць аскарбінавую к-ту, руцін, жэлацін, дыцынон і інш. Як гемастатыкі выкарыстоўваюць эпсілонамінакапронавую к-ту, авамін, кантрыкал і інш. Пры дрэннай згусальнасці крыві ўжываюць фібрынаген, антыгемафільныя глабуліны, крыяпрэцыпітат і інш. У якасці К.с. карыстаюцца прэпаратамі з розных раслін: арнікі, вадзянога перцу, каліны, кары дубу, крапівы, крываўніку, купальніку горнага, ліста шалфею. Да К.с. належаць таксама матачныя сродкі для спынення матачных крывацёкаў.

Я.​П.​Іваноў.

т. 8, с. 474

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНСУ́ЛЬТ (ад лац. insulto ускакваю),

апаплексія, «мазгавы ўдар», хуткае мясцовае, зрэдку дыфузнае парушэнне функцый мозга, абумоўленае прычынамі сасудзістага характару. Узнікае раптоўна як цяжкае ўскладненне атэрасклерозу, гіпертанічнай хваробы, хвароб сэрца, артэрый, крыві і інш. Выяўляецца агульнамазгавымі (страта прытомнасці, галаўны боль, ірвота і інш.), ачаговымі (парэзы, парушэнне мовы і інш.), менінгіяльнымі сімптомамі.

Адрозніваюць І.: ішэмічны (інфаркт мозга), гемарагічны (кровазліццё ўнутрымазгавое), субарахнаідальны (частата выяўлення 4:1:0,1). Ішэмічны І., або інфаркт мозганайб. частая форма І. Развіваецца востра (секунды—мінуты), падвостра (гадзіны—дні), вельмі рэдка хранічна. Прычына — закупорка склератызаваных артэрый у выніку трамбозу ці эмбаліі, або гемадынамічныя парушэнні, што памяншаюць крываток і размякчаюць мозг. Найчасцей лакалізуецца ў сярэдняй мазгавой артэрыі. Сімптомы: слабасць канечнасцей на процілеглым баку цела (лева-правабаковы гемапарэз), афазія (пры левай лакалізацыі інфаркту), пры вострым цячэнні — страта прытомнасці і інш. Пры І. настае смерць ад ацёку лёгкіх, лёгачных і сардэчна-сасудзістых ускладненняў. Гемарагічны І., або кровазліццё ўнутрымазгавоенайб. цяжкая форма І. Найчасцей бывае пры гіпертаніі; прычына — разрыў сасуда ці анеўрызмы, іншы раз — прасочванне крыві праз непашкоджаныя сасуды. Пры падвострым цячэнні — галаўны боль; іншыя сімптомы не выяўляюцца або ўзнікаюць пазней, ачаговыя закранаюць функцыі руху і мовы. Лячэнне медыкаментознае, зрэдку хірургічнае.

Літ.:

Антонов И.П., Гиткина Л.С. Вертебрально-базилярные инсульты. Мн., 1977;

Марков Д.А., Злотник Э.И., Гиткина Л.С. Инфаркт мозга. Мн., 1973.

Л. С.​Гіткіна.

т. 7, с. 276

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНГІЯЛО́ГІЯ (ад ангія... + ...логія),

раздзел анатоміі і клінічнай медыцыны, які вывучае крывяносныя і лімфатычныя сасуды і іх хваробы. Ангіялогія даследуе сістэму крова- і лімфазабеспячэння органаў, размяшчэнне сасудаў у прасторы (ангіяархітэктоніка), форму і тыпы анастамозаў, інервацыю сасудзістай сістэмы.

Развіццю ангіялогіі як навукі спрыялі адкрыцці 17 ст. ў галіне анат. даследаванняў крывяноснай (англ. ўрач У.​Гарвей, італьян. М.​Мальпігі) і лімфатычнай (італьян. анатам Г.​Азелі) сістэм. У канцы 19 — пач. 20 ст. на Беларусі праведзены першыя аперацыі на сасудах — лігіраванне буйных артэрый (Ф.​В.​Абрамовіч, А.​Я.​Мітрашэнка, М.​Ю.​Рудэльсон), У 1950-я г. ўкаранёна ў практыку сасудзістае шво (С.​Г.​Сідранок), метады лячэння вострай закупоркі артэрый і вен (Ц.​Е.​Гніларыбаў). У 1960-я г. створана ангіяхірург. служба рэспублікі (І.​М.​Грышын, А.​А.​Марціновіч).

Даследаванні па ангіялогіі вядуцца ў Рэспубліканскім і абл. цэнтрах сасудзістай хірургіі, Бел. ін-це ўдасканалення ўрачоў, НДІ кардыялогіі, мед. ін-тах. Асвоены сучасныя метады лячэння буйных сасудаў (Грышын, М.​Дз.​Князеў), іх пластыка і пратэзаванне, аўтавенозная пластыка (А.​У.​Шот, І.​А.​Давыдоўскі), хірург. пластыка нырачных артэрый пры сімптаматычнай гіпертаніі (А.​М.​Саўчанка, У.​П.​Крылоў), на сонных артэрыях (Давыдоўскі, В.​А.​Янушка). Распрацаваны метады лячэння пры раненнях крывяносных сасудаў (А.​У.​Руцкі), пры хранічнай вянознай недастатковасці (П.​М.​Дземяшкевіч, Марціновіч), на дробных сасудах (У.​М.​Падгайскі). Гл. таксама ў арт. Нейрахірургія, Кардыялогія, Мікрахірургія.

І.​М.​Грышын.

т. 1, с. 344

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)