«ЛЮД ПО́ЛЬСКІ»
(Lud polski),
польская эмігранцкая рэв.-дэмакр. арг-цыя, якая дзейнічала ў 1835—46 у Вялікабрытаніі. Уключала пераважна б. удзельнікаў паўстання 1830—31, якія паходзілі з дробнай шляхты, сялян і гар. плебсу. Створана на аснове 2 секцый Польскага дэмакратычнага таварыства (ПДТ), якія ў 1835 выйшлі з ПДТ і прынялі назвы грамада «Грудзёндз» і грамада «Умань». Праграма арг-цыі, заснаваная на ідэях утапічнага камунізму, змяшчала патрабаванні ліквідацыі прыватнай уласнасці, ураўнавання саслоўяў, надзялення сялян зямлёй, перадачы ўлады народу. Прычыну паражэння паўстання 1830—31 чл. арг-цыі бачылі ў згодніцкіх паводзінах шляхты і адсутнасці праграмы радыкальных агр. рэформ. Ідэолагі «Л.п.»: С.Ворцаль, Т.Крэмпавецкі, З.Свентаслаўскі. Пасля 1840 дзейнасць арг-цыі паступова згасла ў выніку ўнутр. спрэчак і ізаляцыі.
Н.К.Мазоўка.
т. 9, с. 401
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
О’ХІ́ГІНС ((O’Higgins) Бернарда) (20.8.1778, г. Чыльян, Чылі — 24.10.1842),
адзін з кіраўнікоў вайны за незалежнасць іспанскіх калоній у Амерыцы 1810—26, дзярж. і ваен. дзеяч Чылі. Атрымаў адукацыю ў Перу, Вялікабрытаніі і Іспаніі. Чл. тайнай масонскай ложы «Лаўтара», якая стаяла за незалежнасць Ісп. Амерыкі. Дэпутат Нац. кангрэса (1811), чл. урадавай хунты (1811—13) Чылі. У 1813—14 галоўнакамандуючы чылійскімі войскамі. У кастр. 1814 далучыўся да аргенцінскіх войск на чале з Х.Сан-Марцінам. Сумесна з ім разбіў іспанцаў пры Чакабука (12.2.1817). Вярх. правіцель Чылі ў 1817—23. Падпісаў 18.2.1818 дэкларацыю пра незалежнасць Чылі. Ажыццявіў шэраг ліберальных рэформ, чым выклікаў незадаволенасць клерыкальных і кансерватыўных колаў краіны. У 1823 падаў у адстаўку і эмігрыраваў у Перу.
Літ.:
Разуваев В.В. Бернардо О’Хиггинс (грани личности) // Латин. Америка. 1986. № 10.
т. 11, с. 459
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАТРЫЯТЫ́ЧНАЕ ТАВАРЫ́СТВА,
1) тайная арг-цыя дваранскіх рэвалюцыянераў (пераважна афіцэраў) у 1821—26 на тэр. Польшчы, Беларусі, Літвы, Украіны, створаная з мэтай адраджэння Рэчы Паспалітай у межах 1772. Засн. ў маі 1821 каля Варшавы членамі арг-цыі «Нацыянальнае масонства» і велікапольскага Саюза касінераў. Дзейнасць т-ва (каля 150 чал. у 1822) вызначалася статутам. Кіруючы орган — ЦК з 7 чал. на чале з В.Лукасінскім. П.т. падзялялася на 6 тэр. правінцый (7-я прав. — армія), правінцыі — на акругі, акругі — на гміны. Правінцыя Літва (Віленская, Гродзенская, Мінская губ. і Беластоцкая вобл., кіраўнікі кн. К.Радзівіл, І.Вайніловіч, памешчык К.Навамейскі, граф А.Солтан) асн. ўвагу звяртала на прапаганду ў Літоўскім асобным корпусе і арсенал зброі ў Вільні. У маі 1822 арыштаваны кіраўнікі П.т. на чале з Лукасінскім, схільныя да правядзення ў будучым сац. рэформ; членамі ЦК сталі больш памяркоўныя (С.Кжыжаноўскі, А.Пліхта, В.Гжымала). П.т. вяло перагаворы з Паўднёвым таварыствам дзекабрыстаў, якое пагаджалася на перадачу будучай польскай дзяржаве бел. зямель. У 1826 у сувязі са справай дзекабрыстаў т-ва выяўлена і разгромлена ўрадам. Арыштаваных ўраджэнцаў Каралеўства Польскага судзіў Польскі Сенат, які вынес ім у 1828 мяккі прыгавор, астатніх, у т. л. ураджэнцаў бел. губерняў (Ю.Гружэўскі, І.Завіша, Я.Ходзька і інш.), рас. Сенат асудзіў на розныя тэрміны катаргі і ссылкі.
2) Легальная аргцыя («Патрыятычны клуб») у Варшаве ў снеж. 1830 — жн. 1831 у час паўстання 1830—31. Аб’ядноўвала радыкальную інтэлігенцыю, карысталася падтрымкай сярэдніх слаёў і гар. нізоў. Старшыня — І.Лялевель. Забаронена дыктатарам паўстання Я.Крукоўскім за прапаганду радыкальных сац. рэформ і крытыку паўстанцкіх улад.
Літ.:
Ольшанский П.Н. Декабристы и польское национально-освободительное движение. М., 1959;
Dylągowa H. Towarzystwo patriotyczne i Sąd Sejmowy (1821—1829). Warszawa, 1970.
В.В.Швед.
т. 12, с. 184
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАТКО́Ў (Міхаіл Нічыпаравіч) (13.11.1818, Масква — 1.8.1887),
рускі публіцыст, літ. крытык. Скончыў Маскоўскі ун-т (1838), слухаў курс філасофіі у Берлінскім ун-це (1840—41). З 1845 ад’юнкт-праф. Маскоўскага ун-та, супрацоўнік час. «Московский наблюдатель» і «Отечественные записки», рэдактар-выдавец час. «Русский вестник» (1856—87). У сваіх артыкулах выступаў за адмену прыгоннага права, увядзенне ін-та міравых суддзяў, абмяркоўваў «закрытыя» раней пытанні знешняй палітыкі, свабоды слова, цэнзуры, мясц. самакіравання і інш. У час і пасля паўстання 1863—64 патрабаваў прыняцця да Польшчы жорсткіх мер, адмаўляў неабходнасць правядзення ліберальна-дэмакр. рэформ у Расіі.
Тв.:
1863 г.: Собр. статей по польскому вопросу. Вып. 1—2. М., 1887;
О самодержавии и конституции М., 1905;
О церкви. М., 1905.
Літ.:
Твардовская В.А. Идеология пореформенного самодержавия: (М.Н.Катков и его издания). М., 1978.
т. 8, с. 174
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІТВІ́Н (Міхалон) (сапр. Цішкевіч Міхайла),
бел. гуманіст і мысліцель 16 ст. З шляхты. У 1538—40 пасол ВКЛ да крымскага хана Сагіб-Гірэя. Аўтар сац.-паліт. трактата на лац. мове «Аб норавах татараў, літоўцаў і масквіцян» [нап. каля 1550, выд. 1615 у Базелі (Швейцарыя)]. З пазіцый бяднейшай шляхты крытыкаваў сац.-паліт. адносіны, дзярж. лад, суд. ўстановы і феад. права ВКЛ, уклад жыцця духавенства і царк. парадкі, выступаў за правядзенне суд. рэформ. Прычынай сац. несправядлівасці лічыў «сапсаванасць нораваў», таму ідэалам абвяшчаў грамадства без маёмаснай няроўнасці, асуджаў імкненне да раскошы і марнатраўства. У справе перабудовы грамадска-паліт. адносін заклікаў звяртацца да вопыту суседніх народаў (рускіх, татараў і інш.).
Літ.:
Сокол С.Ф. Социологическая и политическая мысль в Белоруссии во II половине XVI в. Мн., 1974. С. 37—63.
С.Ф.Сокал.
т. 9, с. 313
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРО́Н ((perrón) Хуан Дамінга) (8.10.1895, г. Лобас, Аргенціна — 1.7.1974),
дзяржаўны і ваен. дзеяч Аргенціны. Скончыў Вышэйшую ваен. школу, выкладаў у ёй. З 1934 ваен. аташэ ў Чылі, у 1939—41 у Еўропе, вывучаў вопыт ваен. дзеянняў. Чл. групы афіцэраў, якая ажыццявіла ў чэрв. 1943 ваен. пераварот у Аргенціне. З 1943 ваен. міністр, міністр па пытаннях працы і сац. забеспячэння, віцэ-прэзідэнт. У 1945 арыштаваны, вызвалены ў выніку масавай кампаніі. У лют. 1946 абраны прэзідэнтам Аргенціны. Ажыццявіў праграму эканам. і сац. рэформ (нацыяналізацыя шэрагу прадпрыемстваў, стварэнне сістэмы сац. гарантый і г.д.). Вялікі ўплыў на П. аказвала яго жонка Э.М.Дуартэ Перон («Эвіта», 1919—52), якая фактычна кіравала яго сац. палітыкай, не займаючы афіц. пасад. Скінуты ваеннымі ў вер. 1955, жыў у эміграцыі. У 1973 вярнуўся на радзіму і абраны прэзідэнтам Аргенціны.
т. 12, с. 297
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІ-І-МАРГА́ЛЬ ((Pí-y-Margall) Франсіска) (29.4.1824, г. Барселона, Іспанія — 29.11.1901),
іспанскі грамадска-паліт. дзеяч, гісторык, сацыяліст-утапіст. Юрыст. З 1850-х г. удзельнік рэсп. руху, адзін з лідэраў леварэсп. Дэмакр. партыі, ісп. рэвалюцыі 1854—56. З 1866 у эміграцыі ў Францыі. У час ісп. рэвалюцыі 1868—74 міністр унутр. спраў (з лют. 1873), прэзідэнт і прэм’ер-міністр (чэрв.—ліп. 1873) Ісп. рэспублікі. Яго ўрад прапанаваў праграму сац. рэформ у інтарэсах працоўных. Пасля аднаўлення манархіі (1874) ён неаднаразова быў выбраны дэпутатам картэсаў (парламента). У сваіх працах выступаў як прыхільнік дэмакр. рэвалюцыі з мэтай стварэння ўмоў для паступовай эмансіпацыі працоўных (ліквідацыя наёмнай працы, перадача зямлі сялянам і інш.). Аўтар гіст. твораў «Гісторыя жывапісу Іспаніі» і «Эцюды пра сярэднія вякі» (абодва 1851, за апошні адлучаны ад царквы).
т. 12, с. 351
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРУДО́Н ((Proudhon) П’ер Жазеф) (15.1.1809, г. Безансон, Францыя — 19.1.1865),
французскі філосаф, сацыёлаг, эканаміст, тэарэтык анархізму, заснавальнік пруданізму. У сваёй сінт. філасофіі спалучаў антытэізм (засн. на тэзісе «Бог — гэта зло») і прызнанне трансцэндэнтнага пачатку ў прыродзе і грамадстве, валюнтарызм і тэалагічны правідэнцыялізм. Гісторыю грамадства разглядаў як барацьбу ідэй. У кн. «Што такое ўласнасць?» (1840) абвяшчаў буйную ўласнасць крадзяжом, адстойваў уласнасць, не звязаную з эксплуатацыяй чужой працы. У працы «Сістэма эканамічных супярэчнасцей, ці Філасофія жабрацтва» (т. 1—2, 1846) прапаноўваў мірную перабудову грамадства шляхам рэформ у галіне абарачэння (безграшовы абмен таварамі, беспрацэнтны крэдыт і інш.); крытыкаваў камунізм як «абсурдную ідэалогію», «згуртаванне зла і тыраніі», «рэлігію жабрацтва». Дзяржаву лічыў гал. сродкам расколу грамадства, паразітызму і прыгнёту, прапанаваў праекты яе ліквідацыі ці федэратыўнай перабудовы, накіраванай на раздрабленне цэнтралізаваных дзяржаў на дробныя аўтаномныя вобласці.
т. 13, с. 48
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАСАДЫ́К (Махамед) (1880, Тэгеран — 5.3.1967),
іранскі паліт. і дзярж. дзеяч. Д-р права. Скончыў Лазанскі ун-т (Швейцарыя, 1914). З 1920 ген.-губернатар правінцый Фарс і Іранскі Азербайджан, на розных міністэрскіх пасадах. У 1925 пакінуў усе дзярж. пасады, пратэстуючы супраць абвяшчэння Рэза-шаха Пехлеві правіцелем Ірана. Пасля адрачэння Рэза-шаха (1941) вярнуўся ў палітыку, дэпутат меджліса (парламента) з 1944. У 1949 стварыў арг-цыю Нац. фронт, якая выступала за нацыяналізацыю Англа-іранскай нафтавай кампаніі (АІНК). Дамогся прыняцця ў сак. 1951 меджлісам закона аб нацыяналізацыі АІНК. З крас. 1951 прэм’ер-міністр Ірана. Ажыццявіў шэраг радыкальных рэформ, у выніку канфлікту вакол АІНК разарваў дыпламат. адносіны з Вялікабрытаніяй. У 1953 прымусіў шаха Мухамеда Рэза Пехлеві, не згоднага з яго палітыкай, пакінуць Іран. 19.8.1953 скінуты ваеннымі і асуджаны на 3 гады турэмнага зняволення, потым пад хатнім арыштам.
т. 10, с. 164
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАМБА́Л (Pombal) Себасцьян Жазэ дэ Карвалу э Мелу
(de Carvalho e Mello; 13.5.1699, r. Соры, Партугалія — 8.5.1782),
партугальскі дзярж. дзеяч, найб. значны прадстаўнік асветнага абсалютызму ў Партугаліі. Граф Аейрас (1755), маркіз П. (1770). Напачатку на дыпламат. службе. З 1750 міністр замежных спраў, з 1756 прэм’ер-міністр пры каралю Жазэ I [1750—77]. Упарадкаваў фінансы, школьную, суд. і ваен. справы, абмежаваў дзейнасць інквізіцыі, увёў рэліг. талерантнасць, садзейнічаў аднаўленню Лісабона пасля землетрасення 1755. Дамогся выгнання з Партугаліі і яе калоній езуітаў (1759). Каб вызваліць краіну з-пад залежнасці ад брыт. гандлю, спрыяў гандлю Партугаліі з яе калоніяй Бразіліяй. У 1773 скасаваў рабства ў Партугаліі і даў індзейцам Бразіліі намінальна роўныя правы з партугальцамі. Рэформы П. суправаджаліся абмежаваннем правоў дваран і царквы на карысць цэнтралізацыі дзярж. улады. У 1777 пры каралеве Марыі I [1777—1816] праціўнікі П. дамагліся яго адстаўкі і скасавання яго рэформ.
т. 12, с. 31
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)