АНДРЭ́ЕЎ-БУРЛА́К (сапр. Андрэеў) Васіль Мікалаевіч
(1.1.1843, г. Ульянаўск — 10.5.1888),
рускі акцёр. Вучыўся ў Казанскім ун-це. У т-ры з 1868. Ад камедыйнага акцёра, схільнага да імправізацыі і фарсавых прыёмаў ігры, эвалюцыяніраваў да рэалізму. У распрацоўцы тэмы «маленькага чалавека» спалучаў характарнасць з глыбокім псіхалагізмам. Сярод роляў: Шчасліўцаў («Лес» А.Астроўскага), Расплюеў («Вяселле Крачынскага» А.Сухаво-Кабыліна) і інш. Адзін з арганізатараў і кіраўнікоў першага прыватнага т-ра ў Маскве (т.зв. Пушкінскі т-р, 1880). Стварыў (разам з М.Пісаравым) «Першае таварыства рускіх акцёраў» (1883). Майстар маст. чытання.
т. 1, с. 361
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАВУ́САЎ (Іван Аляксеевіч) (9.12.1863, Масква — 7.1.1930),
рускі паэт, перакладчык. Друкаваўся з 1882. Аўтар вершаў і апавяданняў для дзяцей. У творах апяваў родную прыроду, працу простых людзей. Першая кн. перакладаў «З «Кабзара» Т.Шаўчэнкі» (1887). На рус. мову пераклаў вершы Р.Бёрнса, А.Негры, М.Канапніцкай, А.Ісаакяна. Адзін з першых перакладчыкаў твораў Я.Купалы ў сав. час, складальнік і рэд. 1-га зб. вершаў паэта на рус. мове «Выбраныя вершы ў перакладах рускіх паэтаў» (1919).
Літ.:
Рагойша В. Напісана рукой Купалы. Мн., 1981 С. 35—56.
І.У.Саламевіч.
т. 2, с. 382
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕО́РГІЕЎСКІ ТРАКТА́Т 1783,
дагавор паміж Расіяй і Картлі-Кахецінскім царствам (Усх. Грузія), заключаны 4 жн. ў Георгіеўску (Паўн. Каўказ). Паводле Георгіеўскага трактата груз. цар Іраклій II прызнаваў пратэктарат Расіі і адмаўляўся ад самаст. знешняй палітыкі. Кацярына II гарантавала Грузіі поўную аўтаномію, непарушнасць яе тэр. і абарону на выпадак вайны; прывілеяваныя саслоўі Грузіі прыраўноўваліся да адпаведных рускіх. Георгіеўскі трактат аслабіў пазіцыі Ірана і Турцыі ў Закаўказзі і падрыхтаваў далучэнне Грузіі да Расіі ў 1801.
Літ.:
Брегвадзе А.И. Славная страница истории: Добровольное присоединение Грузии к России и ею социально-экон. последствия. М., 1983.
т. 5, с. 164
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕ́БЕДЗЕВА (Наталля Іванаўна) (18.7. 1894, г. Разань, Расія — 19.3.1978),
расійскі этнограф. Канд. гіст. н. (1928). Вучылася на Маскоўскіх вышэйшых жаночых курсах. Працавала ў Разанскім краязнаўчым музеі, Дзярж. акадэміі гісторыі матэрыяльнай культуры, 1-м Маскоўскім ун-це. Даследавала матэрыяльную культуру беларусаў (экспедыцыі ўздоўж Прыпяці ў 1927 і 1930). Аўтар першых фундаментальных прац пра бел. нар. жыллё («Жыллё і гаспадарчыя пабудовы Беларускай ССР», 1929), прадзенне і ткацтва, якія разглядаліся ў сувязі з матэрыяльнай культурай рускіх і ўкраінцаў («Прадзенне і ткацтва ўсходніх славян у XIX — пачатку XX ст.», 1956).
В.К.Бандарчык.
т. 9, с. 173
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАНЁВА,
даўняе жаночае паясное адзенне ўсходніх славян. Вядомы П. расхінная (3 сшытыя суконныя ці паўсуконныя полкі, сабраныя зверху на шнуры, якім мацавалася на таліі, крыссе адкрытае спераду ці збоку) і закрытая, або глухая (4 цалкам сшытыя полкі, адна з якіх не аздобленая). На мяжы рассялення беларусаў, рускіх і ўкраінцаў насілі П. з 2 полак, сшытых прыкладна на 2/3 даўжыні. На Беларусі найб. тыповыя клятчастыя сінія, чырвоныя, чорныя П. неглюбскага строю, аздобленыя ўзорамі квадратаў, ромбаў, крыжыкаў і інш. Бытавала да пач. 20 ст.
М.Ф.Раманюк.
т. 12, с. 46
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУДЗІЛО́ВІЧ (Аляксандр Фауставіч) (26.2.1829, в. Жэрчыцы Бельскага пав. Беластоцкай вобл. — пасля 1870),
удзельнік рэв. руху 1860-х г. Скончыў Полацкую духоўную семінарыю (1853), але ад кар’еры святара адмовіўся. З 1854 на вайск. службе, у 1859 атрымаў афіцэрскі чын. На пач. 1860-х г. актыўны дзеяч падп. Камітэта рускіх афіцэраў у Польшчы. У пач. 1863 арыштаваны ў сувязі са знойдзенай у яго нелегальнай л-рай і з вер. 1863 у адстаўцы ў чыне падпаручніка. За правоз зброі ў лют. 1864 арыштаваны ў Дынабургу (цяпер Даўгаўпілс) і высланы ў Пермскую губ. Па амністыі 1867 вызвалены, пасяліўся ў Польшчы.
т. 3, с. 314
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕВЯРЭ́СК,
летапісны горад, які ўпамінаецца ў «Спісе рускіх гарадоў далёкіх і блізкіх» у канцы 14 ст. сярод гарадоў ВКЛ. У даследчыкаў няма адзінага пункту гледжання наконт месцазнаходжання Вевярэска: рус. гісторык М.М.Ціхаміраў адносіў яго да загадкавых; археолаг В.В.Сядоў атаясамліваў з гарадзішчам каля в. Касцянёва Шчучынскага р-на Гродзенскай вобл. і лічыў, што назву атрымаў ад р. Ваверка, якая працякае за 16—18 км ад пасялення. Магчыма, летапісны Вевярэск існаваў на месцы сучаснай в. Ваверка Лідскага р-на, якая размяшчаецца на беразе р. Ваверка. У дакументах 16 ст. ўпамінаецца пад назвай Гарадзішча.
т. 4, с. 53
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАГО́СКІН (Лаўрэнцій Аляксеевіч) (2.6.1808—3.2.1890),
рускі даследчык Аляскі, марскі афіцэр. Скончыў Марскі кадэцкі корпус, служыў у Пецярбургу і г. Астрахань. У 1842—44 па заданні Расійска-амерыканскай кампаніі апісаў ч. заліва Нортан, адкрыў горны хрыбет у бас. р. Юкан, даследаваў рэкі Куікпак і Кускакуім. Вынікі экспедыцыі апублікаваны ў творы: «Пешаходны вопіс часткі рускіх уладанняў у Амерыцы, зроблены ў 1842, 1843 і 1844 гг.» (ч. 1—2, 1847—1848), перавыданне — «Падарожжы і даследаванні лейтэнанта Лаўрэнція Загоскіна ў Рускай Амерыцы ў 1842—1844 гг.» (1956).
Літ.:
Адамов А. Первые русские исследователи Аляски. М., 1950.
т. 6, с. 497
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗВЯЖДО́ЎСКІ (Людвік Міхайлавіч) (снеж. 1829, Вільня — 27.2.1864),
адзін з кіраўнікоў паўстання 1863—64 у Польшчы, Беларусі і Літве. Скончыў Акадэмію Генштаба (1859). З 1845 у арміі. Разам з З.Серакоўскім і Я.Дамброўскім уваходзіў у кіраўніцтва польскай рэв. арг-цыі ў Пецярбургу. З 1860 у Вільні, узначальваў К-т руху і Літоўскі правінцыяльны камітэт, меў уплыў на К-т рускіх афіцэраў у Польшчы. У крас. 1863 паўстанцкі ваен. начальнік Магілёўшчыны, кіраваў дзеяннямі Горацкага паўстанцкага атрада. З пач. 1864 паўстанцкі ваен. начальнік Сандамірскага ваяв. ў Польшчы і камандзір Кракаўскай дывізіі. Схоплены ўладамі і павешаны.
Г.В.Кісялёў.
т. 7, с. 42
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАЦЫЯНАЛІ́СТЫ,
у Расіі ў 1908—17 група (фракцыя) дэпутатаў 3-й і 4-й Дзярж. дум (пераважна ад паўд.-зах. губерняў) аб’яднаных вялікадзярж. і манархічнай платформай. Уваходзілі буйнейшыя землеўладальнікі, царк. дзеячы, частка інтэлігенцыі і сял. дэпутатаў. Старшыня — П.М.Балашоў, лідэры — У А.Бобрынскі, В.В.Шульгін, епіскапы Яўлогій, Мітрафан і інш. Друкаваны орган — газ. «Окраины России». Праграма — абарона самадзяржаўя і памешчыцкай уласнасці, шавінізм («Расія для рускіх»), антысемітызм, укараненне рус. культуры ў нац. ускраінах імперыі. Патрабавалі забяспечыць панаванне правасл. царквы, высоўвалі панславісцкія лозунгі. Стварылі Усерас. нац. саюз і Усерас. нац. клуб (1910). Фракцыя спыніла існаванне пасля Лют. рэвалюцыі 1917.
т. 11, с. 223
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)