НАЦЫЯЛЕ́КТ [ад нацыя + (дыя)лект],

сукупнасць фармальных і семантычных уласцівасцей пэўнай нацыянальнай мовы, калі яна шырока выкарыстоўваецца іншым этнасам у якасці сваёй другой мовы або мовы міжнац. зносін. Напр., рус. мова (нацыялект) армян, літоўцаў, таджыкаў, украінцаў і г.д. У шырокім сэнсе Н. — рэалізацыя пэўнай мовы ў маўленчай практыцы іншага этнасу. Н. — адзін з відаў суцэльнага вар’іравання мовы (параўн.: дыялект — вар’іраванне тэрытарыяльнае, сацыялект — вар’іраванне сацыяльнае, ідыялект — вар’іраванне індывідуальнае, хроналект — вар’іраванне ў часе, Н. — вар’іраванне іншанацыянальнае, іншаэтнічнае). Н. ўласцівы пэўныя ўстойлівыя рысы, што ўзнікаюць у мове пад уплывам іншай ці роднай мовы. Напр., рус. Н. беларусаў уласцівы ўстойлівыя інтэрферэнцыйныя рысы: цвёрдае «р» (гаварыт — «гаворыць», румка — «келішак»), фрыкатыўнае «γ» (ноγи — «ноги», γолос — «голас»), сібілянты «с’» і «з’» (з’има, с’ерый), пропуск «й» (полны — «поўны», велики — «вялікі»), канструкцыі «мой собачка» (рус. «моя собачка»), «более-менее» (рус. «более или менее», бел. «больш-менш»), «жениться с кем» (рус. «жениться на ком», бел. «ажаніцца з кім»), адсутнасць моцнай колькаснай рэдукцыі галосных ([малако], рус. [мьлʌ-ко]) і інш.

Літ.:

Михневич А.Е. О языковом и лингвистическом статусе «нациолекта» // Вариативность как свойство языковой системы: Тез. докл. М., 1982. Ч. 1.

А.Я.Міхневіч.

т. 11, с. 221

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«БЮЛЛЕТЕ́НЬ «СЯЛЯ́НСКАЙ ГАЗЕ́ТЫ»,

орган Вілейскага падпольнага абкома КП(б)Б у Вял. Айч. вайну. Выдаваўся ў паўн. раёнах вобласці, куды даставіць «Сялянскую газету» было складана. Вядома 29 нумароў за 6.1 — 28.91943 на рус. мове (асобныя нумары на бел. і рус. мовах).

т. 3, с. 389

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ЗВЕ́ННІ»

(«Звенья»),

аб’яднанне рус. пісьменнікаў у БССР у 1925—28. Утворана з рус. секцыі «Маладняка». Уваходзілі Мінская, Віцебская, Полацкая і Магілёўская групы, пісьменнікі М.Гольдберг, Р.Лахматы (Р.Кобец), С.Пілітовіч, Я.Садоўскі і інш. Арганізоўвала літ. вечары ў Мінску, Бабруйску, Барысаве, Гомелі, стварала літ. групы і студыі, праводзіла кансультацыі для творчай моладзі, наладжвала сувязі з літ. аб’яднаннямі Масквы, запрашала для выступленняў паэтаў з РСФСР. Выдала альманах «Звенья» (1926). У 1928 яе чл. ўвайшлі ў Беларускую асацыяцыю пралетарскіх пісьменнікаў як рус. секцыя.

К.Р.Хромчанка.

т. 7, с. 38

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́БАСКІ МІ́РНЫ ТРАКТА́Т 1743.

Падпісаны паміж Расіяй і Швецыяй у г. Аба (сучасны Турку, Фінляндыя). Завяршыў рус.-швед. вайну 1741—43, якая скончылася паражэннем Швецыі. Пацвердзіў умовы Ніштацкага мірнага дагавора 1721. Устанавіў рус.-швед. мяжу па р. Кюмене (цяпер Кюмі-Іокі, Фінляндыя).

т. 1, с. 16

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«БЕЛАРУ́СКАЯ ЭНЦЫКЛАПЕ́ДЫЯ» імя Петруся Броўкі,

выдавецтва Дзярж. к-та па друку Рэспублікі Беларусь. Засн. ў Мінску 1.1.1967 як Гал. рэдакцыя Бел. Сав. Энцыклапедыі пры АН Беларусі на правах НДІ, з 1.1.1975 у сістэме Дзяржкамдруку БССР, у 1980 пераўтворана ў выдавецтва, прысвоена імя П.Броўкі. Спалучае выдавецкую дзейнасць з навукова-даследчай. Спецыялізуецца на падрыхтоўцы і выданні універсальных, рэгіянальных і галіновых энцыклапедый, энцыклапедычных даведнікаў і слоўнікаў, тлумачальных, перакладных і інш. слоўнікаў бел. мовы. Падрыхтавала і ў 1969—75 выдала 12-томную «Беларускую Савецкую Энцыклапедыю» — універсальны даведнік па ўсіх галінах ведаў, першую шматтомную энцыклапедыю ў гісторыі бел. народа (Дзярж. прэмія Беларусі 1976). У выд-ве выйшлі таксама: «Беларуская ССР. Кароткая энцыклапедыя» (т. 1—5, 1978—82, паралельна на бел. і рус. мовах), «Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі» (т. 1—5, 1984—87), «Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі» (т. 1—7, 1984—88; Дзярж. прэмія Беларусі 1990), «Энцыклапедыя прыроды Беларусі» (т. 1—5, 1983—86; сярэбраны медаль праграмы ААН па навакольным асяроддзі 1984), «Энцыклапедыя гісторыі Беларусі» ў 6 т. (т. 1—2, 1993—94), «Ілюстраваная храналогія гісторыі Беларусі» (ч. 1—2, 1995—96), біябібліяграфічны даведнік «Беларускія пісьменнікі» (т. 1—6, 1992—95), «Тлумачальны слоўнік беларускай мовы» (т. 1—5, 1977—84), «Беларуска-рускі слоўнік» (т. 1—2, 2-е выд. 1988—89), «Фразеалагічны слоўнік беларускай мовы» І.Я.Лепешава (т. 1—2, 1993), «Руска-беларускі слоўнік» (т. 1—3, 6-е выд. 1995) і інш. Выдаюцца серыі: гісторыка-дакумент. хронік «Памяць» (з 1985, пра кожны раён Беларусі), энцыклапедычных даведнікаў пра гарады Беларусі (з 1976, «Мінск», «Брэст», «Віцебск», «Гродна», «Магілёў», «Гомель»), пра жывёльны і раслінны свет Беларусі (з 1986), энцыклапедычныя даведнікі для дзяцей, «Энцыклапедычная бібліятэчка «Беларусь» (з 1978, выдадзена 25 кніг), трохмоўных слоўнікаў (англа-, нямецка-, французска-, беларуска-рускіх) і інш. У ліку 1-томных энцыклапедычных даведнікаў: «Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка» (на рус. мове, 1978), «Навечна ў сэрцы народным» (3-е выд., на рус. мове, 1984), «Іх імёнамі названы...» (на рус. мове, 1987), «Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне, 1941—1945» (1990), «Этнаграфія Беларусі» (1989), «Янка Купала» (1986), «Францыск Скарына і яго час» (1988; на рус. мове, 1990), «Статут Вялікага княства Літоўскага 1588» (1989), «Прафесіі рабочых» (на рус. мове, 1980), «2000 прафесій...» (на рус. мове, 1986), «Меліярацыя» (на рус. мове, 1984), «Прырода Беларусі» (2-е выд., на рус. мове, 1989), «Бульба» (на рус. мове, 1988 і 1994), «Чырвоная кніга Беларускай ССР» (2-е выд. 1993), «Акадэмія навук Беларускай ССР» (1978; на рус. мове, 1979), зводны каталог «Кніга Беларусі, 1517—1917» (1986), «Энцыклапедыя маладой сям’і» (8-е выд., на рус. мове, 1995), «Здароўе» (на рус. мове, 1990), «Культура харчавання» (3-е выд., на рус. мове, 1993), «Фатаграфія» (на рус. мове), «Юрыдычны энцыклапедычны слоўнік» (абодва 1992), «Архітэктура Беларусі», «Археалогія і нумізматыка Беларусі» (абодва 1993); «Мысліцелі і асветнікі Беларусі, X—XIX стст.», «Беларусь», «Ветэрынарная энцыклапедыя» (усе 1995), «Чарнобыль» (1996). Сярод факсімільных выданняў: «Слоўнік беларускай мовы» І.І.Насовіча (1983), «Біблія Скарыны» (т. 1—3, 1990—91), «Жывапісная Расія» (1993, 2-е выд. 1994) і інш. У 1996 выйшаў 1-ы том 18-томнай універсальнай Беларускай энцыклапедыі.

Галоўныя рэдактары П.У.Броўка (1967—80), І.П.Шамякін (1980—92), М.А.Ткачоў (1992), Б.І.Сачанка (1993—95), Г.П.Лашкоў (з 1996).

І.П.Хаўратовіч.

т. 2, с. 435

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРДЫ́НСКІ ВЫ́ХАД,

даніна з рус. земляў Залатой Ардзе ў час мангола-татарскага панавання 13—15 ст. Збіраўся з усяго насельніцтва, акрамя духавенства. Велічыня пабораў была не пастаянная, а залежала ад «запросаў» хана. Напачатку ардынскі выхад збіралі баскакі, адкупшчыкі-мусульмане. Нар. паўстанні ў рус. княствах (1257, 1259, 1262, 1289) супраць баскакаў прымусілі ханаў перадаць збор даніны рус. князям. Даніна ішла ў Залатую Арду праз вял. князя уладзімірскага. Пасля Кулікоўскай бітвы 1380 ардынскі выхад плацілі нерэгулярна, з 1470-х г. перасталі плаціць зусім.

т. 1, с. 476

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУ́РЫНА (Ларыса Аляксандраўна) (н. 22.3.1936, в. Куляшыха Хараўскага р-на Валагодскай вобл., Расія),

бел. мовазнавец і педагог. Чл.-кар. Акадэміі адукацыі Беларусі (1996). Д-р пед. н. (1986), праф. (1987). Скончыла Азербайджанскі пед. ін-т моў (1963). Працавала ў школах і ВНУ г. Баку. З 1970 у БДУ (з 1988 заг. кафедры методыкі выкладання рус. і бел. моў і л-р, з 1993 нам. дэкана, з 1996 дэкан філал. ф-та). Даследуе праблемы методыкі выкладання рус. і бел. моў, бел.-рус. моўных узаемаадносін, рыторыкі. Аўтар кніг «Культура рускага маўлення ў школах з беларускай мовай навучання» (1982), «Развіццё звязнай мовы вучняў» (1985), «Методыка рускай мовы ў школах Беларусі» (1990), «Рыторыка» (1994), сааўтар падручнікаў па рус. мове для 5—9-га класаў і інш.

І.К.Германовіч.

т. 11, с. 36

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ЦЯЗЬ (стараж.-рус.),

у Стараж. Русі храбры воін, герой.

т. 4, с. 237

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЯЛЯ́ЕЎ (Іван Дзмітрыевіч) (1810, Масква — 1.12.1873),

рускі гісторык, славянафіл. З 1852 праф. Маскоўскага ун-та, сакратар Маскоўскага таварыства гісторыі і старажытнасцей расійскіх. Працы па гісторыі рус. сялянства, права, ваен. справы, летапісання. Даследаваў пытанні гісторыі Беларусі да 16 ст. У «Гісторыі Полацка ці Паўночна-Заходняй Русі...» (1872), прааналізаваў сац. і нац. склад насельніцтва, гісторыю царквы, адміністрацыі Кіеўскай Русі і ВКЛ. Першы з рус. гісторыкаў даў этнагр. апісанне беларусаў, якіх называў крывічамі. Сабраў калекцыю стараж.-рус. рукапісаў.

Тв.:

Очерк истории Северо-Западного края России. Вильна, 1876;

Крестьяне на Руси. М., 1860.

т. 3, с. 404

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́РТАНЕН (Ялмары Эрыкавіч) (8.1.1889, с. Майніемі, Фінляндыя — 2.4.1939),

карэльскі паэт. Пісаў на фінскай мове. Друкаваўся з 1906. У ранніх творах адлюстраваў паднявольнае становішча працоўных. У зб-ках вершаў «Вольнай часінай» (1930), «Стройныя шарэнгі» (1931), «Вершы» (1933, 1936, на рус. мове), «Чырвонае кантэле» (1937) асэнсаванне гіст. мінулага рус. і карэльскага народаў, самабытнасць людскіх характараў і прыроды паўночнага краю. Вядомы як драматург, перакладчык. Перакладаў на фінскую мову творы рус. і сусв. л-ры, паасобныя творы Я.Купалы.

Літ.:

Алто Э. Ялмари Виртанен: Жизнь и творчество. Петрозаводск, 1988.

т. 4, с. 192

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)