БЕРАЖА́НСКАЯ ГАДЗІ́ННІКАВАЯ МАНУФАКТУ́РА.
Дзейнічала ў 1789—93 у Беларусі ў в. Беражань б. Дубровенскага графства Горацкага пав. Засн. па ініцыятыве Р.А.Пацёмкіна (яму належала Дуброўна), які ў 1784 даручыў шведу Нордштэйну буд-ва гадзіннікавай мануфактуры і навучанне гадзіннікаваму майстэрству прыгонных хлопчыкаў. У 1789 выраблена гадзіннікаў і інш. рэчаў на 9729 руб. У 1794 паводле загаду Кацярыны II Беражанская гадзіннікавая мануфактура была перавезена ў г. Екацярынаслаў.
т. 3, с. 104
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЖЫЛО́Е,
грашовая выплата селяніна феадалу пры пераходзе да другога ўладальніка ў Рас. дзяржаве ў 15—16 ст. Упершыню як абавязковае П. ўпамінаецца ў Судзебніку 1497. Поўны яго памер (ад 50 кап. ад 1 руб.) сяляне плацілі пасля 4 гадоў жыцця на зямлі феадала. Памер П. «з варот» (сял. двара) павялічыў Судзебнік 1550. П. садзейнічала запрыгоньванню сялян. Пасля забароны выхаду сялянскага паступова знікла.
М.Ф.Спірыдонаў.
т. 11, с. 515
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫ́ДРЫЦКІ ЗАВО́Д СУХО́Й ПЕРАГО́НКІ ДРАЎНІ́НЫ.
Дзейнічаў на Беларусі ў 1900—16 ва ўрочышчы Выдрыца Аршанскага пав. Магілёўскай губ. Адно з буйных хім. прадпрыемстваў Рас. імперыі. Выпускаў драўняны і метылавы спірт, воцат, фармалін, воцатную кіслату, воцатнакіслы натрый, драўняны вугаль, смалу, ацэтон і інш. У 1913 меў 9 паравых рухавікоў, працавала 150 пастаянных і 300 часовых рабочых, выпушчана прадукцыі на 500 тыс. руб. У час 1-й сусв. вайны пастаўляў прадукцыю ваен. ведамству.
т. 4, с. 307
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАЎГІ́НАЎСКАЯ СУКО́ННАЯ ФА́БРЫКА.
Дзейнічала ў 1823—67 у мяст. Даўгінава Вілейскага пав. (цяпер Вілейскі р-н Мінскай вобл.). У 1824 мела 2 ткацкія станкі, у 1840—28 станкоў, вадзяны і паравы рухавікі. Сыравіна (воўна, клей, фарбы і інш.) набывалася ў Рызе. Прадукцыя рэалізоўвалася ў Мінску, Вільні, Гродне, Пецярбургу, Рызе, Палтаве. Працавалі прыгонныя і замежныя майстры. У 1861 выпушчана прадукцыі на 66,1 тыс. руб. У 1866 былі 162 рабочыя.
т. 6, с. 65
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЗЫ́РСКАЯ ЗАПА́ЛКАВАЯ ФА́БРЫКА «МАЛА́НКА».
Дзейнічала ў 1895—1920 у Кімбараўцы — прадмесці г. Мазыр Гомельскай вобл. У 1899 створана акц. т-ва «Маланка» з асн. капіталам 300 тыс. руб. Вырабляла запалкі шведскія. У 1910—13 мела 3 паравыя машыны (75 к.с.), склады прадукцыі ў Гомелі, Кіеве, Краменчугу, Екацярынаславе, Кішынёве, Растове, Жытоміры. У 1911 працавала 625 чал. У 1910 прадукцыя ф-кі была прадстаўлена на выстаўцы ў Парыжы. Гл. таксама Мазырская мэблевая фабрыка.
т. 9, с. 514
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСІГНА́ЦЫІ (польск. asygnacja ад лац. assignatio прызначэнне),
расійскія папяровыя грошы, заменнікі медных і сярэбраных манет. Упершыню выпушчаны ў 1769 пры Кацярыне II на суму 1 млн. руб. Эмісію ажыццяўлялі спец. банкі ў Пецярбургу і Маскве (у 1786 яны аб’яднаны ў адзіны банк). Білеты асігнацыі свабодна абменьваліся на медныя і сярэбраныя манеты. Аднак з-за празмернага выпуску асігнацый для пакрыцця ваенных расходаў (войны з Турцыяй, Францыяй, Крымская) яны абясцэніліся і з усталяваннем сярэбранага монаметалізму пасля грашовай рэформы з 1.1.1849 ануляваны.
т. 2, с. 29
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРЭ́СЦКІЯ ТЫТУНЁВЫЯ МАНУФАКТУ́РЫ.
Дзейнічалі ў 1855—1914 у г. Брэст. Усяго было 9 мануфактур, адначасова працавала да 6 (1885). Мелі па 6—11 крышыльных і інш. станкоў, ступы і прэсы, з 1885 — конны рухавік. Выраблялі тытунь курыльны, табаку нюхальную (500—1800 пудоў за год), махорку (да 13 000 пудоў), цыгары (да 2990 тыс. шт.), папяросы (да 3557 тыс. шт.). На розных мануфактурах працавала ад 40 (1873) да 325 (1886) чалавек, выраблялася прадукцыі на суму да 65 тыс. руб. (1885).
т. 3, с. 301
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЦЕБСКАЯ АКУЛЯ́РНАЯ ФА́БРЫКА.
Дзейнічала ў 1892—1941 у Віцебску; першая ў Расіі ф-ка такога тыпу. Мела 10 імпартных машын-станкоў, паравую машыну (з 1910). У розны час выпускала акуляры, пенснэ, фіз., аптычныя і хірург. інструменты, павелічальнае шкло. Працавалі 125 рабочых, выпускалася прадукцыі на 115 тыс. руб. за год (1913).
У Вял. Айч. вайну ф-ка эвакуіравана ў г.п. Суксун Пермскай вобл. (Расія). Пасля вайны ў яе будынках размясціўся з-д быт. прылад (цяпер ВА «Электравымяральнік»).
т. 4, с. 217
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКАЯ ГАРАДСКА́Я ЭЛЕКТРАСТА́НЦЫЯ.
Дзейнічала ў 1895—1914 у Мінску. Належала гар. самакіраванню. У 1900 у горадзе было 180 электрычных ліхтароў, даўж. сеткі складала 15 км. У 1913 электрастанцыя мела 5 паравых машын (815 к.с.), 3 рухавікі ўнутр. згарання (1050 к.с.), 2 паравыя катлы, апарат Шліхтэра на 750 вёдзер для ачысткі вады, эл. рухавік з цэнтрабежнай помпай, 2 дызелі (500 к.с.). Агульная магутнасць станцыі складала 14 000 к.с., магутнасць генератараў — 950 кВт. У 1913 працавала 30 чал., выпрацавана электраэнергіі на 232 тыс. руб.
т. 10, с. 424
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ЛАЦКІ МАНЕ́ТНЫ ДВОР,
часовы манетны двор няпоўнага тэхналагічнага цыкла для «перепечатания» рас. медных 5 капеек з 16-рублёвай манетнай стапы (колькасць грашовых адзінак, выбітых з адзінкі масы металу) у 10 капеек 32-рублёвай манетнай стапы (падваенне наміналаў). Запланаваны ўказам царскага ўрада Рас. імперыі ад 8.5.1796 у Полацку для перабіцця 1 млн. руб. старымі манетамі. Паводле маніфеста ад 20.1.1797 вярталася 16-рублёвая стапа, выпуск 5 капеек спыняўся. П.м.д. дзейнічаць не пачаў. Перавезенае для яго з С.-Пецярбурга абсталяванне падлягала продажу ў 1811.
т. 12, с. 464
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)