АНІСКО́ВІЧ (Уладзімір Ігнатавіч) (н. в. Гасцілавічы Лагойскага р-на Мінскай вобл.),
бел. перакладчык, крытык. Скончыў БДУ (1971). Працаваў у Мінскім трамвайна-тралейбусным упраўленні, на радыё, у прэсе, выдавецтвах. Пераклаў з балг. мовы раманы І.Давыдкава «Белы конь за акном» (1981), А.Гуляшкі «Вандроўнік блукае па свеце» (1988), аповесці С.Страціева «Кароткае сонца» (1979), Г.Мішава «Зроблена ў правінцыі» (1981), П.Вежынава «Вышэй за ўсё» і «Бар’ер» (1983), творы для дзяцей Б.Апрылава, І.Мілева, І.Радзічкава, А.Стаянава, Н.Хайтава і інш. Выступае з артыкуламі па пытаннях бел. л-ры, праблемах прозы.
т. 1, с. 372
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛІ́ЕВА (Фазу Гамзатаўна) (н. 5.12.1932, с. Гінічутль Хунзахскага р-на, Дагестан),
аварская паэтэса. Нар. паэтэса Дагестана (1969). Скончыла Літ. ін-т імя Горкага ў Маскве (1961). Піша на аварскай і рус. мовах. Лірыка Аліевай тэматычна і вобразна звязана з рэчаіснасцю, метафарычна перадае шматграннасць жыцця (зб-кі «Роднае сяло», 1959; «Вясёлку раздаю», 1963; «Васемнаццатая вясна», 1968; «Вочы дабра», 1983). Раманы «Камяк зямлі вецер не знясе» (1967), «Радавы герб» (1970), «Арол вострыць дзюбу аб камень» (1974), «Восьмы панядзелак» (1978) і інш. пра сучаснае жыццё Дагестана.
Тв.:
Рус. пер. — Собр. соч. Т. 1—3. М., 1990.
т. 1, с. 256
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУДА́ЙЦІС-ГУЗЯ́ВІЧУС ((Gudaitis-Guzevičius) Аляксандрас) (25.5.1908, Масква — 18.4.1969),
літоўскі пісьменнік. Нар. пісьменнік Літвы (1968). Засл. дз. маст. Літвы (1954). З 1921 жыў у Літве. Друкаваўся з 1928. Першая кніга — зборнік нарысаў і апавяданняў «Сцяганосец» (Мн., 1935). Гіст. раманы «Праўда каваля Ігнотаса» (т. 1—2, 1948—49, Дзярж. прэмія Літвы 1951), «Браты» (т. 1—4, 1951—55), «Змова» (т. 1—2, 1964—65, Дзярж. прэмія Літвы 1967) — аб рэв. падзеях 1918—20. Аўтар п’ес «Нябачная зброя» (1958), «Паядынак» (1961), кнігі навел «Цёмная ночанька» (1958), аўтабіягр. аповесці «Чорная тарпеда» (1966).
Тв.:
Raštai. Т. 1—6. Vilnius, 1960—61.
т. 5, с. 519
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРБАЧО́Ў (Міхаіл Васілевіч) (24.3.1921, в. Бесцвіна Сенненскага р-на Віцебскай вобл. — 7.3.1981),
рускі перакладчык. Засл. дз. культ. Беларусі (1971). Скончыў Маскоўскі паліграф. ін-т (1951). Працаваў у час. «Славяне», на Усесаюзным радыё, у апараце СП СССР. Пераклаў на рус. мову раманы «Людзі на балоце» І.Мележа, «Вецер у соснах» і «Сорак трэці» І.Навуменкі, «Плач перапёлкі» І.Чыгрынава. «Чужая бацькаўшчына» В.Адамчыка, аповесці В.Быкава «Альпійская балада», «Трэцяя ракета», «Мёртвым не баліць», асобныя творы П.Галавача, У.Карпава, А.Кулакоўскага, М.Лупсякова, І.Пташнікава, А.Савіцкага, Т.Хадкевіча, І.Шамякіна і інш.
т. 5, с. 55
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУСА́К (Сяргей Адамавіч) (2.4.1930, в. Іванкаўшчына Мазырскага р-на Гомельскай вобл. — 20.12.1969),
бел. крытык і літ.-знавец. Канд. філал. н. (1966). Брат А.А.Гусака і М.А.Гусака. Скончыўшы БДУ (1955), настаўнічаў. З 1960 у НДІ педагогікі, у 1962 у Мін-ве асветы БССР, з 1965 у БДУ. У 1968—69 рэктар Брэсцкага пед. ін-та. Друкаваўся з 1959. Даследаваў праблемы сучаснай бел. прозы (апавяданні В.Адамчыка, Я.Брыля, М.Даніленкі, М.Капыловіча, І.Навуменкі, Б.Сачанкі і інш., раманы І.Шамякіна, М.Лобана і інш.).
Тв.:
Аляксей Кулакоўскі. Мн., 1967;
Пафас праўды. Мн., 1973.
т. 5, с. 541
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАВІДА́ЙЦІС ((Dovydaitis) Іонас) (12.7.1914, Вільня — 20.9.1983),
літоўскі пісьменнік. Засл. дз. культ. Літвы (1964). Скончыў Каўнаскае вышэйшае тэхн. вучылішча (1938). У раманах «Вялікія падзеі ў Наўямесцісе» (1953), «Блакітныя азёры» (1964), «Цяжкі свет» (1966), «Чалавек ад машын» (1980), кнігах апавяданняў і нарысаў (у 1947—81, 12 зб-каў) рэалістычна адлюстраваў жыццё рабочых і тэхн. інтэлігенцыі Літвы ў пасляваенны перыяд. Пачынальнік прыгодніцкага жанру ў літ. л-ры (раманы «Шкляныя галубы», 1960, «Дзіўнае вяселле», 1972, «Коні грому», 1975, «Коні Пяркунаса», 1983; зб-кі апавяданняў, аповесцей). Выступаў у жанры дакумент. прозы, нарыса. На бел. мову асобныя творы Давідайціса пераклаў В.Яцкевіч.
т. 5, с. 563
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
І́ЎНЕЎ (Рурык) (сапр. Кавалёў Міхаіл Аляксандравіч; 23.2.1891, Тбілісі — 20.2.1981),
рускі пісьменнік. Скончыў Маскоўскі ун-т (1912). Друкаваўся з 1909 Першы зб. «Самаспаленне» (кн. 1, 1913). Разам з С.Ясеніным, А.Марынгофам і інш. ўваходзіў у групу імажыністаў (зб. паэзіі «Сонца ў труне», 1921). Аўтар зб-каў вершаў «Золата смерці» (1916), «Мая краіна» (1943), «Памяць і час» (1969), «Цёплыя лісты» (1978), вершаў і ўспамінаў «Часы і галасы» (1978). Раманы «Няшчасны анёл» (1917), дылогія «Каханне без кахання» (1925) і «Адкрыты дом» (1927), «Герой рамана» (1928).
Тв.:
Избранное, 1907—1981. М., 1985.
С.Ф.Кузьміна.
т. 7, с. 368
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЗЫ́РА (Леанід Аляксеевіч) (н. 12.9.1949, в. Негрымава Навагрудскага р-на Гродзенскай вобл.),
бел. перакладчык, літ.-знавец. Брат А.А.Казыры. Скончыў Мінскі пед. ін-т замежных моў (1972). З 1978 супрацоўнік Ін-та л-ры Нац. АН Беларусі. Даследуе бел.заходнееўрап. літ. сувязі, пытанні маст. перакладу. Пераклаў на бел. мову раманы Ф.Марыяка «Тэрэза Дэскейру» і «Клубок гадзюк» (1985), дэтэктыўны раман Д.Пендлтана «Сіцылійскі набат» (1994) і інш. Складальнік і адзін з перакладчыкаў зб. «Французская навела XX ст.» (1992). Сааўтар. кн. «Беларуская савецкая літаратура за мяжой» (1988), «Англа-беларускага слоўніка грамадска-палітычнай лексікі» (1993).
Л.М.Гарзлік.
т. 7, с. 435
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«КУ́ЗНІЦА»,
літаратурная група ў Маскве ў 1920—31. Засн. паэтамі, якія выйшлі з Пралеткульта (В.Александроўскі, М.Герасімаў, В.Казін, У.Кірылаў, С.Абрадовіч, М.Палятаеў, С.Родаў і інш.). Знаходзілася ў рамках вульгарна-сацыялагічных уяўленняў Пралеткульта аб шляхах развіцця новай паслякастр. культуры. Найб. ўвагу аддавала паэт. практыцы, маст. майстэрству. Паэзія «К.» — характэрны прыклад пралет. рамант. лірыкі перыяду ваен. камунізму. У якасці праграмных вылучала раманы «Цэмент» Ф.Гладкова. і «Доменная печ» М.Ляшко. У 1931 улілася ў Рас. асацыяцыю пралет. пісьменнікаў. Выпускала час. «Кузница» (1920—22), «Рабочий журнал» (1924—25) і інш.
т. 8, с. 561
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕ́ЙКІН (Мікалай Аляксандравіч) (19.12. 1841, С.-Пецярбург — 19.1.1906),
рускі пісьменнік-гумарыст, журналіст. Вучыўся ў Пецярбургскім рэфарматарскім вучылішчы (1853—58). Друкаваўся з 1860. Асн. тэма шматлікіх апавяданняў, нарысаў, сцэнак, п’ес, аповесцей, раманаў — норавы пецярбургскага купецтва і чыноўніцтва, асн. жанр — сцэнкі. Нават яго раманы («Стукін і Хрустальнікаў. Банкавая эпапея», 1886; «Сатыр і німфа», 1888, і інш.) уяўляюць сабой шэраг сцэн, звязаных агульнасцю герояў і фабулы. У 1881—1905 — рэдактар-выдавец гумарыстычнага час. «Осколки», у які прыцягнуў многіх б. супрацоўнікаў час. «Искра» і А.Чэхава.
Тв.:
Повести, рассказы и драматические сочинения. Т. 1—2. СПб., 1871.
т. 9, с. 190
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)