ТАКСАНО́МІЯ (ад грэч. taxis размяшчэнне, строй, парадак + nomos закон),
тэорыя і практыка класіфікацыі і сістэматызацыі складанаарганізаваных абласцей рэчаіснасці; раздзел сістэматыкі. Тэрмін прапанаваны ў 1813 швейц. батанікам А.П.Дэкандолем. Асн. задача Т. — стварэнне рацыянальнага вучэння аб таксанамічных катэгорыях (рангах) і іх супадначалення (іерархіі), якое дазваляе пабудаваць прыродную класіфікацыю арганізмаў. Т. дае магчымасць адначасова ўлічваць вял. колькасць розных прыкмет. Т., сістэматыка і класіфікацыя звязаны паміж сабой, іх значэнні часта перакрываюцца.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТАНА́ЛЬНАСЦЬ,
1) у мове вышыня; галоснага гука, характэрная для яго параўнання з іншым.
2) У музыцы дакладнае вышыннае размяшчэнне гукаў ладу. Назва пэўнай Т. складаецца з абазначэнняў тонікі і ладу (ля мажор A-dur, скарочана A; фа-дыез мінор ці fis-moll; скарочана fis). У сучаснай гука-.вой сістэме тонікай можа служыць кожны з 12 гукаў актавы, адпаведна кожны лад можа быць рэалізаваны ў 12 Т.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНФАРМА́ЦЫЯ (ад лац. conformatio форма, размяшчэнне) у хіміі, пэўнае размяшчэнне ў прасторы атамаў малекулы вядомай канфігурацыі; адно з асн. паняццяў стэрэахіміі. Пераход паміж К. адбываецца ў выніку вярчэння фрагментаў (атамаў ці груп атамаў) малекулы адносна простых сувязей, выгінання і інш. дэфармацый сувязей, якія не змяняюць канфігурацыю малекулы.
Малекула мае некалькі К., кожнай з іх адпавядае пэўная энергія. Адрозніваюць К. з макс. (заслоненыя К.) і мінім. значэннем энергіі (запаволеныя К.). Напр., для малекулы этану H3C—CH3 магчыма існаванне 2 К., якія максімальна адрозніваюцца па энергіі — запаволеная і заслоненая, энергетычны бар’ер вярчэння адносна сувязі вуглярод-вуглярод складае ~13 КДж/моль. Заслоненыя К. адпавядаюць энергетычным бар’ерам пераходаў паміж адносна стабільнымі запаволенымі. У час вярчэння фрагментаў малекулы адносна сувязей магчыма ўтварэнне некалькіх К., якім адпавядае мінімум энергіі, такія К. наз.канфармерамі. Пры высокіх значэннях энергіі вярчэння (больш за 80 КДж/моль пры т-ры 300 К) канфармеры — геам. ізамеры (гл.Геаметрычная ізамерыя), атропаізамеры (напр., ортазамешчаныя дыфенілы) і шэраг цыклічных малекул, у якіх вярчэнне запаволена з-за наяўнасці аб’ёмных замяшчальнікаў, можна вылучыць у выглядзе індывід.хім. злучэнняў. Гл. таксама Канфармацыйны аналіз.
Т.Т.Лахвіч.
Да арт.Канфармацыя ў хіміі: а — запаволеная і б — заслоненая канфармацыі малекулы этану.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЭТНАГЕАГРА́ФІЯ,
навуковая дысцыпліна, якая вывучае размяшчэнне народаў, асобных этнагр. і канфесіянальных груп, шляхі іх міграцыі, заканамернасці рассялення і распаўсюджання тых ці інш. этнакульт. элементаў у прасторы і часе, уплыў геагр. і пэўных фактараў на характар іх жыццядзейнасці і рэгіянальныя асаблівасці культуры. Знаходзіцца на сумежжы этнаграфіі і геаграфіі. Як апісальная навука вядома са старажытнасці («Гісторыя» Герадота, 5 ст. да н.э.; «Геаграфія» Страбона, «Натуральная гісторыя» Плінія Старэйшага, абедзве 1 ст.н.э., працы Тацыта, Пталамея і інш.). Новы штуршок атрымала ў эпоху Вялікіх геаграфічных адкрыццяў, асваення і каланізацыі новаадкрытых зямель. Найб. актуальныя задачы Э.: вызначэнне нац. складу насельніцтва свету і яго асобных расавых, этналінгвістычных, рэліг. груп, іх геагр.размяшчэнне, складанне этнагр. карт і атласаў. Цесна звязана з этн. дэмаграфіяй, антрапагеаграфіяй, лінгвагеаграфіяй, праблемамі арэальных даследаванняў і картаграфаваннем. Пры вызначэнні межаў рассялення народаў істотнае значэнне мае этн. ідэнтыфікацыя паводле моўных прыкмет, нац. самасвядомасці і канфесіянальнай прыналежнасці, што адлюстроўваюць абагульняльныя этнаграфічныя карты і атласы.
Літ.:
Титов В.С. Историко-этнографическое районирование материальной культуры белорусов, XIX — начало XX в. Мн., 1983;
Народы мира: Ист.-этногр. справ. М., 1988;
Смоліч А. Геаграфія Беларусі. Мн., 1992;
Беларусы: Этнагеаграфія, дэмаграфія. дыяспара, канфесіі: Атлас. Мн., 1996.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБХО́Д,
1) манеўр войск з мэтай глыбокага пранікнення ў размяшчэнне праціўніка і нанясення яму ўдараў з флангаў і тылу або акружэння яго. Ажыццяўляецца ва ўзаемадзеянні з войскамі, што дзейнічаюць з фронту, пры наяўнасці адкрытых флангаў або прамежкаў у баявых парадках праціўніка. У ВМФ робіцца для нанясення ўдару па гал. аб’екце праціўніка без агнявога сутыкнення з сіламі яго прыкрыцця.
2) Участак лесу (адзін або некалькі кварталаў), які даглядаецца, абслугоўваецца адным лесніком.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕТЭРАГА́МІЯ (ад гетэра... + ...гамія),
1) тып палавога працэсу, пры якім мужчынскія і жаночыя палавыя клеткі (гаметы), што зліваюцца пры апладненні, адрозніваюцца формай і памерам. Для вышэйшых раслін і шматклетачных жывёл, а таксама для некаторых грыбоў характэрна аагамія; у адносінах да некаторых прасцейшых, якім у палавым працэсе ўласцівы капуляцыя і кан’югацыя, выкарыстоўваюць тэрмін «анізагамія». Гл. таксама Ізагамія.
2) Змена функцыі мужчынскіх і жаночых клетак або іх размяшчэнне на расліне (як анамалія).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІПСАГРАФІ́ЧНАЯ КРЫВА́Я,
крывая, якая паказвае ў прамавугольных каардынатах адноснае размяшчэнне плошчаў з рознымі вышынямі сушы і глыбінь мора на паверхні «цвёрдай» Зямлі. Будуецца адкладаннем на восі ардынат вышынь і глыбінь, а па восі абсцыс плошчы пашырэння пэўных вышынь і глыбінь. Крывая паказвае, што каля 80% рэльефу Зямлі прыпадае на адносна выраўнаваныя прасторы сушы і марскога дна. Частка гіпсаграфічнай крывой, якая адлюстроўвае профіль дна акіяна, наз.батыграфічнай крывой.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПО́РНАЯ ГЕАДЭЗІ́ЧНАЯ СЕ́ТКА,
сістэма замацаваных на мясцовасці арыенціраў, якія служаць апорнымі пунктамі пры здымках і геад. вымярэннях. Вылучаюць апорную геадэзічную сістэму планавую і вышынную. Планавая складаецца пераважна метадамі трыянгуляцыі і паліганаметрыі, узаемнае размяшчэнне яе пунктаў вызначаецца прамавугольнымі каардынатамі (X і Y); вышынная — метадам геам. нівеліравання. Выкарыстоўваецца пры вывучэнні формы Зямлі, складанні тапаграфічных картаў, інж. пошуках, у буд-ве і г.д., дзе неабходны дакладныя разлікі на мясцовасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАСА́ДА,
1) загадзя і старанна замаскіраванае размяшчэнне воінскага падраздзялення (або партызан) на найб. верагодных шляхах руху праціўніка з мэтай яго разгрому раптоўным ударам, захопу палонных і знішчэння баявой тэхнікі.
2) У Стараж. Русі — гарнізон у горадзе на чале з засадным ваяводам; войскі рэзерву (таксама засадны полк), падрыхтаваныя для нечаканага нападу на праціўніка. Напр., у Кулікоўскай бітве 1380 засадны полк на чале з Баброкам-Валынскім і Уладзімірам Серпухаўскім вырашыў зыход бою.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«НАЛІБО́КІ»
(«Naliboki»),
кодавая назва карнай аперацыі ням.-фаш. захопнікаў супраць партызан і мясц. насельніцтва ў Івянецкім р-не Баранавіцкай (цяпер Мінскай) вобл., у Налібоцкай пушчы 24—27.7.1942 у Вял.Айч. вайну. Праводзілася 3 карнымі батальёнамі, якім не ўдалося пранікнуць у размяшчэннепартыз. фарміраванняў. Выкліканая акупантамі бамбардзіровачная авіяцыя (15 самалётаў) 27 ліп. не здолела знішчыць партызан і разбурыць іх базы. У раёне аперацыі гітлераўцы забілі і паранілі каля 200 мясц. жыхароў.