КУНІЛІ́НГУС (ад лац. cunnus вонкавыя жаночыя палавыя органы + lingo лізаць),

кумбітмака, выкліканне палавога ўзбуджэння ў жанчыны ўздзеяннем на яе вонкавыя палавыя органы (найчасцей на клітар) губамі і языком. Адна з форм нармальнага палавога жыцця чалавека. У любоўнай гульні К. дазваляе эфектыўна правесці перыяд папярэдніх ласкаў, давесці ўзбуджэнне жанчыны да аргазму, К. іншы раз дасягаецца аргазм пасля коітуса.

т. 9, с. 22

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МНЕМАНІ́ЧНЫ ВЕРШ,

вершаваны твор практычнага ці павучальнага характару. Форма М.в. аблягчае запамінанне пэўных правіл ці лічбаў. Такі верш пашыраны ў разнастайных жанрах дзіцячага фальклору (лічылкі, дражнілкі, заклікі, прагаворы):

Раз, два, тры, чатыры,
Мяне грамаце вучылі:
Ні чытаць, ні пісаць,
Толькі ў паплясы гуляць.

У бел. паэзіі М.в. трапляецца рэдка, пераважна ў парадыйных творах.

М.​М.​Грынчык.

т. 10, с. 501

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«НА́ША ВО́ЛЯ»,

легальная газета народнафронтаўскага кірунку. Выдавалася з 24.12.1935 да 23.8.1936 у Вільні на бел. мове. Напачатку выходзіла 1 раз у 2 тыдні, з 20.3.1936—1 раз у месяц. Рэдактар-выдавец В.​Склубоўскі. Садзейнічала ўключэнню ў рэв. барацьбу новых слаёў грамадства, збліжэнню дэмакр. інтэлігенцыі з КПЗБ. Выступала супраць фашызацыі грамадства, пісала пра барацьбу супраць гітлерызму, папулярызавала лозунгі КПЗБ па стварэнні антыфаш. нар. фронту ў Зах. Беларусі, заклікала да саюзу паміж рабочымі і сялянамі, паведамляла пра стачкі і забастоўкі, што адбываліся на зах.-бел. прадпрыемствах. Выступала за нармалізацыю міжнац. адносін паміж народамі, што жылі ў Зах. Беларусі, у абарону бел. нац. культуры, мовы, л-ры, за адзіны зах.-бел. літ. фронт. Друкавала творы М.​Танка, М.​Васілька, М.​Машары, М.​Засіма, А.​Іверса, Г.​Праменя (І.​Пышко), С.​Малько, М.​Бурсевіча, Р.​Шырмы, Н.​Тарас і інш. Супрацоўнічала з польск. дэмакр. газ. «Poprostu» («Папросту»). Выйшла 13 нумароў, з іх 3 канфіскаваны. Забаронена польск. ўладамі.

С.​В.​Говін.

т. 11, с. 247

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«РО́ДИНА»,

масавы расійскі гіст. ілюстраваны часопіс. Выдаецца з 1989 у Маскве на рус. мове штомесяц. Першапачаткова выданне газ. «Правда». Друкуе навук.-папулярныя артыкулы па паліт., эканам., ваен., рэліг., этн. гісторыі і гісторыі культуры Расіі і СССР, усеагульнай гісторыі, публіцыстычныя матэрыялы, нататкі, інтэрв’ю. З 1990 спачатку раз на год, потым раз на паўгода выходзяць і тэматычныя нумары часопіса (пра войны 1812, Крымскую 1853—56, грамадзянскую 1918—20 у Расіі, сав.-фінляндскую 1939—40, Вял. Айчынную, 1-ю і 2-ю сусветныя, пра 300-гадовую гісторыю рас. ВМФ, пра Польшчу і інш.). Шэраг матэрыялаў асвятляе асобныя пытанні гісторыі і культуры Беларусі — артыкулы пра ВКЛ (1995, №3), Ф.​Скарыну (1992, №4), А.​Т.​Касцюшку (1994, №12), С.​Булак-Балаховіча (1997, №11), М.​Шагала (1991, №5), удзел Дняпроўскай ваен. флатыліі ў паходзе Чырв. Арміі ў Зах. Беларусь у вер. 1939 (1996, №7/8) і інш. З 1993 да часопіса выдаецца дадатак «Источник» (6 выпускаў за год), дзе друкуюцца рассакрэчаныя дакументы з рас. архіваў.

У.​Я.​Калаткоў.

т. 13, с. 395

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЛЬФРАМІ́Т,

мінерал класа вальфраматаў (Fe, Mn) [WO4]. Іншы раз прымесі цынку, магнію, танталу, ніобію. Разнавіднасці: гюбнерыт MnWO4 і ферберыт FeWO4. Крышталізуецца ў манакліннай сінганіі. Крышталі прызматычныя або таблітчастыя, пласціністыя. Масіўныя зярністыя агрэгаты. Колер цёмна-шэры або карычняваты да чорнага. Бляск металічны, алмазны. Цв. 5—5,5. Крохкі. Шчыльн. 7,2—7,6 г/см³. Трапляецца ў грэйзенах і высокатэмпературных гідратэрмальных жылах, россыпах. Асн. руда вальфраму.

т. 3, с. 495

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«БЮЛЕТЭ́НЬ ЦК КПЗБ»,

нелегальная газета, орган ЦК КПЗБ для ўнутрыпарт. інфармацыі. Выдавалася з 20.1.1927 да 1936 на бел., рус., яўр. і польск. мовах звычайна 1 раз у месяц. Друкавала найб. важныя пастановы і рашэнні ЦК КПЗБ, інструктыўныя матэрыялы па пытаннях агітацыі, прапаганды і парт. будаўніцтва, тэзісы для дакладаў на сходах парт. ячэек, асвятляла дзейнасць ЦК, яго аддзелаў і мясцовых парт. арг-цый.

т. 3, с. 389

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АМБЛІГАНІ́Т (ад грэч. amblys тупы + gōnia вугал),

мінерал класа фасфатаў LiAl[PO4](FOH). Мае пераменную колькасць F і OH, іншы раз H2O; прымесі натрыю, ванадыю. Крышталізуецца ў трыкліннай сінганіі. Крышталі рэдкія, буйныя, дрэнна ўтвораныя; бясформенныя масы, жаўлакі, зерні. Колер белы, зеленаваты, блакітны, карычневы. Паўпразрысты. Цв. 6—6,5. Шчыльн. 3—3,1 г/см³. Пашыраны ў гранітных пегматытавых жылах, альбітызаваных гранітах: каштоўная літыевая руда.

Амбліганіт.

т. 1, с. 308

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСЫ́ПАК,

намнажэнне несартаваных абломкаў скальных горных парод, якое ўтвараецца ў выніку скочвання або саслізгвання разбуранага выветрываннем абломкавага матэрыялу на стромкіх схілах (ухіл звычайна больш за 30%). Звычайна маюць форму конуса даўжынёй дзесяткі і сотні метраў з расшыранай асновай, каля падножжа схілаў іншы раз утвараюць шлейфы. Магутнасць намнажэння да дзесяткаў метраў. Развіццё асыпку улічваецца пры буд-ве горных дарог, ліній электраперадач і інш.

т. 2, с. 64

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АТО́Л (англ. Atoll ад мальдыўскага),

каралавы востраў, які мае форму суцэльнага або разарванага кальца, што акружае лагуну невял. глыбіні (да 100 м). Утвараюцца ў выніку росту каралавых рыфаў па перыферыі а-воў пераважна вулканічнага паходжання, якія павольна апускаюцца. Звычайна невял., іншы раз дасягаюць 50 км і больш у дыяметры. Пашыраны паасобку і архіпелагамі ў трапічных шыротах Ціхага і Індыйскага акіянаў.

Атол.

т. 2, с. 76

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭМАДЭКО́З, залозніца,

інвазійная хвароба чалавека і жывёлы з генералізаваным ці мясц. пашкоджаннем скуры. Выклікаецца кляшчом залозніца, які паразітуе ў валасяных фалікулах, сальных і потавых залозах. Лакалізацыя — найчасцей скура твару. Прыкметы: дробныя вузельчыкі і гнайнічкі на пачырванелым фоне, іншы раз лушчэнне. Цячэнне хваробы хранічнае, абвастрэнні ў вяснова-летні перыяд. Д. мае цяжкую форму ў буйн. раг. жывёлы, свіней, сабак.

М.​З.​Ягоўдзік.

т. 6, с. 346

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)