ДЖО́ПЛІН (Joplin) Скот (24.11.1868, г. Тэксаркана, ЗША — 1.4.1917),

амерыканскі піяніст, кампазітар, джазавы спявак. Атрымаў вядомасць як аўтар і выканаўца фартэпіянных твораў (каля 50) у стылі рэгтайм, які паўплываў на стылістыку музыкі яго балета «Танцавальны рэг» (1902), оперы «Трыманіша» (1911), мюзікла «Калі» (1916) і інш. Сярод інш. твораў інстр. п’есы «Сцяг з кляновым лістом» (1899), «Канферансье», мелодыя якой — вядучая муз. тэма фільма «Афера» (1973) — адрадзіла цікавасць да яго творчасці. Аўтар падручніка «Школа рэгтайма».

т. 6, с. 90

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́РСАК Юрый Фёдаравіч (н. 18.5.1941, в. Вілейка Мінскай вобл.),

бел. піяніст, педагог. Засл. арт. Беларусі (1990). Скончыў Бел. кансерваторыю (1963), з 1964 выкладае ў Бел. акадэміі музыкі (з 1993 праф.). Яго выкананне вызначаецца змястоўнасцю і артыстызмам, багаццем гукавой палітры, тонкім густам. У рэпертуары творы сусв. класічнай і сучаснай музыкі, бел. кампазітараў. Выступаў як саліст і ансамбліст, у т. л. ў трыо з Г.Клачко і Б.Скабло. Сярод яго вучняў В.Раінчык, І.Шуміліна, С.​Мікулік.

т. 8, с. 422

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ЧЫРВО́НАЯ КАПЭ́ЛА»,

нелегальная антыфаш. сетка ў Германіі і шэрагу акупіраваных ёю зах.-еўрап. краін у гады 2-й сусв. вайны, якая ўключала рэзідэнтуры НКУС СССР, Разведкіраўніцтва Чырв. Арміі і ням. падпольныя групы (у т. л. Шульцэ-Бойзеня — Харнака арганізацыю). Назву «Ч.к.» ёй дало гестапа (на яго жаргоне радыст — «піяніст», а некалькі іх — «капэла»), якое разграміла яе ў канцы 1941—1943.

Літ.:

Пещерский В.Л. «Красная капелла»: Сов. разведка против абвера и гестапо. М., 2000.

т. 17, с. 315

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУЗМЕ́НКА Уладзімір Міхайлавіч (14.10.1946, Вільнюс — 16.2.2004),

бел. піяніст, педагог. Засл. дз. маст. Беларусі (2000). Скончыў Бел. кансерваторыю (1971, кл. Р.Шаршэўскага). З 1973 (з перапынкам) выкладчык, з 1989 дырэктар Рэсп. муз. каледжа, адначасова з 1980 выкладаў у Бел. акадэміі музыкі. У 1982—86 выкладчык-кансультант муз. устаноў Кубы. Прапагандаваў бел. муз. выканальніцтва. Аўтар навуч.-метадычных прац па праблемах муз. педагогікі, складальнік і рэдактар зб-каў фартэпіянных п’ес бел. аўтараў.

І.​Ю.​В’югінава.

т. 18, кн. 1, с. 413

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БА́РТАК (Bartók) Бела (25.3.1881, Надзьсентміклаш, Венгрыя, цяпер г. Сынікалаў-Марэ, Румынія — 26.9.1945),

венгерскі кампазітар, піяніст, музыказнаўца-фалькларыст. Скончыў Будапешцкую муз. акадэмію па класах фп. і кампазіцыі (1903), у 1907—34 яе прафесар. У 1920—30-я г. выступаў як піяніст у краінах Еўропы, у ЗША, СССР. З 1940 у ЗША. Збіраў і вывучаў венг. сялянскую песню, рум., славацкі, серб., харвацкі, зах.-ўкр. фальклор (больш за 30 тыс. узораў); аўтар навук. прац. На аснове фальклору склаўся самабытны дынамічны муз. стыль Бартака, які арганічна спалучыў стараж. квартава-пентатонную аснову венг. сял. песні з найноўшымі муз.-выразнымі сродкамі прафес. музыкі, узбагаціў яе метрарытмічную і тэмбравую палітру. У творах 1910—20-х г. выкарыстоўваў наватарскія элементы дадэкафоніі, атанальнасць, політанальнасць і інш. Сярод твораў: опера «Замак герцага Сіняя Барада» (паст. 1918), балеты «Драўляны прынц» (1917) і «Цудоўны мандарын» (1926); сімф. паэма «Кошут» (1903); Танц. сюіта (1923); Музыка для струнных, ударных і чэлесты (1936); Дывертысмент для струннага аркестра (1939), Канцэрт для арк. (1943), 3 фп. і 2 скрыпічныя канцэрты; 6 струнных квартэтаў; Саната для 2 фп. і ўдарных інстр.; фп. цыкл «Мікракосмас»; хары а капэла і з фп.; цыклы песень і інш. Прэмія імя Л.​Кошута 1948.

Літ.:

Уйфалуши Й. Бела Барток: Жизнь и творчество: [Пер. с венг.] Будапешт, 1971;

Pethö B. Bartók rejtekùtja. Budapesht, 1984.

Б.Бартак.

т. 2, с. 319

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕН-САНС (Saint-Saëns) Шарль Каміль (9.10.1835, Парыж — 16.12.1921),

французскі кампазітар, піяніст, дырыжор, муз. крытык, педагог. Чл. Ін-та Францыі (1881), ганаровы д-р Кембрыджскага ун-та (1893), ганаровы чл. Пецярб. аддз. Рус. муз. т-ва (1909). З 1848 вучыўся ў Парыжскай кансерваторыі ў Ф.​Бенуа (арган), Ф.​Галеві (кампазіцыя). У 1853—77 арганіст у саборах Парыжа, адначасова выкладаў у нідэрмеераўскай Школе духоўнай музыкі. Канцэртаваў (у асн. са сваімі творамі) як піяніст, арганіст і дырыжор у многіх краінах, у т. л. ў Расіі (1875, 1887). Аддаваў перавагу сімф. і камерна-ансамблевай музыцы, якая вызначалася гарманічнасцю, арганізаванасцю і інтэлектуальнасцю, а аркестроўка — яснасцю і празрыстасцю каларыту. Развіваў традыцыі рамант. праграмнага сімфанізму Ф.​Ліста і Г.​Берліёза, імкнуўся да выяўленчасці, тэатральнасці і праграмнасці. Аўтар 12 опер, у т. л. «Самсон і Даліла» (паст. 1877), «Генрых VIII» (1883), «Асканіо» (1890); балета «Жавота» (1896); 3 араторый, 4 кантат, «Урачыстай месы» (1856), Рэквіем (1878); 3 сімфоній (1852, 1859, 1886 з арганам), сімф. паэм, у т. л. «Танец смерці» (1874); фантазіі для арк. «Карнавал жывёл» (1886, у ёй п’еса «Лебедзь») і інш. Яго эстэт. погляды адлюстраваны ў зб-ках «Гармонія і мелодыя» (1885), «Партрэты і ўспаміны» (1899) і інш. Сярод вучняў — Г.Фарэ, А.​Месажэ.

Літ.:

Кремлев Ю. Каміль Сен-Санс. М., 1970.

І.​Ю.​В’югінава.

т. 14, с. 331

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФЛІЕ́Р Якаў Уладзіміравіч (21.10.1912, г. Арэхава-Зуева Маскоўскай вобл. — 18.12.1977),

расійскі піяніст, педагог. Нар. арт. СССР (1966). Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1934) і з 1937 выкладаў у ёй (з 1947 праф.). У рэпертуары творы розных фп. стыляў. Яго ігра вылучалася рамант. складам, тэмпераментнасцю, лірызмам, віртуознасцю. Лаўрэат Міжнар. конкурсаў піяністаў у Вене (1936, 1-я прэмія), у Бруселі імя Э.​Ізаі (1938, 3-я прэмія). Сярод яго вучняў М.Плятнёў, Р.Шчадрын.

Літ.:

Я.​Флиер: Статьи. Воспоминания. Интервью. М., 1983.

т. 16, с. 430

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБО́РЫН Леў Мікалаевіч (11.9.1907, Масква — 5.1.1974),

рускі піяніст, педагог. Нар. арт. СССР (1964). Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1926, клас К.​Ігумнава), з 1930 выкладаў у ёй (з 1935 праф.). Выступаў як саліст і ансамбліст (з Д.​Ойстрахам і С.​Кнушавіцкім). 1-я прэмія на Міжнар. конкурсе піяністаў імя Ф.​Шапэна (Варшава, 1927). Дзярж. прэмія СССР 1943, Дзярж. прэмія Расіі 1966.

Літ.:

Л.​Н.​Оборин: Статьи. Воспоминания: К семидесятилетию со дня рождения. М., 1977;

Л.​Н.​Оборин — педагог: [Сб. ст.]. М., 1989.

т. 1, с. 32

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ТГЕНШТЭЙН, Вітгенштайн (Wittgenstein) Паўль (5.11.1887, Вена — 3.3.1961), аўстрыйскі піяніст. Дэбютаваў у Вене ў 1913. У 1914 страціў на вайне правую руку, дасягнуў віртуознай тэхнікі левай рукі і працягваў канцэртную дзейнасць. Для Вітгенштайна напісаны фп. канцэрт для левай рукі М.​Равеля, 4-ы фп. канцэрт С.​Пракоф’ева, творы Р.​Штрауса, П.​Хіндэміта, Б.​Брытэна. У 1931—38 праф. Новай кансерваторыі ў Вене. З 1938 жыў у ЗША, выкладаў. Стварыў шмат апрацовак фп. твораў для левай рукі. Аўтар кн. «Школа для левай рукі» (Лондан, 1957).

т. 4, с. 201

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЯКСА́НДРАЎ Анатоль Мікалаевіч (25.5.1888, Масква — 16.4.1982),

рускі кампазітар, піяніст, педагог. Нар. арт. СССР (1971). Д-р мастацтвазнаўства (1941). Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1916), з 1923 выкладаў у ёй (праф. з 1926). Працаваў у многіх жанрах, найб. плённа ў вакальным. Аўтар цыклаў рамансаў «З Александрыйскіх песень М.​Кузьміна» (4 сш.), «Вернасць» (Дзярж. прэмія СССР 1951) і інш., опер «Бэла» (1941), «Дзікая Бара» (1957), «Ляўша» (1975), сімф. і камерна-інстр. твораў, музыкі да драм. спектакляў і кінафільмаў.

Літ.:

Кокушкин В. Анатолий Александров. М., 1987.

т. 1, с. 296

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)