рака ў Цэнтр. Афрыцы, пераважна ў Дэмакр. Рэспубліцы Конга (дзе наз. Заір), часткова на яе межах з Рэспублікай Конга і Анголай. Даўж. 4320 км (ад вытоку р. Луалаба), пл.бас. 3,7 млн.км². Па даўжыні займае 2-е месца ў Афрыцы (пасля Ніла), па плошчы басейна і воднасці 1-е месца ў Афрыцы і 2-е ў свеце (пасля р. Амазонка). Вытокі на ПдУДэмакр. Рэспублікі Конга на плато каля мяжы з Замбіяй, упадае ў Атлантычны ак. каля г. Банана. Верхняе цячэнне (да вадаспада Баёма) па пласкагор’ях і плато, утварае парогі і вадаспады. У сярэднім цячэнні (ад вадаспада Баёма да г. Кіншаса) у межах упадзіны Конга — раўнінная рака з шырокай далінай (да 20 км), падзяляецца на рукавы і пратокі. Ніжняе цячэнне (ад г. Кіншаса да вусця) пераважна ў глыбокай цясніне па Паўд.-Гвінейскім узв., шмат парогаў і вадаспадаў (Лівінгстана і інш.). Каля г. Матады К. выходзіць на вузкую прыморскую нізіну, рэчышча шыр. да 1,5 км. Каля г. Бома пачынаецца эстуарый. Гал. прытокі: Арувімі, Убангі, Санга (справа), Ламамі, Лулонга, Рукі, Касаі (злева). Да бас. К. належаць буйныя азёры — Танганьіка, Ківу, Бангвеулу, Мверу і інш. Жыўленне дажджавое. Макс. паводкі ў вярхоўях у ліст.—студз., у сярэднім і ніжнім цячэнні — у маі—чэрв. і ліст.—студзені. Сярэдні гадавы расход вады 46 тыс.м³/с. Вял. масы вады, якія К. выносіць у акіян, апрасняюць яго на 75 км ад берага. Цвёрды сцёк каля 50 млн.т за год. Значныя запасы гідраэнергіі (каля 390 ГВт). Вял. 1 ЭС — Нзіла, Нсеке (на р. Луалаба), Інга (у ніжнім цячэнні). Рыбалоўства (тылапія, нільскі акунь, барбель, тыгравая рыба, прэснаводны селядзец і інш.). Агульная даўжыня суднаходных шляхоў у бас. К. каля 20 тыс.км. Уласна К. (укл. Луалабу) суднаходная на б.ч. цячэння за выключэннем парожыстых участкаў, у абход якіх пабудаваны чыгункі. Ніжэй г. Матады заходзяць акіянскія судны. Гал. рачныя парты — Бразавіль (Рэспубліка Конга), Кіншаса, Кісангані, марскія — Матады, Бома, Банана (Дэмакр. Рэспубліка Конга).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЕНІСЕ́Й (па-эвенкійску Іаанэсілітар. вялікая вада, рака),
рака ў Сібіры, у Краснаярскім краі (вярхоўі ў Рэспубліцы Тува), Расія. Адна з самых вялікіх рэк на зямным шары (7-е месца). Утвараецца пры зліцці Вялікага Енісея (Бій-Хем) і Малога Енісея (Ка-Хем) каля г. Кызыл. Даўж. 3487 км (ад вытокаў Малога Е. 4102 км), пл.бас. 2580 тыс.км². Упадае ў Енісейскі зал. Карскага м.
Цячэнне Е. падзяляецца на 3 ч.: верхняе (ад зліцця Бій-Хема і Ка-Хема да ўпадзення р. Абакан), сярэдняе (паміж рэкамі Абакан і Ангара), ніжняе (ад р. Ангара да вусця). У вярхоўі Е. цячэ па ўзгорыстым стэпе Тувінскай катлавіны пад назвай Верхні Е. (Улуг-Хем). Рэчышча падзелена на асобныя рукавы і пратокі, спакойныя плёсы чаргуюцца з перакатамі. Ад упадзення р. Хемчык на працягу 280 км Е. праразае хрыбты Зах. Саяна. Даліна тут вузкая. месцамі каньёнападобная, шыр. да 100 м. У рэчышчы шмат камяністых перакатаў і парогаў. Пры выхадзе Е. ў Мінусінскую катлавіну даліна расшыраецца, шмат астравоў. Паміж гарадамі Мінусінск і Краснаярск у адгор’ях Усх. Саяна даліна звужаецца, ніжэй Краснаярска даліна расшыраецца пасля ўпадзення р. Ангара, левы бераг нізінны, правы ўзвышаны. Пры перасячэнні адгор’яў Енісейскага кража Е. утварае Казачынскі і Асінаўскі парогі. Ніжэй г. Дудзінка цячэ па Паўн.-Сібірскай нізіне. У нізоўях разбіваецца на рукавы: шырыня рэчышча да 15—20 км, глыб. больш за 15 м. Асн. прытокі: Оя, Туба, Мана, Кан, Ангара, Падкаменная Тунгуска, Ніжняя Тунгуска, Курэйка (справа), Абакан, Сым, Турухан (злева). Жыўленне снегавое, дажджавое і грунтавое. Для б.ч. Е. характэрна высокае веснавое разводдзе і ўстойлівая асенне-зімовая межань, частыя летнія дажджавыя паводкі, у вярхоўях — вяснова-летняе разводдзе. Ледастаў у ніжнім цячэнні 3 канца кастр. да канца мая — пач.чэрв.; у сярэднім цячэнні з пач.ліст. да канца крас. — сярэдзіны мая; у горнай ч. з канца ліст. — снеж. да канца красавіка. Е. — самая мнагаводная рака Расіі. Сярэднегадавы расход вады каля г. Ігарка 18 100 м³/с, у вусці — 19 800 м³/с.
На Е. Саяна-Шушанская, Майнская і Краснаярская ГЭС з вадасховішчамі. Суднаходства на вадасховішчах і ад г. Краснаярск да вусця. Для праводкі суднаў з ніжняга б’ефа ў Краснаярскае вадасховішча і назад пабудаваны суднапад’ёмнік. Да г. Ігарка (973 км ад вусця) паднімаюцца марскія судны. Рыбныя промыслы (асетр, сцерлядзь, омуль, селядзец, нельма, бялуга і інш.). У бас. Е. запаведнікі Саяна-Шушанскі і Слупы. Гал. гарады і парты: Кызыл, Саянагорск, Мінусінск, Абакан, Дзіўнагорск, Краснаярск, Енісейск, Ігарка, Дудзінка.
Літ.:
Гнедовский Б.В., Добровольская Э.Д. Вверх по Енисею. М., 1980;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТАКГО́ЛЬМ (Stockholm),
горад, сталіца Швецыі. Знаходзіцца ў сярэдняй частцы краіны, на берагах пратокі Норстрэм, якая злучае воз. Меларэн з зал. Сальтшэн Балт. мора. Адм. ц.аднайм. лена. 1583 тыс.ж. з прыгарадамі і суседнімі гарадамі (2000). Вузел чыгунак і аўтадарог, гал. марскі порт краіны. Міжнар. аэрапорт Арланда. Гал.эканам. і культ. цэнтр, прыпадае 10% прамысл. вытв-сці краіны. У С. знаходзяцца буйнейшыя банкі, праўленні вядучых прамысл. канцэрнаў і гандл. кампаній Швецыі. Прам-сць: маш.-буд. (эл.-тэхн., радыёэлектроннае, абсталяванне для харч. прам-сці, транспартнае), паліграф., харч., лёгкая, фармацэўтычная, хімічная. Метрапалітэн. АН. Ун-т. Стакгольмскі міжнар.ін-т даследаванняў праблем міру.
Рыбалоўныя і гандл. паселішчы ўзніклі на тэр. С. ў пачатку н.э. Паводле дакумент. звестак вядомы з 1252. У 2-й пал. 13 ст. атрымаў гар. права. З канца 13 ст. пастаянная рэзідэнцыя швед. ўрада. Як гал. горад Швецыі меў шматлікія прывілеі, у т. л. права манапольнага гандлю, гар. самакіравання і суда. У сярэдневякоўі найбуйнейшы рамесны цэнтр (у 1356 у С. ўзніклі першыя ў Швецыі рамесніцкія цэхі). важны гандл. порт. У 1520 заняты датчанамі і стаў месцам масавых пакаранняў праціўнікаў дацкага караля Крысціяна II (т. зв. Стакгольмская крывавая лазня). Пасля выгнання датчан (1523) горад хутка рос як эканам. і паліт. цэнтр, стаў буйнейшым экспарцёрам жалеза і чыгуну. У 1862 скасаваны сярэдневяковы магістрат, горад атрымаў уласнае муніцыпальнае заканадаўства. У 1900 у С. засн.Нобелеўскі фонд, тут з 1901 прысуджаюцца Нобелеўскія прэміі. У 1912 месца правядзення V летніх Алімп. гульняў. У С. шмат разоў праходзілі міжнар. сустрэчы, кангрэсы, нарады, з’езды. У 1948—75 у С. дзейнічала суполка «Беларуская грамада» (заснавальнік бел. эмігрант В.Лукашык).
Гіст. ядро С. — Гамла стан, ці Стары горад, — склалася на в-ве Стадэн, з інш. часткамі цэнтра злучана шматлікімі мастамі. Захаваліся помнікі сярэдневяковага дойлідства: 2 вежы гар. умацаванняў (2-я пал. 15 ст.), раманска-гатычныя храмы Стурчурка (13 ст., фасад перабудаваны ў 1736—42 у стылі класіцызму) і Рыдархольмсчурка (1270—1310; каралеўская пахавальня 1671—1743, арх. Н.Тэсін Старэйшы і Н.Тэсін Малодшы, барока). У 17 ст. ўзводзілі культавыя і свецкія будынкі з элементамі позняга рэнесансу і барока (царква Цюскачурка, каля 1640, арх. Х.Я.Крыстлер). Узоры швед. сталага барока: палацы Дротнінгхольм (з 1662, арх. Тэсін Старэйшы) і каралеўскі (1697—1760, арх. Тэсін Малодшы і інш.; у паўд. яго крыле царква Слотсчурка). Сярод інш. помнікаў: біржа (1768—76, арх. К.Ю.Кронстэт, Э.Пальмстэт, ракако), у духу нац. рамантызму — Паўн. музей (1892—1906, арх. І.Г.Класан), ратуша (1911—23, арх. Р.Эстберг) і царква Хёгалідсчурка (1914—22, арх. І.Тэнгбум); «Лясны крэматорый» (1935—40, арх. Э.Г.Асплунд). Генплан С. 1944—52 (праект арх. С.Г.Маркеліуса і інш.) прадугледжваў рост горада шляхам стварэння групы паўаўтаномных раёнаў, звязаных з цэнтрам радыяльнымі трансп. лініямі (Велінгбю, Фарста, Шэрхальмен). З пабудоў 2-й пал. 20 ст. вылучаецца Культ. цэнтр з будынкам новага рыксдага (1966—73, арх. П.Сельзінг). Музеі: нац., этнагр. пад адкрытым небам у парку Скансэн, «Мілесгордэн» («Сад Мілеса»), Т-ры: муз.швед. каралеўская опера, «Оскар-тэатр», Каралеўскі драм.т-р і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПТУ́ШКІ (Aves),
клас пазваночных жывёл; наземныя двухногія яйцародныя амніёты, прыстасаваныя да палёту. 2 падкл.: яшчарахвостыя П. (гл.Археаптэрыкс) і веерахвостыя П., або новыя (сапраўдныя). 34 атр., у т. л. 28 сучасных, каля 9 тыс. відаў. Продкамі П. лічаць стараж. (трыясавых) паўзуноў атр. псеўдазухій. Пашыраны ўсюды. На Беларусі 19 атр., 307 відаў, з якіх гняздуюцца 226, сустракаюцца ў час міграцыі 26, зімуюць 11, вядомы як выпадкова залётныя 37; 75 занесены ў Чырв. кнігу. Большасць відаў арнітафауны належыць да атр.вераб’інападобных.
Памеры ад 5,5 см, масай 2 г (калібры) да больш як 2,5 м, масай да 150 кг (страус); размах крылаў да 4 м (альбатрос). Цела абцякальнай формы, укрытае пер’ем, пярэднія канечнасці ператвораны ў крылы. Шкілет лёгкі і трывалы (за кошт злучэння ці зрашчэння тонкіх пнеўматычных касцей). Грудзіна мае кіль (у бегаючых птушак адсутнічае) для прымацавання развітай лятальнай мускулатуры (у некат. відаў дасягае 50% масы цела). Шыйны аддзел з 11—25 пазванкоў, вельмі рухомы. Сістэма паветраных мяшкоў павялічвае газаабмен, забяспечвае тэрмарэгуляцыю, дазваляе змяняць шчыльнасць цела пры ныранні (у вадаплаўных П.). Скура без залоз (за выключэннем копчыкавай, якая выдзяляе сакрэт для змазкі апярэння). Пёры маюць розную будову (ніткападобныя, шчацінкі, пуховыя, контурныя) і функцыі (датыкальнага адчування, тэрмарэгуляцыі, спрыяюць абцякальнасці і ўзнікненню пад’ёмнай сілы пры палёце, ахоўваюць цела ад мех. пашкоджанняў). Дзюба (відазмененая сківіца без зубоў) пакрыта рагавым чахлом. У многіх відаў ёсць валлё. Страўнік падзелены на залозісты і мускульны (для мех. перацірання корму) аддзелы, кішэчнік доўгі. Задняя кішка і мачавы пузыр адсутнічаюць. Стрававальны тракт, мачаточнік і пратокі палавых залоз адкрываюцца ў клааку. Сэрца 4-камернае (у дробных відаў П. скарачаецца да I тыс. разоў за мінуту). Т-ра цела пастаянная, высокая (37,5—45,5 °C), абмен рэчываў інтэнсіўны, патрэбнасці ў корме вялікія (да 28% ад масы цела за дзень). Маюць вострыя каляровы зрок і слых, здольныя выдаваць разнастайныя гукі. Галаўны мозг з развітымі зрокавымі долямі і мазжачком забяспечвае высокі ўзровень нерв. дзейнасці і складаны тып паводзін. Размнажэнне цыклічнае, звязанае з сезонным развіццём палавых залоз. У час гнездавання могуць утвараць птушыныя базары. Апладненне ўнутранае, нясуць яйцы (ад 1 да 25). Па характары постэмбрыянальнага развіцця адрозніваюць вывадкавых птушак, паўвывадкавых птушак і птушанятных птушак. Жывуць асела, вандруюць або мігрыруюць (гл.Міграцыя жывёл, Кальцаванне птушак). Некат. пералётныя птушкі зімуюць на тэр. Беларусі, напр.: гракі, дразды, часам шпакі, крыжанкі, чыркі і інш. Шэраг відаў свойскіх і дэкаратыўных птушак, многія — аб’екты палявання (гл.Паляўнічыя жывёлы), некат. (арлы, сокалы, ястрабы) палююць на інш. жывёл. З пач. 16 ст. вымерла ці знішчана каля 170 відаў П. Адыгрываюць важную ролю ў харч. ланцугах біяцэнозаў, падтрымцы біял. разнастайнасці. Маюць вял.навук., гасп. і эстэт. значэнне. Існуе Міжнародны савет аховы птушак. Вывучае П. арніталогія.
Літ.:
Ильичев В.Д., Карташев Н.Н., Шилов И.А. Общая орнитология. М., 1982;
Никифоров М.Е., Яминский Б.В., Шкляров Л.П. Птицы Белоруссии. Мн., 1989;
Птицы Беларуси на рубеже XXI в. Мн., 1997;
Птушкі Еўропы: Палявы вызначальнік: Пер. з пол. Варшава, 2000.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЧНЫ́ ТРА́НСПАРТ,
від транспарту для перавозак пасажыраў і грузаў па ўнутр. водных шляхах (рэках, азёрах, вадасховішчах, каналах). Судны Р.т. паводле прызначэння падзяляюцца на транспартныя, тэхнічныя і дапаможныя. Да транспартных суднаў належаць пасажырскія, сухагрузныя, наліўныя судны, штурхачы і буксірныя судны. Тэхнічны флот складаецца з суднаў для правядзення пуцявых работ, службова-дапаможныя судны — ледаколы, паромы, плывучыя краны, таксама парты, прыстані, брандвахты, рамонтныя майстэрні, рамонтна-эксплуатац. базы і інш. Рачныя судны бываюць самаходныя (параходы, цеплаходы, электраходы і інш.) і несамаходныя (баржы, баркасы, ліхтэры і інш.). Вылучаюцца магістральныя рачныя шляхі, у т. л. міжнародныя, якія абслугоўваюць знешнегандл. перавозкі некалькіх дзяржаў (напр., рэкі Дунай, Одэр, Рэйн, Амур, Парагвай, Нігер), міжраённыя, што абслугоўваюць перавозкі паміж буйнымі раёнамі ўнутры краіны (напр., рэкі Волга, Янцзы, Місісіпі), і мясцовыя, якія абслугоўваюць унутрыраённыя сувязі. Р.т. у многіх краінах мае шэраг пераваг у параўнанні з інш. відамі транспарту — меншыя затраты на суднаходства і ніжэйшы сабекошт перавозак.
Узнік за тысячы гадоў да н.э. ў Месапатаміі, Стараж. Егіпце, Кітаі 1 інш. Напачатку выкарыстоўваліся грабныя і ветразевыя судны. У 12—14 ст. з ростам гарадоў, размешчаных на рэках, і развіццём гандлю павялічваліся перавозкі грузаў па вадзе Буд-ва шлюзаваных рачных шляхоў (16 ст.) значна палепшыла суднаходства. У развіцці Р.т., падзешаўленні рачных перавозак вял. ролю адыграла выкарыстанне на суднах паравога рухавіка (19 ст.). У Расіі першыя штучныя водныя сістэмы пабудаваны ў 18 — пач. 19 ст., паравое рачное суднаходства пачало развівацца з 1815, на Украіне — з 1823. У 1857 арганізавана «Рускае таварыства параходства і гандлю».
Р.т. развіты ў многіх краінах свету. У ЗША нафта і нафтапрадукты, вугаль, мінер.-буд. і інш. грузы перавозяцца па рэках бас. Місісіпі, якія злучаны каналамі з Вялікімі азёрамі, маюць выхад праз р. Гудзон да ўзбярэжжа Атлантычнага ак. У Канадзе грузаперавозкі ажыццяўляюцца па Вялікіх азёрах і р.Св. Лаўрэнція. У Зах. Еўропе Р.т. найб. развіты ў Германіі (Рэйн. Эльба, Одэр і сістэмы каналаў, якія злучаюць іх), Францыі і Нідэрландах. Для сувязей паміж краінамі Паўд.-Усх. Еўропы вялікае значэнне мае Дунай. На Украіне Р.т. развіты на Дняпры. Р.т. мае вял. значэнне для Кітая (Янцзы, Хуанхэ, Вялікі канал), Індыі і Бангладэш (Ганг і Брахмапутра, шматлікія пратокі іх агульнай дэльты), Пакістана (Інд), краін Паўд.-Усх. Азіі (Іравадзі, Меконг і інш.), Бразіліі (Амазонка з прытокамі), Аргенціны (Ла-Плата з прытокамі), краін Афрыкі (Конга, Нігер, Ніл) і інш.
На Беларусі воднымі шляхамі карысталіся са стараж. часоў для абмену таварамі з жыхарамі Прыбалтыкі, Прычарнамор’я, Прыкаспія. Па рэках Дняпро і Зах. Дзвіна праходзіў шлях «з варагаў у грэкі». Па рэках Прыпяць і Зах. Буг ажыццяўляліся гандл. сувязі з Польшчай і Чэхіяй. Для асваення лясных масіваў і вывазу драўніны пабудаваны Бярэзінская водная сістэма, Агінскі, Аўгустоўскі і Дняпроўска-Бугскі каналы. Паравое суднаходства на Дняпры і Прыпяці вядзецца з 1850, калі пасажырскі параход «Вісла» пачаў рэгулярныя рэйсы паміж Пінскам і Краменчугом. У 1905 даўжыня суднаходных шляхоў складала 4403 км, для лесасплаву выкарыстоўвалася 9890 км рэк і каналаў. У 1920—30-я г. Р.т. ператварыўся ў развітую галіну нар. гаспадаркі. У 1940 даўжыня суднаходных шляхоў склала 3,7 тыс.км, працавалі 103 самаходныя і 229 несамаходных адзінак. У Вял.Айч. вайну амаль увесь рачны флот затоплены ці спалены, парты, суднарамонтныя прадпрыемствы, гідратэхн. збудаванні разбураны. У 1946—50 Р.т. адноўлены. Пачаліся рэканструкцыя і буд-ва новых гідратэхн. збудаванняў, партоў, прыстаней, развіццё суднабудавання. У 1978 пабудаваны суднаходны канал ад р. Прыпяць да камбіната нярудных матэрыялаў «Мікашэвічы» (Лунінецкі р-н Брэсцкай вобл.). Рачныя зносіны ажыццяўляюцца па рэках Дняпро, Гарынь, Прыпяць, Сож, Бярэзіна (прыток р. Дняпро), Нёман, Зах. Дзвіна. Агульная працягласць эксплуатуемых водных шляхоў у канцы 20 ст. склала каля 2500 км. Рачныя парты: Гомельскі, Брэсцкі, Бабруйскі, Магілёўскі, Пінскі, Мазырскі, Мікашэвіцкі, Рэчыцкі. Грузавы флот Р.т. прадстаўлены буксірнымі і несамаходнымі суднамі, рэйдавы і буксірны флот — буксірамі-штурхачамі. Пасажырскі флот мае скарасныя судны на падводных крылах тыпу «Ракета», «Палессе», глісіраваныя «Зара» і інш. У экскурсійна-прагулачных мэтах выкарыстоўваюцца спецыялізаваныя судны «Масква». У 1998 перавезена 141 тыс. пасажыраў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭКІ І КАНАЛЫ
Агульная характарыстыка рачной сеткі. Рэкі Беларусі належаць да вадазбораў Чорнага (Дняпро з Прыпяццю, Бярэзінай і Сажом; збіраюць ваду з 56% тэр. Беларусі) і Балтыйскага мораў (Нёман, Зах. Дзвіна, Нараў, Зах. Буг, Ловаць; дрэніруюць 44% тэр. краіны). Водападзел праходзіць праз паўн.-зах. ўскраіну Палесся, па Капыльскіх градах, Мінскім і Аршанскім узвышшах.
Рэкі. На Беларусі 20,8 тыс. рэк, іх агульная даўжыня 90,6 тыс.км. Малых рэк і ручаёў (даўжыня да 10 км) 19,3 тыс. (або 93% усіх рэк), іх агульная даўжыня 48,8 тыс.км (53% агульнай даўжыні рэк). Сярэдніх рэк (101—500 км) — 42 (0,2% усіх рэк), іх даўжыня 6,7 тыс.км (8% агульнай даўжыні). 9 рэк маюць даўжыню больш за 500 км: Бярэзіна (цячэ цалкам па тэр. Беларусі), Нёман, Вілія (пачынаюцца на тэр. Беларусі), Зах. Дзвіна, Дняпро, Сож, Прыпяць, Гарынь і Зах. Буг (транзітныя). Звесткі пра 20 найбуйнейшых рэк Беларусі гл. ў табліцы. Сярэдняя густата рачной сеткі Беларусі 0,44 км/км², у басейне Дняпра — 0,39 км/км², Нёмана — 0,47 км/км², Зах. Буга — 0,36 км/км², у басейне Прыпяці 0,42 км/км², у асобных вадазборах — 0,1—0,2 км/км².
Найбольш распаўсюджаны на Беларусі раўнінныя малыя рэкі, якія працякаюць у адносна неглыбокіх, добра распрацаваных шырокіх далінах са спадзістымі схіламі. Яны маюць складзеныя з лёгкаразмыўных грунтоў звілістыя рэчышчы з чаргаваннем плёсаў і перакатаў, невял. нахілы воднай паверхні, павольнае цячэнне. У межах узвышшаў даліны рэк больш выразныя, іх цячэнне больш хуткае; месцамі, асабліва ў вярхоўях, такія рэкі цякуць у ярах; іх берагі стромкія, узроўні вады пры раставанні снегу і значных дажджах могуць павышацца на 2—3 м, але затым хутка спадаць. На Пд Беларусі шмат рэк, якія цякуць праз балоты або маюць значныя забалочаныя ўчасткі ў складзе сваіх вадазбораў. На Пн Беларусі значную частку складаюць рэкі, якія выцякаюць з азёр або цякуць праз іх. За вытокі рэк звычайна прымаюць месцы, з якіх паяўляецца пастаяннае рэчышча патоку; на Беларусі гэта найчасцей крыніцы, балоты, радзей азёры.
У рачной сістэме з вялікай колькасцю вытокаў галоўным лічыцца найбольш аддалены ад вусця ці найбольш мнагаводны. Калі вярхоўе ракі, што выцякае з балота, каналізавана, за выток прымаюць пачатак асноўнага асушальнага канала, які з’яўляецца працягам ракі ўверх па цячэнні; у рэках, якія часова перасыхаюць, — месца на дне лагчыны ці яра, дзе назіраюцца сляды рэчышча, распрацаванага снегавымі ці дажджавымі водамі.
Рэчышчы характэрных для Беларусі раўнінных і нізінных рэк звычайна звілістыя, месцамі падзелены на рукавы. Ва ўзвышаных раёнах рэчышчы больш выразныя, без рукавоў і праток. З наносаў у іх фарміруюцца рэчышчавыя ўтварэнні — перакаты, косы, астравы, мелі, асяродкі і пляжы. На Пн рэчышчы звілістыя, неразгалінаваныя, у асноўным устойлівыя. Шырыня іх пераважна 10—20 м, у ніжніх цячэннях 30—50 м. Шырыня буйных рэк звычайна 80—120 м, месцамі да 300—500 м. Пераважныя глыбіні рэк 0,5—1 м, на плёсах 2—4 м, месцамі да 8 м. Дно часцей пясчанае і пясчана-ілістае, на ПнЗ месцамі камяністае і парожыстае. На Пд Беларусі рэчышчы неканалізаваных рэк звілістыя, разгалінаваныя, часта сустракаюцца старыцы, пратокі, меліярацыйныя канавы. Шырыня рэчышча ад 5—10 м у вярхоўях да 20—40 м у ніжніх цячэннях, месцамі да 60—80 м. Глыбіня ад 0,1—0,3 м да 7 м у асобных ямах. Часта трапляюцца пясчаныя нізкія астравы. Правыя берагі на рэках мерыдыянальнага напрамку часцей больш высокія, абразійныя, левыя — нізінныя акумуляцыйныя. Пераважаюць пясчаныя берагі, на Пд часта сугліністыя. Вышыня іх абумоўлена марфалогіяй і геалогіяй рэльефу, што ўплывае на ваганні ўзроўню вады ў рэках (да 12 м на асобных участках Дняпра і Зах. Дзвіны). Даліны рэк займаюць амаль 10% усёй тэр. Беларусі. На Пд ад мяжы апошняга (паазерскага) зледзянення сучасныя даліны шырокія, адносна мелкія, звычайна асіметрычныя ў папярочным сячэнні, іх правыя схілы больш высокія і стромкія, чым левыя. Самыя маладыя даліны на Беларускім Паазер’і (пачатак іх утварэння 16—14 тыс. гадоў назад, калі вобласць апошняга зледзянення хутка вызвалялася ад ледавіковага покрыва). Даліны тут звычайна глыбокія (20—30 м) і адносна вузкія, месцамі каньёнападобныя, са стромкімі схіламі, поймы вельмі вузкія або адсутнічаюць. У развітых поймавых далінах вылучаецца шырокае і плоскае дно, якое перыядычна затапляецца ў разводдзе, межаннае рэчышча ракі і схілы з тэрасамі. Вышыня поймаў над межанным узроўнем у рачных далінах Палесся 0,5—3 м, цэнтральных і паўночных частках краіны ад 1,5—4 да 6 м.
Нахілы рэк Беларусі вагаюцца ад 0,1 да 2—3‰. Сярэднія скорасці цячэння вялікіх і сярэдніх рэк 0,5—0,7 м/с, на перакатах да 0,8—1,5 м/с, на плёсах да 0,1—0,3 м/с, на парожыстых участках малых рэк больш за 1,5 м/с. Максімальныя скорасці назіраюцца ў час разводдзя і паводак, мінімальныя — у межань.
Каналы. На Беларусі створана густая сетка каналаў агульнай працягласцю каля 200 тыс.км (2001). Пераважаюць асушальныя меліярацыйныя каналы. Абсалютная большасць з іх мае невялікую працягласць, якая рэдка перавышае 10—20 км. Найбольшае значэнне сярод меліярацыйных каналаў маюць магістральныя. З іх самыя вялікія: Слаўкавіцка-Ямінскі, Дубайскі, Заазерскі, Асавецкі, Шчэлбінскі, Ненач; іх даўжыня ад 38 да 52 км. Нахілы магістральных меліярацыйных каналаў 0,3—0,4‰, скорасць цячэння ў іх вагаецца ад 0,3 да 1,4 м/с. На Пд шмат каналізаваных рэк (Арэса, Ведрыч, Іпа, Сведзь, Віць, Ненач і інш.); сетка меліярацыйных каналаў на балотных масівах павышае густату гідраграфічнай сеткі ў 2,5—4 разы. Некаторыя каналы створаны з мэтай злучэння суднаходных рэк: Дняпроўска-Бугскі (196 км) і Мікашэвіцкі (7 км). Захаваліся Агінскі, Аўгустоўскі, Бярэзінскі (у складзе Бярэзінскай воднай сістэмы) каналы, якія ў наш час страцілі сваё першапачатковае значэнне, але маюць значную каштоўнасць як гістарычныя аб’екты для турызму. Сярод каналаў трэба вылучыць водападвадныя, па якіх вада падаецца для арашальных сістэм, жыўлення рыбаводных сажалак, для цеплавых электрастанцый, пітнога водагаспадарчага забеспячэння, абвадняльных сістэм (напр., Сляпянская водная сістэма ў Мінску). Найдаўжэйшы з такіх каналаў — канал Вілейска-Мінскай воднай сістэмы (62 км).
Рэжым па сезонах. Паводле гідралагічнага рэжыму вылучана 6 гідралагічных раёнаў: Заходнядзвінскі, Верхнедняпроўскі, Вілейскі, Нёманскі, Цэнтральнабярэзінскі і Прыпяцкі (усе раёны, акрамя Нёманскага, падзяляюцца на падраёны). Асноўная крыніца жыўлення рэк — атмасферныя ападкі, якія ў цёплы перыяд года сцякаюць непасрэдна пасля выпадзення, у халодны — намнажаюцца на паверхні вадазбораў і сцякаюць пасля раставання снегу. Для рэжыму рэк Беларусі характэрна выразнае веснавое разводдзе і параўнальна ўстойлівыя летне-асенняя і зімовая межані, якія часам парушаюцца паводкамі ад дажджоў летам і ў час адліг зімой. Сярэдняе перавышэнне разводдзя над самым нізкім летнім узроўнем на вял. рэках складае ад 1,5 да 7 м (у залежнасці ад водных умоў года), на сярэдніх і малых рэках — прыкладна ўдвая ніжэйшае. Самае кароткае разводдзе ў басейне Нёмана (30—50 сут), самае працяглае — у басейне Прыпяці (да 120 сутак). Яно найчасцей суправаджаецца затапленнем поймаў рэк, а ў асобныя гады — і населеных пунктаў. Шырыня разліваў ад 1,5 да 15 км (Прыпяць), глыбіня затаплення ад 0,3—0,8 м на шырокіх поймах рэк да 2 м на вузкіх. Летне-асенняя межань, калі найбольш нізкія ўзроўні вады, доўжыцца ў басейне Зах. Дзвіны 160—180 сут, у басейне Прыпяці 135—165 сут, на астатніх рэках 190—205 сутак. У сухую летнюю межань малыя рэкі, а на Палессі ў асабліва засушлівыя гады таксама асобныя вадацёкі з пл. вадазбору 1200—1300 км², часам перасыхаюць. Летне-асенняя межань амаль штогод парушаецца дажджавымі паводкамі. У час найбольш высокіх з іх падняцце ўзроўню вады дасягае вышыні веснавога разводдзя, шматлікія сельскія населеныя пункты і с.-г. ўгоддзі аказваюцца падтопленымі. Працяг зімовай межані ў сярэднім 85—110 сутак. На рэках Беларусі пераважная большасць рачнога сцёку прыпадае на вясну пры раставанні снегу (да 77% гадавога сцёку). Агульнае памяншэнне веснавога сцёку назіраецца з Пн на Пд, гадавога сцёку — за ПнУ на ПдЗ. Веснавы сцёк (у % ад гадавога) па раёнах: Заходнедзвінскі — 50, Верхнедняпроўскі — 67, Вілейскі — 46 (Пн) і 40 (Пд), Нёманскі — 44, Цэнтральнабярэзінскі — 53 (ПнУ) і 59 (Перадпалессе), Прыпяцкі — 65 (Пн), 56 (Пд) і 46 (3). На перыяд летне-асенняй межані прыпадае 18—43% гадавога сцёку, зімовай 4—25%. У перыяд зімовых адліг на рэках нярэдка назіраюцца паводкі, што асабліва характэрна для заходняй і паўднёвай частак Беларусі. Азёрныя рэкі маюць працяглае разводдзе і павышаны сцёк у межань, Балотныя рэкі характарызуюцца працяглым разводдзем і паводкамі, а таксама паніжаным сцёкам у межань. На асобных участках рэк натуральны водны рэжым парушаецца дзеяннем гідратэхнічных збудаванняў — плацінамі, гідравузламі і інш. Для гідралаг. рэжыму каналаў характэрна значная ступень зарэгуляванасці сцёку.
Аб’ём сярэдняга шматгадовага мясцовага сцёку рэк, што фарміруецца на Беларусі, складае 34 км³, а з улікам транзітнага — 57,9 км³. З іх на Дняпро прыпадае 31%, Прыпяць — 22%, Зах. Дзвіну — 18%, Нёман — 25%, Зах. Буг — 4%. З сумежных з Беларуссю тэрыторый па рэках паступае каля 22 км³ вады (каля 70% з Расіі, 30% з Украіны). Адток вады ў суседнія краіны: 56% — на Украіну, 25% — у Латвію, 17% — у Літву, 2% — у Расію і Польшчу.
Зімой рэкі замярзаюць на 80—140 сут. Пачынаюць замярзаць пры т-ры паветра ніжэй за 0 °C у 2-й дэкадзе лістапада з Пн на Пд і ПдЗ. Таўшчыня лёду на іх на Пн і ПнУ 29—64 см, на З і ПдЗ 22—57 см, на Пд 17—45 см. Амаль усюды бывае веснавы крыгаход. У асобныя суровыя зімы некаторыя рэкі могуць прамярзаць да дна, але гэта нехарактэрная з’ява для рэк краіны. У мяккія зімы ледаставу часам не бывае. Сярэднемесячная тэмпература вады ў рэках у ліпені складае 19—22 °C (у асобныя дні да 27 °C) з максімумам у 16—18 гадзін і мінімумам у 6—8 гадзін. Тэрмічны рэжым каналаў у безлядовы перыяд амаль не адрозніваецца ад рэжыму суседніх рэк.
Рэкі нясуць, асабліва вясной, завіслыя часцінкі (каламуць). Вылучаюцца зоны павышанай каламутнасці (25—50 г/м³) — вярхоўі Зах. Дзвіны (да г. Бешанковічы), Дняпра (да Магілёва), вярхоўі Проні і Віхры (прытокі Сажа) і Нёмана — і зоны малой каламутнасці (да 25 г/м³) — Зах. Дзвіна (ніжэй Бешанковіч), Дняпро (ніжэй Магілёва), Вілія, Бярэзіна, Сож і Прыпяць. Рэкі штогод выносяць за межы Беларусі каля 1,2 млн.т завіслых наносаў і каля 6,5 млн.т (31,4 т/км² за год) раствораных рэчываў у выглядзе іоннага сцёку, паказчык якога (т/км² за год) вагаецца ад 64,6 (басейн Ашмянкі) да 16—24 (басейн Прыпяці).
Гаспадарчае выкарыстанне. Рэкі і каналы выкарыстоўваюць як крыніцы пітнога і тэхнічнага водазабеспячэння. На патрэбы нар. гаспадаркі з паверхневых крыніц штогод адбіраюць каля 750 млн.м³ вады (2001; з улікам вады, якая падаецца з Вілейскага вадасховішча па Вілейска-Мінскай воднай сістэме для абваднення р. Свіслач). Патэнцыяльныя гідраэнергарэсурсы рэк складаюць каля 900 тыс.кВт, працуе некалькі невялікіх ГЭС (найбольшая — Асіповіцкая на р. Свіслач). Агульная даўжыня суднаходных шляхоў Беларусі 3,9 тыс.км. Найбольш развіта суднаходства на Дняпры, Прыпяці, Бярэзіне, Сажы, а таксама на Дняпроўска-Бугскім і Мікашэвіцкім каналах. Па некаторых рэках (Зах. Дзвіне, Нёмане, Прыпяці, Бярэзіне, Сажы, Дняпры, Гарыні) у асобныя гады праводзяць лесасплаў. Даўж. лесасплаўных рэк 15 тыс.км. Прамысловае рыбалоўства вядуць на працягу амаль 4,6 тыс.км вялікіх і сярэдніх рэк, вылоўліваюць каля 200 т рыбы (2001). Многія рэкі з’яўляюцца водапрыёмнікамі меліярацыйных сістэм, крыніцамі вады на арашэнне і абвадненне. З мэтамі рэкрэацыі на рэках ствараюць зоны адпачынку (Беразіно, Гарадок, Дняпро, Масты, Стоўбцы і інш.), курорты (Рагачоў, Ушачы і інш.).
Рэкі выкарыстоўваюць як водапрыёмнікі сцёкавых вод: штогод у рэкі паступае каля 1200 млн.м³ сцёкаў (2001). Паводле якаснага складу вады рэкі ў пераважнай большасці адносяцца да катэгорыі ўмерана забруджаных. Найбольш забруджанымі з’яўляюцца вялікія і сярэднія рэкі ніжэй прамысловых цэнтраў (самая забруджаная — р. Свіслач ніжэй Мінска), малыя рэкі каля жывёлагадоўчых комплексаў. На ПдУ, у зоне ўплыву катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, некаторыя рэкі забруджаны радыёнуклідамі, каля Салігорска — солямі з адвалаў калійных камбінатаў. Для выкарыстання водных рэсурсаў і барацьбы са шкодным уздзеяннем на рэках ствараюць гідратэхнічныя збудаванні. Мерапрыемствы па ахове і рацыянальным выкарыстанні рэк і каналаў прадугледжаны ў Водным кодэксе Рэспублікі Беларусь.
Літ.:
Государственный водный кадастр. Многолетние данные о режиме и ресурсах поверхностных вод суши. Т. 3. Белорусская ССР. Л., 1985;
Блакітная кніга Беларусі: Энцыкл.Мн., 1994. Государственный водный кадастр. Водные ресурсы, их использование и качество вод. Мн., 1994—2002.
А.А.Макарэвіч.
Гідралагічныя паказчыкі найбольшых рэк Беларусі
Назва
Даўжыня, км
Плошча басейна, тыс.км²
Сярэднегадавы расход вады, м³/с
Дняпро, увесь
2145
504 000
1670
у межах Беларусі
689
66 380
583
Нёман, увесь
937
98 200
685
у межах Беларусі
459
34 600
214
Заходняя Дзвіна, уся
1020
87 900
666
у межах Беларусі
328
33 100
441
Прыпяць, уся
761
121 000
450
у межах Беларусі
500
51 370
450
Сож, увесь
648
42 100
219
у межах Беларусі
485
21 700
219
Бярэзіна
613
24 500
142
Заходні Буг, увесь
772
39 400
145
у межах Беларусі
154
10 360
100
Вілія, уся
498
25 100
186
у межах Беларусі
64
10 920
80
Гарынь, уся
659
27 700
110
у межах Беларусі
82
560
110
Іпуць, уся
437
10 900
55,6
у межах Беларусі
64
1 270
55,6
Свіслач
285
5 200
50,0
Пціч
421
9 470
49,7
Стыр, уся
494
12 900
49,5
у межах Беларусі
70
570
49,5
Шчара
325
6 990
37,7
Ясельда
250
7 790
35,8
Друць
295
5 020
31,6
Бярэзіна (прыток Нёмана)
226
4 000
30,0
Беседзь, уся
261
5 460
28,4
у межах Беларусі
185
3 880
28,4
Убарць, уся
292
5 800
24,4
у межах Беларусі
126
1 910
24,4
Асцёр, увесь
274
3 370
21,6
у межах Беларусі
50
430
21,6
Рака Нёман каля г. Гродна.Рака Дняпро каля Магілёва.Дняпроўска-Бугскі канал каля Кобрына.