АЗААСПЕРМІ́Я (а... + заа... + грэч. sperma семя),

адсутнасць у сперме сперматазоідаў пры наяўнасці іх папярэдніх формаў (клетак сперматагенезу, прадуктаў сакрэцыі прастаты і семявых пузыркоў); адна з прычын бясплоддзя ў мужчын. Азааспермія могуць выклікаць прыроджаныя (генет.) парушэнні, таксічныя ўздзеянні радыеактыўных і хім. рэчываў, хваробы палавых органаў.

т. 1, с. 150

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕТРАЛЕ́ЙНЫ ЭФІ́Р,

сумесь лёгкіх насычаных аліфатычных вуглевадародаў (пераважна пентанаў і гексанаў ізабудовы). Бясколерная вадкасць, шчыльн. 650—695 кг/м\ выкіпае пры 30—80 °C. Атрымліваюць адгонам лёгкіх фракцый з бензінаў прамой перагонкі нафты ці з прадуктаў гідракрэкінгу. Выкарыстоўваюць пераважна як растваральнік смол, тлушчаў, эфірных алеяў.

т. 12, с. 333

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕТЭРЫНА́РНАЯ САНІТАРЫ́Я,

галіна ветэрынарыі, якая вывучае і распрацоўвае мерапрыемствы па прадухіленні і ліквідацыі хвароб жывёл і ахове людзей ад узбуджальнікаў інфекцый і інвазій, агульных для чалавека і жывёл. Санітарныя мерапрыемствы па ахове здароўя людзей прадугледжваюць арганізацыю і правядзенне ветэрынарна-санітарнага нагляду ў кансервавай, малочнай, гарбарнай і інш. галінах прам-сці па перапрацоўцы прадукцыі жывёлагадоўлі, а таксама ў месцах захоўвання і продажу гэтых прадуктаў. Санітарныя меры па ахове здароўя жывёл маюць на мэце падтрыманне пэўнага рэжыму ў памяшканнях для жывёл, пры захоўванні і апрацоўцы кармоў, прыбіранні і захоўванні гною, а таксама дэзінфекцыю, прыбіранне трупаў, ахову глебы, вады ад забруджвання. Распрацоўваюцца вет.-сан. мерапрыемствы па прадухіленні антрапазаанозаў, хвароб жывёл у жывёлагадоўчых комплексах, барацьбе з пераносчыкамі ўзбуджальнікаў інфекц. хвароб — членістаногімі, павышэнні сан. якасці прадуктаў і сыравіны жывёльнага паходжання.

т. 4, с. 132

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БО́БА-ДЫЎЛА́СА (Bobo-Dioulasso),

горад на ПдЗ Буркіна-Фасо. Адм. ц. прав. Уэ. 228,7 тыс. ж. (1990). Чыг. станцыя. Вузел аўтадарог. Міжнар. аэрапорт. Буйны эканам. цэнтр краіны. Вытв-сць пальмавага алею і харч. прадуктаў; бавоўна- і рысаачыстка, апрацоўка сізалю. Запалкавая і цыгарэтная ф-кі. Дрэваапрацоўка. Саматужнае дыванаткацтва.

т. 3, с. 199

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛАНТО́ІС (ад грэч. allantoeidēs каўбасападобны),

адна з зародкавых абалонак вышэйшых пазваночных жывёл. У рэптылій і птушак зрастаецца з харыёнам і выконвае функцыі органа эмбрыянальнага дыхання і збору прадуктаў абмену рэчываў зародка. У млекакормячых у мезенхіме алантоіса ўтвараюцца сасуды пупавіны, пазней з унутрызародкавай яго часткі фарміруецца мачавы пузыр.

т. 1, с. 227

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАКРАНУ́КЛЕУС (ад макра... + лац. nucleus ядро),

вялікае саматычнае ядро ў інфузорыі ў адрозненне ад малога (генератыўнага) мікрануклеуса. Фізіялагічна актыўнае, звязана амаль з усімі працэсамі жыццядзейнасці інфузорыі. У ім фарміруюцца шматлікія ядзерцы. Пры палавым працэсе (кан’югацыі) разбураецца і замяняецца новым — з прадуктаў дзялення мікрануклеуса.

А.​С.​Леанцюк.

т. 9, с. 541

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕРАДГО́Р’І,

паніжаныя ўскраінныя ўчасткі горных краін, сістэм або хрыбтоў, якія характарызуюцца ўзгоркавым або нізкагорным рэльефам. Уяўляюць сабой пераход ад горнай краіны да прылеглай раўніны. Адносныя перавышэнні складаюць дзесяткі і першыя сотні метраў. Звычайна ўтвораны з больш маладых парод, чым уласна горы, або з прадуктаў іх разбурэння.

т. 12, с. 273

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАКТЭРЫЦЫ́ДНАЯ ЛЯ́МПА,

газаразрадная крыніца згубнага для бактэрый ультрафіялетавага выпрамянення. Асн. элемент — трубка са спец. шкла, напоўненая пад ціскам інертным газам з невял. колькасцю ртуці. Магутнасць бактэрыцыднай лямпы да 90 Вт. Выкарыстоўваецца ў прыладах для стэрылізацыі вады, харч. прадуктаў, паветра ў бальнічных установах і інш. памяшканнях і гэтак далей.

т. 2, с. 232

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУЧНЫ́ ЧАРВЯ́К,

лічынка жука хрушчака мучнога. Пашыраны ўсюды. Шкоднік прадуктаў размолу зерня (мука, крупы і інш.), вотруб’я, макароны, сухароў, хлеба і інш.

Даўж. да 30 мм. Цела цыліндрычнае, цвёрдае, саламяна-жоўтае. Фаза лічынкі працягваецца 280—600 сут. Разводзяць у якасці корму для пеўчых птушак (салаўі і інш).

Мучны чарвяк.

т. 11, с. 47

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЯКО́ТКА,

адчуванне пякучага болю ў страваводзе. Звязана з закідваннем кіслага змесціва страўніка ў стрававод, таксама з парушэннем маторыкі стрававода, страўніка і дванаццаціперснай кішкі. Бывае пры гастрыце, халецыстыце, язвавай і жоўцекамянёвай хваробах, пасля аперацый на страўніку, пры цяжарнасці, таксама ўзнікае пры непераноснасці некат. харч. прадуктаў. Лячэнне накіравана на асн. захворванне.

т. 13, с. 156

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)