ІЗРА́ІЛЬСКІ КУЛЬТУ́РНА-ІНФАРМАЦЫ́ЙНЫ ЦЭНТР (ІКІЦ),

ізраільскае прадстаўніцтва ў Беларусі. Засн. 29.3.1992 у Мінску з мэтай інфармавання насельніцтва Беларусі пра ўсе аспекты жыцця сучаснага Ізраіля (паліт., эканам., культ., навук.-тэхн. дасягненні, развіццё сістэмы адукацыі). Дапамагае яўр. абшчыне ствараць і развіваць нядзельныя школы ў Беларусі, ажыццяўляе сувязь паміж Мін-вам адукацыі Ізраіля і яўр. агульнаадук. школай (з вер. 1993) у Мінску. Прадстаўляе Адкрыты ун-т Ізраіля. Пры цэнтры дзейнічаюць курсы па вывучэнні іўрыта, асноў прадпрымальніцтва, камп’ютэрнай граматы; працуюць дзіцячыя гурткі, б-ка.

т. 7, с. 188

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРЫМ ((Grimm) Ганс Іахім) (н. 16.10.1932, г. Магдэбург, Германія),

нямецкі пісьменнік-перакладчык. Скончыў Лейпцыгскі ун-т (1955). У 1955—59 перакладчык Гандлёвага прадстаўніцтва ГДР у Маскве. З 1961 кіраўнік групы паўд.-слав. моў у Бюро перакладаў у Берліне. Перакладае з бел., рус., укр., польскай, сербахарвацкай і інш. слав. моў. На ням. мову пераклаў «Беларускія народныя казкі» (1—10 выд., 1966—80), раманы Я.​Брыля «Птушкі і гнёзды» (1968), І.​Шамякіна «Снежныя зімы» (1972), апавяданні В.​Быкава, У.​Галубка, Ц.​Гартнага, У.​Караткевіча, І.​Мележа, А.​Пальчэўскага і інш.

У.​Л.​Сакалоўскі.

т. 5, с. 481

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАВЕ́РАНАСЦЬ у цывільным праве,

пісьмовае ўпаўнаважанне адной асобы другой для прадстаўніцтва ад яе імя перад трэцяй асобай. Паводле заканадаўства Рэспублікі Беларусь даверанасць ад імя юрыд. асобы, а таксама юрыд. асобе можа быць выдадзена толькі на ажыццяўленне здзелак, якія не супярэчаць яе статусу (становішчу). Даверанасць можа мець простую пісьмовую форму або натарыяльна засведчаную — пры ажыццяўленні здзелак, якія патрабуюць натарыяльнай формы (напр., купля жылога дома). Даверанасць можа быць выдадзена не больш як на 3 гады. Даведнік Давернік можа ў любы час адмяніць даверанасць, а прадстаўнік — адмовіцца ад яе.

Э.​І.​Кузьмянкова.

т. 5, с. 561

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«БЕЛАРУ́СКІ РАБО́ТНІК»,

газета. Выдавалася з чэрв. 1943 да ліст. 1944 у Берліне на бел. мове пад кантролем герм. улад. Была разлічана на беларусаў, якія добраахвотна выехалі або прымусова вывезены на работы ў Германію. Газету курыравалі Беларускае прадстаўніцтва, аўтарскі калектыў газ. «Раніца». Распаўсюджвалася пераважна ў тых рэгіёнах, дзе былі значныя кантынгенты выхадцаў з Беларусі. Асноўны змест: агляды міжнар. жыцця, сусветная хроніка, матэрыялы навук.-папулярнага характару, вершы і проза бел. аўтараў, артыкулы і нарысы па гісторыі і культуры Беларусі і інш. Частку матэрыялаў запазычвала з інш. бел. акупац. газет. Выйшаў не менш як 41 нумар.

С.​У.​Жумар.

т. 2, с. 455

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭ́ВІТ ((Davitt) Майкл) (25.3.1846, Стрэйд, каля г. Белфаст, Вялікабрытанія — 31.5.1906),

дзеяч ірландскага нац.-вызв. руху. З 1865 удзельнік руху феніяў, у 1870—77 зняволены. Адмовіўшыся ад тэрарыст. тактыкі феніяў, выступаў за спалучэнне масавага руху за аграрныя пераўтварэнні з парламенцкай барацьбой за нац. вызваленне. У 1879 разам з Ч.​С.​Парнелам заснаваў Зямельную лігу. У 1890 парваў з лідэрамі руху за Гомруль. З 1895 чл. парламента, у 1899 у знак пратэсту супраць англабурскай вайны 1899—1902 склаў з сябе парламенцкія паўнамоцтвы. Удзельнік к-та рабочага прадстаўніцтва (засн. ў 1900, з 1906 Лейбарысцкая партыя).

т. 6, с. 322

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗМІТРУ́К (Аляксей Данілавіч) (24.4.1907, в. Сцяброва Жабінкаўскага р-на Брэсцкай вобл. — 23.8.1942),

удзельнік рэв. руху ў Зах. Беларусі і партыз. руху ў Вял. Айч. вайну. Вучыўся ў школе парт. работнікаў Прадстаўніцтва ЦК КПЗБ пры ЦК КП(б)Б у Мінску (1932—33). З 1926 сакратар Жабінкаўскага падп. райкома, інспектар ЦК КПЗБ па Пінскім акр. к-це КПЗБ. Двойчы (1927, 1934) быў арыштаваны польск. ўладамі і зняволены ў турму. З 1939 у БССР, працаваў у міліцыі. У Вял. Айч. вайну партызан атрада імя М.​М.​Чарнака партыз. брыгады імя Сталіна Брэсцкай вобл. Загінуў пры выкананні баявога задання.

т. 6, с. 123

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕРСО́НА НОН ГРА́ТА (лац. persona non grata непажаданая асоба) у дыпламатычнай практыцы, асоба, якой адмоўлена ў агрэмане, таксама дыпламат. прадстаўнік або іншы дыпламат, знаходжанне якога дзяржава аб’явіла непажаданым. Абвяшчэнне П.н.г. — заява дзяржавы пра тое, што далейшае знаходжанне дыпламата, членаў яго сям’і або іншага супрацоўніка дыпламат. прадстаўніцтва на яе тэрыторыі з’яўляецца непажаданым. Прававым вынікам такой заявы з’яўляецца ўзнікненне ў прадстаўляючай дзяржавы абавязку адклікаць адпаведную асобу ў тэрмін, пазначаны ў заяве, пры нявызначаным тэрміне — на працягу прымальнага часу. Калі дыпламат. асоба не пакідае краіну, мясц. ўлады могуць абвясціць дыпламата прыватнай асобай з вынікаючымі наступствамі.

т. 12, с. 300

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАКУРАТУ́РА (ад лац. procurare клапаціцца),

спецыяльны дзярж. орган (сістэма органаў), у кампетэнцыю якога ўваходзіць узбуджэнне крымін. спраў, падтрыманне абвінавачвання, прадстаўніцтва інтарэсаў дзяржавы ў суд. працэсе. У шэрагу краін П. належыць таксама функцыя нагляду за дакладным і аднастайным выкананнем законаў усімі грамадзянамі, арг-цыямі і службовымі асобамі (т.зв. «агульны нагляд»), У адных краінах П. з’яўляецца састаўной ч. суда, у другіх арганізацыйна аддзелена ад яго. У некат. краінах П. ўваходзіць у сістэму мін-ва юстыцыі (ЗША, Францыя, Нідэрланды, Аўстрыя, Японія, Польшча). У Рэспубліцы Беларусь П. з’яўляецца адзінай і цэнтралізаванай сістэмай органаў П., якую ўзначальвае Генеральны пракурор Рэспублікі Беларусь.

Г.​А.​Маслыка.

т. 12, с. 549

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДУ́А (Гершан Майсеевіч) (парт. псеўд. Д.Боген; 5.5.1892, г. Седльцы, Польшча — 12.11.1948),

дзеяч рэв. руху ў Зах. Беларусі. За рэв. дзейнасць у 1916—18 зняволены герм. акупац. ўладамі ў канцлагер. З 1920 у Палесціне, адзін з заснавальнікаў і ген. сакратар ЦК Кампартыі Палесціны, высланы англ. каланіяльнымі ўладамі. У 1925—32 чл. ЦК КПЗБ, прадстаўніцтва ЦК КПЗБ пры ЦК КП(б)Б. Неаднаразова быў арыштаваны польск. ўладамі. У 1933—35 у апараце выканкома Камінтэрна. У 1937 у складзе паліт. кіраўніцтва інтэрнац. брыгад рэсп. Іспаніі. Пасля паражэння рэспублікі эмігрыраваў у Францыю, потым на Кубу, быў карэспандэнтам камуніст. друку ў ЗША. З 1947 у Польшчы.

т. 6, с. 238

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАМУНІСТЫ́ЧНАЯ ПА́РТЫЯ КУ́БЫ (КПК),

палітычная арг-цыя левага кірунку ў Рэспубліцы Куба. Засн. ў 1925. У 1926—38 дзейнічала нелегальна, у 1940 злілася з партыяй Рэв. саюз і названа Рэвалюцыйны камуніст. саюз, у 1944—65 наз. Нар.-сацыяліст. партыя Кубы і інш. У 1940—52 мела прадстаўніцтва ў кангрэсе некаторых мясц. органах улады, у 1940—44 і ў кааліцыйным урадзе. У 1953—59 забаронена. Паводле канстытуцыі 1976 правячая партыя ў паліт. сістэме Кубы. Узначальвае 1-ы сакратар ЦК КПК (з 1965 Ф.Кастра Рус). Каля 600 тыс. чл. (1991). Афіц. орган ЦК газ. «Granma» («Гранма»), тэарэт. орган — час. «Cuba socialista» («Сацыялістычная Куба»).

т. 7, с. 547

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)