слова або спалучэнне слоў, якім называюць асобу ці прадмет, да якіх звяртаюцца з мовай. У бел. мове выражаецца назоўным склонам назоўніка ці інш. часцінай мовы («Даруйце, любыя! Даруй, матуля!»), а таксама клічнай формай («Не шукай сабе, мой братку, з ветрам Бацькаўшчыну-матку»), Сінтаксічна З. са сказам не звязаны і членам сказа не бывае. Можа стаяць у пачатку, сярэдзіне і канцы сказа. Каб узмацніць эмацыянальнасць, З. суправаджаюць выклічнікам і інш. словамі эмацыянальнай ацэнкі: «О, край мой любімы, як многа прыволля, і думам, і працы бяскрайні прастор».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЕ́НЕЎСКІ ВАЛУ́Н,
помнік прыроды на Беларусі. За 0,2 км на Пн ад в. Зенеўцы Шчучынскага р-на Гродзенскай вобл. Буйны ледавіковы валун ружова-бурага граніту рапаківі з крышталямі палявога шпату ў выглядзе авоідаў. Даўж. 4,7 м, шыр. З м, выш. 2,1 м, у абводзе 9,6 м, аб’ём 16 м³ маса каля 42 т. Прынесены ледавіком каля 220—110 тыс.г. назад са Скандынавіі. На бакавой паверхні захавалася 25 штучных паглыбленняў паўсферычнай формы (1—5 см у папярочніку, да 2,5 см глыбіні), зробленых чалавекам каля 2—2,5 тыс.г. назад. У язычніцкія часы — прадмет пакланення.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІТА́ЕЎ (Мікалай Іванавіч) (н. 7.1.1927, г. Цімашоўск Краснадарскага краю, Расія),
бел. філосаф. Д-рфілас.н. (1984), праф. (1985). Скончыў Тбіліскае горна-артыл. вучылішча (1947), БДУ (1964). З 1963 у Мінскім вышэйшым інж.-зенітным ракетным вучылішчы проціпаветранай абароны (у 1975—88 нач. кафедры грамадскіх навук). З 1995 у Ваеннай Акадэміі Рэспублікі Беларусь. Даследуе праблемы сац. насілля, ваеннай паліталогіі і геапалітыкі. Адзін з аўтараў навуч. дапаможнікаў «Ваенная паліталогія» (1993), «Геапалітыка: прадмет, гісторыя, сучасныя ўяўленні» (1997).
Тв.:
Социальное насилие в современном классовом противоборстве. Мн., 1980;
Противоборство сил прогресса и реакции в современном мире. Мн., 1986 (разам з Я.І.Рыбкіным).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЮСТРА́ЦЫЯ (ад лац. lustratio ачышчэнне ахвярапрынашэннем),
1) агульная назва рэліг. абрадаў, звязаных з уяўленнямі пра ачышчальную, душавыратавальную сілу магічных дзеянняў, рытуалаў.
2) У шэрагу ўсх.-еўрап. дзяржаў (Венгрыя, Чэхія, Эстонія, Латвія, Румынія) Л. — працэдура праверкі асоб, якія займаюць адказныя дзярж. пасады, а таксама кандыдатаў на гэтыя пасады на прадмет іх прыналежнасці ў мінулым да кіраўніцтва камуніст. партый, службаў дзярж. бяспекі або супрацоўніцтва з гэтымі службамі. Праверка праводзіцца на падставе закону аб Л. Калі выяўлена супрацоўніцтва асобы з рэжымам, ёй прапаноўваецца добраахвотная (з захаваннем тайны выяўленых фактаў) або прымусовая (з публічным абнародаваннем кампраметуючай інфармацыі) адстаўка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ПТУ́ШКА»,
бел.нар. гульня. Для яе неабходна мець адну «П.» (невял. прадмет). Гульцы (10 і болей чал.) выбіраюць вядучага — «раздатчыка», становяцца ў круг плячо ў плячо, спінай унутр круга, і трымаюць за спінай складзеныя кубачкам далоні. «Раздатчык» ходзіць у крузе, непрыкметна ўкладвае каму-небудзь у далоні «П.», становіцца ў цэнтры і гаворыць: «Дзверцы адчынены!» Той, у каго знаходзіцца «П», бяжыць да «раздатчыка» і аддае яму «П.» (дакранаецца). Гульцы, што стаяць побач, павінны затрымаць яго. Хто першы яго схопіць, становіцца «раздатчыкам», калі не атрымаецца, то «раздатчыкам» становіцца той, хто аддаў «П.».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДЗІ́НКАВАЕ, асобнае, індывідуальнае,
філасофская катэгорыя, якая адлюстроўвае існаванне адносна асобных у прасторы і часе рэчаў, з’яў, працэсаў з індывід. якаснай і колькаснай акрэсленасцю. Выяўляе тое, што ўласціва толькі гэтаму аб’екту і адрознівае яго ад іншых. У якасці адзінкавага можа разглядацца не толькі асобны прадмет, яго ўласцівасці ці прыкмета, але і цэлы іх клас, калі яны бяруцца як нешта адзінае. Адзінкавае непарыўна звязана з агульным. Любая рэч індывідуальная ў параўнанні з іншымі, разам з тым у пэўных адносінах валодае агульнымі з імі ўласцівасцямі. Улік катэгорыі адзінкавага ў метадалогіі пазнання праяўляецца ў пераходзе ад адзінкавага праз асаблівае да агульнага, заканамернага.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́ЗІМУТ (ад араб. ас-сумут шляхі) нябеснага свяціла або зямнога прадмета, вугал паміж плоскасцю мерыдыяна пункта назірання і верт. плоскасцю, якая праходзіць праз гэты пункт і свяціла ці прадмет. Адлічваецца ад напрамку на Пн па гадзіннікавай стрэлцы (0°—360°). Адрозніваюць азімут астранамічны (сапраўдны), утвораны плоскасцю астранамічнага мерыдыяна, што праходзіць праз лінію адвеса ў пункце назірання; геадэзічны — плоскасцю, якая праходзіць праз нармаль да зямнога эліпсоіда; магнітны — плоскасцю магнітнага мерыдыяна. Азімут — адна з каардынат сістэмы гарызантальных каардынат у астраноміі; вымяраецца вугламерным інструментам (тэадалітам і інш.). Магнітны азімут, адрозніваецца ад сапраўднага на велічыню схілення магнітнай стрэлкі.
Да арт.Азімут. А — азімут сапраўдны; Д — магнітнае схіленне; Ам — азімут магнітны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗНАК,
матэрыяльны, пачуццёва ўспрымальны прадмет (з’ява, дзеянне), які выступае як прадстаўнік іншага прадмета, уласцівасці або адносін і выкарыстоўваецца для фіксавання, захоўвання, перапрацоўкі і перадачы інфармацыі. Адрозніваюць З. моўныя і нямоўныя (апошнія падзяляюцца на З.-копіі, З.-прыкметы, З.-сімвалы). Выконваюць гнасеалагічную (абазначае думку) і камунікатыўную (служыць сродкам зносін) функцыі. Разуменне З. немагчыма без высвятлення яго значэння: прадметнага, сэнсавага або экспрэсіўнага.
Гнасеалагічныя функцыі З. разглядалі ант. філосафы (Платон, Арыстоцель, стоікі), мысліцелі 17—18 ст. (Дж.Лок, Г.Лейбніц, Э.Кандыльяк). У 19 ст. новае ў даследаванні З. ўнеслі лінгвістыка і матэм. логіка. У 20 ст. склалася асобная навука пра З. — семіётыка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕТАНІ́МІЯ (ад грэч. metōnymia перайменаванне),
перанос назвы аднаго прадмета ці з’явы на інш.прадмет ці з’яву на аснове пэўнай прычыннай сувязі паміж імі; від паэт.mpona. М. — ужыванне імя аўтара ў значэнні напісаных ім твораў («вывучаю Пушкіна», «купіў Багдановіча»), назвы краіны — у значэнні насельніцтва, якое там жыве («Уся Беларусь узнялася супраць фашысцкіх захопнікаў»), назвы прылады дзеяння замест яго самога ці яго вынікаў («пяро Купалы», «пэндзаль Бялыніцкага-Бірулі»), назвы посуду замест таго, што ў ім звычайна знаходзіцца («выпіў кубак», «з’еў талерку»), перанос значэння ўнутр. уласцівасці рэчы на яе самую («смеласць гарады бярэ») і г.д. Адзін з відаў М. — сінекдаха.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ПТУ́ШКІ ЛЯЦЯ́ЦЬ»,
бел.нар. гульня. Кожны гулец павінен мець невял. прадмет — «зерне». Гульцы (8—20 чал.) выбіраюць вядучага — «старасту», кладуць зярняты ў адну лінію і на адлегласці 2—3 крокаў ад яе выстройваюцца ў шарэнгу спінай да «зярнят». «Стараста» праходзіць над «зярнятамі», непрыкметна забірае некалькі «зярнят», некат. перакладвае на інш. месца, адыходзіць ў бок і гаворыць: «П.л.». Усе хутка паварочваюцца, скачуць на адной назе да «зярнят» і хапаюць па аднаму. Выбывае з гульні той, каму не хапае «зярняці». Пасля гэтага астатнія гульцы змыкаюць шарэнгу, кладуць «зярняты» на месца, і гульня працягваецца. Перамагае той, хто схопіць апошняе «зерне».