МАЁЛІКА (італьян. maiolica ад старой назвы г. Мальёрка, праз які ў Італію ўвозілі іспана-маўрытанскую кераміку),

вырабы з каляровай абпаленай гліны з буйнапорыстым чарапком, пакрытыя непразрыстай палівай (арх. абліцоўка, посуд, статуэткі); від керамікі. Дэкар. малюнак наносяць перад абпальваннем па сырой белай паліве. Дзякуючы абпальванню пры параўнальна невысокай тэмпературы фарба захоўвае свой колер.

М. вядома са старажытнасці ў Егіпце, Вавілоніі, Іране, некат. інш. краінах Азіі. Дасягнула росквіту ў 15—17 ст. у Італіі, Іспаніі, Францыі, Германіі, у 17—18 ст. у Расіі. Значны ўклад у развіццё М. ў Рус. дзяржаве зрабілі майстры цаніннай справы — выхадцы з Беларусі С.​Грыгор’еў, С.​Іваноў (Палубес), І.​Максімаў, старац Іпаліт, Ф.​Чука, П.​Заборскі.

На тэр. Беларусі рознакаляровую М. выраблялі з 12 ст. амаль ва ўсіх гарадах. Зберагліся фрагменты гродзенскага маёлікавага посуду, цацак і плітак 12—13 ст., абліцовачных плітак 14—15 ст., кафлі 15—20 ст., посуду 18—19 ст., мінскага маёлікавага посуду, полацкага, тураўскага, пінскага, мсціслаўскага посуду і плітак 12—13 ст., посуд і кафля заслаўскія, віцебскія, копыскія 16—20 ст. Найб. вядомы М. івянецкая (посуд, дробная пластыка, цацкі) і ракаўская (посуд, скульптура, цацкі, попельніцы, чарніліцы) 19—20 ст., барысаўская (посуд, цацкі, дробная пластыка, 18—20 ст.), кафля заслаўская (17 ст.), копыская (16—20 ст.), віцебская (15—19 ст.), магілёўская (17—19 ст.), мірская (16—18 ст.), мсціслаўская (15—18 ст.). У 1920-я г. М. развівалася пры Віцебскім маст. тэхнікуме, у 1950-я г. — пры Мінскім фаянсава-фарфоравым з-дзе, з 1960-х г. — пры Бел. тэатр.-маст. ін-це, Маст. фондзе Беларусі. З 1970-х г. маёлікавыя вырабы выпускаюць аб’яднанне «Беларуская мастацкая кераміка», Гродзенскі камбінат буд. матэрыялаў, Аршанскі камбінат сілікатных вырабаў, нар. майстры. Сярод прафес. мастакоў маёлікавых вырабаў М.​Байрачны, М.​Бяляева, Г.​Гаркуноў, Г.​Гаўрылаў, В.​Данчук, А.​Дзятлава, Ф.​Зільберт, А.​Зіменка, В.​Калтыгін, Т.​Кіршчына, В.​Кірыленка, А.​Концуб, Ю.​Конюх, Н.​Кухарэнка, М.​Міхалап, М.​Несцярэўскі, Т.​Паражняк, В.​Прыешкін, Г.​Пусеў, Т.​Пятроўская, З.​Раўко, Т.​Сакалова, У.​Угрыновіч, Я.​Хамініч, М.​Шаўцова, Ф.​Шостак. Іх творам характэрны выразная вобразная дэкаратыўнасць, значнасць зместу, эксперыментатарскія пошукі ў галіне новых пластычных і жывапісных магчымасцей керамічнай масы, глазураў, эмаляў.

Літ.:

Елатомцева И.М. Художественная керамика Советской Белоруссии. Мн., 1966;

Беларуская кераміка: [Альбом]. Мн., 1984.

М.​М.​Яніцкая.

Да арт. Маёліка. Кафляная печ у асабняку г. Бабруйск Магілёўскай вобл. Пач. 20 ст.
Да арт. Маёліка. Кафляная печ у Прастольнай палаце Церамнага палаца ў Маскве. 17 ст.

т. 9, с. 499

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЛАПЛО́ТНІЦКАЯ ШКЛЯНА́Я МАНУФАКТУ́РА.

Дзейнічала ў 1842—98 у маёнтку Малая Плотніца (цяпер вёска ў Пінскім р-не Брэсцкай вобл.). Вырабляла ліставое шкло, бутэлькі і інш. посуд. У 1879 працавала 16 чал., выпушчана 90 скрынак ліставога шкла, 100 тыс. шт. бутэлек і інш. посуду. У 1898 працавала 80 чал.

т. 10, с. 10

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́ЛДЭНХАЛСКІ СКАРБ 1942,

рэчавы скарб, знойдзены ў г. Мілдэнхал у графстве Сафалк (Вялікабрытанія). Ухаваны ў 4—5 ст. Уключаў сярэбраны посуд заможнай рымскай сям’і. Асаблівай увагі заслугоўвае (вял. 0,6 м у дыяметры) блюда вагой 8,1 кг, упрыгожанае рэльефам з выяваю Вакха і яго спадарожнікаў.

Сярэбранае блюда з Мілдэнхалскага скарбу 1942.

т. 10, с. 370

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАКО́П’ЕЎ Фёдар, чаканшчык і разьбяр 2-й пал. 17 ст. Прыбыў у Маскву з г. Полацк (Віцебская вобл.) у 1660. З 1662 «жалаваны» майстар Сярэбранай палаты Маскоўскага Крамля. Сярод твораў: чаканны сярэбраны посуд для царэвічаў Іаана і Пятра Аляксеевічаў, футаралы для пячатак царскіх грамат (усе 1676), чаканныя абклады (1679), сярэбранае і меднае начынне.

т. 12, с. 547

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́РСКАЯ КЕРА́МІКА,

традыцыйныя ганчарныя вырабы 15—20 ст. з г.п. Мір Карэліцкага р-на Гродзенскай вобл. Як цэнтр ганчарнага рамяства Мір вядомы з 15 ст. Выраблялі на ганчарным крузе гаршковую кафлю, якая ў канцы 15 ст. трансфармавалася ў місачную (гл. Мірская кафля). Адначасова развівалася вытв-сць быт. керамічнага посуду з ангобнай размалёўкай і штампаваным арнаментам (з 17 ст. існаваў ганчарны цэх). Асабліва пашырылася ганчарства ў канцы 19—1-й пал. 20 ст. Тут выраблялі чарнаглянцавы, гартаваны (рабы, абварны), светлагліняны паліваны посуд (гаршкі, глякі, збанкі, міскі, слоікі, цёрлы, спарышы, бабачнікі), утылітарна-маст. вырабы (вазы, вазоны, попельніцы, упрыгожаныя лепкай, фігурныя пасудзіны ў выглядзе львоў, мядзведзяў, бараноў), дзіцячыя цацкі. Посуд вызначаецца простымі выразнымі формамі, падкрэсленымі палівай зялёнага ці карычневага колераў, гладкімі і хвалістымі паяскамі белага ангобу на плечуках. Чарнаглянцавыя вырабы аздаблялі дэкорам у выглядзе рамбічнай сеткі. З 1980-х г. промысел не існуе.

Я.​М.​Сахута.

Мірская кераміка.

т. 10, с. 469

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІВЯНЕ́ЦКАЯ КЕРА́МІКА,

традыцыйныя вырабы гасп. і дэкар. прызначэння з г.п. Івянец (Валожынскі р-н Мінскай вобл). Промысел вядомы з 16 ст. Выраблялі кухонны і сталовы посуд (тэракотавы, чорназадымлены, глазураваны) шырокага асартыменту, тэракотавую і паліваную кафлю з рэльефнымі расліннымі, зааморфнымі і геральдычнымі выявамі. Асаблівага развіцця І.к. дасягнула ў канцы 19 — пач. 20 ст., калі працавалі майстэрні па вытв-сці посуду і кафлі, значна пашырыўся асартымент вырабаў (цукарніцы, чайнікі, маслёнкі, вазы, попельніцы, падсвечнікі і інш.). Выраблялі пераважна посуд, глазураваны празрыстай палівай, пад якую наносілі ангобную размалёўку карычневага ці белага колеру ў выглядзе прамых і хвалістых паяскоў, хваёвых лапак інш. геам. і раслінных матываў. У майстэрнях П.​Лотыша, К.​Дамброўскага, братоў Собаляў выраблялі глазураваную манахромную (жоўтую, карычневую, белую, зялёную) кафлю з рэльефнымі матывамі раслін, кветак, адвольных кампазіцый у стылі мадэрн, а таксама карнізы для печаў, цацкі і інш. У 1960 на базе арцелі імя Дзяржынскага была створана ф-ка маст. керамікі і вышыўкі (з 1979 з-д маст керамікі). Посуд мяккіх круглаватых форм, аздоблены гладкімі і расчасанымі хвалістымі палосамі ангобнага дэкору (фляндроўкай), фігурныя пасудзіны ў выглядзе львоў, бараноў, зуброў, утылітарна-дэкар. вырабы, дробная пластыка карысталіся шырокай папулярнасцю, экспанаваліся на айч. замежных выстаўках, экспартаваліся ў многія краіны. І.к. 1980—90-х г. — штампаваныя і літыя вырабы гасп. і дэкар.-маст прызначэння.

Літ.:

Гісторыя беларускага мастацтва. Т. 6 Мн., 1994;

Сахута Я. Беларуская народная кераміка. Мн., 1987;

Яго ж. Народнае мастацтва Беларусі. Мн., 1997.

Я.​М.​Сахта.

Івянецкая кераміка. Пач. 20 ст.

т. 7, с. 160

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАНЧА́РСТВА,

выраб рэчаў гаспадарчага і дэкаратыўна-прыкладнога характару з гліны. Вядома многім народам свету як адно з найстараж. рамёстваў. На тэр. Беларусі пач. форма ганчарства з ручной фармоўкай вырабаў і абпалам на вогнішчы вядома з часоў неаліту. З пашырэннем ганчарнага круга (10 ст.) і ганчарнага горна вылучылася ў спецыялізаванае рамяство, якое дасягнула росквіту ў 16—18 ст. У многіх бел. гарадах (Мінск, Брэст, Гродна, Полацк, Віцебск, Слуцк, Капыль, Камянец, Клецк, Стрэшын, Мір, Шклоў, Дзісна) дзейнічалі самаст. ці аб’яднаныя з іншымі ганчарныя цэхі, якія выраблялі посуд, кафлю, дробную пластыку. Вырабы цэхавага рамяства, у якіх нярэдка адчуваўся ўплыў зах.-еўрап. маст. стыляў, аздабляліся штампаваным, прадрапаным ці ляпным дэкорам, ангобнай размалёўкай, у большасці выпадкаў глазураваліся. У 19 ст. цэхавая вытв-сць заняпала, ганчарства становіцца пераважна сельскім рамяством. У канцы 19—1-й пал. 20 ст. на Беларусі вядома больш за 200 асяродкаў ганчарства.

Асн. прылада для фармавання ганчарных вырабаў — ганчарны круг, падсушаныя вырабы абпальвалі ў горне. Асартымент вырабаў вызначаўся гасп. патрэбамі. Выраблялі посуд для гатавання ежы (гаршкі, макотры, латушкі, пражэльнікі, рынкі, формы), для захоўвання і транспарціроўкі прадуктаў (карчагі, слаі, гарлачы, глякі, спарышы), сталовы посуд (збаны, талеркі, міскі, кубкі, маслёнкі), рэчы штодзённага ўжытку (рукамыйнікі, паілкі), утылітарна-дэкар. посуд (вазоны, вазы, букетнікі, фігурны посуд), ляпілі таксама дробную пластыку і цацкі. Самастойным рамяством, пераважна гарадскім, была вытв-сць кафлі. У цэлым узоры бел. нар. ганчарства вызначаюцца простымі выразнымі формамі, у аснове — шар, цыліндр, конус. Дэкор абмяжоўваўся звычайна сціплымі хвалістымі і прамымі паяскамі (стараж. сімвал вады), выціснутымі завостранай палачкай на плечуках посуду ў час яго фармоўкі на крузе ці нанесенымі вадка разведзенай глінай іншага колеру (ангобам). Ганчарны посуд Падняпроўя вызначаецца стройнасцю і вытанчанасцю формаў, плаўнымі S-падобнымі абрысамі (гл. Бабінавіцкая кераміка, Благаўская кераміка, Дубровенская кераміка). На Пн Беларусі формы посуду масіўныя, устойлівыя, гарлавіны яго нібы раздаюцца ў бакі (гл. Дзісенская кераміка), нярэдка вырабы дзеля трываласці абгортвалі стужкамі бяросты, што надавала ім дадатковы дэкар.-маст. эфект. Ганчары паўд.-зах. Беларусі аддавалі перавагу прысадзістым шарападобным формам, на якія нібы насаджаны цыліндрычныя гарлавіны (гл. Гараднянская кераміка, Пружанская кераміка). Дэкар. якасці вырабаў залежалі таксама ад спосабаў хіміка-тэрмічнай апрацоўкі. Чорна-карычневымі плямамі на светлай тэракотавай паверхні вызначалася гартаваная кераміка, характэрная для архаічных вясковых асяродкаў ганчарства пераважна паўн.-зах. Беларусі. Гарманічнасць формаў і дэкору ў выглядзе палосак, сеткі, елачкі характэрна для чорнаглянцаваных вырабаў паўд.-зах. Беларусі (Пружаны, Ружаны Пружанскага р-на, Поразава Свіслацкага р-на, Мір Карэліцкага р-на). Кантрастам маляўнічых падцёкаў палівы карычневага, зялёнага, жоўтага колераў на светлым тэракотавым фоне чарапка вылучаліся глазураваныя вырабы. Ангобны дэкор, характэрны для вырабаў некат. асяродкаў ганчарства (Бабінавічы Лёзненскага р-на, Ракаў, Івянец Валожынскага р-на), быў сціплы і рэдка пераходзіў у стадыю ручной адвольнай размалёўкі (гл. Ракаўская кераміка).

У 1920—50-я г. ў многіх асяродках ганчарства былі створаны ганчарныя арцелі. У 1960-я г. адны з іх спынілі сваю дзейнасць, іншыя былі пераўтвораны ў дзярж. прадпрыемствы (гл. ў арт. Івянецкая кераміка). З сярэдзіны 20 ст. з насычэннем рынку прамысл. прадукцыяй традыц. ганчарства стала інтэнсіўна скарачацца. У наш час большасць ганчарных вырабаў страціла утылітарнае прызначэнне і выконвае пераважна дэкар.-маст. функцыі. Традыц. посуд нешырокага асартыменту (гаршкі, збанкі, вазоны) вырабляюць у некат. асяродках ганчарства, у ганчарных цэхах паасобных камбінатаў буд. матэрыялаў. На вытв-сці ганчарных вырабаў утылітарна-дэкар. і маст. прызначэння спецыялізуецца аб’яднанне «Беларуская мастацкая кераміка» з прадпрыемствамі ў Івянцы, Радашковічах і Мазыры. З мэтай адраджэння традыц. ганчарства праведзены абласныя святы «Ганчарны круг — 95» у Обалі Шумілінскага р-на, «Ганчарны звон» у Любані (1996), рэспубліканскае свята «Ганчарны круг—96» у Бачэйкаве Бешанковіцкага р-на.

Літ.:

Милюченков С.А. Белорусское народное гончарство. Мн., 1984;

Сахута Я.М. Беларуская народная кераміка. Мн., 1987;

Здановіч Н.І., Трусаў А.А. Беларуская паліваная кераміка XI—XVIII стст. Мн., 1993.

Я.​М.​Сахута.

Да арт. Ганчарства: 1 — ганчарныя вырабы; 2 — ганчар за работай. Вёска Гарадная Столінскага раёна. Пач. 20 ст.; 3, 4 — фармоўка ганчарнага посуду.

т. 5, с. 34

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«БРЭСТГАЗААПАРА́Т»,

бел.-рас. акц. т-ва. Створаны ў 1951 як электрамех. рамонтны з-д у г. Брэст. З 1960 з-д газавай апаратуры. У 1972—77 рэканструяваны. З 1994 сучасная назва. Дзейнічаюць цэхі: прэсавы, эмаліровачны, механагальванічны, зборачны і інш. Асн. прадукцыя (1995): быт. газавыя пліты (на 4, 2 і 1 канфорку), мікрахвалевыя печы, газавыя краны, эмаліраваны посуд.

т. 3, с. 286

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЛЬДЫ́ВІЯ (Valdivia),

археалагічная культура рыбаловаў і збіральнікаў 3-га — 1-й пал. 2-га тыс. да н.э. на цэнтр. узбярэжжы Эквадора. Адна з самых стараж. культур Новага Свету. Магчыма, яе носьбітам было вядома прымітыўнае земляробства. Выяўлены багата арнаментаваны гліняны посуд і статуэткі жанчын, каменныя нажы, разцы, скрабкі, зерняцёркі, клінападобныя сякеркі, рыбалоўныя кручкі з ракавін, касцяныя шылы і інш.

т. 3, с. 491

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАМО́РСКАЯ КУЛЬТУ́РА,

археалагічная культура плямёнаў эпохі неаліту, якія ў 3—2-м тыс. да нашай эры жылі на ўзбярэжжы Дзвінскага і ўсх. часткі Анежскага заліва Белага мора (Расія). Прадстаўлена рэшткамі часовых стойбішчаў. Насельніцтва займалася рыбалоўствам і паляваннем. Характэрны кругладонны посуд з ямкава-грабеньчатым геам. арнаментам. З крэменю выраблялі скрабкі, доўгія трохвугольныя наканечнікі стрэл, фігуркі жывёл і інш. рэчы.

т. 2, с. 388

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)