вайна ВКЛ і Польскага каралеўства супраць Тэўтонскага ордэна. ВКЛ імкнулася вярнуць захопленую ордэнам Жамойцію, Польскае каралеўства — Памор’е і маркграфства Новую Марку, пакінуць за сабой Добжынскую зямлю; абедзве дзяржавы хацелі разграміць узбр. сілы крыжакоў. Ваенныя дзеянні пачаліся 16.8.1409 нападам войск ордэна на Добжынскую зямлю. У час ваен. кампаніі 1409 крыжакі захапілі яе, разбілі польск. войскі ў Новай Марцы, войскі ВКЛ выгналі крыжакоў з Жамойціі палякі вярнулі Быдгашч. 8.10.1409 Польшча заключыла з ордэнам перамір’е да 24.6.1410. У канцы 1409 у Бярэсці адбылася Берасцейская сустрэча 1409вял.кн.ВКЛВітаўта і польск. караля Ягайлы, на якой была ўзгоднена летняя кампанія 1410. У маі 1410 ордэн заключыў перамір’е з ВКЛ да 24 чэрвеня. Летам 1410 войскі Ягайлы і Вітаўта рушылі на сталіцу ордэна Мальбарк, прымусілі крыжакоў даць генеральную бітву, у выніку якой армія Ордэна пацярпела поўнае паражэнне (гл.Грунвальдская бітва 1410). Аблога Мальбарка (25.7—19.9.1410) не мела поспеху. Вайна скончылася Тарунскім мірам 1411, паводле якога захопленыя ў час вайны гарады і замкі вернуты ўладальнікам, Жамойція навечна перададзена ВКЛ. Добжынская зямля пакінута за Польшчай. Вялікая вайна 1409-11 падарвала магутнасць Тэўтонскага ордэна і спыніла яго агрэсію на ўсход.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРА́ЙЗЕР (Dreiser) Тэадор (27.8.1871, г. Тэрэ-Хот, ЗША — 28.12.1945),
амерыканскі пісьменнік. У 1888—89 вучыўся ва ун-це г. Блумінгтан. З 1892 пачаў працаваць журналістам, у 1897 апублікаваў першыя нарысы і апавяданні. Найб. вядомасць яму прынеслі раманы «Сястра Керы» (1900), «Джэні Герхарт» (1911), «Трылогія жадання» («Фінансіст», 1912; «Тытан», 1914; «Стоік», 1947, незак.), «Геній» (1915), «Амерыканская трагедыя» (1925). Аўтар зб-каў апавяд. «Вызваленне» і іншыя апавяданні (1918), «Дванаццаць мужчын» (1919), «Фарбы вялікага горада» (1923), кн. публіцыстыкі «Драйзер глядзіць на Расію» (1928; нап. пад уражаннем паездкі ў Расію ў 1927—28), «Трагічная Амерыка» (1931), «Амерыку варта ратаваць» (1941). Адыграў вял. ролю ў развіцці рэалізму ў амерыканскай л-ры. Надаў новае гучанне надзвычай распаўсюджанай у л-ры ЗША тэме «амерыканскай мары»: паказаў яе адваротны бок — «амерыканскую трагедыю», раскрыў механізм уздзеяння грамадства на псіхалогію і лёс як звычайнага чалавека, так і асобы адоранай; паказаў будзённасць і шматлікасць трагедый, выкліканых імкненнем людзей любымі сродкамі дасягнуць поспеху, зрабіць кар’еру. Пасля смерці пісьменніка выйшлі раман «Апірышча» (1946) і яго лісты (т. 1—3, 1959).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЯАЯ́НСКАЯ БІ́ТВА 1904,
баявыя дзеянні 24.8—3.9.1904 у раёне г. Ляаян (Паўн.-Усх. Кітай) паміж рус. Маньчжурскай арміяй і трыма (1, 2, 4-я) яп. арміямі ў час руска-японскай вайны 1904—05. Паводле плана яп. камандавання (маршал І.Аяма) прадугледжвалася рашучае наступленне з абходам флангаў рус. арміі. Але сілы яп. войск (каля 130 тыс.чал., 508 гармат) не дазвалялі ажыццявіць гэты план. Рус. армія (152 тыс.чал., 606 гармат) падрыхтавала для абароны тры рубяжы. План рус. камандавання (ген. А.М.Курапаткін) насіў пасіўна-чакальны характар і аддаваў ініцыятыву праціўніку. Таму нават нязначны поспех яп. войск (24—26 жн.) на адным з участкаў іх наступлення (раён Анпіліна) і адсутнасць у Курапаткіна дакладных звестак аб сілах праціўніка прымусілі яго аддаць загад пра адыход на 2-і рубеж абароны (за 8 км на Пд і ПдУ ад Ляаяна). Актыўнасць наступаючых, іх намаганні акружыць рус. армію зноў прымусілі (3 вер.) ген. Курапаткіна адступіць. Рус. войскі пакінулі Ляаян і адышлі за р. Шахэ. Страты яп. склалі 24 тыс.чал., рускіх — 16 тыс.чал. У выніку памылак рус. камандавання, яп. войскі дасягнулі ў гэтай аперацыі аператыўнага поспеху.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЖЗЕМНАМО́РСКІ ПАХО́Д УПІАКО́ВА 1798—1800 Адбыўся ў час вайны Расіі ў складзе 2-й кааліцыі (Вялікабрытанія, Аўстрыя, Расія, Турцыя і Каралеўствы абедзвюх Сіцылій) супраць Францыі. 26.7.1798, пасля пачатку Егіпецкай экспедыцыі 1798—1801ген. Н.Банапарта, тур. ўрад звярнуўся да Вялікабрытаніі і Расіі з просьбай аб дапамозе. 24.8.1798 рас. эскадра Чарнаморскага флоту на чале з віцэ-адм. Ф.Ф.Ушаковым выйшла з Севастопаля; 20 вер. да яе далучылася тур. эскадра віцэ-адм. Кадыр-бея. Аб’яднаныя сілы (10 лінейных караблёў, 13 фрэгатаў, 21 інш. судна) пад агульным кіраўніцтвам Ушакова (ён прапанаваў план баявых дзеянняў па вызваленні Іанічных а-воў) рушылі ў Міжземнае м. У ходзе баявых дзеянняў дэсанты аб’яднанай эскадры авалодалі шэрагам Іанічных а-воў, у т. л. Корфу (Керкіра). Пасля пачатку Італьянскага паходу Суворава 1799 эскадра Ушакова нанесла ўдары па франц. камунікацыях і базах у Паўд. Італіі, маракі і дэсантнікі сумесна з італьян. апалчэнцамі садзейнічалі поспеху сухапутных войск. Караблі эскадры ўдзельнічалі ў сумесных баях з англ. эскадрай Г.Нельсана. У кастр. 1800 рас. эскадра вярнулася ў Севастопаль.
Літ.:
Тарле Е.В. Адмирал Ушаков на Средиземном море (1798—1800 гт.). М., 1948;
История военно-морского искусства. Т. 3. М., 1963;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАГРЭ́Су жывой прыродзе,
удасканаленне і ўскладненне арганізмаў у працэсе эвалюцыі. Тэрмін «П.» выкарыстоўваецца ў біялогіі ў некалькіх значэннях. Біялагічны П. (паводле А.М.Северцава, 1925) — вынік поспеху групы арганізмаў у барацьбе за існаванне, які характарызуецца павелічэннем колькасці асобін таксона, пашырэннем арэала і распадзеннем на падпарадкаваныя сістэм. групы. Морфафізіялагічны П. (арамарфоз) — эвалюцыя арганізмаў у кірунку ўскладнення і ўдасканалення іх арганізацыі. Характэрны для груп арганізмаў, якія вядуць найб. актыўны спосаб жыцця (у першую чаргу, членістаногія і пазваночныя). Біятэхнічны П. — адзін з аспектаў морфафізіял. П., ацэньваецца эфектыўнасцю, эканамічнасцю, ккдз жывых сістэм. Падзяляецца на неабмежаваны і абмежаваны (Дж.С.Хакслі).
Неабмежаваны П. ахоплівае эвалюцыю ад прасцейшых да разумнай істоты (чалавека); характарызуецца павышэннем узроўню кантролю арганізмаў над знешнім асяроддзем і павелічэннем незалежнасці іх унутр. асяроддзя ад вонкавых умоў. Абмежаваны П. меў месца ў большасці паслядоўных ліній (пакаленняў) арганізмаў, у якіх асаблівасці арганізацыі і прыстасавання перашкаджалі эвалюцыі ў кірунку неабмежаванага П. Па сутнасці ідэя неабмежаванага П. антрапацэнтрычная; проціпастаўленне неабмежаванага і абмежаванага П. ўмоўнае. Шэраг аспектаў праблемы П. ў біялогіі застаецца дыскусійным.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ШУ́МПЕТЭР (Schumpeter) Іозеф (8.2.1883, г. Тршэшць, Чэхія — 18.1.1950),
аўстрыйскі і амерыканскі эканаміст і сацыёлаг. Скончыў Венскі ун-т. У 1919—20 міністр фінансаў Аўстр. рэспублікі. З 1925 праф. Бонскага, з 1932 Гарвардскага ун-таў. Асн. працы: «Тэорыя эканамічнага развіцця» (1912), «Дзелавыя цыклы» (1939), «Капіталізм, сацыялізм і дэмакратыя» (1942). Эканам. аналіз грамадства спалучаў з сацыялагічным. Распрацаваў канцэпцыю эканам. дынамікі і цыклаў, дзе вырашальную ролю ў эканам. развіцці адводзіў прадпрымальніцтву, якое трактаваў як дзейнасць, што робіць стаўку на асабістую ініцыятыву. На аснове аналізу кругаабароту капіталу вылучыў асаблівую прадпрымальніцкую функцыю, якая заключаецца ў ажыццяўленні арганізац.-гасп. інавацыі, «новых камбінацыйных фактараў вытворчасці». Прадпрымальнікі, на яго думку, не ўтвараюць асобнай прафесіі ці класа, а адрозніваюцца толькі прадпрымальніцкай функцыяй, якая рэалізуецца з мэтай атрымання прыбытку. Вылучыў 3 мэтавыя моманты ў дзейнасці прадпрымальніка: патрэбнасць у панаванні, уладзе, уплыве; воля да перамогі, імкненне да поспеху ў барацьбе з сапернікамі і з самім сабой; радасць творчасці, якую дае самаст. вядзенне спраў. Сцвярджаў, што прадпрымальнік — асн. суб’ект, цэнтр.сац. механізм эканам. развіцця ў грамадстве рыначнага тыпу, але прыйшоў да высновы пра непазбежнасць паступовай трансфармацыі прыватнапрадпрымальніцкага капіталізму ў эканам. сістэму, развіццё якой будзе рэгулявацца і накіроўвацца дзяржавай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛІ́НСКІХ МЯЦЕ́Ж 1508,
выступленне групоўкі феадалаў у ВКЛ, якую ўзначальваў М.Л.Глінскі з братамі Васілём і Іванам. Непасрэднымі падставамі для мяцяжу стаў канфлікт Глінскіх з групоўкай старой прыдворнай знаці (Радзівіламі, Кежгайламі, Забярэзінскімі) і імкненне Глінскага паказаць сябе абаронцам праваслаўя ў ВКЛ (хоць сам быў католікам). Вырашальную ролю адыграла Маскоўская дзяржава, якая падштурхнула яго да мяцяжу, абяцаючы сваю падтрымку. Глінскі меў намер стварыць ва ўсх. частцы ВКЛ асобнае княства з цэнтрам у Кіеве. Аб’ектыўна Глінскіх мяцеж у выпадку поспеху мог прывесці да далучэння гэтай тэрыторыі да Маскоўскай дзяржавы, як гэта было ў 1500 з Ноўгарад-Северскім і Чарнігаўскім княствамі. Мяцеж пачаўся ў Тураве, які належаў Глінскаму, і ахапіў пераважна ПдУ Беларусі і Кіеўшчыну, дзе яго падтрымалі кіеўскі ваявода В.Глінскі (брат М.Глінскага) і мазырскі намеснік Я.Івашанцэвіч. Глінскіх мяцеж адбыўся ў час вайны Маскоўскай дзяржавы з Вялікім княствам Літоўскім 1507—08, у якой прыхільнікі Глінскіх дзейнічалі сумесна з маск. войскам у напрамку Бабруйск—Мінск, з наступным адыходам на Друцк—Оршу. Выступленне не было падтрымана шляхтай, таму Глінскія і некалькі дзесяткаў іх прыхільнікаў былі вымушаны ўцячы ў Маскву, страціўшы свае маёнткі ў ВКЛ. Вял.кн. маскоўскі Васіль III выкарыстаў Глінскіх мяцеж для заключэння выгаднага для яго перамір’я з ВКЛ.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАДНАЛЫ́ЖНЫ СПОРТ,
від спорту, у аснове якога хуткае перамяшчэнне спартсмена па паверхні вады на спец. лыжах пры дапамозе буксіровачнага троса (за катэрамі ці на электрацязе). Т. зв. вадналыжнае трохбор’е ўключае слалам, фігурнае катанне і скачкі на лыжах з трампліна. У слаламе (на 2 ці 1 лыжы) спаборнічаюць у хуткім і правільным праходжанні трасы; у фігурным катанні спартсмены за пэўны час павінны выканаць як мага больш складаных фігур, якія ацэньваюцца ў ачках; у скачках з трампліна (драўлянага насцілу выш. 150 см для жанчын і 180 см для мужчын) ацэньваецца далёкасць і тэхніка палёту. Як від спорту аформіўся ў 1930-я г. ў ЗША. У 1947 створаны Сусв. вадналыжны саюз; чэмпіянаты свету з 1949.
На Беларусі актыўна развіваецца з сярэдзіны 1960-х г. З 1964 праводзяцца чэмпіянаты Беларусі. Бел. майстры воднага спорту былі (з 1973) шматразовымі пераможцамі і прызёрамі чэмпіянатаў СССР (заваявана 167 медалёў), уладальнікамі кубка СССР; на чэмпіянатах свету і Еўропы, спаборніцтвах на Кубак свету і Кубак Еўропы заваявана (на 1995) больш як 150 медалёў, з іх больш за 60 залатых. Найб.поспеху дасягалі І.Потэс, А.Мінянок, Дз.Яскевіч, М.Амяльянчык, Ю.Грамыка, А.Паўлава, А.Надзін і інш.Нац. зборная Беларусі — чэмпіён Еўропы ў спаборніцтвах на электрацязе (1990) і на класічных лыжах (1992).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭТЭКТЫ́ЎНАЯ ЛІТАРАТУ́РА,
літаратурныя творы, сюжэты якіх пабудаваны на раскрыцці загадкавай тайны, звязанай са злачынствам. Традыцыйна вызначаецца як адгалінаванне прыгодніцкай літаратуры. Зараджэнне Д.л. звязваюць з імёнамі амер. пісьменніка Э.По («Забойства на вуліцы Морг», 1841) і англ. У.Колінза («Месячны камень», 1868). По быў пачынальнікам інтэлектуальнага (паказ працэсу расследавання злачынства), Колінз — прыгодніцкага (нанізванне драм. эпізодаў) сюжэтных тыпаў дэтэктываў. Значны ўклад у развіццё Дл. зрабілі А.К.Грын (ЗША), Э.Габарыо, Г.Леру (Францыя), асабліва А.К.Дойл (Вялікабрытанія), які стварыў вядомы вобраз прыватнага дэтэктыва Шэрлака Холмса. З імем англ. пісьменніка Г.К.Чэстэртана звязана паяўленне т.зв. «інтуітыўнага дэтэктыва», заснаванага на здагадцы і інтуітыўным пранікненні ў псіхіку злачынцы. Найб.поспеху ў развіцці такога роду дэтэктыва дасягнулі А.Крысці і Ж.Сіменон. Пасля 2-й сусв. вайны на Захадзе пашырыўся т.зв. «чорны раман», у аснове якога апісанне самога злачынства са сцэнамі забойстваў, насілля і інш. (М.Спілейн, С.Адамс, ЗША). Сярод рус. пісьменнікаў у жанры дэтэктыва працавалі А.Р.Адамаў, Ю.С.Сямёнаў, браты А.А. і Г.А. Вайнеры і інш. У бел. л-ры дэтэктыў у чыстым выглядзе сустракаецца рэдка. Прыкладам гіст. дэтэктыва з’яўляецца раман У.Караткевіча «Чорны замак Альшанскі». Творы з дэтэктыўным сюжэтам пішуць М.Чаргінец, К.Тарасаў і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ЛАЦКА-ЛЕ́ПЕЛЬСКАЯ БІ́ТВА 1944,
баі 16 партызанскіх брыгад Полацка-Лепельскай партызанскай зоны супраць ням.-фаш. захопнікаў у Вял.Айч. вайну. З канца снеж. 1943, калі фронт наблізіўся да паўн. граніцы зоны, немцы імкнуліся адцясніць партызан ад дарогі Віцебск—Лепель—Параф’янава, якая звязвала 3-ю ням.танк. армію з тылам. Не дасягнуўшы поспеху да лютага 1944, захопнікі арганізавалі карныя аперацыі «Веснавое свята» і «Лівень» для правядзення якіх сабралі 12 палкоў СС і паліцыі, 5 пяхотных, часці авіяпалявой, ахоўнай і запасной дывізій, асобны батальён Дырлевангера, танк. полк, брыгаду Камінскага (каля 60 тыс.чал.), 137 танкаў, 235 гармат, 2 бронепаязды, каля 70 самалётаў. 11 крас. карнікі пачалі наступленне. Але партызаны ўтрымлівалі пазіцыі, авіяцыя 1-га Прыбалт. фронту бамбіла скопішчы ням. войск, пераправіла партызанам больш за 250 т грузаў, вывезла каля 1500 параненых і хворых; вайск. часці фронту баямі мясц. значэння адцягвалі ўвагу карнікаў. Калі гітлераўцы ўсё ж звузілі кола акружэння, партызаны 5 мая пайшлі на прарыў, у выніку якога з блакады было выведзена каля 15 тыс.мясц. жыхароў. За 25 дзён баёў партызаны моцна знясілілі варожую групоўку, прычынілі ёй вял. страты (забіта 8,3 тыс. салдат і афіцэраў). У баях супраць карнікаў загінулі камбрыгі У.У.Гіль-Радзіёнаў, А.Ф.Данукалаў, П.М.Раманаў, Дз.Ц.Караленка. У гонар подзвігу партызан паблізу г.п. Ушачы створаны мемар. комплекс «Прарыў».