ЛЮ́БЛІНСКАЯ У́НІЯ 1569,

міжнародна-прававы акт аб’яднання Вялікага княства Літоўскага і Польшчы ў адну федэратыўную дзяржаву — Рэч Паспалітую. Прыняты 1.7.1569 у Любліне.

Перадумовамі Л.у. былі: доўгае існаванне асабістай уніі ВКЛ і Польшчы; паступовае збліжэнне паліт. і дзярж. інстытутаў абедзвюх краін, паліт. менталітэту пануючага класа; у асноўным адзіная палітыка ў міжнар. адносінах; адзіная структура каталіцкай царквы. Шляхта ВКЛ праз унію спадзявалася атрымаць правы, якія мела шляхта Польшчы, польская шляхта разлічвала на землі і дзярж. пасады ў ВКЛ. Непасрэднай прычынай Л.у. былі няўдачы войска ВКЛ у Лівонскай вайне 1558—83.

Для прыняцця уніі ў Любліне 10.1.1569 скліканы сейм ВКЛ і Польшчы. Але большасць дэпутатаў ВКЛ, не згодная з польскім праектам уніі, перагаворы прыпыніла. Намаганнямі польскай шляхты і караля Жыгімонта II Аўгуста да Польшчы далучаны Падляскае і Кіеўскае ваяв., Валынь і Падолле, што было падтрымана мясц. шляхтай. Шляхта Мазырскага пав. адмовілася далучыцца да Польшчы, павятовы сеймік прыняў рашэнне выйсці з Кіеўскага ваяв. і далучыцца да Мінскага ваяв. ВКЛ. Тэр. ВКЛ зменшылася да этнічных бел. і літ. зямель. Пасля вяртання дэпутатаў ВКЛ на сейме быў выпрацаваны кампрамісны варыянт уніі, зацверджаны 1.7.1569. Паводле ўмоў Л.у. на чале Рэчы Паспалітай знаходзіўся польскі кароль (ён жа і вял. князь літ.), якога пажыццёва выбірала шляхта абедзвюх дзяржаў. Збіраўся агульны сейм, але ВКЛ і Польшча захавалі асобныя дзярж. адміністрацыю, войска, фінансы, законы, мытную сістэму, дзярж. мовы. Л.у. дзейнічала да 1795.

А.​П.​Грыцкевіч.

т. 9, с. 398

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́РУТ ((Bierut) Баляслаў) (18.4.1892, Руры Езуіцкія, каля г. Люблін, Польшча — 12.3.1956),

палітычны і дзярж. дзеяч Польшчы. З 1912 удзельнік рэв. руху. З 1918 у Камуніст. партыі Польшчы. У 1930—32 дзеяч Камуніст. Інтэрнацыянала ў Аўстрыі, Чэхаславакіі і Балгарыі. У 1933—39 зняволены ў польск. турму. У час 2-й сусв. вайны ў падполлі ў Мінску, Кіеве, Беластоку (1939—44). У 1944—47 старшыня Краёвай Рады Нарадовай. У 1947—52 прэзідэнт ПНР і старшыня Дзярж. савета. У 1952—54 старшыня Савета Міністраў. З снеж. 1948 старшыня, з сак. 1954 першы сакратар ЦК ПАРП. Пры Беруце праводзілася прасавецкая палітыка ў Польшчы.

т. 3, с. 123

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗВЯЖДО́ЎСКІ (Людвік Міхайлавіч) (снеж. 1829, Вільня — 27.2.1864),

адзін з кіраўнікоў паўстання 1863—64 у Польшчы, Беларусі і Літве. Скончыў Акадэмію Генштаба (1859). З 1845 у арміі. Разам з З.​Серакоўскім і Я.​Дамброўскім уваходзіў у кіраўніцтва польскай рэв. арг-цыі ў Пецярбургу. З 1860 у Вільні, узначальваў К-т руху і Літоўскі правінцыяльны камітэт, меў уплыў на К-т рускіх афіцэраў у Польшчы. У крас. 1863 паўстанцкі ваен. начальнік Магілёўшчыны, кіраваў дзеяннямі Горацкага паўстанцкага атрада. З пач. 1864 паўстанцкі ваен. начальнік Сандамірскага ваяв. ў Польшчы і камандзір Кракаўскай дывізіі. Схоплены ўладамі і павешаны.

Г.​В.​Кісялёў.

т. 7, с. 42

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДА́НЦЫГ (Danzig),

нямецкая назва г. Гданьск у Польшчы.

т. 6, с. 48

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗО́СІК (Анатоль Ільіч) (н. 15.11.1924, в. Горка Драгічынскага р-на Брэсцкай вобл.),

поўны кавалер ордэна Славы. У Вял. Айч. вайну на фронце з сак. 1944. Удзельнік вызвалення Беларусі, Польшчы, баёў у Германіі. Камандзір стралк. аддзялення сяржант З. вызначыўся ў баях на тэр. Польшчы і Германіі. Да 1975 працаваў у органах МУС БССР.

т. 7, с. 114

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЗАЎША́НЕ,

заходнеславянскае племянное аб’яднанне. У 6—7 ст. засялілі сярэдняе Павісленне. Межавалі на ПнУ з яцвягамі. У 12 ст. М. згадваюцца ў «Аповесці мінулых гадоў» і ў хроніцы Гала Ананіма. Паводле ўзроўню сац.-эканам. становішча землі Мазовіі адставалі ад зямель Вялікай і Малой Польшчы. У 10 ст. пры Мешку I [960—992] Мазовія ўвайшла ў склад Велікапольскай дзяржавы. Пры Баляславе II [1034—37] мазавецкая знаць дамаглася поўнага аддзялення Мазовіі ад Польшчы, выбраўшы сваім князем Маіслава (Маслава, Мацлава). Казімір I, каб падпарадкаваць Мазовію, пайшоў на саюз з вял. кіеўскім кн. Яраславам Мудрым, які ў 1041, 1043, магчыма 1039, хадзіў на М. Да 1047 супраціўленне мазавецкай знаці задушана, Маіслаў забіты, Мазовія далучана да Польшчы. З 1138 Мазовіяй валодаў Баляслаў Кучаравы, пазней яго брат Конрад. Нашчадкі апошняга валодалі Мазовіяй да 14 ст. На працягу 13—14 ст. вял. кн. ВКЛ неаднойчы хадзілі на М. У 1526 Мазовія канчаткова ўвайшла ў склад Польшчы.

т. 9, с. 508

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУХА́НАЎ (Павел Аляксандравіч) (17.1.1798—28.12.1871),

расійскі дзярж. і вайсковы дзеяч, гісторык. Правадз. тайны саветнік, чл. Дзярж. савета (1861). Вучыўся ў Маскоўскім ун-це і Школе калонаважатых. З 1815 служыў у Генштабе. Удзельнік рус.-тур. вайны 1828—29, задушэння паўстання 1830—31 у Польшчы, Літве і Беларусі. У 1834 пакінуў вайсковую службу, заняўся публікацыяй рукапісаў, якія набыў у Польшчы. З 1842 віцэ-прэзідэнт Савета нар. адукацыі ў Польскім каралеўстве, з 1844 папячыцель Варшаўскай навуч. акругі, з 1856 гал. дырэктар урадавай камісіі ўнутр. і духоўных спраў. З 1869 старшыня Археаграфічнай камісіі ў Пецярбургу. Апублікаваў шмат дакументаў па гісторыі Польшчы і рас.-польскіх адносінах.

Д.​У.​Караў.

т. 11, с. 43

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУГ,

рака ў Беларусі, Украіне і Польшчы, гл. Заходні Буг.

т. 3, с. 304

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКАЕ ДЭМАКРАТЫ́ЧНАЕ АБ’ЯДНА́ННЕ (БДА),

палітычная партыя беларусаў у Польшчы. Створана ў 1990 на базе Бел. клуба (дзейнічаў з 1989). Устаноўчы кангрэс БДА (10.2.1990, Беласток, каля 100 дэлегатаў) прыняў праграму і статут, адозвы да бел. эміграцыі і Бел. нар. фронту «Адраджэньнне». Асн. мэта — выказванне патрабаванняў бел. насельніцтва Польшчы і абарона яго інтарэсаў. Кіруючы орган — гал. рада. Выдае бюлетэнь «Беларускія навіны».

т. 2, с. 395

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«АДРАВО́НЖ»,

прыватнаўласніцкі герб, якім карысталіся каля 60 родаў на Беларусі, Украіне, у Літве і Польшчы (Адравонжы, Аўгусціновічы, Высагерды, Кушалі, Капусты, Храптовічы, Шыдлавецкія і інш.). На чырвоным полі сярэбраная страла наканечнікам уверх і 2 вусамі ўніз; клейнод — на прылбіцы паўлінавыя пёры, на іх фоне такая ж страла ўбок. У Польшчы вядомы з 14 ст., у ВКЛ з 1413.

Герб «Адравонж».

т. 1, с. 127

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)