зрушэнне сустаўных канцоў касцей, што выклікае парушэнне функцыі сустава. Бывае поўнае ссоўванне сустаўных паверхняў (поўныя вывіхі) і частковае (няпоўныя вывіхі, падвывіхі). Адрозніваюць вывіхі траўматычныя, звычайныя, прыроджаныя і паталагічныя. Траўматычныя вывіхі бываюць ад ускосных або прамых мех. траўмаў з пашкоджаннем капсулы сустава і звязкі. Падзяляюцца на свежыя (да 3 дзён), нясвежыя (да 3—4 тыдняў) і застарэлыя (больш за месяц), у залежнасці ад стану скуры — на адкрытыя і закрытыя. Прыкметы: рэзкія болі ў пашкоджаным суставе, парушэнне яго функцыі і формы, канечнасць прымае змушанае становішча, мяняецца яе даўжыня. Лячэнне: тэрміновае ўпраўлянне вывіху, застарэлыя лечаць хірургічна. Звычайныя вывіхі найчасцей бываюць у плечавым суставе пасля няправільнага лячэння траўматычнага. Лячэнне хірургічнае. Прыроджаныя вывіхі — вынік няправільнага ўнутрычэраўнага развіцця плода (найчасцей адна- або двухбаковы вывіх сцягна). Вынік лячэння залежыць ад часу выяўлення такіх вывіхаў; позняе выяўленне патрабуе хірург. лячэння. Паталагічныя вывіхі ўзнікаюць ад развіцця ў поласці сустава ці ў сустаўных канцах касцей запаленчага працэсу, пры вялых паралічах канечнасцей ці артрапатыях. Лячэнне залежыць ад прычыны хваробы.
бел. вучоны-фізіёлаг. Акад.АН Беларусі (1974, чл.-кар. 1972), д-рбіял.н. (1970), праф. (1971). Засл. дз. нав. Беларусі (1978). Скончыў Бел.ін-тфіз. культуры (1954). З 1957 вучоны сакратар, з 1960 нам. дырэктара, адначасова (з 1970) заг. лабараторыі Ін-та фізіялогіі АН Беларусі. З 1973 Гал. вучоны сакратар Прэзідыума АН Беларусі, у 1978—87 віцэ-прэзідэнт АН Беларусі. Навук. працы па вывучэнні ўздзеянняў гравітацыі і вібрацыі на арганізм чалавека і жывёлы. Выявіў структурна-функцыян. арганізацыю некат. саматычных і вегетатыўных рэакцый арганізма на ўздзеянне дынамічных фактараў, вызначыў некат. механізмы ўзнікнення і развіцця гэтых рэакцый. Даследаваў ролю мацярынскага арганізма пры адаптацыі эмбрыёна і плода да пастаяннага ўздзеяння паскарэння і вібрацыі і механізмы фарміравання ў эмбрыягенезе і антагенезе кампенсаторных нейрагумаральных рэакцый арганізма на ўздзеянне гэтых фактараў.
Тв.:
Лабиринтные и экстралабиринтные механизмы некоторых соматических и вегетативных реакций на ускорение. Мн., 1969.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́ТКА (лац. uterus, metria),
палавы орган самак жывёл і жанчын. Уяўляе сабой расшыраную ч.яйцавода (полы мешка- ці каналападобны мышачны орган). У час цяжарнасці служыць для развіцця аплодненай яйцаклеткі, выношвання плода і плодавыгнання (родаў). Ёсць у некат. чарвей, членістаногіх, малюскаў, з пазваночных — у храстковых рыб, земнаводных, большасці паўзуноў і ў млекакормячых. У яйцародных жывёл (птушкі, паўзуны) у М. часова размяшчаюцца спелыя яйцы. Бывае парная (напр., у клаачных і сумчатых), двайная (у некат. грызуноў, сланоў і інш.), двухраздзельная (у некат. грызуноў, драпежнікаў, жвачных, свіней), двухрогая (у млекакормячых, многіх драпежнікаў, насякомаедных, кітападобных, парна- і няпарнакапытных), простая (у большасці рукакрылых, прыматаў і чалавека). У чалавека М. — дзетародны орган, размешчаны ў поласці малога таза жанчыны паміж прамой кішкай і мачавым пузыром. Мае дно, цела, шыйку, якая ахоплена похвай. Сценкі М. ўтвараюцца трыма абалонкамі: слізістай, мышачнай і серознай. Слізістая абалонка М. цыклічна зменьваецца (менструальны цыкл). М. забяспечваецца крывёю матачнымі артэрыямі, інервуецца галінамі матачнага нерв. спляцення.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́ЛЕР, Халер (Haller) Альбрэхт фон (16.10.1708, г. Берн, Германія — 12.12.1777), швейцарскі і нямецкі прыродазнавец, пісьменнік. Вучыўся ў Цюбінгенскім і Лейдэнскім ун-тах. З 1727 д-р медыцыны; у 1736—53 праф. Гётынгенскага ун-та, дзе заснаваў анатамічны т-р і бат. сад. У 1751 стварыў у Гётынгене Каралеўскае т-ва навук і быў яго прэзідэнтам. З 1753 у Берне. Прапанаваў сваю сістэму раслін, заснаваную на іх вонкавым выглядзе і будове плода. У галіне фізіялогіі эксперыментальна выявіў уласцівасці мышачных валокнаў. Унёс шэраг дапаўненняў да вучэння У.Гарвея, удакладніў сувязь розных звёнаў сістэмы кровазвароту. Яго зб. «Спробы швейцарскай паэзіі» (1732) адкрываецца паэмай «Альпы», у якой апяваецца прыгажосць гор. Аўтар вершаваных сатыр «Сапсаваныя норавы» (1731), «Модны герой» (1733), раманаў «Узонг» (1771), «Альфрэд, кароль англа-саксаў» (1773), «Фабій і Катон» (1774). Адзін са стваральнікаў ням. дыдактычна-метафізічнай паэзіі (паэмы «Думкі пра розум, забабоны і нявер’е», 1729; «Ілжывасць чалавечых дабрачыннасцей», 1730; «Аб паходжанні зла», «Пра вечнасць», абедзве 1734).
Літ.:
Гейман Б.Я. Галлер // История немецкой литературы. М., 1963. Т. 2.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАНО́ВЕР (Hannover),
горад у Германіі. Адм. ц. зямлі Ніжняя Саксонія. 524,8 тыс.ж. (1994). Трансп. вузел. Порт на р. Лайне і Сярэднегерманскім канале. Міжнар. аэрапорт. Прамысл. і гандл.-фін.цэнтр.Прам-сць: лакаматыва-, вагона-, аўта- і трактарабудаванне, агульнае машынабудаванне, эл.-тэхн., каляровая металургія, гумавая; прадпрыемствы хім., харч. (плода- і мясакансервавай, цукр. і інш.), тэкст., мэблевай, папяровай, паліграф. прам-сці. Метрапалітэн. Тэхн.ун-т. Оперны т-р. Акадэмія музыкі і т-ра. Гатычныя цэрквы (14 і 17 ст.) і Старая ратуша (15 ст.); рэнесансавы палац Герэнгаўзен (17—18 ст.). Штогадовы прамысл. кірмаш.
Упершыню ўпамінаецца каля 1100. У 1163 рэзідэнцыя герцага Генрыха Льва. З 1189 горад, гар. правы атрымаў у 1241. У 1360 пабудаваны замак. З 1386 чл. Ганзы. У 15 ст. Ганза — буйны цэнтр гандлю, суднаходства і прам-сці, у 16 ст. прыйшоў у заняпад. У 1532—33 уведзена Рэфармацыя. З 1636 сталіца княства Каленберг, з 1692 — курфюрства, з 1814 — каралеўства Гановер, з 1866 — адм. цэнтр прускай правінцыі. У 2-ю сусв. вайну моцна разбураны. З 1946 адм. цэнтр зямлі Ніжняя Саксонія.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛІГАФРЭНІ́Я (ад аліга... + грэч. phrēn розум),
разумовая недаразвітасць, прыроджаная ці набытая ў першыя гады жыцця дзіцяці. Прычыны: паталогія на ўзроўні генаў і храмасом, неспрыяльнае ўздзеянне экзагенна-арган. фактараў на мозг зародка, плода дзіцяці (алкагалізм бацькоў, таксікозы, асфіксія пры родах, нейраінфекцыі, чэрапна-мазгавыя траўмы і інш.). Найб. тыповыя прыкметы алігафрэніі — недаразвіццё абстрактна-лагічнага мыслення, зніжэнне памяці, малы запас слоў. Інтэлектуальная недастатковасць часта спалучаецца з заганамі развіцця органаў, сістэм, будовы цела. Адрозніваюць лёгкую, сярэднюю, цяжкую і глыбокую алігафрэнію
Дзеці з лёгкай ступенню разумовай адсталасці (дэбільныя) у стане авалодаць праграмай дапаможнай школы, моўнымі навыкамі і нескладанымі прафесіямі; каэф. інтэлектуальнага развіцця 50—69 балаў. Да сярэдняй ступені разумовай адсталасці (імбецыльнасць) адносяцца дзеці з каэф. інтэлектуальнага развіцця 35—49 балаў, здольныя авалодаць толькі элементамі мовы і навыкамі самаабслугоўвання. Сістэматычная вучэбная і прац. дзейнасць недаступная. Дарослыя самастойна жыць не могуць. Пры цяжкай ступені разумовай адсталасці (каэф. інтэлектуальнага развіцця 20—34 балы) інтэлектуальная недастатковасць больш выяўлена, парушана маторыка, ёсць фіз. дэфекты. Хворыя з глыбокай разумовай адсталасцю (ідыятыя) не маюць вышэйшых псіх. функцый, мова не развіваецца, увага не засяроджваецца, рэакцыя рэзка зніжана; каэф. інтэлектуальнага развіцця ніжэй за 20 балаў. Патрабуюць пастаяннага догляду. Лячэнне алігафрэніі сімптаматычнае.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КВЕ́ТКА,
орган размнажэння пакрытанасенных (кветкавых) раслін. У двухполай К. ўтвараюцца споры і гаметы, адбываецца апыленне і апладненне, развіццё зародка і фарміраванне плода з насеннем. Складаецца з кветаножкі, кветаложа (вось, на якой знаходзяцца ўсе элементы К.), чашачкі, вяночка, андрацэя (сукупнасць тычынак), гінецэя (сукупнасць пладалісцікаў, з якіх утвараецца песцік. У ніжняй ч. песціка (завязі) развіваюцца семязачаткі, потым насенне, завязь ператвараецца ў плод. Адрозніваюць К. правільныя, ці актынаморфныя (маюць некалькі плоскасцей сіметрыі), няправільныя, ці зігаморфныя (адна плоскасць сіметрыі), і асіметрычныя. Бываюць К. двухполыя (маюць тычынкі і песцікі) і, радзей, раздзельнаполыя (толькі тычынкі ці толькі песцікі). Расліны з тычынкавымі і песцікавымі К. — аднадомныя, расліны з адным відам К. (толькі тычынкі ці толькі песцікі) — двухдомныя. Бываюць К. верхавінкавыя, пазушныя, адзіночныя, сабраныя ў суквецці. Цвітуць ад 20—30 мін да 80 дзён. Эвалюцыя К. ішла ў цеснай сувязі з эвалюцыяй насякомых-апыляльнікаў.
Да арт.Кветка: I. Кветкі без калякветніка або з рэдукаваным калякветнікам: 1 — пшаніцы; 2 — вярбы (а — тычынкавая кветка, б — песцікавая кветка); 3 — ясеню; 4 — малачаю (а — тычынкавая кветка, б — песцікавая кветка). II. Правільныя актынаморфныя кветкі: 5 — энатэры; 6 — стрэлалісту; 7 — тытуню; 8 — званочку; 9 — цюльпану; 10 — нарцысу; 11 — адонісу. III. Зігаморфныя кветкі: 12 — кірказону; 13 — фіялкі; 14 — боцікаў; 15 — васілька; 16 — архідэі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЛІЗНЯ́ТЫ,
нараджэнне (амаль адначасовае) двух і болей дзяцей у чалавека і млекакормячых жывёл, для якіх характэрна аднаплоднасць. Блізняты могуць быць аднаяйцавыя (моназіготныя), развіваюцца з адной аплодненай яйцаклеткі — зіготы, і двух’яйцавыя (дызіготныя), развіваюцца з двух ці болей адначасова аплодненых яйцаклетак. Аднаяйцавыя блізняты заўсёды аднаполыя, маюць аднолькавы генатып, групу крыві і надзвычай высокую ступень падабенства. Двух’яйцавыя блізняты могуць быць адна- і разнаполыя, іх генатыпічнае і вонкавае падабенства не большае, чым паміж іншымі братамі і сёстрамі (сібсамі). Суадносіны паміж мона- і дызіготнымі блізнятамі ў чалавека вызначаюцца прыкладна як 1 і 2, нараджэнне двайнят у сярэднім складае 1 на 100 родаў (ад 0,6 у Японіі да 4,5 у Афрыцы), трайнят — прыкладна на 10 тыс., чацвярнят — на 1 млн.; вядомы выпадкі нараджэння 5 і 6 блізнят; шматплоднасць больш уласціва прадстаўнікам негроіднай расы, менш мангалоідам. Зніжэнне нараджэння блізнят у апошнія дзесяцігоддзі звязваюць з уплывамі сац.-быт. фактараў.
Сучасныя метады дыягностыкі дазваляюць устанавіць шматплоднасць у самыя раннія тэрміны цяжарнасці. Па даных гемелалогіі (навукі пра блізнят) асн. ролю ў вызначэнні шматплоднасці мае спадчыннасць. Па мацярынскай лініі перадаюцца ў спадчыну дызіготныя блізняты, па бацькоўскай — моназіготныя. Унутрывантробнае і пасляродавае развіццё блізнят вызначаецца шэрагам асаблівасцяў. У 70—75% выпадках аднаяйцавым блізнятам уласціва наяўнасць адной плацэнты і аднаго харыёна, у дызіготных блізнят яны асобныя для кожнага плода. Больш частыя (у 2 разы) у блізнят прыроджаныя заганы развіцця, магчымы выпадкі хімерызму, у аднаяйцавых — недаразвіццё або адсутнасць сэрца, спалучэнне крывяносных сістэм, няпоўнае раздзяленне тулаваў (гл.Сіямскія блізняты) і інш. У генетыцы вывучэнне ролі і ўзаемаадносін спадчыннасці і асяроддзя ў зменлівасці прыкмет і фарміраванні асобы (чалавека) складае сутнасць «блізнятнага метаду». У жывёлагадоўлі штучнаму рэгуляванню плоднасці свойскіх і інш. карысных жывёл надаецца гасп. значэнне.
Р.У.Дэрфліо.
Блізняты аднаяйцавыя (злева) і двух’яйцавыя.Да арт.Блізняты. Схематычнае адлюстраванне размяшчэння аднаяйцавых (1) і двух’яйцавых (2) блізнят у матцы.