«АНТЫКАМІНТЭ́РНАЎСКІ ПАКТ»,
дагавор паміж Германіяй і Японіяй, заключаны 25.11.1936 у Берліне на 5 гадоў. Пад знакам барацьбы з Камінтэрнам аформіў блок 2 дзяржаў, якія імкнуліся да гегемоніі ў свеце. Сакрэтнае пагадненне да «Антыкамінтэрнаўскага пакту» прадугледжвала сумесную барацьбу супраць СССР. Да «Антыкамінтэрнаўскага пакту» далучыліся Італія (6.11.1937), Венгрыя і марыянетачная «дзяржава» Маньчжоў-Го (24.2.1939), Іспанія (27.3.1939). Пакт садзейнічаў развязванню 2-й сусв. вайны і ў 1939—40 ператварыўся ў адкрыты ваен. саюз Германіі, Італіі і Японіі (гл. Берлінскі пакт 1940). Пасля пралангацыі пакта 25.11.1941 на 5 гадоў да яго далучыліся яшчэ некалькі краін. Перамога краін Антыгітлераўскай кааліцыі ў 2-й сусв. вайне спыніла існаванне «Антыкамінтэрнаўскага пакту».
т. 1, с. 397
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЛЕНСКА-РА́ДАМСКАЯ У́НІЯ 1401,
дзяржаўны і паліт, саюз ВКЛ і Польшчы. Дакумент пра заключэнне уніі быў падпісаны князямі і панамі ВКЛ 18.1.1401 у Вільні, у Польшчы — 11 сак. ў Радаме. Паводле пагаднення абедзве дзяржавы павінны былі дзейнічаць разам супраць знешніх ворагаў, польскія феадалы абавязваліся ў выпадку смерці Ягайлы не выбіраць караля без згоды феадалаў ВКЛ, пацвярджаліся правы вял. князя ВКЛ Вітаўта на самаст. кіраванне, але таксама прызнаваліся спадчынныя правы Ягайлы, які ў акце уніі названы найвышэйшым князем літоўскім. Уніяй быў юрыдычна замацаваны саюз дзяржаў у барацьбе з ням. агрэсіяй. Адным з вынікаў уніі стала перамога ў Грунвальдскай бітве 1410.
І.А.Юхо.
т. 4, с. 163
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАМСАРА́ЕЎ (Хоца Намсараевіч) (9.5.1889, Кіжынгінскі аймак, Бурація — 28.7.1959),
бурацкі пісьменнік. Друкаваўся з 1919. Аповесць «Цырэмпіл» (1935) і раман «На досвітку» (1950) пра ўстанаўленне сав. улады. Падзеям Вял. Айч. вайны прысвечаны аповесці «Прамень перамогі» (1942), «Залатая страла» (1944), зб. вершаў «Перамога» (1942). Аўтар зб. апавяданняў па матывах бурацкай нар. творчасці «Так было...» (1935), п’ес «Цемра» (1919), «Цёмнае жыццё» (1921), аповесцей для дзяцей «Юнакі» (1949), «Тры таварышы» (1950) і інш. Збіраў і даследаваў бурацкі фальклор.
Тв.:
Рус. пер. — Цыремпил. М., 1989;
На утренней заре. Так было. Однажды ночью. Улан-Удэ, 1989;
Сагадай Мэрген. М., 1990.
Літ.:
Соктоев А.Б. Хоца Намсараев. Улан-Удэ, 1971.
т. 11, с. 138
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЫ́МНІК (Rîmnic),
рака ў Румыніі (прыток р. Сірэт), пры якой 22.9.1789 адбылася бітва ў час рус.-тур. вайны 1787—91. Рус.-аўстр, войскі (25 тыс. чал., з іх 7 тыс. рускіх) пад агульным камандаваннем А.В.Суворава перамаглі ўчацвёра большую тур. армію (каля 100 тыс. чал.) вял. візіра Юсуф-пашы, якую знянацку атакавалі і разбілі ў 4 лагерах паміж рэкамі Рымна і Р. Рускія і аўстрыйцы страцілі каля 700 чал., туркі, паводле розных звестак, ад 6 да 20 тыс. забітымі і параненымі. Перамога каля Р., за якую Сувораў атрымаў тытул графа Рымнікскага — узор разгрому намнога большых сіл праціўніка ў выніку рашучых, імклівых дзеянняў войск і палкаводца.
т. 13, с. 510
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«КАЛЕВІПО́ЭГ»,
эстонскі нацыянальны эпас. Складзены і выд. ў 1857—61 эст. пісьменнікам Ф.Крэйцвальдам на аснове нар. казанняў пра волата-велікана Калевіпоэга. Уключае 20 песень, вершаваны памер якіх блізкі да памеру «Калевалы», з яго запазычаны таксама некат. сюжэты і персанажы.
Асн. фалькл. сюжэты — перамога Калевіпоэга над нячыстай сілай, будаўніцтва гіганцкага моста і інш. — падпарадкаваны гал. тэме барацьбы героя з сіламі пекла і захопнікамі-крыжакамі («жалезнымі людзьмі»). Лёс героя — эпічнае адлюстраванне гіст. лёсу народа, а сам ён, прыкаваны да пякельнай брамы (так заканчваецца «К.»), сімвалізуе нязломную сілу і імкненні эст. народа да свабоды. Ідэі эпасу сталі вызначальнымі ў працэсе фарміравання нац. эст. л-ры і нац.-вызв. руху ўвогуле.
Публ.: Рус. пер. — Калевипоэг. Таллин, 1961.
т. 7, с. 458
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРАСНАПО́ЛЬСКАЕ ПАТРЫЯТЫ́ЧНАЕ ПАДПО́ЛЛЕ ў Вялікую Айчынную вайну.
Дзейнічала з крас. 1942 да вер. 1943 на тэр. Краснапольскага р-на Магілёўскай вобл. Кіраўнік С.П.Паршын. Складалася з жыхароў г.п. Краснаполле, в. Вял. Хутары, Маластоўка, Турэйск і б. ваеннаслужачых (усяго 18 чал.). Падпольшчыкі трымалі сувязь з 41-м партыз. атрадам і 47-й партыз. брыгадай «Перамога», перадавалі ім разведданыя, атрымлівалі ад іх лістоўкі і газеты, запісвалі па радыё зводкі Саўінфармбюро, друкавалі іх на машынцы і распаўсюджвалі сярод насельніцтва, знішчылі тэлеф. сувязь у паліцыі і камендатуры. 7.11.1942 падпольшчыку І.П.Галярку, што працаваў тэхнікам на мясц. радыёвузле, удалося настроіць апаратуру на Маскву і ўключыць у трансляцыйную сетку; акупанты арыштавалі і павесілі патрыёта.
т. 8, с. 459
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІНЬЕ́ ((Mignet) Франсуа Агюст Мары) (8.5.1796, г. Экс-ан-Праванс, Францыя — 24.3.1884),
французскі гісторык. Чл. Акадэміі маральных і паліт. навук (1833), чл. Франц. акадэміі (1836). Атрымаў юрыд. адукацыю, адвакат (з 1818). Прыхільнік канстытуцыйнай бурж. манархіі, выступаў супраць панавання Бурбонаў. Удзельнік Ліпеньскай рэвалюцыі 1830. У 1830—48 дырэктар Архіва Мін-ва замежных спраў. Разам з А.Цьеры, А.Цьерам і Ф.Гізо заснаваў тэорыю класавай барацьбы. Разглядаў барацьбу класаў як гал. рухавік гіст. падзей, лічыў, што яе завяршэннем павінна быць перамога буржуазіі. У гал. працы «Гісторыя французскай рэвалюцыі» (т. 1—2, 1824) абгрунтоўваў гіст. непазбежнасць і плённасць рэвалюцыі. Аўтар кніг па гісторыі 16 ст. «Гісторыя Марыі Сцюарт» (1851), «Барацьба Францыска I з Карлам V» (т. 1—2, 1875).
т. 10, с. 459
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕКРАШЭ́ВІЧ (Леанід Міхайлавіч) (н. 12.5.1948, в. Убалаць Калінкавіцкага р-на Гомельскай вобл.),
бел. спявак (барытон). Засл. арт. Беларусі (1999). Скончыў Бел. кансерваторыю (1975, клас М.Зюванава). З 1975 саліст Дзярж. акад. хар. капэлы Беларусі імя Р.Шырмы, з 1976 — Ансамбля песні і танца Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь. Валодае голасам прыемнага тэмбру вял. дыяпазону. Першы выканаўца песень бел. кампазітараў У.Будніка («Абаронцы»), Л.Захлеўнага («Радзіма мая», «Уручча»), І.Лучанка («Без весткі прапаўшы»), А.Чыркуна («Перамога»). У рэпертуары таксама творы інш. бел., рас. кампазітараў, арыі з класічных опер і аперэт, апрацоўкі бел., рус., цыганскіх і інш. нар. песень. Стварыў шэраг запісаў на Бел. радыё. Прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1977.
Л.А.Сівалобчык.
т. 11, с. 279
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРМЯ́НСКАЕ ПАТРЫЯТЫ́ЧНАЕ ПАДПО́ЛЛЕ ў Вялікую Айчынную вайну.
Дзейнічала са жн. 1941 да ліст. 1943 у Кармянскім р-не Гомельскай вобл. Аб’ядноўвала 39 чал., 4 падп. арг-цыі і групы ў вёсках: Бель (кіраўнік І.П.Калякін), Валынцы (Т.І.Абатурава, В.Я.Паўлава), Гарадок (У.І.Майсейкаў, А.А.Вішнеўскі), Струмень (А.І.Хадановіч). Падпольшчыкі збіралі для партызан зброю, боепрыпасы, рыхтавалі людскія рэзервы, праводзілі сярод насельніцтва паліт. работу, вялі разведку, падтрымлівалі сувязь з Кармянскім партыз. атрадам, брыгадамі 10-й Журавіцкай і № 47 «Перамога», забяспечвалі партызан праваднікамі, дакументамі, арганізавалі лодачную пераправу цераз р. Сож. У перыяд блакады партыз. зоны карнікамі ў ліп.—жн. 1942 падпольшчыкі дапамагалі партызанам выходзіць з акружэння, знішчылі лінію сувязі на ўчастку Карма—Літвінавічы, прымалі ўдзел ў разгроме мясц. паліцэйскага ўчастка.
т. 8, с. 78
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУСНІ́ЦКІ ((Muśnicki) Нікодам) (16.2. 1765, Літва — 16.1.1805),
польскі паэт, драматург, гісторык. Жыў на Беларусі. Вучыўся ў Полацку і Оршы. Выкладаў рыторыку, франц. мову і філасофію ў Мсціславе і Віцебску. З 1800 выкладчык тэалогіі ў Полацкім езуіцкім калегіуме. Для полацкага школьнага т-ра пісаў камедыі («Дзівак», «Падазронасць») і трагедыі («Смерць Цыцэрона», «Флавій» і інш.). У Полацку выйшлі яго зб-кі «Тэатральныя забаўкі» (т. 1—2, 1803) і «Больш дробныя паэтычныя забаўкі» (1804), у якіх выразна праявіліся стылявыя рысы класіцызму. Аўтар падручнікаў, гісторыі езуітаў на Беларусі (рукапіс). Яго эпічная паэма «Палтава» (Полацк, 1803), у якой услаўляецца перамога рус. войск над шведамі, выклікала ў 1817—18 вострую ідэйную палеміку паміж прыхільнікамі асветніцтва і езуітамі. Выступаў за пашырэнне асветы, збліжэнне Беларусі з Расіяй.
А.В.Мальдзіс.
т. 11, с. 39
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)