МАРКАВЕ́Ц-БА́РТЛАВА (Валянціна Пятроўна) (н. 24.8.1951, в. Янкі Докшыцкага р-на Віцебскай вобл.),
бел. мастак дэкар.-прыкладнога мастацтва. У 1978—86 мастак Барысаўскага камбіната прыкладнога мастацтва. З 1988 выкладае ў Бел.АМ (з 1991 заг. кафедры). Працуе ў галіне габелена ў тэхніцы аўтарскага ручнога ткацтва. Творы вызначаюцца выкарыстаннем традыцый бел.нар. ткацтва і арнаментыкі, імкненнем перадаць праз разнастайнасць фактуры і каларыту, эксперыменты з матэрыяламі прыгажосць роднай зямлі, сувязь мінуўшчыны з сучаснасцю: «Жнівень» (1977), «Адчуванне» (1978), «Гаспадар пушчы» (1980), «Імгненне паэта» (1981), «Песні Купалля» (1982), «Раўбічы» і «Асеннія рытмы» (абодва 1983), «Канаплянкі» (1984), «Адраджэнне» (1987), дыпціх «Набат» і прасторавая кампазіцыя «Успаміны» (абодва 1988), «Поле экалогіі» (1989), «Парасткі» (1990), «Ралля» (1993), «Белыя кветкі ў чырвонай вазе» і «Сум» (абодва 1995), «Крумкачы» (1996) і інш. Аўтар манум. габелена «Белавежская пушча» (1990) для рэабілітацыйнага цэнтра Мін-ва аховы здароўя Беларусі, серыі «Вытокі» (1998—99, з Л.Бартлавым) для адм. корпуса БДУ, сцэн. касцюмаў для ансамбляў «Песняры», «Харошкі» і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕЙ (Леў Аляксандравіч) (25.2.1822, Масква — 28.5.1862),
рускі паэт. Скончыў Царскасельскі ліцэй (1841). Служыў чыноўнікам, з 1852 у адстаўцы. Друкаваўся з 1840. Ранняя яго творчасць дэкларавала ідэал мастацтва, свабоднага ад грамадскай надзённасці. Паступова паэт наблізіўся да грамадз. лірыкі (верш «Вечавы звон», апубл. ананімна 1858, распаўсюджваўся ў спісах). Вершам у стылі нар. песень, на ант. і біблейскія тэмы, інтымнай лірыцы ўласцівы шчырасць пачуцця, уменне перадаць складаныя рухі душы. Значную ролю ў развіцці рус. драматургіі адыгралі яго гіст. драмы ў вершах «Царская нявеста» (1849), «Пскавіцянка» (1860), на сюжэты якіх М.Рымскі-Корсакаў стварыў аднайм. оперы. Аўтар паэмы «Юдзіф» (1855), паэт. пералажэнняў «Песні песняў» (цыкл «Яўрэйскія песні», 1849—60), «Слова аб палку Ігаравым» (1841—50), нарысаў, апавяданняў. Перакладаў на рус. мову творы Г.Гейнэ, У.Шэкспіра, І.В.Гётэ, П.Беранжэ, Дж.Байрана, А.Міцкевіча, Анакрэонта, Т.Шаўчэнкі і інш. Многія вершы М. пакладзены на музыку М.Глінкай, П.Чайкоўскім, А.Барадзіным, М.Мусаргскім, С.Рахманінавым і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІНАЧЭ́Т УГА́РТЭ ((Pinochet Ugarte) Аўгуста) (н. 25.11.1915, г. Вальпараіса, Чылі),
ваенны і дзярж. дзеяч Чылі. Скончыў Ваен. акадэмію Чылі (1936). Генерал. У 1956—58 ваен. аташэ пры пасольстве Чылі ў ЗША. У 1959—64 нам.нач.Ваен. акадэміі Чылі. З 1968 нач. штаба, з 1969 камандзір дывізіі, з 1972 нач. штаба сухап. войск, са жн. 1973 каманд.сухап. войскамі Чылі. 11.9.1973 здзейсніў ваен. пераварот, у выніку якога скінуты ўрад «Народнага адзінства» і загінуў прэзідэнт С.Альендэ Госенс.
Узначаліў ваен. хунту (савет), у снеж. 1974 абвешчаны прэзідэнтам Чылі. Разам з жорсткімі паліт. рэпрэсіямі і масавымі грубымі парушэннямі правоў чалавека (у 1973—74 больш за 130 тыс.чал. арыштаваны, многія загінулі) праводзіў курс на эканам. рэформы, якія ператварылі эканоміку Чылі ў адну з найб. дынамічных у Лац. Амерыцы. У 1988 прайграў рэферэндум па працягванні сваіх прэзідэнцкіх паўнамоцтваў, у 1989 прэзідэнцкія выбары. У 1990 вымушаны перадаць уладу цывільнаму прэзідэнту, захаваўшы да 1998 пасаду галоўнакаманд. ўзбр. сіламі. З 1998 пажыццёвы сенатар.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІО́ ((Viau) Тэафіль дэ) (сак. або май 1590, Клерак, каля г. Ажэн, Францыя — 25.9.1626),
французскі паэт; прадстаўнік ліберцінажу (вальнадумства). Працаваў у жанрах санета, оды, эпіграмы, элегіі. Аўтар «Трактата пра бяссмерце душы», трагедыі «Пірам і Фісба» (1617, паст. 1625), вальнадумных і сатыр. вершаў, змешчаных у калектыўным зб-ку «Сатырычны Парнас» (1622), выданне якога стала падставай для ганенняў на паэта, арганізаваных езуітамі. У 1623 яму вынесены смяротны прыгавор, заменены ў 1625 пажыццёвай ссылкай. Ганенні і турма — прычына заўчаснай смерці Віо. У яго лірыцы па-барочнаму пераплецены вытанчанасць і метафарычнасць з канкрэтнасцю і рэалістычнасцю, экзальтаванасць з іранічнасцю. Віо ўпершыню ў франц. паэзіі змог перадаць паяднанне прыроды і душы чалавека. Лепшыя яго вершы прасякнуты духам унутр. свабоды, няскоранасці і адлюстроўваюць асабістую драму («Санет Тэафіля на яго выгнанне», «Ліст да брата», «Шыбеніца», «Стансы» і інш.).
Тв.:
Рус.пер. — [Стихи] // Европейская поэзия XVII в. М., 1977;
[Стихи] // Колесо фортуны: Из европейской поэзии XVII в. М., 1989.
Літ.:
Виппер Ю.Б. Французская литература первой трети XVII в. // История всемирной литературы. М., 1987. Т. 4
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛА́ТНЕР (Ісак) (Айзік Хаімавіч; 17.11.1895, г. Саколаў-Падляскі, Польшча — 26.7.1961),
яўрэйскі пісьменнік. З 1918 у ЗША. Скончыў яўр. настаўніцкую семінарыю ў Нью-Йорку (1927). З 1932 у СССР. З 1933 у Мінску, працаваў у Бел. радыёкамітэце, у 1937—41 — у газ. «Октобэр» («Кастрычнік»). У 1949 рэпрэсіраваны, рэабілітаваны ў 1956. Друкаваўся з 1918. Пісаў на яўр. і бел. мовах. Першая кн. «Пра што расказвае дзень» (1930, Нью-Йорк). Аўтар зб-каў вершаў «З Амерыкі» (1934), «Сонца на парозе» (1940), кнігі апавяд. «Самае дарагое» (1948), паэм і інш. Яго творам уласціва гуманіст. накіраванасць, імкненне перадацьунутр. свет чалавека. Пісаў для дзяцей, перакладаў з англ. і ням. моў. На бел. мову яго асобныя вершы пераклалі М.Аўрамчык, А.Вольскі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАСТРЭ́ЛІ ((Rastrelli) Барталамео Карла) (1675, г. Фларэнцыя, Італія —29.11.1744),
італьянскі скульптар, прадстаўнік барока. Каля 1700 пасяліўся ў Парыжы, працаваў у манум. скульптуры, якая вызначалася павышанай дэкаратыўнасцю (надмагілле маркіза дэ Пампон у царкве Сен-Мэры, 1703—06, не захавалася). У 1716 па запрашэнні Пятра I прыехаў у Пецярбург для выканання скульпт. і арх. работ, стварэння садоў, фантанаў, тэатр. механізмаў, дэкарацый і навучання гэтаму рус. майстроў. Фактычна працаваў у галіне скульптуры. Барочную параднасць і пышнасць, імкненне перадаць фактуру матэрыялу спалучаў з праўдзівасцю і пераканаўчасцю характарыстыкі мадэлі: партрэты А.Д.Меншыкава (1716—17), Пятра I (1723), невядомага (магчыма, аўтапартрэт, 1732), Ганны Іаанаўны з арапчонкам (1733—41). Аўтар коннай статуі Пятра I у Пецярбургу (1743—44, устаноўлена ў 1800 перад Інжынерным замкам). Удзельнічаў у афармленні Вял. каскада ў Пецяргофе (маскароны і інш., 1721—23), у стварэнні мадэлі Трыумфальнага стаўпа ў гонар Пятра I і Паўн. вайны (пачаты ў 1721).
Літ.:
Архипов Н.И., Раскин А.Г. Бартоломео Карло Растрелли, 1675—1744. Л.;
М., 1964;
Петинова Е.Ф. Бартоломео Карло Растрелли. Л., 1979.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГІЛЁЎСКІЯ ПАЎСТА́ННІ 1606—10,
выступленні рамеснікаў і гар. беднаты Магілёва супраць магістрата. Прычынай выступлення 1606 сталі злоўжыванні ўладай і хабарніцтва магістрата, непасільныя падаткі і грашовыя паборы. Яго ўзначаліла група рамеснікаў пад кіраўніцтвам старасты цэха саладоўнікаў Стахора Мітковіча. 20 і 22.6.1606 некалькі соцень гараджан запатрабавалі спыніць злоўжыванні асобных членаў гар. рады, а 25.6.1606 выступілі супраць усяго магістрата і войта. 15 ліп. яны скінулі раду і абралі новы склад магістрата. Паводле скаргі скінутай рады ў войтаўскі суд войт Я.Валовіч 11.9.1606 адхіліў новы склад рады і прызначыў новыя выбары. Аднак рашэнне войта не было выканана. Жыгімонт III у лісце да гараджан вызначыў, што канфлікт павінен быць вырашаны ў каралеўскім судзе. 22.8.1608 у канцылярыі ВКЛ пры ўдзеле канцлера Л.Сапегі паміж упаўнаважанымі абодвух складаў магістрата была падпісана дамова, згодна з якой новая рада, за выключэннем бурмістра Ходкі Багдановіча, прыгаворанага каралеўскім дэкрэтам да смяротнага пакарання, павінна была «дабыць свой тэрмін» і перадаць уладу ранейшаму складу рады, што і было зроблена. Аднак барацьба ў горадзе працягвалася. У 1610 да судовай адказнасці былі прыцягнуты арганізатары новага выступлення, якія ўзначалілі напад на ратушу: 5 чал. былі пакараны смерцю, астатнія — турэмным зняволеннем, выгнаннем з горада і канфіскацыяй маёмасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІЛЖЭДЗМІ́ТРЫЙ I (каля 1581—17.5.1606),
рускі цар [1605—06]. Самазванец, выдаваў сябе за царэвіча Дзмітрыя, малодшага сына цара Івана IV, які ў 1591 быццам бы пазбег смерці ва Углічы. Асоба І. I не высветлена. Існуе версія, што ён — збеглы манах маскоўскага Чудава манастыра Рыгор Атрэп’еў з дваранскага роду Атрэп’евых, продкі якіх выехалі з Беларусі ў Маскоўскае княства. Выступіў як прадстаўнік апазіц. цару Барысу Гадунову маскоўскага баярства (князёў Раманавых, Чаркаскіх і інш.) і патрыярха. Паводле інш. звестак яго падтрымліваў канцлер ВКЛ Л.Сапега. У 1601 І. I знаходзіўся ў Кіеве, Астрогу, Брагіне, дзе ў 1603 заручыўся падтрымкай уладальніка горада кн. А.Вішнявецкага. У 1604 з дапамогаю караля Рэчы Паспалітай Жыгімонта III Вазы авалодаў паўд. і паўд.-ўсх.ч. Рускай дзяржавы, заняў Маскву і 21.7.1605 каранаваны як цар Дзмітрый I Іванавіч. Быў адукаваным чалавекам, ведаў некалькі моў і вайск. справу. Адмовіў Рэчы Паспалітай у праве на валоданне Смаленскай і Северскай землямі, якія раней абяцаў перадаць за падтрымку яго выступлення. У знешняй палітыцы намагаўся стварыць антытур. кааліцыю. Забіты змоўшчыкамі-баярамі на чале з В.І.Шуйскім у час нар. паўстання.
Літ.:
Соловьев С.М. Соч.Кн. 4. История России с древнейших времен, т. 7—8. М., 1989;
Скрынников Р.Г. Самозванцы в России в начале XVII в.: Григорий Отрепьев. 2 изд. Новосибирск, 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ПЕСНЯРЫ́»,
бел. вакальна-інструментальны ансамбль. Створаны ў 1969 пры Бел. філармоніі, з 1985 Дзярж.бел. эстрадны ансамбль «П.» Маст. кіраўнік У.Г.Мулявін. Ансамбль вылучаецца экспрэсіўнасцю выканання, каларытнасцю гучання. Творчасці характэрны апора на нац. традыцыі, творчы пошук, падпарадкаванасць мелодыцы і паэт. сэнсу песеннага сказа, уменне перадаць фальклорныя песенныя інтанацыі сучаснымі сродкамі. У рэпертуары апрацоўкі бел.нар. песень («Ой, рана на Йвана», «Перапёлачка», «Касіў Ясь канюшыну», «Купалінка», «А ў полі вярба», «Рэчанька», «Хлопец пашаньку пахае», «Як я ехаў да яе», цыкл каляндарна-абрадавых), творы бел. кампазітараў («Спадчына», «Хатынь», «Алеся», «Вераніка», «Мой родны кут», «Жураўлі на Палессе ляцяць», паэма-легенда «Гусляр» І.Лучанка, «Ты мне вясною прыснілася», «Явар і каліна» Ю.Семянякі, «Александрына», «Завушніцы», «Балада пра чатырох заложнікаў», муз. паэма «Песня пра долю», цыкл песень на вершы Я.Купалы, песенныя праграмы з муз. Мулявіна «Праз усю вайну», «Ва ўвесь голас», «Вянок» паводле твораў М.Багдановіча, «Голас душы» на нар. тэксты і інш.). У розныя гады ў склад ансамбля ўваходзілі засл. арт. Беларусі Л.Барткевіч, В.Дайнэка, А.Дзямешка, А.Кашапараў, У.Місевіч, І.Пеня, Л.Тышко. У 1990-я г. склад П. цалкам абноўлены. Прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1976. 1-я прэмія міжнар. фестывалю песні «Залаты леў» у Лейпцыгу (1973), лаўрэат II фестывалю паліт. песні ў Хельсінкі (1978).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛЕНЭ́Р (ад франц. plein air вольнае паветра),
1) жывапіс на адкрытым паветры, звязаны з непасрэдным вывучэннем натуры з мэтай найб. поўнага ўзнаўлення яе аблічча. Дазваляе перадаць у карціне багацце і разнастайнасць градацый колеру, каляровых ценяў, нюансаў, абумоўленых уздзеяннем сонечнага святла і станам атмасферы. Рысы пленэрнага жывапісу вядомы з эпохі Адраджэння. Як замаст. творчы метад П. склаўся ў 19 ст. ў творчасці Дж.Констэбла (Вялікабрытанія), К.Каро (Францыя), А.Іванава (Расія), мастакоў Барбізонскай школы. Найб. паслядоўна і сістэматычна праблемы пленэрнага жывапісу былі распрацаваны майстрамі імпрэсіянізму, у творах якіх святло і паветра набылі самаст. значнасць. На Беларусі творы ў П. стварылі І.Ахрэмчык, А.Бархаткоў, В.Бялыніцкі-Біруля, С.Жукоўскі, Я.Зайцаў, У.Кудрэвіч, П.Масленікаў, В.Цвірка і інш. У наш час П. — адзін з асн. элементаў маст. навучання.
2) Маст. акцыя, якая аб’ядноўвае шэраг мастакоў для сумеснай працы. П. звычайна прысвечаны памяці славутых мастакоў з мэтай ушанавання іх творчасці, прапаганды мастацтва, стварэння маст. калекцый (творы, як правіла, застаюцца ў месцы правядзення П.). Вылучаюць таксама П. скульптуры, дзіцячай творчасці і інш. На Беларусі пашырыліся ў 1990-я г. (П., у т. л.міжнар., памяці Бялыніцкага-Бірулі, Я.Драздовіча, К.Малевіча, Масленікава, М.Неўрава, Ф.Рушчыца, М.Шагала і інш.).