помнік архітэктуры рэнесансу. Пабудаваны каля 1620 (па інш. звестках у 1649) А.С.Вінкаю-Ратомскім у в. Замосце (Слуцкі р-н Мінскай вобл.). У 17 ст. пры З.к. была місія езуітаў, у 1865 забраны пад царкву. Мураваны 1-нефавы храм складаецца з квадратнага ў плане асн. аб’ёму, 5-граннай алтарнай апсіды і вежападобнага бабінца. Сцены нефа аздоблены тонкімі пілястрамі і завершаны прафіляваным карнізам. Вокны высокія, з паўцыркульным завяршэннем. Бабінец з трохвугольным франтонам і руставаным арачным уваходам, верагодна, перабудаваны ў 19 ст. Над ніжнім ярусам крыжовае скляпенне, вокны з лучковымі завяршэннямі. Грані апсіды прымыкаюць да нефа пад косым вуглом, па баках — выцягнутыя ўпоперак сакрысціі (рызніцы).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ЛАЦКІ ЖЫЛЫ́ ДОМ, дом Пятра I,
помнік архітэктуры з элементамі стылю барока ў г. Полацк Віцебскай вобл. Пабудаваны ў 1692 у цэнтры горада як жылы (на мяжы 18—19 ст.перабудаваны). Мураваны 1-павярховы (з паўпадвальным паверхам) будынак мае ў плане форму няправільнага прамавугольніка. Плоскасці сцен прарэзаны высокімі прамавугольнымі аконнымі праёмамі з ліштвамі і фігурнымі сандрыкамі, цэнтр.ч.гал. фасада — 2 прафіляванымі філёнгамі. Тарцовы фасад завершаны фігурным атыкам з ляпнымі разеткамі (перароблены ў 19 ст.). Парадныя ўваходныя дзверы дэкарыраваны расл. арнаментам і маскаронамі (разьба па дрэве). У доме ў 1705 жыў Пётр I. Перад будынкам пастаўлены помнік Л.Талстому. П.ж.д. уваходзіць у Полацкі гісторыка-культурны музей-запаведнік.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКАЯ ЦАРКВА́ СВЯТО́ГА ДУ́ХА І БАЗЫЛЬЯ́НСКІЯ МАНАСТЫРЫ́,
помнік архітэктуры рэнесансу ў Мінску.
Засн. ў 1616 на Высокім рынку (цяпер пл. Свабоды). Комплекс уключаў будынак царквы, жылыя карпусы мужчынскага і жан. манастыроў, гасп. пабудовы, быў абнесены мураванай сцяной; выкарыстоўваўся таксама ў абарончых мэтах. Царква Святога Духа (закладзена пасля 1636) — 1-нефавы бязвежавы храм, накрыты высокім 2-схільным дахам (тарцы закрыты аднолькавымі па вышыні і канфігурацыі шчытамі) з 5-граннай алтарнай апсідай.
Гал. фасад падзелены 4 пілястрамі карынфскага ордэра на 3 часткі. У цэнтр.ч. знаходзіўся партал, над ім — паўцыркульнае акно з ляпнымі ліштвамі, абапал яго плоскія нішы аналагічнай формы. Інтэр’еры царквы ўпрыгожаны 5 драўлянымі і мураванымі разнымі алтарамі з жывапіснымі кампазіцыямі. На хорах быў арган (майстар Л.Клімовіч, 1779). У 2-й пал. 18 ст. інтэр’еры рэканструяваны (майстры: муляр Р.Сніджнецкі, мазаічнік Я.Будрэвіч). З 1795 вядома як Петрапаўлаўскі сабор. Пасля пажару 1835 перабудавана ў псеўдарус. стылі (1846—50, арх. Г.Валерт). Новы іканастас зроблены І.Ягоравым, абразы — Ф.Бруні і Г.Зубковым. Рэканструяваны ў 1895—97 (арх. Я.Марозаў, В.Струеў). На ПдУ комплексу знаходзіўся Мінскі Святадухаўскі манастыр базыльянак, які злучаўся з царквой крытай галерэяй, у 1650 да паўн.-зах. фасады царквы прыбудавана капліца манастыра. З ПдУ да царквы прымыкаў 3-павярховы прамавугольны ў плане корпус мужчынскага манастыра. З 1795 у ім знаходзілася рэзідэнцыя правасл. архіепіскапа, у 1799 перабудаваны ў дваранскае вучылішча (арх. Ф.Крамер; дабудаваны 3-павярховы флігель з 2-светлавой тэатр. залай, існавала ў 1799—1817), якое ў 1803 ператворана ў мужчынскую гімназію. У 1852 корпус перабудаваны і прыстасаваны пад адм. будынак. Царква ўзарвана ў 1936.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРО́ДЗЕНСКІЯ ЛЯ́МУСЫ,
помнікі гасп. і жыллёвай архітэктуры. Лямус у двары Гродзенскага кляштара брыгітак пабудаваны ў 1630-я г. ў стылі ранняга барока; помнік драўлянага дойлідства. Двухпавярховы прамавугольны ў плане будынак з масіўных драўляных брусоў на бутавым падмурку накрыты высокім вальмавым гонтавым дахам. Гал. фасад аздоблены 2-яруснай галерэяй з балюстрадай на 2-м паверсе. Матыў аркады ствараюць слупы з падкосамі. Першы паверх прызначаўся для гасп. мэт, 2-і — для жылля. Лямус (вул. Дзяржынскага) пабудаваны ў 2-й пал. 18 ст. Двухпавярховы прамавугольны ў плане будынак накрыты высокім вальмавым дахам. На гал. і бакавым фасадах — мансарды. Гал. фасад сіметрычны, з невял. рызалітамі ў цэнтры. У 1939 перабудаваны пад жылы дом, інтэр’ер зменены.
Да арт.Гродзенскія лямусы. Лямус у двары кляштара брыгітак.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАСВІ́РСКІ ТРО́ІЦКІ КАСЦЁЛ І КЛЯ́ШТАР КАРМЕЛІ́ТАЎ,
помнік архітэктуры пач. 18 ст. Пабудаваны ў 1713—14 у в. Засвір (Мядзельскі р-н Мінскай вобл.) у стылі барока. Касцёл — мураваны 1-нефавы храм з 2-вежавым гал. фасадам і паўкруглай алтарнай апсідай, накрыты высокім 2-схільным дахам. Дэкар. аздоба сканцэнтравана на гал. фасадзе: плоскія прамавугольныя і паўцыркульныя нішы, трохвугольны атыкавы франтон і фігурныя завяршэнні вежаў. З Пн да касцёла прылягае мураваны П-падобны ў плане 1-павярховы будынак кляштара, які ўтварае замкнёны ўнутраны двор. У баку ад касцёла стаіць невял. мураваная брама і вежа-званіца. У 1865—1920 касцёл быў перабудаваны пад царкву. У 1994 касцёл і частка кляштара адноўлены.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАСЛА́ЎСКІ ФА́РНЫ КАСЦЁЛ, касцёл Марыі,
помнік архітэктуры стылю барока. Пабудаваны ў 1774 у цэнтры г. Заслаўе (Мінскі р-н) на месцы драўлянага храма. Мураваны 1-нефавы прамавугольны ў плане асн. аб’ём з паўцыркульнай апсідай і 2 бакавымі сакрысціямі. Гал. фасад, аздоблены пілястрамі і круглымі блендамі, завяршаўся франтонам. У 1868 касцёл перабудаваны пад царкву Раства Багародзіцы. Быў разбураны франтон, у цэнтры гал. фасада пабудавана чацверыковая вежа-званіца, над гал. аб’ёмам узведзены вял. купал на светлавым барабане. Сцены на 2 узроўнях прарэзаны вял. аконнымі праёмамі з паўцыркульным завяршэннем. Да гал. ўвахода вядзе мураваная лесвіца з тэрасай. Інтэр’ер зальны, сцены ўпрыгожаны пілястрамі карынфскага ордэра. Дэкар. афармленне інтэр’ера не захавалася. З 1989 касцёл на рэстаўрацыі.
Заслаўскі фарны касцёл. Здымак пач. 20 ст.Заслаўскі фарны касцёл. Сучасны выгляд.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МСЦІСЛА́ЎСКІ ПУСТЫ́НСКІ УСПЕ́НСКІ МАНАСТЫ́Р.
Існаваў каля г. Мсціслава Магілёўскай вобл. на беразе р. Аслянка (правы прыток Сажа). Паводле царк. падання, засн. каля 1380 мсціслаўскім кн.Лугвенам. Паводле царк. гісторыка М.І.Пятрова манастыр вядомы з 1500. У пач. 17 ст. стаў уніяцкім, у 2-й пал. 17 ст. пэўны час быў не заселены. Да 19 ст. будынкі былі драўляныя, у 1801—08 мітрапаліт Іраклій Лісоўскі пабудаваў мураваны храм Успення Багародзіцы базілікальнага тыпу (у 1869 перабудаваны ў крыжападобны ў плане). З 1839 манастыр зноў праваслаўны. У 1864 пабудавана царква Раства Багародзіцы, у 1865 — Пакроўская царква, у канцы 19 ст. — шмат’ярусная званіца. У 1918 манастыр закрыты. Частка будынкаў захавалася ў руінах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДАШКО́ВІЦКІ КАСЦЁЛ,
помнік архітэктуры позняга класіцызму ў г.п. Радашковічы Маладзечанскага р-на Мінскай вобл. Пабудаваны ў 1850 з цэглы. Касцёл — 3-нефавая 2-вежавая базіліка з паўцыркульнай апсідай і 2 сакрысціямі абапал яе. Асн. прамавугольны ў плане аб’ём накрыты 2-схільным дахам, апсіда — больш нізкім. Гал. фасад вылучаны ў цэнтры глыбокім рызалітам і завершаны 2-схільным шчытом. Квадратныя 4-ярусныя вежы прарэзаны скразнымі арачнымі праёмамі, круглымі люкарнамі і завершаны шлемападобнымі купаламі. Бакавыя фасады рытмічна расчлянёны высокімі арачнымі аконнымі праёмамі і шырокімі пілястрамі ў прасценках. Інтэр’ер перабудаваны. Часткова захавалася керамічная падлога з арнаментальным малюнкам. Перад касцёлам брама з 3 арачнымі праходамі, аздобленая на гал. фасадзе паўкалонамі і завершаная лучковым франтонам. У касцёле хрысцілі Я.Купалу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІКАСІ́Я (Nikosia),
Леўкасія, горад, сталіца Рэспублікі Кіпр. Знаходзіцца ў цэнтр.ч. в-ва Кіпр. Больш за 200 тыс.ж. (1998). Вузел аўтадарог. Міжнар. аэрапорт. Прам-сць: тэкст., тытунёвая, харч., гарбарна-абутковая. дрэва- і металаапрацоўчая. Ганчарнае рамяство. Цэнтр турызму.
Засн. ў 7 ст. да н.э. (наз. Ледра, Леўкатэон, з 13 ст.н.э. Н.). У 58 да н.э. заваявана рымлянамі; уваходзіла ў склад Рым. імперыі, потым Візантыі. З 4 ст.н.э. рэзідэнцыя епіскапа. У 1191 заваявана англ. каралём Рычардам 1 Львінае Сэрца (3-і крыжовы паход). У 1192—1485 сталіца Кіпрскага каралеўства крыжаносцаў. З 1485 належала Венецыі, у 1571 заваявана Асманскай імперыяй. У час Грэчаскай нац.-вызв. рэвалюцыі 1821—29 туркі арганізавалі ў Н. разню хрысціянскага насельніцтва. З 1878 сталіца брыт. калоніі Кіпр. З 1960 сталіца незалежнай Рэспублікі Кіпр. З 1974 (тур. ўварванне на Кіпр) застаецца пад міжнар. кантролем міратворчых сіл ААН, якія ахоўваюць мяжу паміж Кіпрскай рэспублікай і Тур. Рэспублікай Паўн. Кіпра. Н. — цэнтр архіепіскапства кіпрскай аўтакефальнай правасл. царквы.
Стары горад, абкружаны венецыянскай крапасной сцяной (1567, арх. Ф.Барбара, паводле чарцяжоў Дж.Саварньяна), захаваў планіроўку 16 ст.: скучаная забудова, вузкія вуліцы з малапавярховымі будынкамі. З 250 сярэдневяковых пабудоў найб. значныя: гатычныя сабор св. Сафіі (цяпер мячэць Селіміе; з 1209, усх. частка — 1217—51. зах. 1319—26), касцёлы Маці Божай (1300) і аўгусцінцаў (цяпер мячэць Амерые; каля 1330), ансамбль рынку Бедэстан (перабудаваны ў 16 ст.); «Вароты Фамагусты» (16 ст.), сабор св. Іаана (перабудаваны ў 1665, цыкл размалёвак, каля 1730). Па-за межамі Старога горада — новыя сучасныя кварталы. Вылучаецца архіепіскапскі палац (1956—59, арх. Н.Русас).Музеі: Кіпра, нар. мастацтва, абразоў, лапідарый (фрагменты сярэдневяковых пабудоў).
Літ.:
Коровина А.К., Сидорова Н.А. Города Кипра. М., 1973.
Да арт.Нікасія. Кафедральны сабор святой Сафіі (цяпер мячэць Селіміе). 1209—1326.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІМПЕРА́ТАРСКІ ПАЛА́Ц, Гугун у Пекіне,
адзін з буйнейшых сярэдневяковых гар. ансамбляў Кітая. З 1925 музей. Былая афіц. рэзідэнцыя імператараў. Павінен быў сімвалізаваць упарадкаванасць, адзінства і гармонію сусвету і ўсяго Кітая. Буд-ва пачата ў 1-й пал. 15 ст. Тэрыторыя прамавугольная ў плане (960 м × 750 м), абкружана цаглянымі сценамі (выш. 10 м) з 4 варотамі і ровам. Комплекс складаецца з трох гал. павільёнаў — Тайхэдзянь (Павільён вышэйшай гармоніі, 1421, рэканструяваны ў 1697), Чжунхэдзянь (Павільён поўнай гармоніі) і Баохэдзянь (Павільён захавання гармоніі; абодва 15 ст.; перабудаваны ў 17—18 ст.). Палацавай архітэктуры ўласцівы пышнасць, дэкаратыўнасць. Асн. яе тып — аднапавярховы чатырохвугольны павільён «дзянь», падзелены калонамі на тры часткі і завершаны высокім, загнутым па краях дахам. Уключаны ЮНЕСКА у Спіс сусветнай спадчыны.